Эстэр 8 разьдзел
Кніга Эстэр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
У той дзень цар Артаксэркс аддаў царыцы Эстэры дом Амана, ворага Юдэяў; а Мардахэй увайшоў перад аблічча цара, бо Эстэр абвясьціла, што ён для яе.
У той дзень валадар Ахашвэрош аддаў валадарцы Эстэр дом Амана, прыгнятальніка Юдэяў; а Мардэхай прыйшоў перад аблічча валадара, бо Эстэр паведаміла, хто ён для яе.
І зьняў цар пярсьцёнак свой, які ён адабраў у Амана, і аддаў яго Мардахэю; а Эстэр паставіла Мардахэя наглядчыкам над домам Амана.
І зьняў валадар сыгнэт свой, які ён забраў у Амана, і аддаў яго Мардэхаю; і паставіла Эстэр Мардэхая над домам Амана.
І гаварыла Эстэр далей перад царом і ўпала да ног ягоных, і плакала і ўмольвала яго адхіліць злосьць Амана Вугэяніна і намысел ягоны, які ён намысьліў супроць Юдэяў.
І працягнула Эстэр, і гаварыла перад абліччам валадара, і ўпала ля ног ягоных, і плакала, і маліла яго, каб адвярнуў ліха Амана Агагяніна і намер ягоны, які ён надумаў супраць Юдэяў.
І працягнуў цар да Эстэры залаты скіпетр; і ўстала Эстэр, і стала перад абліччам цара,
І выцягнуў валадар да Эстэр скіпетр залаты, і ўстала Эстэр, і стала перад абліччам валадара,
і сказала: калі цару заўгодна, і калі я здабыла ўпадабаньне перад абліччам ягоным, справядлівая справа гэтая перад абліччам цара, і падабаюся я вачам ягоным, дык няхай было б напісана, каб вернутыя былі пісьмы паводле намыслаў Амана, сына Амадата, Вугэяніна, пісаныя ім пра зьнішчэньне Юдэяў ва ўсіх вобласьцях цара;
і сказала: «Калі добрым [падаецца] валадару, і калі я знайшла ласку перада абліччам ягоным, і адпаведная справа гэтая перад абліччам валадара, і калі я добрая ў вачах ягоных, няхай будзе напісана, каб былі вернуты лісты, прыдумка Амана, сына Гамэдата, Агагяніна, якія ён напісаў, каб выгубіць Юдэяў у-ва ўсіх акругах валадарскіх.
бо, як я магу бачыць бедства, якое спасьцігне народ мой, і як я магу бачыць пагібель родных маіх?
Бо як я магу глядзець на ліха, якое прыйдзе на народ мой, і як я магу глядзець на загубу родзічаў маіх?»
І сказаў цар Артаксэркс царыцы Эстэры і Мардахэю Юдэю: вось, я дом Амана аддаў Эстэры, і яго самога павесілі на дрэве за тое, што накладваў руку сваю на Юдэяў;
І сказаў валадар Ахашвэрош валадарцы Эстэр і Мардэхаю Юдэю: «Вось, дом Амана я аддаў Эстэр, і яго павесілі на дрэве за тое, што ён выцягнуў руку сваю на Юдэяў.
напішэце і вы пра Юдэяў, што вам заўгодна, ад імя цара і змацуйце царскім пярсьцёнкам, бо ліст, напісаны ад імя цара і змацаваны пярсьцёнкам царскім, нельга зьмяніць.
І вы напішыце пра Юдэяў, што добра ў вачах вашых, у імя валадара, і запячатайце сыгнэтам валадарскім; бо ліст, напісаны ў імя валадара і запячатаны сыгнэтам валадарскім, нельга зьмяніць».
І пакліканы былі тады царскія пісцы ў трэці месяц, гэта значыцца, у месяц Сіван, на дваццаць трэцім дні яго, і напісана было ўсё, як загадаў Мардахэй, як Юдэям так і сатрапам, і вобласьценачальнікам і ўпраўцам вобласным ад Індыі да Эфіопіі — ста дваццаці сямі вобласьцяў, у кожную вобласьць пісьмёнамі яе і да кожнага народу на мове ягонай, і да Юдэяў пісьмёнамі іхнімі і на мове іхняй.
І былі пакліканыя пісары валадарскія ў той час у трэці месяц, значыцца ў месяц Сіван, у дваццаць трэці дзень, і напісалі ўсё так, як загадаў Мардэхай, да Юдэяў і сатрапаў, і да ваяводаў, і князёў акругаў, якія ад Індыі аж да Куша, да ста дваццаці сямі акругаў, у кожную акругу пісьмом ейным і да кожнага народу моваю ягонаю, і да Юдэяў пісьмом іхнім і моваю іхняю.
І напісаў ён ад імя цара Артаксэркса, і змацаваў царскім пярсьцёнкам, і паслаў пісьмы праз ганцоў на конях, на драмадэрах і мулах царскіх,
І напісаў ён у імя валадара Ахашвэроша, і запячатаў сыгнэтам валадарскім, і паслаў лісты праз рукі ганцоў конных, якія езьдзяць на дрыгантах хуткіх і на мулах маладых,
пра тое, што цар дазваляе Юдэям, якія ў любым горадзе, сабрацца і стаць на абарону жыцьця свайго, зьнішчыць, забіць і загубіць усіх моцных у народзе і ў вобласьці, якія ў варожасьці зь імі, дзяцей жонак, і маёмасьць іхнюю зрабаваць
пра тое, што валадар дазваляе Юдэям у кожным горадзе сабрацца і стаць на абарону жыцьця свайго, каб зьнішчыць, забіць і загубіць усіх ваяроў у народзе і ў акрузе, якія прыгнятаюць іх, дзяцей і жанчынаў, і маёмасьць іхнюю разрабаваць,
у адзін дзень па ўсіх вобласьцях цара Артаксэркса, у трынаццаты дзень дванаццатага месяца, гэта значыцца, месяца Адара.
у адзін дзень у-ва ўсіх акругах валадара Ахашвэроша ў трынаццаты [дзень] дванаццатага месяца, значыць месяца Адар.
Сьпіс з гэтага ўказу аддаць у кожную вобласьць, як закон, абвешчаны ўсім народам, каб Юдэі гатовыя былі да таго дня помсьціць ворагам сваім.
Водпіс пісаньня гэтага даецца як закон у акрузе і абвяшчаецца ўсім народам, і каб Юдэі былі гатовыя ў той дзень адпомсьціць ворагам сваім.
Ганцы, якія паехалі на борздых конях царскіх, пагналі хутка і сьпешна з царскім загадам. Абвешчаны быў указ і ў Сузах, сталічным горадзе.
Ганцы, якія ехалі на дрыгантах хуткіх, выехалі, падганяныя і прысьпешваныя словам валадара. І закон быў абвешчаны ў Шушане сталіцы.
І Мардахэй выйшаў ад цара ў царскім адзеньні яхантавага і белага колеру і ў вялікім залатым вянку і ў мантыі вісоннай і пурпуровай. І горад Сузы разьвесяліўся і зарадаваўся.
А Мардэхай выйшаў ад аблічча валадара ў шаце валадарскай, блакітнай і белай, і [на ім] — вялікая залатая карона і плашч з вісону і пурпуру. І горад Шушан радаваўся і весяліўся.
А ў Юдэяў было тады асьвячэньне і радасьць, і весялосьць і сьвяткаваньне.
У Юдэяў была яснасьць і радасьць, і вясёласьць, і ўшанаваньне.
І ў кожнай вобласьці і ў кожным горадзе, у кожным месцы, куды толькі даходзіў ўказ ягоны, была радасьць у Юдэяў і весялосьць, гасьціна і сьвяточны дзень. І многія з народаў краіны зрабіліся Юдэямі, бо напаў на іх страх перад Юдэямі.
І ў кожнай акрузе, і ў кожным горадзе на [ўсякім] месцы, куды прыйшло слова валадара і загад ягоны, у Юдэяў была вясёласьць, і радасьць, і банкет, і сьвята. І шмат хто з народаў зямлі сталі Юдэямі, бо страх перад Юдэямі ахапіў іх.