Судзьдзяў 6 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

А сыны Ізраэля чынілі зло перад абліччам Госпада, і Госпад аддаў іх на сем гадоў у рукі мадыянцаў.
 
І сыны Ізраіля чынілі зло ў вачах ГОСПАДА, і ГОСПАД аддаў іх на сем гадоў у рукі Мадыянцаў.

І моцна прыціскалі іх мадыянцы. Дык сыны Ізраэля зрабілі сабе сховішчы і пячоры ў гарах і найбяспечнейшыя месцы.
 
І рука Мадыянцаў цяжэла над Ізраілем. І сыны Ізраіля [ад страху] перад Мадыянцамі парабілі сабе сховішчы і пячоры ў гарах і ўмацаваныя месцы.

І калі ізраэльцы сеялі збожжа, то прыходзілі мадыянцы, і Амалек, і іншыя ўсходнія народы, і хадзілі сярод іх,
 
Калі Ізраільцяне сеялі, прыходзілі Мадыянцы, і Амалек, і сыны Усходу, і хадзілі сярод іх,

і ставілі палаткі побач з імі, як быццам былі яны на пашы, і нішчылі ўсё аж да Газы, не пакідаючы для Ізраэля ніякіх сродкаў для жыцця: ані авец, ані валоў, ані аслоў.
 
і раскладаліся ў іх табарам, і нішчылі плады зямлі аж да Газы, не пакідаючы для Ізраіля ніякіх сродкаў для жыцьця: ані авечак, ані валоў, ані аслоў.

Бо самі яны прыходзілі разам з усімі сваімі статкамі, і з палаткамі сваімі, і, як саранча, запаўнялі ўсё незлічоным мноствам людзей і вярблюдаў
 
Яны прыходзілі разам са статкамі сваімі і намётамі сваімі, і прыходзілі як мноства саранчы. І іх, і вярблюдаў іхніх нельга было палічыць. І хадзілі яны па зямлі Ізраіля, каб пустошыць яе.

І быў вельмі прыніжаны Ізраэль мадыянцамі. І пачалі Ізраэльцы клікаць Госпада і прасіць
 
Вельмі зьбяднеў Ізраіль ад Мадыянцаў. І клікалі сыны Ізраіля да ГОСПАДА.

аб дапамозе супраць мадыянцаў.
 
І клікалі сыны Ізраіля да ГОСПАДА з прычыны Мадыянцаў,

Госпад паслаў ім прарока, які сказаў: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Я вывеў вас з Егіпта, і вывеў вас з дому няволі,
 
і ГОСПАД паслаў да сыноў Ізраіля прарока, і ён сказаў ім: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я вывеў вас з Эгіпту, вывеў вас з дому няволі,

і вызваліў вас з рук егіпцян і ўсіх ворагаў, якія чынілі вам шкоду: і выгнаў іх перад вамі, і аддаў вам зямлю іх”.
 
і вызваліў вас з рук Эгіпцянаў і з рук усіх прыгнятальнікаў вашых, і выгнаў іх перад абліччам вашым, і аддаў вам зямлю іхнюю.

І Я сказаў: “Я — Госпад, Бог ваш, не пакланяйцеся багам амарэяў, на зямлі якіх пражываеце. А вы не захацелі слухаць голас Мой”».
 
І Я вам сказаў: "Я — ГОСПАД, Бог ваш, ня бойцеся багоў Амарэйцаў, на зямлі якіх вы жывеце". Але вы ня слухалі голас Мой”»

І з’явіўся Анёл Госпадаў, і сеў пад дубам, што быў у Эфры, які належаў Ёасу, бацьку роду Абіязэра. І калі Гедэон, сын яго, малаціў і ачышчаў у давільні збожжа, каб яго схаваць ад мадыянцаў,
 
І прыйшоў анёл ГОСПАДА, і сеў пад дубам у Офры, якая [належала] Ёашу з [роду] Абіезэра. Гідэон, сын ягоны, малаціў у тоўчні збожжа, каб схаваць [яго] ад Мадыянцаў.

з’явіўся яму анёл Госпадаў і сказаў: «Госпад з табою, наймужнейшы з людзей!»
 
І зьявіўся яму анёл ГОСПАДА, і сказаў яму: «ГОСПАД з табою, ваяр мужны!»

І Гедэон сказаў яму: «Прабач, гаспадар мой, калі Госпад з намі, чаму прыйшло да нас усё гэта? Дзе цуды Яго, аб якіх расказвалі нам бацькі нашыя, калі казалі: “З Егіпта вывеў нас Госпад”. Цяпер жа пакінуў нас Госпад і аддаў у рукі мадыянцаў».
 
Гідэон сказаў яму: «Прабач, гаспадару мой, калі ГОСПАД з намі, адкуль прыйшло ўсё гэта? Дзе ўсе цуды Ягоныя, пра якія расказвалі нам бацькі нашыя, кажучы: “З Эгіпту вывеў нас ГОСПАД”. А цяпер пакінуў нас ГОСПАД і аддаў нас у рукі Мадыянцаў».

І Госпад глянуў на яго і сказаў: «Ідзі з гэтай сілаю сваёй і вызвалі Ізраэль ад рук мадыянцаў: ведай, што Я пасылаю цябе».
 
І зьвярнуўся да яго ГОСПАД, і сказаў: «Ідзі з гэтай сілаю тваёй і збаў Ізраіля з рукі Мадыянцаў. Я пасылаю цябе».

Гедэон у адказ сказаў: «Скажы, гаспадар мой, якім чынам вызвалю я Ізраэль? Вось, род мой — найбяднейшы ў пакаленні Манасы, а я апошні ў сям’і бацькі майго».
 
І адказаў [Гідэон]: «Госпадзе! Якім чынам я вызвалю Ізраіля? Род мой найбяднейшы ў [калене] Манасы, а я — апошні ў доме бацькі майго».

І Госпад адказаў яму: «Я буду з табою, і ты паб’еш мадыянцаў як аднаго чалавека».
 
І ГОСПАД сказаў яму: «Я буду з табою, і ты паб’еш Мадыянцаў як аднаго чалавека».

Адказаў ён Госпаду: «Калі знайшоў я ласку ў Цябе, дай мне знак, што гэта Ты гаворыш са мною.
 
І адказаў ён Яму: «Калі я знайшоў ласку ў вачах Тваіх, дай мне нейкі знак, што гэта Ты гаворыш са мною.

Не адыходзь адсюль, пакуль я не вярнуся і не прынясу ахвяру, каб скласці яе Табе». А Госпад на гэта адказаў: «Я пачакаю твайго прыходу».
 
Не адыходзься адгэтуль, пакуль я прыйду да Цябе і прынясу ахвяру маю, і складу яе Табе». І [Госпад] сказаў: «Пачакаю, пакуль вернешся».

Такім чынам, Гедэон пайшоў і падрыхтаваў казляня, і праснакоў з эфы мукі, і мяса палажыў у кош, а мясную поліўку — у гаршчок, і прынёс гэта ўсё пад дуб, і ахвяраваў Яму.
 
І Гідэон пайшоў, і падрыхтаваў казьляня і праснакоў з эфы мукі, і мяса палажыў у кош, а страву — у гаршчок, і прынёс гэта ўсё пад дуб, і ахвяраваў Яму.

І сказаў яму анёл Божы: «Вазьмі мяса і хлебныя праснакі і палажы іх на скале той, а поліўкі выліеш зверху». І калі ён зрабіў так,
 
І сказаў яму анёл Божы: «Вазьмі мяса і праснакі, і палажы іх на скале гэтай, а страву вылі наверх». І ён зрабіў гэта.

анёл Госпадаў працягнуў канец палкі, якую трымаў у руцэ, і дакрануўся ёю да мяса і хлебных праснакоў; і выйшаў агонь са скалы, і спаліў мяса і хлебныя праснакі; анёл жа Госпадаў знік з вачэй яго.
 
І анёл ГОСПАДА працягнуў канец кія, які [трымаў] у руцэ Сваёй, і дакрануўся ім да мяса і праснакоў, і выйшаў агонь са скалы, і спаліў мяса і праснакі. І анёл ГОСПАДА зьнік з вачэй ягоных.

І Гедэон, зразумеўшы, што гэта быў анёл Госпадаў, сказаў: «О Госпадзе, Ты — гаспадар мой, бо я ўбачыў анёла Госпадава твар у твар!»
 
І ўбачыў Гідэон, што гэта быў анёл ГОСПАДА, і сказаў Гідэон: «Гора мне, Госпадзе, ГОСПАДЗЕ, бо я бачыў анёла ГОСПАДА тварам у твар!»

І сказаў яму Госпад: «Супакой табе: не бойся, не памрэш!»
 
І сказаў яму ГОСПАД: «Супакой табе, ня бойся, не памрэш!»

Такім чынам, паставіў там Гедэон ахвярнік Госпаду і назваў яго: «Ягвэ-Шалом — Супакой Госпада». Аж па сённяшні дзень ахвярнік гэты ёсць у Эфры, у сыноў Абіязэра.
 
І пабудаваў там Гідэон ахвярнік ГОСПАДУ і назваў яго: “Ягвэ-Шалом”. Аж па сёньняшні дзень [ахвярнік] гэты ў Офры Абіезэравай.

У тую ноч сказаў Госпад Гедэону: «Вазьмі быка бацькі свайго і другога быка, сямігадовага, і разбуры ахвярнік Баала, уласнасць бацькі свайго, і ссячы святы гай, што каля ахвярніка,
 
У тую ноч сказаў ГОСПАД [Гідэону]: «Вазьмі бычка са [статку] бацькі твайго і другога бычка, сямігадовага, і развалі ахвярнік Баала, які ў бацькі твайго, і сьсячы сьвятое дрэва, якое каля [ахвярніка],

і пастаў ахвярнік Госпаду, Богу твайму, на вяршыні гэтае скалы, на якой раней учыніў ты ахвярапрынашэнне: і вазьмі таксама другога быка, і ўскладзі цэласпаленне на вогнішчы з дрэў, якія ссячэш у святым гаі».
 
і пастаў ахвярнік ГОСПАДУ, Богу твайму, на версе гэтай скалы ў адпаведны спосаб. І вазьмі другога бычка, і складзі цэласпаленьне на дровах са сьвятога дрэва, якое сьсячэш».

Такім чынам, узяў Гедэон дзесяць чалавек з паслугачоў сваіх, і зрабіў, як загадаў яму Госпад. Але баяўся ён роду бацькі свайго і жыхароў таго горада і не хацеў гэтага рабіць днём, але ўсё выканаў ноччу.
 
І ўзяў Гідэон дзесяць чалавек слугаў сваіх, і зрабіў, як прамовіў яму ГОСПАД. Але баяўся ён дому бацькі свайго і жыхароў таго гораду, і не зрабіў гэтага ўдзень, але зрабіў уначы.

І калі раніцай падняліся людзі таго горада, то ўбачылі разбураны ахвярнік Баала, і ссечаны святы гай, і другога бычка, ускладзенага на ахвярнік, што быў тады пабудаваны.
 
І раніцаю ўсталі людзі таго гораду, і вось, развалены ахвярнік Баала і сьсечанае сьвятое дрэва, якое пры ім, і другі бычок складзены ў ахвяру цэласпаленьня на пабудаваным ахвярніку.

І казалі яны адзін аднаму: «Хто гэта зрабіў?» І калі шукалі яны таго, хто зрабіў гэта, сказалі: «Гедэон, сын Ёаса, зрабіў усё гэта».
 
І казалі яны адзін аднаму: «Хто гэта зрабіў?» І шукалі, і даведваліся, і сказалі: «Гідэон, сын Ёаша, зрабіў гэта».

І сказалі Ёасу: «Выведзі сюды сына свайго, і няхай ён памрэ, бо разбурыў ахвярнік Баала і ссек святы гай».
 
І людзі гораду таго сказалі Ёашу: «Выведзі сына твайго, і няхай ён памрэ, бо ён разваліў ахвярнік Баала і сьсек сьвятое дрэва, якое пры ім».

А Ёас адказаў ім: «Няўжо вы будзеце мсціўцамі за Баала, каб змагацца за яго? Хто праціўнік Баала, будзе пакараны да раніцы смерцю; калі ён бог, хай сам адпомсціць за сябе таму, хто разбурыў ахвярнік яго».
 
А Ёаш сказаў усім, што стаялі каля яго: «Ці ж вы хочаце бараніць Баала і дапамагаць яму? Хто будзе заступацца за Баала, будзе забіты да раніцы. Калі ён — бог, няхай сам заступаецца за сябе супраць таго, хто разваліў ахвярнік ягоны».

З таго дня Гедэон быў названы Ерабаал, бо гаварыў Ёас: «Хай Баал помсціць за сябе таму, хто разбурыў ахвярнік яго».
 
З таго дня Гідэона назвалі Еруббаал, кажучы: «Няхай Баал змагаецца з ім, бо ён разваліў ахвярнік ягоны».

Такім чынам, усе мадыянцы, Амалек і ўсходнія народы, сабраліся разам і пераправіліся праз Ярдан, і сталі лагерам у даліне Езрагэль.
 
А ўсе Мадыянцы, Амалек і сыны Усходу сабраліся разам і пераправіліся [праз Ярдан], і разлажыліся табарам у лагчыне Езрээль.

І Дух Госпада ахапіў Гедэона, і ён затрубіў у рог, і сабраў пры сабе род Абіязэра, каб пайшоў ён за ім.
 
І Дух ГОСПАДА ахапіў Гідэона, і ён затрубіў у рог, і сабраў пры сабе [дом] Абіезэра.

І паслаў ён вестуноў да ўсяго пакалення Манасы, які і сам пайшоў за ім, а таксама паслаў пасланцоў да пакалення Асэра, Забулона і Нэфталі, якія пайшлі, каб з ім злучыцца.
 
І паслаў ён пасланцоў да ўсяго Манасы, і яны сабралася пры ім, і паслаў пасланцоў да Асэра, Завулёна і Нэфталі, і яны пайшлі, каб з ім злучыцца.

І сказаў Гедэон Богу: «Калі хочаш выратаваць Ізраэль праз мяне, як Ты казаў,
 
І сказаў Гідэон Богу: «Калі сапраўды хочаш выратаваць Ізраіля рукою маёй, як Ты прамовіў,

то я рассцялю на таку стрыжаную воўну і, калі раса будзе толькі на воўне, а на ўсёй зямлі будзе суха, буду ведаць, што рукою маёй, як Ты сказаў, Ты вызваліш Ізраэль».
 
вось, я расьцялю на таку стрыжаную воўну. Калі раса будзе толькі на воўне, а на ўсёй зямлі будзе суха, я буду ведаць, што рукою маёй Ты вызваліш Ізраіль, як Ты прамовіў».

І так сталася. Устаўшы раніцай і сціснуўшы воўну, ён напоўніў поўную чашу расою.
 
І так сталася. І ён устаў раніцаю, і сьціснуў воўну, і выціснуў поўны куфаль вады.

І зноў сказаў Гедэон Богу: «Не гнявіся на мяне, калі я яшчэ раз паспрабую атрымаць знак на воўне. Прашу, каб раніцай была сухой толькі сама воўна, а на ўсёй зямлі хай будзе раса».
 
І сказаў Гідэон Богу: «Ня гневайся на мяне, калі яшчэ раз прамоўлю да Цябе. Дазволь яшчэ раз выпрабаваць праз воўну. Няхай [раніцаю] будзе сухой толькі воўна, а кругом на зямлі будзе росна».

І ўчыніў Бог ноччу тое, што ён прасіў: толькі сама воўна засталася сухой, а па ўсёй зямлі была раса.
 
І зрабіў гэта Бог уначы, і толькі воўна засталася сухой, а ўся зямля была роснай.