Да Піліпянаў 1 разьдзел

Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Паўла і Цімафей, рабы Хрыста Ісуса, усім святым у Хрысце Ісусе, якія ёсць у Піліпах разам з епіскапамі і дыяканамі:
 
Павал і Цімафей, слугі Ісуса Хрыста, — усім сьвятым у Хрысьце Ісусе, якія ў Філіпах, з епіскапамі і дыяканамі:

ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста.
 
ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

Дзякую Богу майму, усякі раз успамінаючы вас,
 
Дзякую Богу майму пры ўсякім успаміне пра вас,

заўсёды ва ўсіх малітвах маіх за ўсіх вас з радасцю молячыся,
 
заўсёды ў кожнай просьбе маёй за ўсіх вас просячы з радасьцю,

дзеля вашага ўдзелу ў Евангеллі ад першага дня аж да цяпер,
 
за вашую супольнасьць у Эвангельлі ад першага дня аж да цяперашняга,

маючы пэўнасць, што Той, Які пачаў у вас добрую справу, давядзе аж да дня Хрыста Ісуса;
 
маючы пэўнасьць у тым, што Той, Які пачаў у вас добрую справу, будзе зьдзяйсьняць [яе] аж да дня Ісуса Хрыста,

як справядліва мне думаць пра вас усіх, бо маю вас у сэрцы, і ў путах маіх, і ў абароне, і ва ўмацаванні Евангелля, бо ўсе вы супольнікі мае ў ласцы.
 
як справядліва мне думаць адносна ўсіх вас, бо я маю вас у сэрцы як у путах маіх, так і ў абароне, і ў сьцьвярджэньні Эвангельля, вас, якія ўсе — удзельнікі са мною ў ласцы.

Сведка мне Бог, як сардэчна імкнуся да ўсіх вас у Ісусе Хрысце.
 
Бо Бог мне сьведка, як я прагну [агарнуць] усіх вас сэрцам Ісуса Хрыста;

І аб тым малюся, каб любоў ваша ўсё больш і больш узрастала ў веданні і ўсякім адчуванні,
 
і малюся пра тое, каб любоў вашая яшчэ больш і больш памнажалася ў пазнаньні і ўсякім разуменьні,

каб пазнаваць вам лепшае, каб вы былі чыстымі і без заганы ў дзень Хрыстоў,
 
каб, выпрабоўваючы, што лепшае, вы былі чыстымі і без спатыкненьня ў дзень Хрыстовы,

поўныя пладоў справядлівасці, што праз Ісуса Хрыста на ўшанаванне і славу Бога.
 
напоўненымі пладамі праведнасьці праз Ісуса Хрыста на славу і пахвалу Божую.

Хачу, браты, каб вы ведалі: тое, што вакол мяне, спрычынілася больш да поспеху Евангелля,
 
Хачу, браты, каб вы даведаліся, што тое, што са мной [сталася], выйшла больш на посьпех Эвангельля,

бо путы мае ў Хрысце праславіліся ва ўсёй прэторыі і ва ўсіх іншых,
 
так што путы мае ў Хрысьце сталіся яўнымі ў-ва ўсёй прэторыі і ўсім іншым,

і многія з братоў у Госпадзе, асмеленыя маімі кайданамі, яшчэ больш адважыліся без страху абвяшчаць слова.
 
і многія з братоў у Госпадзе, перакананыя путамі маімі, яшчэ больш адважыліся бяз страху гаварыць Слова.

Адны, праўда, з зайздрасці і пярэчлівасці вясцяць Хрыста, іншыя ж — з добрай волі.
 
Некаторыя, праўда, — з зайздрасьці і сваркі, а некаторыя — з упадабаньня абвяшчаюць Хрыста.

Тыя, што з любові, — ведаючы, што я дзеля абароны Евангелля пастаўлены,
 
Тыя, што ў сварлівасьці, — прапаведуюць Хрыста ня чыста, мяркуючы павялічыць прыгнёт путаў маіх,

тыя ж, што з зайздрасці, прапаведуюць Хрыста няшчыра, з намерам зрабіць мае путы яшчэ цяжэйшымі.
 
а тыя, што ў любові, — ведаючы, што дзеля абароны Эвангельля я пастаўлены.

Дык што? Ці так, ці гэтак: ці дзеля віду, ці праўдзіва, Хрыстос абвяшчаецца; і я гэтаму рады, і буду радавацца,
 
Бо што з гэтага? Усякім чынам, ці дзеля віду, ці праўдзіва, Хрыстос прапаведуецца, і я з гэтага радуюся і буду радавацца.

ведаючы, што гэта ўсё выйдзе мне на збаўленне праз вашы малітвы і з дапамогай Духа Ісуса Хрыста,
 
Бо я ведаю, што гэта станецца мне на збаўленьне праз вашыя просьбы і дапамогу Духа Ісуса Хрыста,

паводле чакання і спадзявання майго, што я ні ў чым не пралічуся, але з усёй упэўненасцю, як заўсёды, гэтак і цяпер хай уславіцца Хрыстос у целе маім ці праз жыццё, ці праз смерць.
 
паводле спадзяваньня і надзеі маёй, што я ні ў чым ня буду асаромлены, але з усёй адвагай, як заўсёды, гэтак і цяпер, будзе ўзьвялічаны Хрыстос у целе маім, ці то жыцьцём, ці то сьмерцю.

Бо для мяне жыццё — гэта Хрыстос, і смерць — набытак.
 
Бо для мяне жыцьцё — Хрыстос, і сьмерць — набытак.

Але калі жыццё ў целе прыносіць плод у маёй дзейнасці, дык, што выбраць, не ведаю.
 
А як жыцьцё ў целе [дае] плод маёй справе, ня ведаю, што і выбраць.

Цягне мяне адно і другое: жадаю адысці і быць з Хрыстом, бо гэта шмат лепшае,
 
Бо цягне адно і другое. Маю жаданьне разьвязацца і быць з Хрыстом, і гэта нашмат лепш,

але заставацца ў целе больш патрэбна для вас.
 
а заставацца ў целе больш патрэбна дзеля вас.

І гэта напэўна ведаю, што застануся з усімі вамі на карысць вашу і на радасць веры,
 
І я напэўна ведаю, што застануся і затрымаюся з усімі вамі дзеля вашага посьпеху і радасьці веры,

каб радасць ваша расла ў Ісусе Хрысце праз мяне, праз маё вяртанне да вас.
 
каб пахвала вашая ў Хрысьце Ісусе памнажалася ў-ва мне, калі зноў прыйду да вас.

Толькі жывіце дастойна Евангелля Хрыстова, каб, ці калі прыбуду і ўбачу вас, ці адсутны, пачуў пра вас, што вы стаіце ў адным Духу, аднадумна змагаючыся за веру Евангельскую
 
Толькі жывіце дастойна Эвангельля Хрыстовага, каб мне, ці як прыйду і ўбачу вас, ці адсутны, чуць пра вас, што вы стаіцё ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру Эвангельскую

і ні ў чым не палохаецеся супраціўнікаў, што ім стане знакам загубы, вам жа — збаўлення, і гэта ад Бога.
 
і ані ў чым не палохаючыся супраціўнікаў. Гэта для іх ёсьць доказ загубы, а для вас — збаўленьня, і гэта ад Бога,

Вам бо дадзена дзеля Хрыста не толькі верыць у Яго, але і цярпець за Яго,
 
бо вам дадзена дзеля Хрыста ня толькі верыць у Яго, але і цярпець дзеля Яго,

такое самае змаганне маючы, якое бачылі ўва мне і як чуеце цяпер пра мяне.
 
маючы такое самае змаганьне, якое вы бачылі ў-ва мне і цяпер чуеце пра мяне.