Да Ціта 3 разьдзел
Пасланьне да Ціта
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Прыпамінай ім, што яны павінны слухаць начальнікаў і ўладу, выконваць загады і быць гатовымі да ўсякага добрага ўчынку,
Нагадвай ім, каб падпарадкоўваліся і слухаліся начальнікаў і ўлады, былі падрыхтаваныя на ўсякую добрую справу,
нікога не абмаўляць, не быць сварлівымі, але ціхімі, выяўляць да ўсіх людзей усю ласкавасць.
на нікога ня блюзьнілі, не былі ваяўнічымі, былі спагаднымі і зьяўлялі ўсякую ціхасьць адносна ўсіх людзей.
Бо і мы былі калісьці неразумнымі і непаслухмянымі, заблукаўшымі, служыўшымі пажадлівасцям і ўсякім асалодам, кіраваліся злосцю і зайздрасцю, былі ненавіснікамі, ненавідзячымі адны адных.
Бо і мы былі некалі бяздумнымі, непакорнымі, падманутымі, служачы пажаданьням і розным асалодам, жывучы ў ліхоце і зайздрасьці, былі паскуднымі, ненавідзячы адзін аднаго.
Калі ж з’явіліся спагаднасць і чалавекалюбства Збаўцы нашага Бога,
А калі зьявілася ласкавасьць і любоў да людзей Збаўцы нашага, Бога,
дык не дзеля ўчынкаў справядлівасці, якія мы выканалі, але праз міласэрнасць Сваю Ён збавіў нас купальняй адраджэння і аднаўлення Духам Святым,
Ён збавіў нас ня дзеля ўчынкаў праведнасьці, якія мы ўчынілі, але паводле літасьці Сваёй, праз лазьню адраджэньня і абнаўленьня Духам Сьвятым,
Якога выліў на нас багата праз Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага,
Якога Ён выліў на нас шчодра праз Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага,
каб мы, апраўданыя ласкай Яго, сталіся спадкаемцамі паводле надзеі жыцця вечнага.
каб, апраўдаўшыся ласкай Ягонай, мы сталіся праз надзею спадкаемцамі жыцьця вечнага.
Вернае слова, і хачу, каб ты сцвярджаў гэта, каб тыя, што вераць Богу, стараліся быць першымі ў добрых учынках. Гэта добра і карысна людзям.
Вернае слова; і я хачу, каб ты сьцьвярджаў гэта, каб тыя, што вераць Богу, былі старанныя ў выкананьні добрых справаў: гэта добра і людзям карысна.
Дурных жа пытанняў, радаводаў, спрэчак і змаганняў наконт закону пазбягай, бо яны некарысныя і пустыя.
А дурных спрэчак, і радаводаў, і сварак, і звадак адносна Закону пазьбягай, бо яны некарысныя і марныя.
Герэтыка пасля першай і другой перасцярогі абмінай,
Чалавека герэтыка пасьля першага і другога напамінаньня пакінь,
ведаючы, што такі — пераваротнік, і ён грашыць, сам сябе асуджаючы.
ведаючы, што гэтакі разбэсьціўся і грашыць, асудзіўшы самога сябе.
Калі пашлю да цябе Арцёма або Тыхіка, парупся чым хутчэй прыбыць да мяне ў Нікапаль, бо там вырашыў я зімаваць.
Калі пашлю да цябе Арцёма або Тыхіка, намагайся прыйсьці да мяне ў Нікапаль, бо я пастанавіў перазімаваць там.
Зэну, заканазнаўца, і Апалоса старанна забяспеч, каб усяго ім хапала.
Зэна законьніка і Апалёса старанна правядзі, каб у іх не было ні ў чым недахопу.
Хай навучацца і нашы быць першымі ў добрых учынках дзеля пільных патрэб, каб не былі яны бясплоднымі.
Няхай і нашыя вучацца выконваць добрыя справы ў пільных патрэбах, каб не былі бясплодныя.
Вітаюць цябе ўсе тыя, што са мною. Прывітай тых, якія любяць нас у веры. Ласка з усімі вамі! Амін.
Вітаюць цябе ўсе, што са мною. Прывітай тых, што сябруюць з намі ў веры. Ласка з усімі вамі. Амэн.