Судзьдзяў 1 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Па смерці Ешуа раіліся сыны Ізраэля з Госпадам, кажучы: «Хто з нас першы выступіць супраць хананеяў ваяваць з імі?»
Пасьля сьмерці Егошуа пыталіся сыны Ізраіля ў ГОСПАДА, кажучы: «Хто з нас першы выступіць супраць Хананейцаў ваяваць з імі?»
І Госпад сказаў ім: «Хай выступіць Юда: вось, Я аддаў зямлю гэтую ў рукі яго».
ГОСПАД адказаў ім: «Няхай выступіць Юда, бо Я аддаў зямлю гэтую ў рукі ягоныя».
І кажа Юда Сімяону, брату свайму: «Увайдзі са мной у жэрабя маё і будзем разам ваяваць супраць хананеяў, а я ўвайду з табой у тваё жэрабя». І пайшоў з ім Сімяон.
І сказаў Юда Сымону, брату свайму: «Увайдзі са мной у жэрабя маё і будзем разам ваяваць супраць Хананейцаў, а я ўвайду з табой у жэрабя тваё». І пайшоў з ім Сымон.
І пайшоў Юда, і аддаў Госпад у рукі іх хананеяў і феразеяў, і ў Бэзэку забілі яны дзесяць тысяч мужчын.
І пайшоў Юда, і аддаў ГОСПАД у рукі іхнія Хананейцаў і Пэрэзэяў, і ў Бэзэку выбілі яны дзесяць тысячаў мужчын.
У Бэзэку сутыкнуліся яны з Адоні-Бэзэкам і ваявалі з ім, і перамаглі хананеяў і феразеяў.
У Бэзэку сустрэліся яны з Адоні-Бэзэкам і ваявалі з ім, і перамаглі Хананейцаў і Пэрэзэяў.
І Адоні-Бэзэк уцёк, але яны дагналі яго, і схапілі, і адрэзалі вялікія пальцы на руках і нагах яго.
І Адоні-Бэзэк уцёк, але яны дагналі яго, і схапілі, і адрэзалі вялікія пальцы на руках і нагах ягоных.
І сказаў Адоні-Бэзэк: «Семдзесят цароў з адрэзанымі вялікімі пальцамі на руках і нагах збіралі рэшткі ежы пад маім сталом. Як я рабіў, так мне Бог адплаціў». І завялі яго ў Ерузалім, і там ён памёр.
І сказаў Адоні-Бэзэк: «Семдзясят валадароў з адрэзанымі вялікімі пальцамі на руках і нагах зьбіралі крошкі пад сталом маім. І як я рабіў, так і мне Бог адплаціў». І завялі яго ў Ерусалім, і там ён памёр.
І ваявалі сыны Юды з Ерузалімам, і захапілі яго; і забілі вастрыём меча народ яго, а горад спалілі.
І ваявалі сыны Юды з Ерусалімам, і захапілі яго, і выбілі яго вострывам мяча, а горад спалілі агнём.
Потым падняліся і ваявалі супраць хананеяў, якія жылі ў гарах, і ў Нагэбе, і ў Сэфэлі.
Потым зыйшлі сыны Юды і ваявалі супраць Хананейцаў, якія жылі ў гарах, у Нэгеве і ў Шэфэлі.
Пасля пайшоў Юда супраць хананеяў, якія жылі ў Геброне, што раней называўся Карыят-Арба, і пабіў Сэсая, і Ахімана, і Талмая.
І пайшоў Юда супраць Хананейцаў, якія жылі ў Хеўроне, што раней называўся Кірыят-Арба, і пабіў Шэшая, Ахімана і Тальмая.
А адтуль выйшаўшы, пайшоў ён супраць жыхароў Дабіра, старое імя якога было Карыят-Сэфэрa.
Адтуль пайшоў ён супраць жыхароў Дэбіру, які раней называўся Кірыят-Сэфэр.
Калеб сказаў: «Хто нападзе на Карыят-Сэфэр і возьме яго, таму дам за жонку сваю дачку Аксу».
І сказаў Халеў: «Хто нападзе на Кірыят-Сэфэр і здабудзе яго, таму дам за жонку Ахсу, дачку маю».
І калі ўзяў яго Атаніэль, сын Кенэза, малодшы брат Калеба, Калеб аддаў яму за жонку сваю дачку Аксу.
І здабыў яго Атніэль, сын Кеназа, малодшага брата Халева, і Халеў аддаў яму за жонку Ахсу, дачку сваю.
Калі яна прыйшла, ён падгаварыў яе, каб папрасіла ў бацькі свайго поле. Дык яна злезла з асла, і сказаў ёй Калеб: «Што ты маеш [да мяне]?»
Калі яна прыйшла, ён намовіў яе, каб прасіла ў бацькі свайго поля. І калі яна зьлезла з асла, сказаў ёй Халеў: «Што табе?»
А яна адказала: «Дабраславі мяне; бо даў ты мне сухую зямлю, дай мне і зямлю, напоеную вадою». І даў ёй Калеб узвышша і даліну, што былі напоеныя вадою.
А яна адказала: «Дай мне дабраславенства, бо даў ты мне зямлю Нэгеў. Дай мне крыніцы водаў». І даў ёй Халеў крыніцы верхнія і крыніцы нізавыя.
А сыны Хабаба Кінэя, цесця Майсея, выйшлі з горада Пальмаў з сынамі Юды ў пустыню, што на поўдзень ад Арада, і там абжыліся з амалекцамі.
Сыны Кенэя, цесьця Майсея, выйшлі з гораду Пальмаў з сынамі Юды ў пустыню Юды, якая на поўдзень ад Араду, і там абжыліся з народам.
І пайшоў Юда з братам сваім Сімяонам, і разам напалі яны на хананеяў, якія жылі ў Сэфаце, перамаглі іх і абвясцілі гораду закляцце, і названы быў горад гэты Хормаb.
І пайшоў Юда з братам сваім Сымонам, і разам напалі яны на Хананейцаў, якія жылі ў Цэфаце, і аблажылі іх закляцьцем, і назвалі горад гэты Харма.
Юда ўзяў таксама Газу і яе ваколіцы, Аскалон і Акарон з ваколіцамі іх.
І Юда здабыў Газу і ваколіцы ейныя, Ашкелён і ваколіцы ягоныя, Экрон і ваколіцы ягоныя.
І Госпад быў з Юдам, таму захапіў ён горы; але не мог выгнаць жыхароў даліны, бо мелі яны баявыя калясніцы з сярпамі.
І ГОСПАД быў з Юдам, і ён захапіў горы, але ня мог выгнаць жыхароў даліны, бо мелі яны калясьніцы жалезныя.
І Калебу аддалі Геброн, як загадаў Майсей, і выгнаў ён адтуль трох сыноў Анака.
Халеву аддалі Хеўрон, як сказаў Майсей, і выгнаў ён адтуль трох сыноў Анака.
Сыны ж Бэньяміна не выгналі з Ерузаліма жыхароў яго, евусеяў; і яны жывуць па сённяшні дзень разам з сынамі Бэньяміна.
А сыны Бэн’яміна ня выгналі з Ерусаліму жыхароў ягоных, Евусэяў; і жывуць Евусэі па сёньняшні дзень разам з сынамі Бэн’яміна ў Ерусаліме.
Сям’я Язэпа таксама пайшла ў Бэтэль, і Госпад быў з імі.
Таксама дом Язэпа пайшоў ў Бэтэль, і ГОСПАД быў з імі.
Бо калі яны выведвалі горад, што раней называўся Луз,
І дом Язэпа выведваў Бэтэль, што раней называўся Люз,
убачылі вартаўнікі чалавека, які выходзіў з горада, і сказалі яму: «Пакажы нам уваход у горад, і мы абыдземся з табою міласэрна».
і ўбачылі выведчыкі чалавека, які выходзіў з гораду, і сказалі яму: «Пакажы нам уваход у горад, і мы зьявім табе міласэрнасьць».
Калі ён ім паказаў уваход, яны знішчылі горад вастрыём меча; чалавека ж таго і ўвесь род яго адпусцілі.
І ён паказаў ім уваход у горад, яны выбілі горад вострывам мяча, а чалавека таго і ўсю сям’ю ягоную адпусьцілі.
Той жа, адпушчаны, пайшоў у зямлю Хецім, і заснаваў там горад, і назваў яго Лузам, ён так называецца па сённяшні дзень.
І чалавек той пайшоў у зямлю Хетаў, і заснаваў там горад, і назваў яго Люз, які гэтак называецца па сёньняшні дзень.
А Манаса не здабыў Бэт-Сан і Танах з ваколіцамі іх і не выгнаў жыхароў Дора, і Іблаама, і Магеды з ваколіцамі іх; і засталіся хананеі на гэтай зямлі.
А Манаса не здабыў Бет-Шэан і Таанах з ваколіцамі іхнімі, і жыхароў Дору, і Іблеаму, і Мэгіддо з ваколіцамі іхнімі, і засталіся Хананейцы жыць на гэтай зямлі.
А калі Ізраэльцы ўмацаваліся, яны зрабілі хананеяў прыгоннымі і не пажадалі іх выгнаць.
А калі Ізраільцяне ўмацаваліся, яны зрабілі Хананейцаў прыгоннымі, але іх ня выгналі.
Таксама Эфраім не выгнаў хананеяў, якія пражывалі ў Газэры, і хананеі жылі сярод іх у Газэры.
І Эфраім ня выгнаў Хананейцаў, што жылі ў Гезэры, і Хананейцы жылі сярод іх у Гезэры.
І Забулон не выгнаў жыхароў Кетрона і Наалола, і хананеі жылі між іх, і сталіся ў іх прыгоннымі.
І Завулён ня выгнаў жыхароў Кітрону і Нагалалу, і Хананейцы жылі між іх, і сталіся ў іх прыгоннымі.
Таксама Асэр не выгнаў жыхароў Акко, Сідона, Ахалаба, Ахзіба, Гэльбы, Афэка і Рагоба;
Асэр ня выгнаў жыхароў Акко, Сідону, Ахлябу, Ахзібу, Гэльбы, Афэка і Рэхову.
і жыў Асэр сярод хананеяў, жыхароў той зямлі, бо не выгнаў іх.
І жыў Асэр сярод Хананейцаў, жыхароў той зямлі, бо ня выгнаў іх.
І Нэфталі не выгнаў жыхароў Бэтсамэса і Бэтаната, і жыў між хананеяў, жыхароў гэтае зямлі, і бэтсамэсцы і бэтанатцы былі ў яго прыгоннымі.
Нэфталі ня выгнаў жыхароў Бэт-Шэмешу і Бэт-Анату, і жыў між Хананейцаў, жыхароў зямлі гэтай, і жыхары Бэт-Шэмешу і Бэт-Анату былі ў яго прыгоннымі.
Амарэі павыціскалі сыноў Дана ў горы і не далі ім месца, каб пашырыцца ў даліне.
І выпхнулі Амарэйцы сыноў Дана ў горы, і не далі ім зыйсьці ў даліну.
Амарэі жылі ў Гатары, у Аялоне і ў Салебіме. І абцяжарыла іх рука дому Язэпа, і сталіся яны яму прыгоннымі.
Амарэйцы жылі ў Гар-Хэрэсе, у Аялоне і ў Шаальбіме. І цяжэла над імі рука дому Язэпа, і яны былі ў яго прыгоннымі.
А межы амарэяў цягнуліся ад узвышша Акрабім да Петры і вышэй.
А межы Амарэйцаў цягнуліся ад узвышша Акраббім і да Сэлі і вышэй.