Лукаша 1 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад В. Гадлеўскага
Паколькі многія ўжо спрабавалі скласці аповед пра падзеі, якія ў нас адбыліся,
Бо як многія браліся ўлажыць расказ аб падзеях, якія ў нас адбыліся,
як пераказалі нам тыя, што ад пачатку самі бачылі і былі паслугачамі Слова,
так як перадалі нам тыя, каторыя ад пачатку самі бачылі і былі слугамі слова,
таксама і я, старанна разгледзеўшы ўсё ад пачатку, рашыўся па парадку апісаць табе, годны Тэафіле,
то прыйшло на думку і мне, пільна ад пачатку ўсяго дайшоўшы, апісаць папарадку табе, дастойны Тэафілю,
каб ты ўсведаміў непарушнасць слоў, у якіх ты быў навучаны.
каб ты пазнаў праўду тых слоў, якіх цябе навучылі.
У дні Ірада, цара Юдэі, жыў адзін святар на імя Захарыя, з Абіявай чаргі. Ён меў жонку, з дачок Ааронавых, імя яе Лізавета.
Быў у дні Гэрада, караля Юдэі, адзін сьвятар са зьмены Абія, на імя Захар, і жонка яго з дачок Ааронавых і імя яе Альжбета.
Яны абое былі справядлівымі перад Богам, беззаганна спаўняючы ўсе пастановы і прыказанні Госпадавы.
Былі-ж яны абое справядлівыя перад Богам, паступаючы без заганаў ва ўсіх прыказаньнях і законах Пана,
Ды не мелі дзіця, бо Лізавета была няплоднай, а абое былі ўжо на схіле дзён сваіх.
і ня было ў іх сына, таму што Альжбета была няплодная, і былі яны абое пажылыя ў днях сваіх.
І сталася, калі ён адбываў службу святарскую перад Богам у сваёй чарзе,
Сталася-ж, калі ён у парадку сваей зьмены адбываў сьвятарскую службу перад Богам,
па жэрабі, як была традыцыя ў святароў, выпала яму ўвайсці ў святыню Госпадаву для каджэння,
паводле звычаю сьвятарскай службы выпала лёсам, каб увайшоўшы ў сьвятыню Пана, ахвяраваў кадзіла;
а ўсё мноства народа ў час каджэння малілася звонку.
а ўсё мноства народу было на дварэ, молячыся ў часе каджэньня.
І з’явіўся перад ім Анёл Госпадаў, стоячы па правым баку ахвярніка каджэння,
І зьявіўся яму анёл Панскі, стоячы па правай старане кадзільнага аўтара.
дык Захарыя стрывожыўся, бачачы [гэта], ды [вялікі] страх ахапіў яго.
І ўгледзеўшы Захар стрывожыўся і напаў на яго страх.
Тады Анёл прамовіў да яго: «Не бойся, Захарыя, бо пачута маленне тваё, вось жа, жонка твая Лізавета народзіць табе сына, і назавеш яго Янам.
Анёл-жа сказаў да яго: Ня бойся Захар, бо выслухана просьба твая і жонка твая Альжбета родзіць табе сына і назавеш імя яго Ян.
Ды будзе табе радасць і пацеха, ды многія будуць радавацца з яго нараджэння.
І будзе табе радасьць і ўцеха і многія будуць радавацца з нараджэньня яго.
Ён будзе вялікім на віду Госпада, і не будзе піць віна і сіцэры, ды яшчэ ад улоння маці сваёй будзе напоўнены Духам Святым,
Бо ён будзе вялікі перад Панам, ня будзе піць віна і сіцэры і будзе напоўнены Духам сьвятым яшчэ ў лоне маткі сваей.
і многіх сыноў Ізраэля наверне да Госпада, Бога іх.
І наверне многіх сыноў Ізраіля да Пана Бога іх,
І пройдзе перад Ім у духу і магутнасці Іллі, каб звярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, а непаслухмяных — да мудрасці справядлівых, каб падгатаваць Госпаду народ падрыхтаваны».
і сам ён пойдзе перад ім у духу і сіле Гальяша, каб зьвярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей і няверуючых да разважнасьці справядлівых, каб прыгатовіць Пану народ дасканальны.
І сказаў Захарыя Анёлу: «З чаго я магу гэта ведаць? Бо я стары, і жонка мая на схіле дзён сваіх».
І сказаў Захар да анёла: Адкуль я пазнаю гэтае? Бо я стары і жонка мая пажылая ў днях сваіх.
І, адказваючы, сказаў яму Анёл: «Я — Габрыэль, што стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і абвясціць табе гэтую радасную вестку.
І адказваючы анёл сказаў яму: Я ёсьць Габрыель, што перад Богам стаў і пасланы ёсьць гаварыць да цябе і абвясьціць табе гэтую добрую вестку.
І вось, ты будзеш нямым ды не будзеш магчы гаварыць аж да дня, у які гэта здзейсніцца, таму што ты не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час».
І вось будзеш маўчаць і ня будзеш магчы гаварыць аж да дня, у каторым гэтае станецца, за тое што не паверыў славам маім, якія збудуцца ў сваім часе.
І народ чакаў Захарыю, і дзівіліся, што ён так доўга марудзіць у святыні.
А народ чакаў на Захара, і дзівіліся, што ён марудзіў у сьвятыні.
Выйшаўшы, ён не мог да іх прамаўляць, дык пазналі, што ён бачыў з’яву ў святыні. А ён падаваў ім знакі і заставаўся нямым.
Калі-ж выйшаў, ня мог да іх гаварыць; і пазналі, што бачыў зьяву ў сьвятыні; а ён ківаў ім і астаўся нямы.
І сталася, калі скончыліся дні службы яго, ён вярнуўся ў дом свой.
І сталася, калі скончыліся дні ягонай службы, адыйшоў у свой дом.
А праз некалькі дзён жонка яго, Лізавета, пачала дзіця; і пяць месяцаў хавалася, кажучы:
Пасьля-ж гэтых дзён зачала Альжбета, жонка яго, і таілася праз пяць месяцаў, кажучы:
«Гэта ўчыніў мне Госпад у дні, у якія зірнуў на мяне, каб зняць ганьбу маю сярод людзей».
Што гэтак учыніў мне Пан у днях, у каторых узглянуў, каб зьняць ганьбу маю паміж людзей.
А ў шосты месяц быў пасланы Богам Анёл Габрыэль у горад у Галілеі, званы Назарэт,
А ў шосты месяц пасланы быў анёл Габрыель ад Бога ў Галілейскае места, катораму імя Назарэт,
да Дзевы, заручанай мужу, які меў імя Язэп, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.
да дзевы, пашлюбаванай з мужам, катораму было імя Язэп, з дому Давіда, а імя дзевы Марыя.
Увайшоўшы да Яе, Анёл прывітаў: «Радуйся, ласкі поўная, дабраславёная Ты між жанчынамі, Госпад з Табою».
І ўвайшоўшы да яе анёл, сказаў: Прывітана будзь, поўная ласкі, Пан з табою, багаслаўлена ты між жанчынаў.
А Яна стрывожылася словам яго і думала, што гэта за прывітанне такое?
Яна, як пачула, стрывожылася ад мовы ягонай і думала, якое-б гэта было прывітаньне.
І гаворыць Ёй Анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Бога.
І сказаў ёй анёл: Ня бойся, Марыя, бо ты знайшла ласку ў Бога;
І вось, пачнеш ва ўлонні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус.
вось зачнеш у лоне і родзіш сына і назавеш імя яго Езус.
Ён будзе вялікім і Сынам Узвышняга будзе названы, і дасць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Яго;
Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага; і дасьць яму Пан Бог пасад Давіда, бацькі яго; і будзе валадарыць у доме Якуба навекі
і будзе Ён валадарыць над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца».
і валадарству яго ня будзе канца.
Марыя ж сказала Анёлу: «Як гэта можа стацца, калі Я мужа не спазнала?»
А Марыя сказала да анёла: Як-жа гэта станецца, калі я мужа ня знаю?
І, адказваючы, Анёл сказаў Ёй: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Узвышняга агарне Цябе. Таму, што з Цябе народзіцца, Святое, назавецца Сынам Божым.
І адказваючы анёл сказаў ей: Дух сьвяты найдзе на цябе і сіла Найвышэйшая ацяніць цябе, затым і што народзіцца з цябе Сьвятое, будзе названае Сынам Божым.
І вось сваячка Твая, Лізавета, і яна пачала дзіця ў старасці сваёй, і ўжо шосты месяц у той, якую завуць няплоднай,
І вось Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасьці сваей і гэты шосты месяц у тае, каторую завуць няплоднай.
бо ў Бога не бывае немагчымым ніводнае слова».
Бо ў Бога ня будзе немагчымым ніводнае слова.
Марыя ж сказала: «Вось жа, Я — служка Госпадава, хай Мне станецца паводле твайго слова». І Анёл адышоў ад Яе.
І сказала Марыя: Вось слуга Пана, няхай мне станецца паводле твайго слова І адыйшоў ад яе анёл.
У тыя дні Марыя, устаўшы, пайшла паспешліва ў горы, у горад Юды.
А ўстаўшы Марыя ў гэныя дні, пайшла з пасьпехам у горы, у юдэйскае места,
І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Лізавету.
і ўвайшла ў дом Захара і прывітала Альжбету.
І, калі Лізавета пачула прывітанне Марыі, зварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і Дух Святы напоўніў Лізавету,
І сталася, як пачула Альжбета прывітаньне Марыі, ускочыла дзіця ў яе лоне і была напоўнена Духам сьвятым Альжбета,
і ўсклікнула яна моцным голасам, кажучы: «Дабраславёная Ты між жанчынамі, і дабраславёны Плод улоння Твайго.
і ўскрыкнула вялікім голасам і сказала: Багаслаўлена ты між жанчынаў і багаслаўлены плод улоньня твайго.
А скуль жа мне гэта, што Маці Госпада майго прыйшла да мяне?
І скуль-жаж мне гэта, што матка Пана майго прыходзіць да мяне?
Вось, як толькі загучаў голас прывітання Твайго ў вушах маіх, зварухнулася з радасцю дзіцятка ў маім улонні.
Бо вось, як голас прывітаньня твайго дайшоў да вушэй маіх, ускочыла з радасьці дзіця ў лоне маім.
І шчасная Тая, што ўверыла, бо споўніцца сказанае Ёй ад Госпада».
І багаслаўлена ты, каторая паверыла, бо споўніцца тое, што было табе сказана ад Бога.
І сказала Марыя: «Узвялічвае душа Мая Госпада,
І сказала Марыя: Вялічае душа мая Пана
і ўзрадаваўся дух Мой у Богу, Збаўцы Маім,
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцы маім,
бо зірнуў Ён на пакорлівасць служкі Сваёй. Вось, адгэтуль шчаснай называць Мяне будуць усе роды,
што ўзглянуў на нізкасьць служкі сваей. Бо вось адгэтуль багаслаўленай будуць называць мяне усе народы:
бо зрабіў Мне вялікае Магутны, і святое імя Яго,
бо ўчыніў мне вялікія рэчы, каторы магутны ёсьць, і сьвятое імя яго;
і міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне тым, што баяцца Яго.
і міласэрдзе ягона з пакаленьня ў пакаленьні для тых, што баяцца яго.
Выявіў магутнасць рукі Сваёй, разагнаў пыхлівых у намеры сэрца свайго,
Учыніў магутнасьць рукою сваею, разсеяў гордых думкай сэрца іхнага;
спіхнуў моцных з пасадаў і ўзвысіў пакорлівых;
Скінуў магутных з пасаду, а ўзвысіў нізкіх.
галодных насыціў даброццем, а багацеяў адправіў ні з чым.
Галодных здаволіў дабром, а багатых з нічым адправіў.
Прытуліў Ізраэля, слугу Свайго, памятаючы на міласэрнасць,
Прыняў Ізраіля, слугу свайго, успомніўшы аб міласэрдзі сваім.
як прадказаў бацькам нашым, Абрагаму і нашчадкам яго навечна».
Як гаварыў да айцоў нашых, да Абрагама і патомства яго на векі.
Ды заставалася з ёю Марыя каля трох месяцаў, і вярнулася ў Свой дом.
І правяла Марыя з ею каля трох месяцаў і вярнулася ў свой дом.
А Лізавеце настаў час нарадзіць, і яна нарадзіла сына.
Альжбеце-ж настаў час радзіць і радзіла сына.
Яе суседзі і сваякі, пачуўшы, што ўзвялічыў Госпад у ёй Сваю міласэрнасць, радаваліся разам з ёю.
І пачулі суседзі і сваякі яе, што ўзвялічыў Пан міласэрдзе сваё над ёю — і цешыліся з ёю.
І сталася: у восьмы дзень сабраліся яны абрэзаць хлопчыка ды назваць яго імем бацькі яго, Захарыем.
І сталася ў восьмы дзень, прыйшлі абрэзаць дзіця і называлі яго іменем бацькі яго Захар.
І, адказваючы, маці яго сказала: «Ніякім чынам, але будзе названы Ян».
І адказваючы маці ягона сказала: Ня так, але будзе называцца Ян.
І сказалі ёй: «У родзе тваім няма нікога, хто б называўся гэтым імем».
І сказалі да яе: Што няма нікога ў тваей радні, хто-б называўся гэтым іменем.
Дык пыталі на мігі ў бацькі яго, як ён хацеў бы назваць яго.
І давалі знакі бацьку яго, як-бы хацеў назваць яго.
А той запатрабаваў дошчачку і напісаў словамі: «Ян імя яго». Дык здзівіліся ўсе.
І зажадаўшы таблічку, напісаў кажучы: Ян ёсьць імя ягонае. І дзівіліся ўсе.
А ў гэты момант раскрыліся вусны яго ды развязаўся язык яго і стаў гаварыць, дабраслаўляючы Бога.
І адчыніліся зараз-жа вусны яго і язык ягоны, і гаварыў, багаславячы Бога.
Дык ахапіў страх усіх іх суседзяў, і па ўсіх гарах Юдэі разнесліся словы пра ўсё гэта.
І зьняў страх усіх суседзяў іхных і разыходзіліся ўсе гэтыя словы па ўсіх горах Юдэі;
А ўсе, што пра гэта пачулі, разважалі ў сэрцы сваім, кажучы: «Кім жа будзе гэта дзіця?» Бо рука Госпадава была з ім.
а ўсе, што чулі, бралі да сэрца свайго, кажучы: Што, думаеш, будзе з гэтага дзіцяці? Бо рука Пана была з ім.
І Захарыя, бацька яго, напоўнены Духам Святым, праракаваў кажучы:
А Захар, бацька яго, напоўнены быў Духам сьвятым, і прарочыў, кажучы:
«Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, бо наведаў і адкупіў народ Свой,
Багаслаўлены Пан, Бог Ізраіляў, што адведаў і ўчыніў адкупленьне народу свайго;
і падняў рог збаўлення нашага ў доме Давіда, паслугача Свайго,
і падняў для нас рог збаўленьня у доме Давіда, слугі свайго.
як прадказаў вуснамі святых прарокаў Сваіх, якія жылі ад пачатку вякоў,
Як гаварыў праз вусны сьвятых, каторыя ад веку ёсьць, прарокаў сваіх:
збаўленне ад ворагаў нашых ды з рук тых, што ненавідзяць нас;
Выбаўленьне ад ворагаў нашых і з рукі ўсіх, што нас ненавідзяць,
каб учыніць міласэрнасць бацькам нашым і ўспомніць святы запавет Свой,
каб учыніць міласэрдзе з айцамі нашымі і ўспомніць свой сьвяты тэстамэнт,
і прысягу, якую даў Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам,
што прысягу, якую прысягаў Абрагаму, айцу нашаму, дасьць нам,
каб без страху, свабодныя ад рук ворагаў нашых, служылі Яму
каб выбаўленыя з рукі ворагаў нашых мы бяз страху служылі яму
ў святасці і справядлівасці перад Ім ва ўсе дні жыцця нашага.
у сьвятасьці і справядлівасьці перад ім праз усе дні нашыя.
І ты, дзіця, названы будзеш прарокам Узвышняга, бо пойдзеш перад абліччам Госпада, рыхтаваць дарогі Яму,
А ты, дзіця, будзеш названае прарокам Найвышэйшага, бо пойдзеш перад воблікам Пана правіць дарогі ягоны,
каб даць народу Яго навуку збаўлення ў адпушчэнні грахоў іх
каб даць народу яго пазнаньне збаўленьня на адпушчэньне грахоў іх,
праз міласэрнасць бязмежную Бога нашага, у якой Усход наведаў нас, сыходзячы з вышыняў,
дзеля нутранога міласэрдзя Бога нашага, праз якое адведаў нас усход з вышыні,
каб асвяціць тых, што сядзяць у поцемках і ў засені смерці, каб накіраваць ногі нашы на шлях супакою».
каб сьвяціць тым, каторыя сядзяць у цемры і ў ценю сьмерці, каб пакіраваць ногі нашыя на дарогу супакою.
А дзіця расло і ўзмацоўвалася духам, і заставалася ў пустыні аж да дня свайго з’яўлення перад Ізраэлем.
А дзіця расло і ўмацоўвалася духам і было ў пустынях аж да дня свайго зьяўленьня перад Ізраілям.