Эстэр 6 разьдзел
Кніга Эстэр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка
У тую ноч Гасподзь забраў сон у цара, і ён загадаў прынесьці памятную кнігу дзённых запісаў; і чыталі іх перад царом,
У тую ноч загадаў кароль, ня могучы спаць, прынесьці памятную кнігу дзённых запісаў, і чыталі яе перад каралём.
і знойдзена запісанае там, як данёс Мардахэй на Гавату і Тару, двух еўнухаў царскіх, якія ахоўвалі парог, якія намышлялі накласьці руку на цара Артаксэркса.
І знайшлі запісанае, як Мардахай данёс на Гавата і Тару, двух каралеўскіх скапцоў з пасярод тых, што сьцерагуць парог, якія мелі намер налажыць руку на караля Артаксэркса.
І сказаў цар: якая дадзена пашана і адрозьненьне Мардахэю за гэта? І сказалі хлопчыкі царовыя, якія служылі пры ім: нічога ня зроблена яму.
Тады сказаў кароль: — якую чэсьць і адзначэньне атрымаў за гэта Мардахай. І адказалі на гэта каралеўскія слугі, ягоныя дваране: — нічога не атрымаў за гэта.
І сказаў цар: хто на двары? Аман прыйшоў тады на зьнешні двор царскага дома пагаварыць з царом, каб павесілі Мардахэя на дрэве, якое ён падрыхтаваў для яго.
І сказаў кароль: — хто ёсьць на панадворку? Гаман-жа быў прыйшоўшы на вонкавы двор каралеўскага дому, хочучы гаварыць з каралём, каб павесілі Мардахэя на шыбеніцы, якую ён прыгатаваў яму.
І сказалі хлопчыкі цару: вось, Аман стаіць на двары. І сказаў цар: хай увойдзе.
Тады адказалі каралю ягоныя слугі: — вось Гаман стаіць на панадворку. І сказаў кароль: — няхай увойдзе.
І ўвайшоў Аман. І сказаў яму цар: што зрабіў бы таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанай? Аман падумаў у сэрцы сваім: каму іншаму захоча цар зрабіць пашану, акрамя мяне?
І ўвайшоў Гаман і сказаў яму кароль: — што зрабіць такому чалавеку, якога хоча ўшанаваць кароль? Гаман падумаў у сэрцы сваім: — каму-ж больш апрача мяне хоча аказаць кароль пашану?
І сказаў Аман цару: таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанаю,
І сказаў Гаман каралю: — таму чалавеку, якога кароль хоча ўшанаваць ,
хай прынясуць вопратку царскую, у якую апранаецца цар, і прывядуць каня, на якім езьдзіць цар, пакладуць царскі вянок на галаву яму,
няхай прынясуць каралеўскую вопратку, у якую апранаецца кароль, і прывядуць каня, на якім езьдзіць кароль, і няхай надзенуць на ягоную галаву каралеўскую вопратку,
і хай пададуць вопратку і каня ў руку аднаму зь першых князёў царскіх, — і апрануць таго чалавека, якога цар хоча вылучыць пашанаю, і вывядуць яго на кані на гарадскі пляц, і абвесьцяць перад ім, так робіцца таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанай!
а даўшы тую вопратку і каня ў рукі аднаму з першых каралеўскіх князёў, няхай апрануць таго чалавека, якога хоча ўшанаваць кароль, і няхай вядуць на кані па вуліцы места і гукаюць перад ім: — так дзеецца з чалавекам, якога хоча ўшанаваць кароль.
І сказаў цар Аману: зараз жа вазьмі вопратку і каня, як ты сказаў, і зрабі гэта Мардахэю Юдэю, які сядзіць каля царскае брамы; нічога не прапусьці з таго, што ты казаў.
Тады сказаў кароль Гаману: — сьпяшайся, вазьмі вопратку і каня, як ты сказаў, і зрабі так жыду Мардахаю, што сядзіць у каралеўскай браме, і нічога не прапусьці з таго, што ты гаварыў.
І ўзяў Аман вопратку і каня і апрануў Мардахэя, і вывеў яго на кані на гарадскі пляц і абвясьціў перад ім: так робіцца таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанаю!
І ўзяўшы вопратку і каня, Гаман апрануў Мардахэя і вёў яго на кані па меставай вуліцы, гукаючы: — так дзеецца з чалавекам, якога хоча ўшанаваць кароль.
І вярнуўся Мардахэй да царскае брамы. А Аман пасьпяшаўся ў дом свой, журботны і закрыўшы галаву.
Потым Мардахэй вярнуўся да каралеўскай брамы, Гаман-жа пасьпяшыўся ў свой дом, сумны і накрыўшы галаву.
І пераказаў Аман Зэрэшы, жонцы сваёй, і ўсім сябрам сваім усё, што здарылася зь ім. І сказалі яму мудрацы ягоныя і Зэрэш, жонка ягоная: калі з племені Юдэяў Мардахэй, празь якога ты пачаў падаць, дык не перасіліш яго, а, мабыць, упадзеш перад ім.
І пераказаў Гаман Зэрэш, сваёй жонцы, і ўсім сваім прыяцелям усё, што з ім здарылася. І сказалі яму мудрацы ягоныя і Зэрэш, ягоная жонка: — дзеля таго, што Мардахэй з племені жыдоў і перад ім ты пачаў падаць, дык не пераможаш яго, але напэўна ўпадзеш перад ім.
Яны яшчэ гутарылі зь ім, як прыйшлі еўнухі цара і сталі прысьпешваць ісьці на гасьціну, якую прыгатавала Эстэр.
Калі яны яшчэ гаварылі з ім, прыйшлі каралеўскія скапцы і прымусілі Гамана йсьці на бяседу, што прыгатавала Эстэр.