Рут 1 разьдзел
Кніга Рут
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
У тыя дні, калі кіравалі судзьдзі, стаўся голад на зямлі. І пайшоў адзін чалавек зь Віфляема Юдэйскага з сваёю жонкаю і двума сынамі жыць на палях Маавіцкіх.
І было ў дні, калі судзілі судзьдзі, і быў голад на зямлі, і пайшоў чалавек з Бэтлеему Юдэйскага жыць на палях Мааву, ён, і жонка ягоная, і два сыны ягоныя.
Імя таго чалавека Элімэлэх, імя жонкі ягонай Наэмінь, а імя двух сыноў ягоных Махлон і Хілеон; яны былі Эфрафяне зь Віфляема Юдэйскага. І прыйшлі яны на палі Маавіцкія і засталіся там.
І [было] імя чалавека Элімэлех, а імя жонкі — Наомі, а імёны двух сыноў ягоных — Махлон і Кільён з Эфраты, з Бэтлеему Юдэйскага. І прыйшлі яны на палі Мааву, і былі там.
І памёр Элімэлэх, муж Наэміні, і засталася яна з двума сынамі сваімі.
І памёр Элімэлех, муж Наомі, і засталася яна і два сыны ейныя.
Яны ўзялі сабе жонак з Маавіцянак, — імя адной Орфа, а імя другой Рут, — і жылі там каля дзесяці гадоў.
І ўзялі яны сабе жонак Мааўлянак, імя адной — Орпа, а імя другой — Рут. І яны жылі там гадоў дзесяць.
Але пасьля і абодва сыны яе, Махлон і Хілеон, памерлі, і засталася тая жанчына пасьля абодвух сваіх сыноў і пасьля мужа свайго.
І памерлі таксама Махлон і Кільён, і засталася жанчына без дзяцей і бяз мужа.
І ўстала яна зь нявесткамі сваімі і пайшла назад з палёў Маавіцкіх, бо пачула на палях Маавіцкіх, што Бог наведаў народ Свой і даў ім хлеб.
І ўстала яна, і нявесткі яе, і вярнуліся з палёў Мааву, бо пачула яна на палях Мааву, што ГОСПАД наведаў народ Свой і даў ім хлеб.
І выйшла яна з той мясьціны, у якой жыла, і абедзьве нявесткі яе зь ёю. Калі яны ішлі па дарозе, вяртаючыся ў зямлю Юдэйскую,
І выйшла яна з месца, у якім была, і дзьве нявесткі ейныя з ёй, і яны пайшлі па дарозе назад у зямлю Юды.
Наэмінь сказала дзьвюм нявесткам сваім: ідзеце, вярнецеся кожная ў дом маці сваёй; хай даруе Гасподзь вам літасьць, як вы зрабілі з памерлымі і са мною!
І сказала Наомі двум нявесткам сваім: «Ідзіце, няхай [кожная] жанчына вернецца ў дом маці сваёй. Няхай зьявіць вам ГОСПАД міласэрнасьць, як вы зьявілі памерлым сваім і мне.
хай дасьць вам Гасподзь, каб вы знайшлі прытулак кожная ў доме ў свайго мужа! І пацалавала іх. Але яны паднялі енк і плакалі
Няхай дасьць вам ГОСПАД знайсьці спакой жаночы ў доме мужа свайго». І яна пацалавала іх, а яны ўзьнялі голас свой і заплакалі.
і сказалі: не, мы з табою вернемся да народу твайго.
І сказалі яны ёй: «Мы вернемся з табою да народу твайго».
А Наэмінь сказала: вярнецеся, дочкі мае; навошта вам ісьці са мною? хіба ж ёсьць у мяне яшчэ сыны ў маім чэраве, якія былі б вам мужамі?
І сказала Наомі: «Вяртайцеся, дочкі мае. Навошта вы пойдзеце са мною? Ці ж маю я сыноў ва ўлоньні маім, каб яны сталіся мужамі для вас?
вярнецеся, дочкі мае, ідзеце, бо я ўжо старая, каб быць замужам; ды калі б я і сказала: «ёсьць мне яшчэ надзея», і нават калі б я гэтую ноч была з мужам і потым нарадзіла сыноў, —
Вяртайцеся, дочкі мае, ідзіце. Бо я занадта старая, каб выйсьці замуж, нават калі б я сказала: “Ёсьць для мяне надзея”, і таксама ў гэту ноч выйшла замуж, і нарадзіла сыноў,
дык ці ж можна вам чакаць, пакуль яны вырасьлі б? ці ж можна вам марудзіць і ня выходзіць замуж? не, дочкі мае, я вельмі маркочуся за вас, бо рука Гасподняя спасьцігла мяне.
ці будзеце вы чакаць, пакуль яны вырастуць? Ці дзеля іх вы ня выйдзеце замуж? Не, дочкі мае. Вельмі горка мне з-за вас, бо зьвернута на мяне рука ГОСПАДА».
Яны паднялі енк і зноў заплакалі. І Орфа разьвіталася зь сьвякроўю сваёю, а Рут засталася зь ёю.
І яны ўзьнялі голас свой, і плакалі. І Орпа пацалавала сьвякруху сваю, а Рут засталася з ёю.
Наэмінь сказала Руце: вось, ятроўка твая вярнулася да народу свайго і да сваіх багоў; вярніся і ты сьледам за ятроўкаю тваёю,
І сказала [Наомі]: «Вось, швагерка твая вярнулася да народу свайго і багоў сваіх. Вяртайся і ты за швагеркай тваёй».
але Рут сказала: ня прымушай мяне пакідаць цябе і вяртацца ад цябе; а куды ты пойдзеш, туды і я пайду, і дзе ты жыць будзеш, там і я жыць буду; народ твой будзе маім народам, і твой Бог — маім Богам;
І сказала Рут: «Не прымушай мяне, каб я пакінула цябе і зыйшла ад цябе. Куды ты пойдзеш, туды я пайду, дзе ты будзеш жыць, там я буду жыць. Народ твой будзе народам маім, і Бог твой будзе Богам маім.
і дзе ты памрэш, там і я памру і пахаваная буду; хай тое і тое зробіць мне Гасподзь, і яшчэ болей зробіць: адна сьмерць разьвядзе нас з табою.
Дзе ты памрэш, там я памру, і там буду пахаваная. Няхай гэта зробіць мне ГОСПАД і няхай яшчэ дадасьць, бо [толькі] сьмерць аддзеліць мяне ад цябе».
Наэмінь, бачачы, што яна цьвёрда рашылася ісьці зь ёю, перастала ўгаворваць яе.
І ўбачыла [Наомі], што [Рут] вырашыла ісьці з ёю, і перастала адгаворваць яе.
І ішлі абедзьве яны, пакуль ня прыйшлі ў Віфляем. Калі яны прыйшлі ў Віфляем, увесь горад прыйшоў у рух ад іх, і казалі: гэта Наэмінь?
І ішлі абедзьве разам, аж прыйшлі ў Бэтлеем. І было, калі прыйшлі ў Бэтлеем, увесь горад узрушыўся, і казалі: «Ці ж гэта Наомі?»
Яна сказала ім: не называйце мяне Наэмінь, а называйце мяне Мараю, бо Ўсемагутны спаслаў мне вялікую гароту;
А яна казала ім: «Не называйце мяне Наомі, але называйце мяне Мара, бо вялікай горыччу напоўніў мяне Усемагутны.
я выйшла адсюль у дастатку, а вярнуў мяне Гасподзь з пустымі рукамі; навошта называць мяне Наэміньню, калі Гасподзь прымусіў мяне пакутаваць, і Ўсемагутны паслаў мне няшчасьце?
Я выйшла поўная, але пустою вярнуў мяне ГОСПАД. Чаму вы называеце мяне Наомі, калі ГОСПАД выступіў супраць мяне і Усемагутны спаслаў няшчасьце на мяне».
І вярнулася Наэмінь, і зь ёю нявестка яе Рут Маавіцянка, якая прыйшла з палёў Маавіцкіх, і прыйшлі яны ў Віфляем на пачатку жніва ячменю.
І вярнулася Наомі, і Рут Мааўлянка, нявестка ейная, з ёю вярнулася з палёў Мааву, і прыйшлі яны ў Бэтлеем на пачатку жніва ячменю.