Рут 1 разьдзел

Кніга Рут
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

У часы, калі судзілі суддзі, запанаваў голад на зямлі. І адзін чалавек з Бэтлехэма Юдэйскага пайшоў з жонкаю сваёй і двума сынамі, каб пасяліцца ў зямлі Мааб.
 
І было ў дні, калі судзілі судзьдзі, і быў голад на зямлі, і пайшоў чалавек з Бэтлеему Юдэйскага жыць на палях Мааву, ён, і жонка ягоная, і два сыны ягоныя.

Называўся ён Элімэлех, а жонка яго — Наомі, і два сыны яго, адзін называўся Махалон, а другі — Хеліён; яны былі эфратцамі з Бэтлехэма Юдэйскага. І, прыйшоўшы ў зямлю Мааб, яны там абжыліся.
 
І [было] імя чалавека Элімэлех, а імя жонкі — Наомі, а імёны двух сыноў ягоных — Махлон і Кільён з Эфраты, з Бэтлеему Юдэйскага. І прыйшлі яны на палі Мааву, і былі там.

І Элімэлех, муж Наомі, памёр, і засталася яна з сынамі,
 
І памёр Элімэлех, муж Наомі, і засталася яна і два сыны ейныя.

якія жонкамі ўзялі маабак, адна з якіх называлася Орпа, а другая — Рут; і жылі яны там каля дзесяці гадоў.
 
І ўзялі яны сабе жонак Мааўлянак, імя адной — Орпа, а імя другой — Рут. І яны жылі там гадоў дзесяць.

І памерлі абодва, Махалон, зразумела, і Хеліён; і засталася жанчына тая, перажыўшы мужа і абодвух сыноў.
 
І памерлі таксама Махлон і Кільён, і засталася жанчына без дзяцей і бяз мужа.

І ўстала тады яна, каб з абедзвюма нявесткамі з зямлі Мааб пайсці ў сваю бацькаўшчыну, бо пачула яна, што Госпад паклапаціўся аб Сваім народзе і даў ім ежу.
 
І ўстала яна, і нявесткі яе, і вярнуліся з палёў Мааву, бо пачула яна на палях Мааву, што ГОСПАД наведаў народ Свой і даў ім хлеб.

Такім чынам, выйшла яна з месца пражывання свайго разам з абедзвюма нявесткамі і ўжо ў дарозе, калі вярталіся яны ў зямлю Юдэйскую,
 
І выйшла яна з месца, у якім была, і дзьве нявесткі ейныя з ёй, і яны пайшлі па дарозе назад у зямлю Юды.

сказала яна ім: «Вяртайцеся кожная ў дом маці сваёй; хай так з’явіць вам Госпад Сваю міласэрнасць, як вы абыходзіліся з памерлымі мужамі і са мной:
 
І сказала Наомі двум нявесткам сваім: «Ідзіце, няхай [кожная] жанчына вернецца ў дом маці сваёй. Няхай зьявіць вам ГОСПАД міласэрнасьць, як вы зьявілі памерлым сваім і мне.

хай дапаможа Ён вам знайсці супакой у дамах мужоў вашых, якія вам прызначаны». І пацалавала іх. Яны пачалі плакаць, падняўшы голас,
 
Няхай дасьць вам ГОСПАД знайсьці спакой жаночы ў доме мужа свайго». І яна пацалавала іх, а яны ўзьнялі голас свой і заплакалі.

і казаць: «Пойдзем мы з табой да народа твайго».
 
І сказалі яны ёй: «Мы вернемся з табою да народу твайго».

Яна ім адказала: «Вяртайцеся да сябе, дочкі мае; навошта вам ісці са мною? Я ж не маю болей сыноў ва ўлонні сваім, каб вы маглі чакаць мужоў ад мяне.
 
І сказала Наомі: «Вяртайцеся, дочкі мае. Навошта вы пойдзеце са мною? Ці ж маю я сыноў ва ўлоньні маім, каб яны сталіся мужамі для вас?

Вяртайцеся, дочкі мае, ідзіце; я ўжо знясілена старасцю і не падыходжу для шлюбу; калі б нават я змагла гэтай ноччу пачаць і нарадзіць сыноў,
 
Вяртайцеся, дочкі мае, ідзіце. Бо я занадта старая, каб выйсьці замуж, нават калі б я сказала: “Ёсьць для мяне надзея”, і таксама ў гэту ноч выйшла замуж, і нарадзіла сыноў,

ці ж вы хацелі б чакаць і ўстрымацца ад замужжа, пакуль яны падрастуць і дачакаюцца гадоў сталасці? Не ідзіце са мной, прашу, дочкі мае, бо гора маё большае, чым ваша, і паднялася рука Госпадава супраць мяне».
 
ці будзеце вы чакаць, пакуль яны вырастуць? Ці дзеля іх вы ня выйдзеце замуж? Не, дочкі мае. Вельмі горка мне з-за вас, бо зьвернута на мяне рука ГОСПАДА».

Дык, падняўшы голас, яны зноў пачалі плакаць. Орпа пацалавала свякроў і вярнулася, а Рут засталася пры свекрыві сваёй.
 
І яны ўзьнялі голас свой, і плакалі. І Орпа пацалавала сьвякруху сваю, а Рут засталася з ёю.

Наомі сказала ёй: «Вось, сваячка твая вярнулася да народа свайго і да багоў сваіх, ідзі з ёю!»
 
І сказала [Наомі]: «Вось, швагерка твая вярнулася да народу свайго і багоў сваіх. Вяртайся і ты за швагеркай тваёй».

Яна адказала: «Не прымушай мяне, каб пакінула цябе і адышла ад цябе; бо куды б ты ні пайшла, там я пайду, дзе ты будзеш жыць, там і я таксама жыць буду: твой народ будзе маім народам, і твой Бог будзе маім Богам.
 
І сказала Рут: «Не прымушай мяне, каб я пакінула цябе і зыйшла ад цябе. Куды ты пойдзеш, туды я пайду, дзе ты будзеш жыць, там я буду жыць. Народ твой будзе народам маім, і Бог твой будзе Богам маім.

Якая зямля прыме цябе пасля смерці, у той і я памру і там атрымаю месца для пахавання. Хай мне дасць гэта Госпад і тое дабавіць; хіба толькі смерць
 
Дзе ты памрэш, там я памру, і там буду пахаваная. Няхай гэта зробіць мне ГОСПАД і няхай яшчэ дадасьць, бо [толькі] сьмерць аддзеліць мяне ад цябе».

Дык Наомі, бачачы, што Рут цвёрда вырашыла ісці з ёю, не пажадала пярэчыць і далей пераконваць яе вяртацца да сваіх.
 
І ўбачыла [Наомі], што [Рут] вырашыла ісьці з ёю, і перастала адгаворваць яе.

І пайшлі яны разам, і прыйшлі ў Бэтлехэм. Калі яны ўвайшлі ў горад, узварухнуўся з-за іх увесь горад; і казалі жанчыны: «Гэта ж тая Наомі!»
 
І ішлі абедзьве разам, аж прыйшлі ў Бэтлеем. І было, калі прыйшлі ў Бэтлеем, увесь горад узрушыўся, і казалі: «Ці ж гэта Наомі?»

Яна казала ім: «Не называйце мяне Наоміa, але называйце мяне Мараb, бо Усемагутны напоўніў мяне горыччу занадта.
 
А яна казала ім: «Не называйце мяне Наомі, але называйце мяне Мара, бо вялікай горыччу напоўніў мяне Усемагутны.

Поўная выйшла я, а пустой вярнуў мяне Госпад; дык навошта называць Наомі мяне, якую ўпакорыў Госпад і на якую спаслаў бяду Усемагутны?»
 
Я выйшла поўная, але пустою вярнуў мяне ГОСПАД. Чаму вы называеце мяне Наомі, калі ГОСПАД выступіў супраць мяне і Усемагутны спаслаў няшчасьце на мяне».

Такім чынам, прыйшла Наомі з Рут маабкай, нявесткай сваёй, з зямлі вандравання свайго; і прыйшла ў Бэтлехэм, калі пачыналі жаць ячмень.
 
І вярнулася Наомі, і Рут Мааўлянка, нявестка ейная, з ёю вярнулася з палёў Мааву, і прыйшлі яны ў Бэтлеем на пачатку жніва ячменю.