Эстэр 3 разьдзел

Кніга Эстэр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Пасьля гэтага ўзьвялічыў цар Артаксэркс Амана, сына Амадата, Вугэяніна, і ўзьнёс яго і паставіў сядзеньне ягонае вышэй за ўсіх князёў, якія ў яго;
 
Пасьля гэтага кароль Артаксэркс узьвялічыў Гамана, сына Гамадата, Агагейца і ўзьняў яго і паставіў ягоны пасад вышэй усіх князёў, што былі ў яго.

і ўсе службіты пры цары, якія былі каля царскае брамы, кланяліся і падалі ніцма перад Аманам, бо так загадаў цар. А Мардахэй не кланяўся і ня падаў ніцма.
 
А ўсе слугі, што былі каля каралеўскай брамы, кланяліся і падалі перад Гаманам, бо такі быў каралеўскі загад. Але Мардахэй ня кланяўся і не падаў перад ім.

І казалі службіты царовыя, якія каля царскае брамы, Мардахэю: навошта ты пераступаеш загад царскі?
 
І гаварылі каралеўскія слугі, што былі каля каралеўскай брамы, Мардахэю: — чаму ты пераступаеш каралеўскі загад?

І як што яны казалі яму кожны дзень, а ён ня слухаў іх, дык яны данесьлі Аману, каб паглядзець, ці ўстоіць у слове сваім Мардахэй, бо ён паведаміў ім, што ён Юдэй.
 
Калі яны гаварылі яму кожны дзень, а ён ня слухаў іх, дык яны сказалі аб гэтым Гаману, каб пагледзець ці ўтрымаюцца словы Мардахэя, бо ён быў сказаўшы ім, што ён жыд.

І калі ўбачыў Аман, што Мардахэй ня кланяецца і ня падае ніцма перад ім, дык напоўніўся гневам Аман.
 
Калі-ж Гаман пабачыў, што Мардахэй не кланяецца і не падае перад ім, дык Гамана напоўніў гнеў.

І здалося яму нікчэмным накласьці руку на аднаго Мардахэя; але як што сказалі яму, зь якога народу Мардахэй, дык задумаў Аман вынішчыць ва ўсім царстве ўсіх Юдэяў, якія былі ва ўсім царстве Артаксэркса, як народ Мардахэеў.
 
І здалося Гаману замала ўзьняць руку на аднаго Мардахэя, паколькі яму было сказана з якога народу Мардахэй, дык дзеля гэтага надумаў Гаман зьнішчыць усіх жыдоў, што былі па ўсім каралеўстве Артаксэркса — Мардахэяў народ.

У першы месяц, які ёсьць месяц Нісан, на дванаццатым годзе цара Артаксэркса, кідалі пур, г. зн. жэрабя, перад абліччам Амана дзень у дзень і месяц у месяц, і ўпала жэрабя на дванаццаты месяц, г. зн. на месяц Адар.
 
Так у першым месяцы, гэта значыць у месяцы Нісан, у дваццатым годзе караля Артаксэркса, загадаў Гаман кідаць пур, гэта значыць лёс, перад сабою са дня ў день і з месяца ў месяц, аж да дванаццатага месяца, гэта значыць да месяца Адар.

І сказаў Аман цару Артаксэрксу: ёсьць адзін народ, раскіданы і расьсеяны паміж народамі па ўсіх вобласьцях царства твайго; і законы іх адрозьніваюцца ад законаў усіх народаў, і законаў цара яны ня выконваюць; і цару ня варта так пакідаць іх.
 
Бо Гаман быў сказаўшы каралю Артаксэрксу: — ёсьць адзін народ, раскіданы і разсыпаны між народамі па ўсіх краінах твайго каралеўства; ягоныя законы іншыя ад законаў усіх народаў і яны не выконываюць каралеўскіх законаў, дзеля гэтага не карысна так пакідаць іх.

Калі цару будзе заўгодна, дык няхай будзе прадпісаньне вынішчыць іх, і дзесяць тысяч талантаў срэбра я зважу ў рукі прыстаўнікаў, каб унесьці ў скарбніцу царскую.
 
Калі-б гэта падабалася каралю, дык няхай будзе напісана, каб яны былі зьнішчаныя і я адважу дзесяць тысячаў талентаў серабра ў рукі вызначаных да гэтай працы, каб аднесьці ў каралеўскі скарб.

Тады зьняў цар пярсьцёнак свой з рукі сваёй і аддаў яго Аману, сыну Амадата, Вугеяніну, каб змацаваць указ супроць Юдэяў.
 
Тады кароль зьняў пярсьцёнак са сваёй рукі і аддаў яго Гаману, сыну Гамадата, Агагейцу, ворагу жыдоў.

І сказаў цар Аману: аддаю табе гэтае срэбра і народ; зрабі зь ім як табе заўгодна.
 
І сказаў кароль Гаману: — даровываю табе серабро і народ, каб ты зрабіў з ім, што захочаш.

І пакліканы былі пісцы царскія ў першы месяц, у трыццаты дзень яго, і напісана было як загадаў Аман, да сатрапаў царскіх і да начальнікаў над кожнай вобласьцю, і ў кожную вобласьць пісьмёнамі яе і да кожнага народу на мове яго: усё было напісана ад імя цара Артаксэркса і змацавана царскім пярсьцёнкам.
 
Пакліканыя былі каралеўскія пісары ў першым месяцы, у ягоны трынаццаты дзень і напісана было, як наказаў Гаман да каралеўскіх намесьнікаў і да старшыняў, што былі над кожнай краінай і да князёў кожнага народу, у кожную краіну яе пісмом і кожнаму народу ягонай мовай. Імем караля Артаксэркса напісана было і запячатана каралеўскім пярсьцёнкам.

І пасланы былі лісты праз ганцоў ва ўсе вобласьці цара, каб забіць, пагубіць і вынішчыць усіх Юдэяў, малога і старога, дзяцей і жанчын у адзін дзень, у трынаццаты дзень дванаццатага месяца Адара і маёмасьць іх зрабаваць.
 
І разасланыя былі лісты праз ганцоў у ўсе каралеўскія краіны, каб забіць, загубіць і зьнішчыць усіх жыдоў: малога і старога, дзяцей і жанчынаў, у адзін дзень, у трынаццаты дзень дванаццатага месяца, а ім ёсьць месяц Адар, а маемасьць іх разабраць.

Сьпісак з указа аддаць у кожную вобласьць, як закон, абвяшчаны ўсім народам, каб яны былі гатовыя да таго дня.
 
Сьпісак з загаду аддаць у кожную краіну, як закон, абвешчаны ўсім народам, каб яны былі гатовыя на той дзень.

Ганцы выправіліся хутка з царскім загадам. Абвешчаны быў указ і ў Сузах, сталічным горадзе; і цар і Аман сядзелі і пілі, а горад Сузы быў у трывозе.
 
Тады выехалі ганцы з каралеўскім загадам. Абвешчаны быў загад і Сузан, сталічным месьце; кароль і Гаман сядзелі і пілі, але места Сузан было стрывожанае.