Судзьдзяў 16 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Пайшоў Самсон у Газу, і ўбачыў там распусніцу, і ўвайшоў да яе.
 
І пайшоў Самсон у Газу, і ўбачыў там распусьніцу, і прыйшоў да яе.

Калі паведамілі жыхарам Газы, што Самсон увайшоў у горад, яны абкружылі яго і зрабілі засаду на Самсона ў браме горада; і ўсю ноч яны сядзелі ціха, чакаючы, каб, калі настане раніца, забіць яго на выхадзе.
 
Калі паведамілі жыхарам Газы, што Самсон увайшоў у горад, яны акружылі яго і зрабілі засаду на яго ў браме гораду. І ўсю ноч яны сядзелі ціха, каб, калі настане раніца, забіць яго.

А Самсон спаў аж да паўночы, а затым, устаўшы, схапіў абедзве паловы брамы разам з яе вушакамі, і вырваў іх з засаўкай, і, паклаўшы сабе на плечы, занёс на вяршыню гары, што насупраць Геброна.
 
А Самсон спаў да паўночы, а калі ўстаў, схапіў вароты гарадзкой брамы разам з засаўкамі ейнымі, вырваў іх і палажыў сабе на плечы, і занёс на вяршыню гары, якая насупраць Хеўрону.

Потым Самсон закахаўся ў жанчыну, якая жыла ў даліне Сарэк і звалася Даліла.
 
Пасьля гэтага Самсон закахаўся ў жанчыну, якая жыла ў лагчыне Сарэк і называлася Даліла.

І прыйшлі да яе кіраўнікі філістынцаў, і сказалі: «Ашукай яго і даведайся ў яго, адкуль бярэцца яго сіла і як маглі б мы яго адолець і яго, адоленага, пакарыць; калі гэта зробіш, дамо табе па тысячы сто срэбранікаў кожны».
 
І прыйшлі да яе валадары Філістынцаў, і сказалі: «Ашукай яго і даведайся, адкуль сіла ягоная вялікая і як нам перамагчы яго, і зьвязаць яго, і ўпакорыць яго. Калі гэта зробіш, дамо табе за гэта тысячу і сто срэбнікаў кожны».

Дык казала Даліла Самсону: «Скажы мне, прашу, адкуль у цябе бярэцца такая вялікая сіла і чым можна звязаць цябе, каб пакарыць цябе?»
 
І сказала Даліла Самсону: «Скажы мне, калі ласка, адкуль у цябе бярэцца такая сілавялікая і чым можна зьвязаць цябе, каб упакорыць цябе?»

Самсон адказаў ёй: «Калі звязаць мяне сямю сырымі вяроўкамі, сплеценымі з сухажылляў, яшчэ не сухімі і ўжо не сырымі, то я зраблюся бяссільным і стану, як іншыя людзі».
 
Самсон сказаў ёй: «Калі зьвязаць мяне сямю сырымі шнурамі, якія яшчэ ня сушаныя, я зраблюся бясьсільным і стану, як іншыя людзі».

І прынеслі ёй валадары філістынцаў сем вяровак, як ён казаў, і яна звязала імі яго
 
І прынесьлі ёй валадары Філістынцаў сем сырых шнуроў, якія былі ня сушаныя, і яна зьвязала імі яго.

ў той час, калі яны схаваліся ў яе пакоі. І яна яму крыкнула: «Самсон, філістынцы над табою!» Ён паразрываў вяроўкі так, як калі б хтосьці разарваў нітку, звітую з пакулля, калі яна занялася вогненным дымам; так і не даведаліся, у чым яго сіла.
 
А яны схаваліся ў другім пакоі, і яна крыкнула: «Філістынцы над табою, Самсон!» І ён паразрываў шнуры як нітку зрэбную, апаленую агнём. І не даведалася яна, у чым сіла ягоная.

Па нейкім часе сказала Даліла Самсону: «Вось, падмануў ты мяне і схлусіў мне; прынамсі цяпер скажы мне, чым ты павінен быць звязаны».
 
І сказала Даліла Самсону: «Падмануў ты мяне і схлусіў мне. Прынамсі цяпер скажы мне, чым ты павінен быць зьвязаны».

Ён адказаў ёй: «Калі буду звязаны дзевяццю вяроўкамі, якія ніколі не былі ва ўжытку, буду кволы і падобны да іншых людзей».
 
Ён сказаў ёй: «Калі буду зьвязаны дзевяцьцю вяроўкамі, якія не былі ва ўжытку, буду слабы, як іншыя людзі».

Даліла зноў звязала яго вяроўкамі і крыкнула: «Філістынцы над табою, Самсон!» — бо ў другім пакоі была прыгатавана засада. Ён разарваў вяроўкі на сваіх руках так, як ніткі з тканіны.
 
І ўзяла Даліла новыя вяроўкі, і зьвязала яго, і крыкнула: «Філістынцы над табой, Самсон!» А ў другім пакоі была схаваўшыся засада, але ён разарваў вяроўкі на руках сваіх як ніткі.

І зноў сказала Даліла Самсону: «Дакуль жа будзеш ты падманваць мяне і хлусіць мне? Скажы, чым цябе трэба звязаць?» Самсон адказаў ёй: «Калі ты ўпляцеш сем кос галавы маёй у тканіну і замацуеш іх калком, то я зраблюся слабым і стану, як іншыя людзі».
 
І сказала Даліла Самсону: «Дакуль ты будзеш падманваць мяне і фальшыва гаварыць? Скажы, чым цябе трэба зьвязаць?» Самсон адказаў ёй: «Калі ты ўпляцеш сем косаў галавы маёй у тканіну».

Калі яна яго ўсыпіла, і ўпляла сем кос галавы яго ў тканіну, і замацавала калком, яна крыкнула яму: «Філістынцы над табою, Самсон!» Ён, абудзіўшыся ад сну, вырваў калок з утком і тканінаю.
 
І яна прыбіла [косы ягоныя] да калоды, і крыкнула яму: «Філістынцы над табою, Самсон!» І ён устаў зо сну, і вырваў цьвікі разам з тканінаю.

І сказала яму Даліла: «Як жа можаш ты казаць, што любіш мяне, калі душа твая не са мною? Тры разы схлусіў ты мне і не захацеў сказаць, у чым сіла твая найвялікшая».
 
І сказала Даліла: «Як жа можаш ты казаць, што кахаеш мяне, калі душа твая не са мною? Тры разы схлусіў ты мне і не хацеў сказаць, у чым сіла твая вялікая».

І паколькі яна яму дакучала і штодзень мучыла безупынна яго, то душа яго самлела і аж да смерці знемагла.
 
І калі яна так штодзень дакучала і мучыла ўсьцяж яго, душа ягоная самлела аж да сьмерці і зьнемагла.

Тады адкрыў ён ёй усё сэрца сваё і сказаў ёй: «Ніколі галавы маёй не дакраналася лязо, бо я ад улоння маці сваёй — назір Божы; калі б абгалілі галаву маю, адышла б ад мяне сіла мая, і зрабіўся б я слабым, і стаў бы, як іншыя людзі».
 
І адкрыў ён усё сэрца сваё, і сказаў ёй: «Ніколі галавы маёй не дакраналася лязо, бо я — назір Божы ад улоньня маці маёй. Калі абгаліць мне [галаву], адыйдзе ад мяне сіла мая, і я стануся слабы, як іншыя людзі».

Яна, зразумеўшы, што ён адкрыў ёй усю сваю душу, паслала да валадароў філістынцаў, кажучы: «Прыйдзіце яшчэ раз, бо адкрыў ён цяпер мне ўсё сваё сэрца». Яны прыйшлі, узяўшы грошы, якія ёй паабяцалі.
 
І ўбачыла Даліла, што ён адкрыў ёй усё сэрца сваё, і паслала па валадароў Філістынцаў, кажучы: «Прыйдзіце яшчэ раз, бо адкрыў ён цяпер мне ўсё сэрца сваё». Яны прыйшлі, узяўшы срэбра, якое ёй абяцалі.

А яна ўсыпіла яго на сваіх каленях, і паклікала цырульніка, і загадала яму абгаліць сем кос яго, і ён пачаў упакорвацца, бо адступіла ад яго сіла адразу ж.
 
І яна ўсьпіла яго на каленях сваіх, і паклікала чалавека, і загадала яму абгаліць сем косаў галавы ягонай, і ён стаў слабець, і адыйшла ад яго сіла ягоная.

І сказала яна: «Філістынцы над табою, Самсон!» Ён, абудзіўшыся ад сну, падумаў у душы сваёй: «Пайду, як рабіў раней, і вызвалюся», не ведаючы, што Госпад адышоў ад яго.
 
І сказала яна: «Філістынцы над табой, Самсон!» Ён абудзіўся зо сну свайго і падумаў у душы сваёй: «Пайду як раней і вызвалюся», ня ведаючы, што ГОСПАД адыйшоў ад яго.

Калі схапілі яго філістынцы, зараз жа выкалалі яны яму вочы і завялі ў Газу, дзе прымусілі яны яго, закутага ў два ланцугі медныя і замкнёнага ў вязніцы, малоць зерне.
 
І схапілі яго Філістынцы, і адразу выкалалі яму вочы, і завялі ў Газу, дзе, прыкуты двума ланцугамі мядзянымі, мусіў ён малоць зерне ў вязьніцы.

Тым часам раней паголеныя валасы сталі ў яго адрастаць.
 
Тым часам раней зголеныя валасы сталі ў яго адрастаць.

А валадары філістынцаў сабраліся ўсе, каб ускласці багатыя ахвяры богу свайму Дагону і павесяліцца, кажучы: «Бог наш аддаў у рукі нашы ворага нашага, Самсона».
 
А валадары Філістынцаў сабраліся ўсе, каб скласьці ахвяру богу свайму Дагону і павесяліцца. Яны казалі: «Бог наш аддаў у рукі нашыя ворага нашага, Самсона».

І народ, бачачы яго, хваліў бога свайго і тое ж самае казаў: «Аддаў бог наш у рукі нашы ворага нашага, які нішчыў зямлю нашу і вельмі многіх з нас забіў».
 
І народ, бачачы яго, хваліў бога свайго і казаў: «Аддаў бог наш у рукі нашыя ворага нашага, які нішчыў зямлю нашую і многіх з нас забіў».

І калі яны зрабіліся ўжо даволі вясёлымі, патрабавалі паклікаць Самсона, каб ён іх пазабавіў. Ён, прыведзены з вязніцы, забаўляў іх; і прымусілі яны яго стаць паміж дзвюма калонамі.
 
І калі яны ўзьвесяліліся, запатрабавалі паклікаць Самсона, каб ён іх забаўляў. І ён, прыведзены з вязьніцы, мусіў забаўляць іх. І паставілі яго стаяць паміж слупамі.

І сказаў Самсон юнаку, які трымаў яго за руку: «Пусці мяне, каб мог я дакрануцца да калон, на якія абапіраецца дом, каб да іх прыхіліцца і трошкі адпачыць».
 
І сказаў Самсон юнаку, які трымаў яго за руку: «Пусьці мяне, каб мог я дакрануцца слупоў, на якія абапіраецца дом, каб да іх прыхіліцца».

А дом той быў поўны мужчын і жанчын; і былі там усе князі філістынскія, а на даху каля трох тысяч чалавек абодвух полаў глядзелі на Самсона, калі той забаўляў іх.
 
А дом той быў поўны мужчынаў і жанчынаў, бо былі там усе князі Філістынскія, а на даху было каля трох тысячаў мужчынаў і жанчынаў, якія глядзелі на Самсона, калі той забаўляў іх.

Тады Самсон усклікнуў да Госпада, кажучы: «Госпадзе, Божа, прыгадай пра мяне! І вярні мне толькі ў гэты раз даўнейшую сілу маю, Божа, каб мог я адпомсціць філістынцам за абодва вокі мае!»
 
І Самсон усклікнуў да ГОСПАДА, кажучы: «Госпадзе ГОСПАДЗЕ, узгадай пра мяне і вярні мне хоць у гэты раз даўнейшую сілу маю, каб я мог адпомсьціць Філістынцам за двое вачэй маіх!»

І Самсон узяўся пасярэдзіне за абедзве калоны, на якіх стаяў дом, і абапёрся на іх, на адну правай рукой, а на другую левай рукой,
 
І Самсон узяўся за два слупы сярэднія, на якіх стаяў дом, і абапёрся на іх, на адзін правай рукой, а на другі — левай рукой.

і сказаў Самсон: «Хай памрэ душа мая разам з філістынцамі!» І страсянуў ён моцна калоны, і ўпаў дом на ўсіх князёў, і на ўсіх іншых, якія там былі; і тых, каго ён тады забіў, сам гінучы, было болей, чым тых, каго пазабіваў за час усяго жыцця свайго.
 
І сказаў Самсон: «Няхай памрэ душа мая разам з Філістынцамі!» І страсянуў ён моцна слупы, і ўпаў дом на ўсіх князёў, і на ўсіх іншых, якія там былі. І тых, якіх ён тады забіў, сам гінучы, было болей, чым тых, якіх ён пазабіваў у час усяго жыцьця свайго.

І прыйшлі браты яго і ўвесь род, і ўзялі цела яго, і пахавалі яго паміж Цорай і Эстаолам, у магіле бацькі яго, Маноаха; а судзіў ён Ізраэль дваццаць гадоў.
 
І прыйшлі браты ягоныя і ўвесь дом бацькі ягонага, каб забраць яго. І вярнуліся, і пахавалі яго паміж Цораю і Эштаолам у магіле бацькі ягонага, Маноаха. А судзіў ён Ізраіль дваццаць гадоў.