2 да Карынфянаў 1 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Паўла, з волі Божай Апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат, Царкве Божай, што ў Карынце, з усімі святымі, што ва ўсёй Ахаі:
Павал, з волі Божай апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат, — царкве Божай, што ў Карыньце, з усімі сьвятымі, якія ў-ва ўсёй Ахаі:
ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста.
ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец міласэрнасці і Бог усякага суцяшэння,
Дабраслаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец міласэрнасьці і Бог усякага пацяшэньня,
Які суцяшае нас у кожным нашым горы, каб мы самі маглі суцяшаць тых, што ў якой-колечы бядзе, суцяшэннем, якім самі суцяшаемся ад Бога.
Які пацяшае нас у кожным прыгнёце нашым, каб мы маглі пацяшаць тых, якія ў-ва ўсялякім прыгнёце, пацяшэньнем, якім Бог пацяшае нас!
Бо як у нас памнажаюцца цярпенні Хрыстовы, так і праз Хрыста павялічваецца суцяшэнне наша.
Бо як памнажаюцца ў нас пакуты Хрыстовыя, гэтак праз Хрыста памнажаецца і пацяшэньне нашае.
І, калі мы смуткуем, дык для суцяшэння вашага і для збаўлення; а калі мы суцяшаемся, дык для вашага суцяшэння і збаўлення, каб вы цярпліва пераносілі гэтыя самыя пакуты, якія і мы церпім.
А калі мы сьціснутыя, дык дзеля вашага пацяшэньня і збаўленьня, якое зьдзяйсьняецца праз перажываньне тых самых пакутаў, якія і мы церпім. Калі мы пацешаныя, дык дзеля вашага пацяшэньня і збаўленьня.
І надзея наша на вас цвёрдая, бо ведаем, што вы ёсць супольнікі як пакут, так і суцяшэння.
І надзея нашая на вас цьвёрдая, бо мы ведаем, што вы супольнікі як пакутаў, так і пацяшэньня.
Не хочам, браты, каб вы не ведалі пра наша гора, якое сталася ў Азіі, бо нас страшна прыціснула звыш сілы, так што не спадзяваліся жыць.
Бо мы ня хочам, каб вы, браты, ня ведалі пра наш прыгнёт, які стаўся нам у Азіі, бо бязьмерна цяжка было нам і па-над сілу, так што мы згубілі надзею застацца жывымі.
Але мы самі ў сабе мелі прысуд смерці, каб не пакладаліся на саміх сябе, але на Бога, Які ўваскрашае мёртвых.
Але мы мелі самі ў сабе прысуд сьмяротны, каб спадзявацца не на саміх сябе, але на Бога, Які ўваскрашае мёртвых,
Ён і выбавіў нас ад такой смерці, і выбаўляе, і мы маем у Ім надзею, што і далей будзе выбаўляць,
Які і выбавіў нас ад так вялікай сьмерці, і выбаўляе, на Якога спадзяемся, што і яшчэ выбаўляць будзе
за дапамогай вашых малітваў за нас, каб за той дар, што мы маем ад многіх людзей, многія падзяку складалі за нас.
пры дапамозе і вашай малітвы за нас, каб за дараванае нам па просьбе многіх дзякавалі за нас многія.
Бо пахвала наша — гэта сведчанне сумлення нашага, што ў прастаце ды ў шчырасці Божай, і не ў цялеснай мудрасці, але ў ласцы Божай жылі мы на свеце, асабліва ў вас.
Бо пахвала нашая гэткая — сьведчаньне сумленьня нашага, што мы ў прастаце і шчырасьці Божай, не ў цялеснай мудрасьці, але ў ласцы Божай жылі ў сьвеце, а асабліва ў вас.
Не пішам вам нічога, як толькі тое, што вы чытаеце і што разумееце. Спадзяюся, што і да канца будзеце разумець.
Бо мы пішам вам ня што іншае, але тое, што вы чытаеце ці пазнаяцё, а спадзяюся, што да канца спазнаеце,
Вы ўжо часткова зразумелі нас, што мы ёсць пахвала ваша, а вы — наша ў дзень Госпада нашага Ісуса.
як вы часткова і даведаліся ад нас, што мы — пахвала вашая, як і вы — нашая, у дзень Госпада Ісуса.
І з такой пэўнасцю я ўжо раней хацеў прыбыць да вас, каб атрымалі вы паўторную ласку,
І з гэтай пэўнасьцю я хацеў прыйсьці да вас раней, каб вы другі раз мелі ласку,
і ад вас прайсці ў Мацэдонію, а з Мацэдоніі зноў прыйсці да вас, каб вы правялі мяне ў Юдэю.
і праз вас прайсьці ў Македонію, і зноў з Македоніі прыйсьці да вас, а вы правялі б мяне ў Юдэю.
Калі я меў гэткі намер, ці рабіў гэта легкадумна? Ці тое, што я задумваю, паводле цела задумваю, каб было ў мяне: «так — так» і «не — не»?
Маючы гэткую пастанову, ці я лёгкадумна зрабіў? Ці тое, што я пастанаўляю, паводле цела пастанаўляю, каб было ў мяне «Так, так» і «Не, не»?
Верны Бог, што слова наша, якое было ў вас, — не было «так» і «не»!
Верны ж Бог, што слова нашае да вас не было «Так» і «Не»!
Бо Сын Божы Ісус Хрыстос, Якога мы вам прапаведавалі, — я, і Сіліван, і Цімафей, — не быў: «так» і «не», але ў Ім было «так».
Бо Сын Божы, Ісус Хрыстос, Якога мы ў вас абвяшчалі, і я, і Сілуан, і Цімафей, ня быў «Так» і «Не», але было ў Ім «Так».
Бо колькі абяцанняў Бога, у Ім — «так». Таму таксама праз Яго і «амін», на хвалу Богу праз нас.
Бо ўсе абяцаньні Божыя ў Ім «Так» і ў Ім «Амэн», на славу Богу праз нас.
А Той, Хто нас умацоўвае разам з вамі ў Хрысце ды Хто нас намасціў, ёсць Бог,
А Той, Які зацьвердзіў нас з вамі ў Хрысьце і памазаў нас, ёсьць Бог,
Які запячатаў нас ды пакінуў заруку Духа ў сэрцах нашых.
Які і запячатаў нас, і даў заруку Духа ў сэрцы нашыя.
Дык прызываю ў сведку Бога і душу маю, што, шкадуючы вас, я дасюль не прыходзіў у Карынт
Прызываю Бога ў сьведкі на душу маю, што, шкадуючы вас, я дагэтуль не прыйшоў у Карынт;
не з-за таго, што мы валадарым над верай вашай, але мы памочнікі вашае радасці, бо ў веры вы трывалыя.
не таму, што мы пануем над вераю вашай, але мы супрацоўнікі ў радасьці вашай, бо ў веры вы стаіцё.