Эстэр 6 разьдзел

Кніга Эстэр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

У тую ноч Гасподзь забраў сон у цара, і ён загадаў прынесьці памятную кнігу дзённых запісаў; і чыталі іх перад царом,
 
У тую ноч адыйшоў сон ад валадара, і ён сказаў, каб прынесьлі кнігу летапісу для памяці, і чыталі яе перад валадаром.

і знойдзена запісанае там, як данёс Мардахэй на Гавату і Тару, двух еўнухаў царскіх, якія ахоўвалі парог, якія намышлялі накласьці руку на цара Артаксэркса.
 
І знайшлі запісанае пра тое, што паведаміў Мардэхай пра Бігтану і Тэрэша, двух эўнухаў валадара, якія вартавалі парогі і якія намагаліся выцягнуць руку на валадара Ахашвэроша.

І сказаў цар: якая дадзена пашана і адрозьненьне Мардахэю за гэта? І сказалі хлопчыкі царовыя, якія служылі пры ім: нічога ня зроблена яму.
 
І сказаў валадар: «Якое ўшанаваньне і ўзьвялічваньне былі зроблены Мардэхаю за гэта?» І сказалі юнакі валадара, якія служылі яму: «Ня зроблена яму анічога».

І сказаў цар: хто на двары? Аман прыйшоў тады на зьнешні двор царскага дома пагаварыць з царом, каб павесілі Мардахэя на дрэве, якое ён падрыхтаваў для яго.
 
І сказаў валадар: «Хто на панадворку?» А Аман прыйшоў на вонкавы панадворак дому валадара сказаць валадару, каб павесілі Мардэхая на дрэве, якое ён падрыхтаваў для яго.

І сказалі хлопчыкі цару: вось, Аман стаіць на двары. І сказаў цар: хай увойдзе.
 
І сказалі юнакі валадара яму: «Вось, Аман стаіць на панадворку». І сказаў валадар: «Няхай ён увойдзе».

І ўвайшоў Аман. І сказаў яму цар: што зрабіў бы таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанай? Аман падумаў у сэрцы сваім: каму іншаму захоча цар зрабіць пашану, акрамя мяне?
 
І ўвайшоў Аман. І сказаў яму валадар: «Што зрабіць таму чалавеку, якога валадар хоча ўшанаваць?» І сказаў Аман у сэрцы сваім: «Каму жадае валадар зрабіць ушанаваньне больш, чым мне?»

І сказаў Аман цару: таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанаю,
 
І сказаў Аман валадару: «Чалавеку, якога валадар хоча ўшанаваць,

хай прынясуць вопратку царскую, у якую апранаецца цар, і прывядуць каня, на якім езьдзіць цар, пакладуць царскі вянок на галаву яму,
 
няхай прынясуць шату валадарскую, у якую апранаецца валадар, і прывядуць каня, на якім езьдзіць верхам валадар, і ўзложаць карону валадарства на галаву ягоную.

і хай пададуць вопратку і каня ў руку аднаму зь першых князёў царскіх, — і апрануць таго чалавека, якога цар хоча вылучыць пашанаю, і вывядуць яго на кані на гарадскі пляц, і абвесьцяць перад ім, так робіцца таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанай!
 
І няхай дадуць шаты і каня ў рукі аднаго з найзначнейшых князёў валадара, і апрануць таго чалавека, якога валадар хоча ўшанаваць, і павядуць яго на кані на гарадзкую плошчу, і будуць клікаць перад ім: “Гэтак робіцца таму чалавеку, якога валадар хоча ўшанаваць!”»

І сказаў цар Аману: зараз жа вазьмі вопратку і каня, як ты сказаў, і зрабі гэта Мардахэю Юдэю, які сядзіць каля царскае брамы; нічога не прапусьці з таго, што ты казаў.
 
І сказаў валадар Аману: «Пасьпяшайся, вазьмі шату і каня, як ты сказаў, і зрабі гэта Мардэхаю Юдэю, які сядзіць пры браме валадарскай. Не абміні анічога з таго, што ты сказаў».

І ўзяў Аман вопратку і каня і апрануў Мардахэя, і вывеў яго на кані на гарадскі пляц і абвясьціў перад ім: так робіцца таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанаю!
 
І ўзяў Аман шату і каня, і апрануў Мардэхая, і вывеў яго на кані на гарадзкую плошчу, і клікаў перад ім: «Гэтак робіцца таму чалавеку, якога валадар хоча ўшанаваць!»

І вярнуўся Мардахэй да царскае брамы. А Аман пасьпяшаўся ў дом свой, журботны і закрыўшы галаву.
 
І вярнуўся Мардэхай да брамы валадарскай, а Аман пасьпяшаўся ў дом свой у смутку і закрыўшы галаву.

І пераказаў Аман Зэрэшы, жонцы сваёй, і ўсім сябрам сваім усё, што здарылася зь ім. І сказалі яму мудрацы ягоныя і Зэрэш, жонка ягоная: калі з племені Юдэяў Мардахэй, празь якога ты пачаў падаць, дык не перасіліш яго, а, мабыць, упадзеш перад ім.
 
І распавёў Аман Зэрэш, жонцы сваёй, і ўсім сябрам сваім пра ўсё, што напаткала яго. І сказалі яму мудрацы ягоныя і Зэрэш, жонка ягоная: «Калі з насеньня Юдэйскага Мардэхай, перад абліччам якога ты пачаў падаць, ты не пераможаш яго, але падаючы, упадзеш перад абліччам ягоным».

Яны яшчэ гутарылі зь ім, як прыйшлі еўнухі цара і сталі прысьпешваць ісьці на гасьціну, якую прыгатавала Эстэр.
 
Калі яны яшчэ размаўлялі з ім, прыйшлі эўнухі валадарскія і прысьпешвалі, каб прывесьці Амана на гасьціну, якую падрыхтавала Эстэр.