Лукаша 1 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Паколькі многія ўжо спрабавалі скласці аповед пра падзеі, якія ў нас адбыліся,
 
Як ужо многія намагаліся напісаць аповесьць пра падзеі, якія ў нас адбыліся,

як пераказалі нам тыя, што ад пачатку самі бачылі і былі паслугачамі Слова,
 
як пераказалі нам тыя, што былі ад пачатку відавочцамі і сталіся паслугачамі Слова,

таксама і я, старанна разгледзеўшы ўсё ад пачатку, рашыўся па парадку апісаць табе, годны Тэафіле,
 
надумаў і я, прайшоўшы ўсё нанова, дакладна па парадку апісаць табе, вяльможны Тэафілю,

каб ты ўсведаміў непарушнасць слоў, у якіх ты быў навучаны.
 
каб ты пазнаў надзейнасьць словаў, у якіх быў навучаны.

У дні Ірада, цара Юдэі, жыў адзін святар на імя Захарыя, з Абіявай чаргі. Ён меў жонку, з дачок Ааронавых, імя яе Лізавета.
 
Сталася ў дні Ірада, валадара Юдэйскага, [быў] сьвятар з Абіявае чаргі, на імя Захарыя, і жонка ягоная з дачок Аарона, і імя яе — Альжбета.

Яны абое былі справядлівымі перад Богам, беззаганна спаўняючы ўсе пастановы і прыказанні Госпадавы.
 
Былі яны абое праведныя перад Богам, ходзячы паводле прыказаньняў і пастановаў Госпада беззаганна.

Ды не мелі дзіця, бо Лізавета была няплоднай, а абое былі ўжо на схіле дзён сваіх.
 
І не было ў іх дзіцяці, таму што Альжбета была няплодная, і абое яны былі пажылыя ў гадах сваіх.

І сталася, калі ён адбываў службу святарскую перад Богам у сваёй чарзе,
 
І сталася, калі ў парадку чаргі сваёй ён спаўняў абавязак сьвятарскі перад Богам,

па жэрабі, як была традыцыя ў святароў, выпала яму ўвайсці ў святыню Госпадаву для каджэння,
 
выпала яму паводле звычаю сьвятароў кадзіць, увайшоўшы ў бажніцу Госпадаву.

а ўсё мноства народа ў час каджэння малілася звонку.
 
І ўсё мноства народу звонку малілася ў час каджэньня.

І з’явіўся перад ім Анёл Госпадаў, стоячы па правым баку ахвярніка каджэння,
 
І зьявіўся яму анёл Госпада, які стаў з правага боку кадзільнага ахвярніку.

дык Захарыя стрывожыўся, бачачы [гэта], ды [вялікі] страх ахапіў яго.
 
І ўстрывожыўся Захарыя, убачыўшы яго, і ахапіў яго страх.

Тады Анёл прамовіў да яго: «Не бойся, Захарыя, бо пачута маленне тваё, вось жа, жонка твая Лізавета народзіць табе сына, і назавеш яго Янам.
 
Анёл жа сказаў яму: «Ня бойся, Захарыя! Бо пачутая просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян.

Ды будзе табе радасць і пацеха, ды многія будуць радавацца з яго нараджэння.
 
І будзе табе радасьць і вясёласьць, і многія ўзрадуюцца нараджэньню ягонаму.

Ён будзе вялікім на віду Госпада, і не будзе піць віна і сіцэры, ды яшчэ ад улоння маці сваёй будзе напоўнены Духам Святым,
 
Бо ён будзе вялікі перад Госпадам, і ня будзе піць віно і сікеру, і Духам Сьвятым напоўніцца яшчэ ва ўлоньні маці сваёй.

і многіх сыноў Ізраэля наверне да Госпада, Бога іх.
 
І многіх з сыноў Ізраіля зьверне да Госпада, Бога іхняга.

І пройдзе перад Ім у духу і магутнасці Іллі, каб звярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, а непаслухмяных — да мудрасці справядлівых, каб падгатаваць Госпаду народ падрыхтаваны».
 
І будзе ісьці перад Ім у духу і сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непаслухмяным — лад думак праведнікаў, каб падрыхтаваць Госпаду народ падрыхтаваны».

І сказаў Захарыя Анёлу: «З чаго я магу гэта ведаць? Бо я стары, і жонка мая на схіле дзён сваіх».
 
І сказаў Захарыя анёлу: «З чаго даведаюся я гэтае? Бо я — стары, і жонка мая ў гадах пажылых».

І, адказваючы, сказаў яму Анёл: «Я — Габрыэль, што стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і абвясціць табе гэтую радасную вестку.
 
І, адказваючы, сказаў яму анёл: «Я — Габрыэль, які стаю перад Богам, і я пасланы гаварыць з табою і дабравесьціць табе гэтае.

І вось, ты будзеш нямым ды не будзеш магчы гаварыць аж да дня, у які гэта здзейсніцца, таму што ты не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час».
 
І вось, будзеш ты маўчаць, і ня зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што не паверыў словам маім, якія споўняцца ў свой час».

І народ чакаў Захарыю, і дзівіліся, што ён так доўга марудзіць у святыні.
 
І чакаў народ Захарыю, і дзівіўся, што ён марудзіць у бажніцы.

Выйшаўшы, ён не мог да іх прамаўляць, дык пазналі, што ён бачыў з’яву ў святыні. А ён падаваў ім знакі і заставаўся нямым.
 
А ён, выйшаўшы, ня мог гаварыць да іх; і зразумелі, што бачыў відзеж у бажніцы; і ён ківаў ім, і застаўся немы.

І сталася, калі скончыліся дні службы яго, ён вярнуўся ў дом свой.
 
І сталася, калі скончыліся дні службы ягонай, ён вярнуўся ў дом свой.

А праз некалькі дзён жонка яго, Лізавета, пачала дзіця; і пяць месяцаў хавалася, кажучы:
 
Пасьля гэтых дзён зачала Альжбета, жонка ягоная, і хавала гэта пяць месяцаў, кажучы:

«Гэта ўчыніў мне Госпад у дні, у якія зірнуў на мяне, каб зняць ганьбу маю сярод людзей».
 
«Гэтак учыніў мне Госпад у дні, калі глянуў на мяне, каб зьняць з мяне ганьбу між людзьмі».

А ў шосты месяц быў пасланы Богам Анёл Габрыэль у горад у Галілеі, званы Назарэт,
 
А ў шосты месяц быў пасланы анёл Габрыэль ад Бога ў горад Галілейскі, называны Назарэт,

да Дзевы, заручанай мужу, які меў імя Язэп, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.
 
да дзяўчыны, заручанай з мужам на імя Язэп, з дому Давіда; а імя дзяўчыны — Марыя.

Увайшоўшы да Яе, Анёл прывітаў: «Радуйся, ласкі поўная, дабраславёная Ты між жанчынамі, Госпад з Табою».
 
І, увайшоўшы да яе, анёл сказаў: «Радуйся, дабрадатная! Госпад з табою; дабраслаўлёная ты між жанчынамі».

А Яна стрывожылася словам яго і думала, што гэта за прывітанне такое?
 
Яна ж, убачыўшы яго, устрывожылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта было за прывітаньне.

І гаворыць Ёй Анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Бога.
 
І сказаў ёй анёл: «Ня бойся, Марыя! Бо ты знайшла ласку ў Бога.

І вось, пачнеш ва ўлонні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус.
 
І вось, ты зачнеш ва ўлоньні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус.

Ён будзе вялікім і Сынам Узвышняга будзе названы, і дасць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Яго;
 
Ён будзе вялікі і Сынам Найвышэйшага назавецца, і дасьць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага.

і будзе Ён валадарыць над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца».
 
І Ён будзе валадарыць над домам Якуба на вякі, і Валадарству Ягонаму ня будзе канца».

Марыя ж сказала Анёлу: «Як гэта можа стацца, калі Я мужа не спазнала?»
 
А Марыя сказала анёлу: «Як гэта будзе, калі я не спазнала мужа?»

І, адказваючы, Анёл сказаў Ёй: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Узвышняга агарне Цябе. Таму, што з Цябе народзіцца, Святое, назавецца Сынам Божым.
 
І, адказваючы, анёл сказаў ёй: «Дух Сьвяты зыйдзе на цябе, і сіла Найвышэйшага ахіне цябе. І дзеля гэтага тое, што народзіцца Сьвятое, Сынам Божым назавецца.

І вось сваячка Твая, Лізавета, і яна пачала дзіця ў старасці сваёй, і ўжо шосты месяц у той, якую завуць няплоднай,
 
Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і вось ужо шосты месяц у яе, якую называюць няплоднай.

бо ў Бога не бывае немагчымым ніводнае слова».
 
Бо ў Бога ніводнае слова ня будзе бяз сілы».

Марыя ж сказала: «Вось жа, Я — служка Госпадава, хай Мне станецца паводле твайго слова». І Анёл адышоў ад Яе.
 
І сказала Марыя: «Вось я — служка Госпада; няхай станецца мне паводле слова твайго». І адыйшоў ад яе анёл.

У тыя дні Марыя, устаўшы, пайшла паспешліва ў горы, у горад Юды.
 
Устаўшы, Марыя ў тыя дні шпарка пайшла ў горную краіну, у горад Юды,

І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Лізавету.
 
і ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.

І, калі Лізавета пачула прывітанне Марыі, зварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і Дух Святы напоўніў Лізавету,
 
І сталася, калі Альжбета пачула прывітаньне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлоньні яе, і Альжбета напоўнілася Духам Сьвятым.

і ўсклікнула яна моцным голасам, кажучы: «Дабраславёная Ты між жанчынамі, і дабраславёны Плод улоння Твайго.
 
І ўсклікнула яна моцным голасам, і сказала: «Дабраслаўлёная ты між жанчынамі, і дабраслаўлёны плод улоньня твайго.

А скуль жа мне гэта, што Маці Госпада майго прыйшла да мяне?
 
І адкуль гэта мне, што прыйшла маці Госпада майго да мяне?

Вось, як толькі загучаў голас прывітання Твайго ў вушах маіх, зварухнулася з радасцю дзіцятка ў маім улонні.
 
Бо вось, як голас вітаньня твайго дайшоў да вушэй маіх, узварухнулася вясёла дзіцятка ва ўлоньні маім.

І шчасная Тая, што ўверыла, бо споўніцца сказанае Ёй ад Госпада».
 
І шчасьлівая тая, якая паверыла, бо зьдзейсьніцца сказанае ёй ад Госпада».

І сказала Марыя: «Узвялічвае душа Мая Госпада,
 
І сказала Марыя: «Узьвялічвае душа мая Госпада,

і ўзрадаваўся дух Мой у Богу, Збаўцы Маім,
 
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцы маім,

бо зірнуў Ён на пакорлівасць служкі Сваёй. Вось, адгэтуль шчаснай называць Мяне будуць усе роды,
 
бо Ён глянуў на паніжэньне служкі Сваёй. Бо вось, адгэтуль шчасьліваю будуць называць мяне ўсе пакаленьні,

бо зрабіў Мне вялікае Магутны, і святое імя Яго,
 
бо вялікае ўчыніў мне Магутны, і сьвятое імя Яго,

і міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне тым, што баяцца Яго.
 
і міласэрнасьць Ягоная з пакаленьня ў пакаленьне для тых, якія баяцца Яго.

Выявіў магутнасць рукі Сваёй, разагнаў пыхлівых у намеры сэрца свайго,
 
Ён зьявіў уладу рамяном Сваім, расьсеяў ганарыстых думкамі сэрца іхняга;

спіхнуў моцных з пасадаў і ўзвысіў пакорлівых;
 
скінуў моцных з пасадаў і ўзьвялічыў пакорных;

галодных насыціў даброццем, а багацеяў адправіў ні з чым.
 
галодных насыціў дабром, а багатых адпусьціў ні з чым.

Прытуліў Ізраэля, слугу Свайго, памятаючы на міласэрнасць,
 
Падтрымаў Ізраіля, юнака Свайго, успомніў пра міласэрнасьць,

як прадказаў бацькам нашым, Абрагаму і нашчадкам яго навечна».
 
як гаварыў адносна бацькоў нашых, адносна Абрагама і насеньня ягонага на вякі».

Ды заставалася з ёю Марыя каля трох месяцаў, і вярнулася ў Свой дом.
 
Прабыла ж Марыя з ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом свой.

А Лізавеце настаў час нарадзіць, і яна нарадзіла сына.
 
А Альжбеце настаў час нараджаць, і яна нарадзіла сына.

Яе суседзі і сваякі, пачуўшы, што ўзвялічыў Госпад у ёй Сваю міласэрнасць, радаваліся разам з ёю.
 
І пачулі суседзі і сваякі ейныя, што ўзьвялічыў Госпад міласэрнасьць Сваю над ёю, і цешыліся з ёю.

І сталася: у восьмы дзень сабраліся яны абрэзаць хлопчыка ды назваць яго імем бацькі яго, Захарыем.
 
І сталася, у восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіцятка і хацелі назваць яго паводле імя бацькі ягонага Захарыям.

І, адказваючы, маці яго сказала: «Ніякім чынам, але будзе названы Ян».
 
І, адказваючы, маці ягоная сказала: «Не, але ён будзе называцца Янам».

І сказалі ёй: «У родзе тваім няма нікога, хто б называўся гэтым імем».
 
І сказалі ёй: «Нікога няма ў родзічаў тваіх, хто называецца гэтым імем».

Дык пыталі на мігі ў бацькі яго, як ён хацеў бы назваць яго.
 
І пыталіся на мігах у бацькі ягонага, як бы ён хацеў назваць яго.

А той запатрабаваў дошчачку і напісаў словамі: «Ян імя яго». Дык здзівіліся ўсе.
 
І, папрасіўшы дошчачку, ён напісаў, кажучы: «Ян імя яму». І ўсе зьдзівіліся.

А ў гэты момант раскрыліся вусны яго ды развязаўся язык яго і стаў гаварыць, дабраслаўляючы Бога.
 
І адразу расчыніліся вусны ягоныя і язык ягоны, і ён стаў гаварыць, дабраслаўляючы Бога.

Дык ахапіў страх усіх іх суседзяў, і па ўсіх гарах Юдэі разнесліся словы пра ўсё гэта.
 
І стаўся страх на ўсіх, што жылі побач, і гаварылі адзін аднаму словы гэтыя па ўсёй горнай краіне Юдэйскай.

А ўсе, што пра гэта пачулі, разважалі ў сэрцы сваім, кажучы: «Кім жа будзе гэта дзіця?» Бо рука Госпадава была з ім.
 
І ўсе, якія чулі, складалі [гэта] ў сэрцы сваім, кажучы: «Што ж гэта будзе за дзіця?» І рука Госпада была з ім.

І Захарыя, бацька яго, напоўнены Духам Святым, праракаваў кажучы:
 
І Захарыя, бацька ягоны, напоўніўся Духам Сьвятым, і прарочыў, кажучы:

«Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, бо наведаў і адкупіў народ Свой,
 
«Дабраслаўлёны Госпад, Бог Ізраіля, што адведаў народ Свой і даў выбаўленьне [яму],

і падняў рог збаўлення нашага ў доме Давіда, паслугача Свайго,
 
і падняў рог збаўленьня нашага ў доме Давіда, слугі Свайго,

як прадказаў вуснамі святых прарокаў Сваіх, якія жылі ад пачатку вякоў,
 
як абвясьціў вуснамі сьвятых прарокаў Сваіх, што былі адвеку,

збаўленне ад ворагаў нашых ды з рук тых, што ненавідзяць нас;
 
збавіць [нас] ад ворагаў нашых і ад рукі ўсіх, якія ненавідзяць нас,

каб учыніць міласэрнасць бацькам нашым і ўспомніць святы запавет Свой,
 
учыніць міласэрнасьць бацькам нашым і ўзгадаць сьвяты запавет Свой,

і прысягу, якую даў Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам,
 
прысягу, якой кляўся Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам

каб без страху, свабодныя ад рук ворагаў нашых, служылі Яму
 
бяз страху, выбавіўшы нас з рукі ворагаў нашых,

ў святасці і справядлівасці перад Ім ва ўсе дні жыцця нашага.
 
служыць Яму ў сьвятасьці і праведнасьці перад Ім у-ва ўсе дні жыцьця нашага.

І ты, дзіця, названы будзеш прарокам Узвышняга, бо пойдзеш перад абліччам Госпада, рыхтаваць дарогі Яму,
 
І ты, дзіцятка, будзеш названы прарокам Найвышэйшага, бо будзеш ісьці наперадзе перад абліччам Госпада падрыхтаваць шляхі Яму,

каб даць народу Яго навуку збаўлення ў адпушчэнні грахоў іх
 
даць народу пазнаць збаўленьне ў адпушчэньні грахоў іхніх,

праз міласэрнасць бязмежную Бога нашага, у якой Усход наведаў нас, сыходзячы з вышыняў,
 
праз унутраную міласэрнасьць Бога нашага, у якой адведаў нас Усход з вышыні,

каб асвяціць тых, што сядзяць у поцемках і ў засені смерці, каб накіраваць ногі нашы на шлях супакою».
 
зьявіць [сьвятло] тым, што сядзяць у цемры і ў ценю сьмяротным, накіраваць ногі нашыя на шлях супакою».

А дзіця расло і ўзмацоўвалася духам, і заставалася ў пустыні аж да дня свайго з’яўлення перад Ізраэлем.
 
А дзіцятка ўзрастала і ўмацоўвалася духам, і было ў пустыні да дня зьяўленьня свайго Ізраілю.