Да Філімона 1 разьдзел
Пасланьне да Філімона
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Паўла, вязень Хрыста Ісуса, і Цімафей, брат, умілаванаму Філімону, супрацоўніку нашаму,
Павал, вязень Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат, — Філімону, улюбёнаму і супрацоўніку нашаму,
і Апфіі, сястры ўмілаванай, і Архіпу, таварышу нашаму ў змаганні, і царкве, якая ў тваім доме знаходзіцца:
і ўлюбёнай Апфіі, і Архіпу, таварышу нашаму ў барацьбе, і хатняй царкве тваёй:
ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста.
ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Дзякую заўсёды Богу майму, колькі разоў успамінаю цябе ў сваіх малітвах,
Дзякую Богу майму, заўсёды ўзгадваючы пра цябе ў малітвах маіх,
чуючы аб любові тваёй і веры, якую маеш да Госпада Ісуса і да ўсіх святых,
чуючы пра любоў тваю і веру, якую маеш да Госпада Ісуса і да ўсіх сьвятых,
каб супольнасць веры тваёй сталася бачнай у пазнанні ўсякіх даброццяў, якія маем у вас у Хрысце Ісусе.
каб супольнасьць веры тваёй была дзейснай у пазнаньні ўсякага дабра, якое ў вас у Хрысьце Ісусе.
Бо вялікую радасць меў я, браце, і пацеху з любові тваёй, бо сэрцы святых супакоіліся праз цябе.
Бо вялікую маем ласку і пацяшэньне ў любові тваёй, бо праз цябе, браце, супачылі ўнутранасьці сьвятых.
Хоць я і маю вялікую адвагу ў Хрысце загадаць табе што да справы належыць,
Дзеля гэтага, маючы вялікую ў Хрысьце адвагу загадваць табе, што прыстойна [рабіць],
усё ж такі дзеля любові лепш папрашу цябе я, Паўла, стары чалавек, а цяпер і вязень Хрыста Ісуса.
лепш праз любоў прашу я, ня хто іншы, як Павал, староста, а цяпер і вязень Ісуса Хрыста.
Прашу цябе за майго сына, якога нарадзіў я ў кайданах маіх, Анісіма,
Прашу цябе адносна дзіцяці майго Анісіма, якога я нарадзіў у путах маіх,
які калісьці быў табе некарысны, а цяпер і табе, і мне карысны,
што быў некалі некарысны для цябе, а цяпер патрэбны табе і мне.
якога я табе вяртаю. Дык ты прымі яго, як маё сэрца.
Яго я паслаў, а ты яго, як мае ўнутранасьці, прыймі.
Хацеў я яго пры сабе затрымаць, каб мне за цябе паслужыў у кайданах дзеля Евангелля.
Хацеў я яго пры сабе трымаць, каб ён замест цябе паслужыў мне ў путах за Эвангельле,
Але без парады з табою не хацеў зрабіць, каб часам не вымушаным было дабрадзейства тваё, але з добрае волі.
але без твае згоды нічога не хацеў зрабіць, каб дабро тваё не з прынукі было, а з добрае волі.
Можа быць, што ён адлучыўся толькі на кароткі час дзеля таго, каб ты ўзяў яго навек,
Бо можа ён дзеля таго на гадзіну адыйшоў, каб ты атрымаў яго назаўсёды,
ужо не як нявольніка, але вышэй за нявольніка, як брата найдаражэйшага, асабліва мне, але тым больш табе, цялесна і ў Госпадзе.
ужо не як слугу, але вышэй за слугу, як брата ўлюбёнага, асабліва для мяне, а тым больш для цябе — і паводле цела, і ў Госпадзе.
Дык калі маеш мяне за супольніка, прымі яго, як мяне.
Дык калі маеш мяне за супольніка, прыймі яго, як мяне.
Калі ж ён у чым пакрыўдзіў цябе або што вінен, гэта на мяне залічы.
А калі ён чым скрыўдзіў цябе або вінен, лічы гэтае на мне.
Я, Паўла, напісаў уласнаю рукою, што я сплачу табе; каб пры тым не казаць табе, што і ты сабою вінаваты мне.
Я, Павал, напісаў маёю рукою: «Я аддам»; каб не казаць табе, што ты і самім сабою мне вінны.
Так яно, браце! Хачу я табою паслужыцца ў Госпадзе. Умацуй маё сэрца ў Госпадзе.
Гэтак, браце, дай мне скарыстацца ад цябе ў Госпадзе; супакой унутранасьці мае ў Госпадзе.
Спадзеючыся на тваю паслухмянасць, напісаў табе, ведаючы, што і больш таго, аб чым прашу, зробіш.
Перакананы ў паслухмянасьці тваёй, я напісаў да цябе, ведаючы, што ты зробіш і больш, чым кажу.
Адначасова прашу, прыгатуй мне кватэру, бо спадзяюся, дзякуючы вашым малітвам, што буду падараваны вам.
А таксама падрыхтуй для мяне гасподу, бо спадзяюся, што праз малітвы вашыя буду вам падараваны.
Вітаюць цябе Эпафрас, вязень разам са мною ў Хрысце Ісусе,
Вітае цябе Эпафрас, вязень разам са мною ў Хрысьце Ісусе,
Марк, Арыстарх, Дэмас і Лука, памочнікі мае.
Марк, Арыстарх, Дэмас, Лука, супрацоўнікі мае.
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым. Амін.
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым. Амэн.