Данііла 11 разьдзел
Кніга прарока Данііла
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Я ж з першага года Дарыя мідзяніна стаяў побач з ім, каб умацаваць і ўздужыць яго.
І я ў першым годзе Дарыя Мідзяніна стаяў, каб умацаваць і падтрымаць яго.
І цяпер выяўлю табе праўду: вось, стануць у Персіі яшчэ тры цары, і чацвёрты ўзбагаціцца больш, чым усе, і калі памножыць свае багацці, накіруе ўсё супраць царства Грэцыі.
І цяпер я распавяду табе праўду. Вось, паўстануць яшчэ тры валадары ў Пэрсіі, і чацьвёрты ўзбагаціцца багацьцем сваім больш за ўсіх, і калі ён умацуецца ў багацьці сваім, ён узьніме ўсіх супраць валадарства Явану.
А паўстане цар мужны, і будзе ён панаваць над вялікім царствам, і будзе рабіць, што яму ўпадабаецца;
І валадар магутны паўстане [там], які будзе панаваць панаваньнем вялікім і будзе рабіць тое, што даспадобы яму.
і калі выступіць, будзе знішчана яго царства і распадзецца на чатыры вятры неба, але не на патомкаў яго, і не з прычыны моцы яго, якой ён валадарыў: бо будзе раздзёртае царства яго таксама іншымі, за выняткам іх.
Але калі ён паўстане, валадарства ягонае будзе зломлена і будзе падзеленае на чатыры вятры нябесныя, і не паміж нашчадкамі ягонымі, і ня будзе [мець] тое панаваньне, якім ён панаваў, бо будзе вырвана валадарства ягонае і [дадзена] іншым, а ня ім.
І набярэ сілы цар поўдня, ды адзін з князёў яго перавысіць яго сілай і завалодае дзяржавай большай, чым яго дзяржава.
І ўмацуецца валадар з поўдня, але [адзін] з князёў ягоных будзе мацнейшым за яго і запануе, і панаваньне тое будзе большым за панаваньне ягонае.
І па канцы гадоў злучацца яны; і дачка паўднёвага цара прыбудзе да цара паўночнага, каб завязаць сяброўства. І моц яго рукі не будзе трывалай, і яго рука не ўтрымаецца; і будзе выдадзена яна, і тыя, што яе прывялі, яе дзіця ды той, хто падтрымліваў яе ў тыя часы.
Але пасьля заканчэньня [некалькіх] гадоў яны злучацца, і дачка валадара з поўдня прыйдзе да валадара з поўначы, каб зрабіць паводле справядлівасьці; але яна не захавае сілы рамёнаў [сваіх], і не ўстаіць рамяно ейнае, і будзе выдадзена яна, і тыя, якія прывялі яе, і той, якога яна нарадзіла, і той, які ўмацоўваў яе ў тыя часы.
І ўстане на яго месца патомак з яе лініі, і пойдзе супраць войска, і ўвойдзе ў крэпасць цара паўночнага, і будзе дзейнічаць супраць іх, і ўзмацніцца.
І паўстане парастак з кораня ейнага на месца сваё, і выйдзе супраць войска, і ўвойдзе ў цьвярдыню валадара з поўначы, і будзе дзейнічаць супраць яго, і ўмацуецца.
Звыш таго, забярэ таксама ў Егіпет іх бажкоў разам з іх выявамі, поруч з іх каштоўнымі пасудзінамі са срэбрам і золатам, сам ён перавысіць моцаю цара поўначы праз некалькі гадоў.
І таксама багоў іхніх з літымі выявамі іхнімі, з начыньнем іхнім каштоўным, срэбным і залатым, завязе ў палон у Эгіпет; і ён [некалькі] гадоў будзе стаяць [вышэй], чым валадар з поўначы.
І ён увойдзе ў царства цара поўдня і вернецца ў свой край.
Хоць той прыйдзе ў валадарства валадара з поўдня, але вернецца ў зямлю сваю.
Сыны ж яго паўстануць і збяруць вялікі лік войска; і ён прыйдзе спешна, і ўварвецца, і вернецца, і паўстане, і дойдзе аж да яго крэпасці.
Але сыны ягоныя ўзброяцца і зьбяруць мноства войска вялікага, і [адзін], ідучы, пойдзе, і залье [ўсё], і пройдзе [паўсюль], і вернецца, і будзе змагацца супраць цьвярдыні ягонай.
І цар з поўдня закіпіць гневам і пойдзе, каб ваяваць з ім, з царом поўначы, і выставіць ён супраць яго вельмі вялікую сілу, і вялікая гэта сіла пападзе ў яго рукі.
І раззлуецца валадар з поўдня, і вырушыць [на вайну], і будзе ваяваць з ім, з валадаром з поўначы, і [той] выставіць мноства вялікае, але мноства гэтае будзе аддадзена ў руку ягоную.
І вялікая сіла будзе знішчана, і сэрца яго падымецца ў пыху, і пераверне многія тысячы, але не пераможа.
І будзе зьнішчана гэтае мноства, і ўзьнімецца сэрца ягонае, і хоць ён кіне [на зямлю] дзясяткі тысячаў, ён не ўмацуецца.
Бо зноў паўстане цар поўначы і выставіць большую сілу, чым раней; і калі надыдзе канец часоў і гадоў, вырушыць спешна з вялікім войскам і з вялікімі сіламі.
І вернецца валадар з поўначы, і выставіць мноства, большае за ранейшае, і ў канцы часоў і гадоў, ідучы, прыйдзе з войскам вялікім і з маёмасьцю шматлікай.
І ў тых часах многія выступяць супраць цара паўднёвага, таксама сыны крыўдзіцеляў народа твайго паўстануць, каб здзейсніць бачанне, і загінуць.
І ў тыя часы шмат паўстане супраць валадара з поўдня, і сыны гвалту ў народзе тваім падымуцца, каб споўніўся відзеж, і яны спатыкнуцца.
І цар поўначы падыдзе, і насыпле вал, і здабудзе вельмі ўмацаваны горад, і рукі поўдня не вытрымаюць, і народ яго выбраны не будзе мець сілы супрацівіцца.
І прыйдзе валадар з поўначы, і насыпле вал, і здабудзе горад умацаваны, і рамёны поўдня не ўстаяць, народ выборны ягоны і ён ня будуць мець сілы, каб устаяць.
І той, хто пойдзе супраць яго, будзе весці сябе па свайму ўпадабанню ды ніхто не зможа яму супрацьстаяць; і ўтрымаецца ў прыгожым краі, і ў руцэ яго — спусташэнне.
І той, які прыйдзе супраць яго, будзе рабіць паводле ўпадабаньня свайго, і ня будзе таго, хто супрацівіцца яму; і ён стане ў зямлі прыгожай, і загуба ў руцэ ягонай.
І зверне твар свой, каб пайсці здабыць усё яго царства; і зробіць яму справядлівае, і дасць яму дачку адной з жанчын, каб знішчыць гэта, і не выстаіць ён, і не атрымаецца ў яго.
І ён зьверне аблічча сваё, каб прыйсьці з моцаю ўсяго валадарства свайго, і зробіць з ім угоду; і дасьць яму дачку жанчынаў, каб зьнішчыць яго, але ня станецца [так] і яна ня будзе з ім.
Ды зверне твар свой на астравы і захопіць многія, і валадар спыніць яго знявагу, і знявага яго абернецца на яго.
І, зьвяртаючы, ён зьверне аблічча сваё да астравоў, і здабудзе [іх]; але правадыр спыніць ганьбу, [зробленую ім], і зьверне ганьбу ягоную на яго самога.
І зверне твар свой на гарады сваёй зямлі, і захістаецца, і ўпадзе, і знікне цалкам.
І ён зьверне аблічча сваё да цьвярдыняў зямлі сваёй, і спатыкнецца, і ўпадзе, і ня знойдуць [яго].
І на яго месца стане другі, які пашле збіральніка падаткаў на аздобу царства; і знішчаны будзе за некалькі дзён ані з нянавісці, ані ў вайне.
І паўстане на месца ягонае той, які пашле прыгнятальніка ў славе валадарства, але праз некалькі дзён будзе зломлены, і не ад гневу, і ня ў бітве.
І на яго месца стане пагарджаны, і яму не будзе дадзена царскай пашаны; і ён прыйдзе патаемна, і апануе царства хітрасцю.
І паўстане на месца ягонае пагарджаны, і не дадуць яму годнасьці валадарскай; але ён прыйдзе ціха і ўмацуе валадарства подступам.
І рукі ваюючага будуць ім пакараныя і знішчаныя; прытым і князь прымірэння.
І рамёны [сілы ягонай], як паводкаю, будуць залітыя перад абліччам ягоным і будуць зломленыя, і таксама начальнік, [які заключыў] запавет.
І па прымірэнні будзе з ім хітрыць, і нападзе, і пераможа з нямногімі людзьмі.
Бо, злучыўшыся з ім, ён будзе дзейнічаць ашуканствам, і ён узыйдзе, і ўмацуецца з [дапамогай] малога народу.
Нападзе ён на квітнеючыя і багатыя гарады і зробіць тое, што не зрабілі яго бацькі, ані бацькі бацькоў яго: нарабаванае, і здабычу, і багацці іх
У [часе] супакою ён прыйдзе ва ўрадлівыя месцы краю і зробіць тое, чаго не рабілі бацькі ягоныя і бацькі бацькоў ягоных. Нарабаванае, здабычу і маёмасьць прынясе сваім, і пра [здабыцьцё] цьвярдыняў задумае думкі свае, але да часу.
І будзе падбадзёрвацца мужнасць яго і сэрца яго супраць паўднёвага цара ў вялікім войску; і цар поўдня будзе паднімацца на вайну, збіраючы вялікае і вельмі дужае войска, і не ўтрымаецца, бо выступяць супраць яго змоўшчыкі.
І ён узбудзіць сілу сваю і сэрца сваё на валадара з поўдня з войскам вялікім, і валадар з поўдня ўзброіць на бітву войска вялікае і вельмі магутнае, але не ўстаіць, бо задумаюць супраць яго думкі [здрадлівыя].
І тыя, што елі хлеб з ім, знішчаць яго; і войска яго рассыплецца, і вельмі многа будзе забітых.
І тыя, якія ядуць ежу ягоную, зломяць яго, і войска ягонае разальецца, і ўпадзе шмат забітых.
Таксама абодва цары будуць мець на сэрцы, каб рабіць ліхое, і пры адным стале лгаць, і не дасягнуць нічога, бо не надышоў яшчэ час вырашэння.
І сэрцы абодвух гэтых валадароў будуць рабіць ліха, і яны будуць гаварыць хлусьню за адным сталом, і ня будуць мець посьпеху, бо яшчэ не канец вызначанаму часу.
І вернецца ён у свой край з вялікімі багаццямі, і сэрца яго будзе супраць святога запавету; і будзе дзейнічаць, і вернецца ў сваю зямлю.
І вернецца ён у зямлю сваю з багацьцем вялікім, а сэрца ягонае [будзе] супраць запавету сьвятога, і ён зробіць [намер свой], і вернецца ў зямлю сваю.
Па нейкім часе вернецца ён і прыйдзе на паўднёвую зямлю, і не пашанцуе тым разам, як раней.
У вызначаным часе ён вернецца і пойдзе на поўдзень; і ня будзе так, як раней і як пазьней.
І выступяць супраць яго караблі рымлянаў, і ўдараць яго; і будзе злавацца дзеля святога запавету, і зноў будзе дзейнічаць, і вернецца, і зверне ўвагу на тых, што пакінулі святы запавет.
І прыйдуць супраць яго караблі Кіттыму, і ён спалохаецца, і вернецца, і загневаецца на запавет сьвяты; і зробіць [намер свой], і вернецца, і будзе мець паразуменьне з тымі, якія пакінулі запавет сьвяты.
І рукі яго паднімуцца, і апаганяць свяцілішча мужнасці, і спыняць пастаянную ахвяру, і дадуць агіднасць разбуральніка.
І паўстануць рамёны ягоныя, і апаганяць сьвятыню, цьвярдыню гэтую, і спыняць заўсёдныя ахвяры, і паставяць агіду спусташэньня.
І бязбожнікаў ён хітрасцю ўвядзе ў зман адносна запавету; а людзі, якія ведаюць свайго Бога, вытрываюць і будуць дзейнічаць.
А тых, якія нягодна ставяцца да запавету, ён разбэсьціць лісьлівасьцю, але народ, які ведае Бога свайго, умацуецца і будзе дзейнічаць.
І навучаныя ў народзе будуць вучыць вельмі многіх; і падуць ад меча і агню, і ў палоне, і праз рабунак — да нейкага часу.
І разумныя з народу дадуць разуменьне шматлікім, і будуць спатыкацца ад мяча і ад полымя, ад палону і ад рабаваньня [шмат] дзён.
І калі яны ўпадуць, нямногія прыйдуць да іх з дапамогай, і вельмі многія далучацца да іх падступна.
І, калі яны спатыкнуцца, яны атрымаюць малую дапамогу. І далучыцца да іх шмат хто няшчыра.
І паміж мудрацоў некаторыя падуць, каб некаторыя з іх ачышчаныя былі, і абмытыя, і абеленыя аж да апошняга часу, бо яшчэ іншы час будзе.
І [некаторыя] з тых разумных спатыкнуцца, каб выпрабаваць іх і ачысьціць, і выбяліць аж да часу канца, бо яшчэ ня час, які вызначаны.
І цар будзе дзейнічаць па волі сваёй, і будзе ўзвышацца, і будзе ўзвялічвацца над усімі багамі, і супраць Бога багоў будзе гаварыць рэчы дзіўныя, і яму пашанцуе, пакуль не прыйдзе гнеў; бо што вырашана — споўніцца.
І будзе валадар рабіць [намер свой], і вывышацца, і ўзьвялічвацца па-над кожным богам паводле ўпадабаньня свайго. І супраць Бога багоў будзе гаварыць нечуваныя рэчы, і будзе мець посьпех, пакуль ня зьдзейсьніцца абурэньне, бо тое, што вызначана, станецца.
І не будзе паважаць багоў бацькоў сваіх, ані пажадлівасці жанчын, ані ніякага іншага бога не будзе паважаць, бо адносна ўсяго будзе ўзвышацца;
І на багоў бацькоў сваіх ён ня будзе зважаць, ані на каштоўнасьці жанчынаў, і на ўсіх багоў ён ня будзе зважаць, бо ўзьвялічыцца па-над усімі.
а замест яго будзе паважаць бога крэпасцяў, і бога, якога не ведалі яго бацькі, будзе паважаць золатам і срэбрам, і каштоўнымі камянямі, і каштоўнасцямі,
Але бога цьвярдыняў на месцы ягоным ён будзе ўшаноўваць, і бога, якога ня ведалі бацькі ягоныя, ён будзе ўшаноўваць золатам і срэбрам, і дарагімі камянямі і каштоўнымі, і рэчамі найкаштоўнейшымі.
ды выступіць супраць умацаваных гарадоў з чужым богам; хто яго прызнае, славу таго памножыць і дасць ім уладу над многімі, і ва ўзнагароду будзе надзяляць зямлёй.
І ён учыніць [вайну] з умацаванымі цьвярдынямі з [дапамогай] бога чужога. Тым, якія прызнаюць яго, ён памножыць славу, і дасьць панаваньне над шматлікімі, і падзеліць грунты як плату.
І ў апошні час будзе ваяваць супраць яго цар поўдня і цар поўначы ўдарыць яго, як бура, калясніцамі, і конніцай, і многімі караблямі, і ўвойдзе ў землі, і знішчыць іх, і пройдзе.
Але ў часе канца ўдарыць яго валадар з поўдня, і кінецца на яго валадар з поўначы з калясьніцамі і вершнікамі, і з караблямі шматлікімі, і ўвойдзе ў зямлю [поўдня], і залье [яе], і пяройдзе [яе].
Ды ўвойдзе ў слаўную зямлю, і многія падуць; гэтыя ж толькі ўхаваюцца ад яго рукі: Эдом і Мааб, і землі кіраўнікоў аманітаў.
І прыйдзе ён у зямлю прыгожую, і шмат хто спатыкнецца; але ўцякуць ад рукі ягонай Эдом, і Мааў, і галоўныя з сыноў Амона.
Ды выцягне руку сваю на землі, і зямля Егіпта не зберажэцца;
І ён выцягне руку сваю на зямлю [поўдня], і зямля Эгіпецкая не ўцячэ.
і авалодае скарбамі золата і срэбра, і ўсімі каштоўнасцямі егіпецкімі; і лібійцы, і этыёпцы пойдуць за ім.
І ён будзе панаваць над скарбамі залатымі і срэбнымі і над усімі каштоўнасьцямі Эгіпту; і Лібійцы, і Кушане пойдуць за ім.
І весткі з усходу і поўначы напалохаюць яго; і пойдзе з гневам страшным, каб загубіць вельмі многіх, і знішчыць,
Але весткі з усходу і поўначы напалохаюць яго, і ён пойдзе ў гневе вялікім, каб зьнішчыць і аддаць закляцьцю шмат каго.
і ўстановіць палаткі свайго палаца між марамі над гарой святой пышнасці; і ўзыдзе аж на вяршыню яе, і ніхто не прыйдзе да яго з дапамогай.
І ён паставіць намёты палацу свайго паміж мораў і гарой прыгажосьці Сьвятой, і прыйдзе да канца свайго, і ня будзе таго, хто дапаможа яму.