Данііла 1 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

У трэці год царавання цара Юдэйскага Ёакіма падышоў Набукаданосар, цар Бабілонскі, пад Ерузалім і абклаў яго;
 
У трэці год валадараньня Егаякіма, валадара Юды, прыйшоў Навухаданосар, валадар Бабілону, да Ерусаліму і аблёг яго.

і Госпад аддаў у яго рукі цара Юдэйскага Ёакіма, і частку пасудзін дома Божага, і іх забраў ён у зямлю Сэнаар, у дом багоў сваіх, і памясціў пасудзіны ў дом скарбоўні багоў сваіх.
 
І аддаў Госпад у руку ягоную Егаякіма, валадара Юды, і частку начыньняў Дому Божага, і ён занёс іх у зямлю Шынэар у дом бога свайго, і ўнёс начыньні гэтыя ў скарбніцу бога свайго.

І цар загадаў Асфаназу, кіраўніку сваіх еўнухаў, каб прывёў з ізраэльцаў і з роду царскага, і з правіцеляў
 
І сказаў валадар Ашпэназу, начальніку эўнухаў сваіх, каб ён прывёў з сыноў Ізраіля і з насеньня валадарскага і княскага

юнакоў без аніякай заганы, прыгожых выглядам і вывучаных ва ўсякай мудрасці, маючых веды, і выхаваных, і здатных да службы ў царскім палацы, і каб навучыць іх кнігам і мове халдэйцаў.
 
юнакоў, якія ня маюць у сабе аніякай заганы, [маюць] добры выгляд, разумеюць усякую мудрасьць, і кемлівыя ў навучаньні, і здольныя да ведаў, каб яны мелі сілу стаяць у палацы валадарскім і каб навучыць іх кнігам і мове халдэйскай.

І цар выдзеліў ім штодзённую порцыю ад страў царскіх і ад віна, якое сам піў, каб былі яны ўзгадаваны праз тры гады і пасля служылі цару.
 
І вызначыў ім валадар на кожны дзень ежу валадара і віно, якое сам піў, каб гадаваць іх так тры гады, каб пасьля заканчэньня іх яны сталі перад абліччам валадара.

Такім чынам, з сыноў юдэйскіх былі сярод іх Даніэль, Ананія, Місаэль і Азарыя.
 
І былі сярод іх з сыноў Юды Данііл, Ананія, Мішаэль і Азарыя.

І наглядчык еўнухаў надаў ім імёны: Даніэлю — Балтасар, і Ананію — Сэдрак, Місаэлю — Місак, і Азарыю — Абдэнага.
 
І даў ім начальнік эўнухаў імёны, Даніілу даў [імя] Бэльтэшацар, Ананію — Шадрах, Мішаэлю — Мэшах, а Азарыі — Авэд-Нэго.

Даніэль жа рашыў у сэрцы сваім, каб не апаганьвацца стравамі царскімі, ані віном, якое цар піў, ды папрасіў наглядчыка еўнухаў, каб не апаганьвацца.
 
І пастанавіў Данііл у сэрцы сваім, што ён ня будзе апаганьвацца ежаю валадара і віном, якое той піў; і ён прасіў начальніка эўнухаў, каб яму не апаганіцца.

А абдарыў Бог Даніэля ласкаю і міласэрнасцю перад наглядчыкам еўнухаў,
 
І даў Бог Даніілу міласэрнасьць і спагаду перад абліччам начальніка эўнухаў.

і кіраўнік еўнухаў сказаў Даніэлю: «Баюся я гаспадара майго, цара, калі ўбачыць ён вашы твары худзейшымі, чым у іншых юнакоў у вашых гадах; калі гэтак, то вы выставіце маю галаву на небяспеку перад царом».
 
І сказаў начальнік эўнухаў Даніілу: «Я баюся пана майго, валадара, які вызначыў для вас ежу і напоі. Бо калі ён убачыць, што абліччы вашыя марнейшыя, чым у [іншых] юнакоў вашага веку, тады вы наразіце на небясьпеку галаву маю перад валадаром».

І Даніэль сказаў вартаўніку, якога паставіў кіраўнік еўнухаў над Даніэлем, Ананіем, Місаэлем і Азарыем:
 
І сказаў Данііл наглядчыку, якога начальнік эўнухаў паставіў над Даніілам, Ананіем, Мішаэлем і Азарыем:

«Прашу, аддай нас, паслугачоў тваіх, дзесяцідзённаму выпрабаванню: хай даюць нам гародніну есці і ваду піць;
 
«Выспрабуй, калі ласка, слугаў тваіх дзён дзесяць; і няхай даюць нам гародніну, і мы будзем есьці, і ваду, і мы будзем піць.

і ўбачыш, як мы выглядаем і як выглядаюць юнакі, якія ядуць стравы царскія, і зробіш з паслугачамі сваімі паводле таго, што ўбачыш».
 
І паглядзіш на выгляд наш і выгляд юнакоў, якія ядуць ежу валадара; і паводле таго, што ўбачыш, рабі са слугамі тваімі».

Ён, выслухаўшы гэтыя словы, выставіў іх на дзесяцідзённае выпрабаванне.
 
І ён паслухаў іх у гэтай справе, і выспрабоўваў іх дзесяць дзён.

Па дзесяці ж днях аблічча іх было лепшым і здаравейшым, чым у юнакоў, якія елі ежу царскую.
 
І ў канцы дзесяці дзён выгляд іхні выяўвіўся лепшым і цела [іхняе было] здаравейшым, чым у юнакоў, якія елі ежу валадара.

А вартаўнік браў іх ежу і віно і падаваў ім гародніну.
 
І сталася, што наглядчык забіраў ад іх ежу і віно, якое яны мелі піць, і даваў ім гародніну.

І надзяліў Бог гэтых чатырох юнакоў ведамі і ўменнем ва ўсякім пісанні і мудрасці, Даніэль жа меў разуменне ўсякіх з’яў і сноў.
 
І гэтым чатыром юнакам Бог даў веды і разуменьне кожнай кнігі і мудрасьці, а Данііл разумеў усякія відзежы і сны.

Дык калі прайшоў час, што ўстанавіў цар, каб іх прадставіць, наглядчык еўнухаў прывёў іх да Набукаданосара.
 
І пасьля заканчэньня дзён, калі валадар сказаў прывесьці іх, начальнік эўнухаў прывёў іх перад аблічча Навухаданосара.

І калі цар размаўляў з імі, нельга было знайсці паміж іх усіх нікога, роўнага Даніэлю, Ананію, Місаэлю і Азарыю; ды сталі на службу пры цару.
 
І гаварыў з імі валадар, і не знайшлося сярод іх усіх [такіх], як Данііл, Ананія, Мішаэль і Азарыя. І яны сталі перад абліччам валадара.

І ўсякае слова мудрасці і разумення, якое ён атрымаў ад іх, цар знайшоў у іх дзесяцікратна лепшым, чым словы ўсіх прадказальнікаў і варажбітоў, якія былі ва ўсім яго царстве.
 
І ў-ва ўсіх справах мудрасьці і разуменьня, пра што валадар пытаўся ў іх, ён знайшоў іх у дзесяць разоў [лепшымі] за ўсіх варажбітоў і астролягаў, якія [былі] ў-ва ўсім валадарстве ягоным.

А прабываў там Даніэль аж да першага года цара Кіра.
 
І Данііл быў [там] да першага году валадара Кіра.