Лукаша 3 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад В. Гадлеўскага
На пятнаццаты год панавання цэзара Тыберыя, калі Понцкі Пілат кіраваў у Юдэі, а Ірад быў тэтрархам Галілеі, а брат яго Піліп — тэтрархам Ітурэі і Траханіцкай краіны, а Лісанія — тэтрархам Абіліны,
А ў пятнаццатым годзе панаваньня Тыбэрыя цэзара, калі Понцый Пілат правіў Юдэяй, а Гэрад быў тэтрархай Галілеі і Траханіцкай краіны, і Лізаній тэтрархай Абілены,
пры першасвятарах Анну і Каяфу было слова Бога да Яна, сына Захарыі, у пустыні.
за архісьвятараў Аннаша і Кайфаша сталася слова да Яна, сына Захара, у пустыні.
І прайшоў ён усю зямлю вакол Ярдана, прапаведуючы хрост навяртання дзеля адпушчэння грахоў,
І прыйшоў ён да ўсяе краіны Ярдану, абвяшчаючы хрост пакуты на адпушчэньне грахоў,
як напісана ў кнізе прамоў Ісаі прарока, які гаворыць: «Голас лямантуючага ў пустыні: “Рыхтуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму.
як напісана ёсьць у кнізе моваў Ізраіля прарока: «Голас клічучага ў пустыні: Праўце дарогу Пана, простымі рабеце сьцежкі яго.
Хай усякая яма будзе засыпана, і кожная гара і ўзгорак хай будуць паніжаны, і крывізны хай стануць роўнымі, а церні — гладкімі дарогамі,
Усякі дол будзе напоўнены, і ўсякая гара і ўзгорак будуць паніжаны, і крывыя будуць простымі, і няроўныя гладкімі дарогамі.
і ўбачыць усякая плоць збаўленне Бога”».
І ўбачыць кожнае цела збаўленьне Божае».
І натоўпам, што прыходзілі да яго атрымаць хрост, гаварыў: «Змяінае племя, хто паказаў вам, што пазбегнеце будучага гневу?
Дык гаварыў ён да грамадаў, якія выходзілі, каб ім быць ахрышчанымі: Родзе гадавы, хто вам паказаў уцякаць ад надыходзячага гневу?
Чыніце належныя плады навяртання, і перастаньце хваліцца між сабой: “Маем бацьку Абрагама”; бо кажу вам, што Бог можа з гэтых камянёў падняць сыноў Абрагаму.
Дык чынеце плады годныя пакуты. І не пачынайце гаварыць: «Айца маем Абрагама», бо я вам кажу, што Бог можа з гэтых каменьняў падняць сыноў Абрагаму.
Ужо, вось, сякера прыстаўлена да карэнняў дрэў, кожнае дрэва, што не дае добрага плода, будзе ссечана і кінута ў агонь».
Бо ўжо сякера да кораня дзераваў прыложана. Дык усякае дзерава, якое не прыносіць добрага плоду, будзе сьцята і кінута ў вагонь.
Дык пыталіся ў яго натоўпы: «Што тады маем рабіць?»
І пыталіся ў яго грамады, кажучы: Дык што нам рабіць?
Адказваючы, ён гаварыў ім: «Хто мае дзве вопраткі, хай дасць таму, хто не мае. І хто мае ежу, хай зробіць падобна».
Ён-жа адказваючы, казаў ім: Хто мае дзьве вопраткі, няхай дасьць таму, хто ня мае, а хто мае ежу, няхай робіць гэтаксама.
Прыходзілі таксама мытнікі, каб атрымаць хрост, і яны сказалі яму: «Вучыцелю, што мы маем рабіць?»
Прыйшлі-ж і мытнікі, каб ахрысьціцца і сказалі яму: Вучыцель, што нам рабіць?
А ён ім сказаў: «Нічога не патрабуйце больш таго, што вам прызначана».
Ён-жа сказаў ім: Нічога болей не рабеце, як тое, што вам ўстаноўлена.
Пыталіся ў яго таксама жаўнеры, кажучы: «А што мы маем рабіць?» А ён ім казаў: «Нікога не біце, не нагаворвайце і будзьце задаволены сваёю платаю».
Пыталіся-ж у яго і жаўнеры, кажучы: Што рабіць і нам? І сказаў ім: Нікога ня беце і не ўдавайце, але будзьце здаволены вашаю платаю.
А калі народ сумняваўся ды ўсе ў душы пачыналі разважаць пра Яна, ці ён часам не Хрыстос,
Калі-ж народ дагадываўся і ўсе думалі ў сэрцах сваіх аб Яне, ці часам ён ня ёсьць Хрыстус,
Ян адказваў, кажучы ўсім: «Я хрышчу вас вадою. Але ідзе дужэйшы за мяне, Катораму я не варты развязаць рамень Яго пасталоў. Ён будзе вас хрысціць Духам Святым і агнём.
адказаў Ян, кажучы ўсім: Я-то вас хрышчу вадою, але прыйдзе мацнейшы за мяне, у каторага я ня годзен разьвязаць рамень абутку ягонага. Ён вас будзе хрысьціць Духам сьвятым і агнём.
Ён трымае ў руцэ Сваёй веялку і ачысціць ток Свой, ды збярэ пшаніцу ў свіран Свой, а салому спаліць у агні незгасальным».
Веялка яго ў руцэ ягонай, і зьбярэ пшаніцу ў свой сьвіран, а мякіну спаліць агнём няўгасным.
Многаму таксама іншаму навучаючы, абвяшчаў народу добрую вестку.
Многа-ж і іншага, напамінаючы, абвяшчаў ён народу.
Але Ірад, тэтрарх, які дакараўся Янам дзеля Ірадыяды, жонкі брата яго, ды дзеля іншых ліхіх учынкаў, якія ўчыніў Ірад,
Гэрад-жа тэтрарха, калі быў дакараны ім за Гэрадыяду, жонку ягонага брата, і за ўсё зло, якое ўчыніў Гэрад,
дадаў да ўсяго і тое, што пасадзіў Яна ў вязніцу.
дадаў да ўсяго і гэтае, што замкнуў Яна ў вастрозе.
І сталася, калі ўвесь народ хрысціўся і Ісус быў ахрышчаны і маліўся, адкрылася неба,
Сталася-ж, калі хрысьціўся ўвесь народ і калі Езус быў ахрышчаны і маліўся, адчынілася неба,
і Дух Святы цялесна ў выглядзе голуба сышоў на Ісуса. І азваўся голас з неба: «Ты — Сын Мой улюбёны, у Табе Маё ўпадабанне».
і Дух сьвяты зыйшоў на яго ў цялесным выглядзе, як галубок, і адазваўся голас з неба: Ты ёсьць Сын мой мілы, у табе мне да ўспадобы.
Ісус меў каля трыццаці гадоў, калі пачынаў Сваё служэнне, і быў, як лічылася, сынам Язэпа, сынам Гэлі,
А сам Езус, пачынаючы, меў гадоў каля трыццаці, як думалі, сын Язэпаў, каторы быў Геліяў, каторы быў Мататаў,
сынам Матата, сынам Леві, сынам Мэльха, сынам Яная, сынам Язэпа,
каторы быў Левіяў, каторы быў Мэльхіяў, каторы быў Яннэяў, каторы быў Язэпаў,
сынам Мататыі, сынам Амоса, сынам Навума, сынам Эслі, сынам Нагі,
каторы быў Мататіяў, каторы быў Амосаў, каторы быў Наумаў, каторы быў Есьлеяў, каторы быў Нагеяў,
сынам Маата, сынам Мататыі, сынам Сямэя, сынам Язэха, сынам Ёды,
каторы быў Магатаў, каторы быў Мататіяў, каторы быў Самэяў, каторы быў Язэпаў, каторы быў Юдаў,
сынам Ёана, сынам Рэсы, сынам Зарабабэля, сынам Салатыэля, сынам Нэра,
каторы быў Янаў, каторы быў Рэзаў, каторы быў Зоробабэляў, каторы быў Саляцыеляў, каторы быў Нэраў,
сынам Мэльха, сынам Адзі, сынам Касама, сынам Эльмадама, сынам Гэра,
каторы быў Мэльхіяў, каторы быў Аддіяў, каторы быў Козанаў, каторы быў Эльмадамаў, каторы быў Гэраў,
сынам Ешуа, сынам Эліязэра, сынам Ярыма, сынам Матата, сынам Леві,
каторы быў Езусаў, каторы быў Эліязараў, каторы быў Ёрымаў, каторы быў Мататаў, каторы быў Левіяў,
сынам Сімяона, сынам Юды, сынам Язэпа, сынам Ёны, сынам Эліякіма,
каторы быў Сымонаў, каторы быў Юдаў, каторы быў Язэпаў, каторы быў Ёнаў, каторыў быў Эліякімаў,
сынам Мэлея, сынам Мэны, сынам Матата, сынам Натана, сынам Давіда,
каторы быў Мэлеяў, каторы быў Мэннаў, каторы быў Мататаў, каторы быў Натанаў, каторы быў Давідаў,
сынам Ясэя, сынам Абэда, сынам Баоза, сынам Салмона, сынам Наасона,
каторы быў Ессаў, каторы быў Обэдаў, каторы быў Боозаў, каторы быў Сальмонаў, каторы быў Наассонаў,
сынам Амінадаба, сынам Адміна, сынам Арні, сынам Эсрома, сынам Пэрэса, сынам Юды,
каторы быў Амінадабаў, каторы быў Арамаў, каторы быў Эзронаў, каторы быў Фарэсаў, каторы быў Юдаў,
сынам Якуба, сынам Ізаака, сынам Абрагама, сынам Тэраха, сынам Нахора,
каторы быў Якубаў, каторы быў Ізаакаў, каторы быў Абрагамаў, каторы быў Тарыяў, каторы быў Нахораў,
сынам Сэруга, сынам Рагава, сынам Пэлега, сынам Гебэра, сынам Салы,
каторы быў Саругаў, каторы быў Рагаваў, каторы быў Фалекаў, каторы быў Гэбэраў, каторы быў Саліяў,
сынам Кайнана, сынам Арпаксада, сынам Сэма, сынам Ноя, сынам Ламэха,
каторы быў Каінаў, каторы быў Арфаксадаў, каторы быў Сэмаў, каторы быў Нояў, каторы быў Ламехаў,
сынам Мэтусалаха, сынам Гэноха, сынам Ярэда, сынам Малаліэля, сынам Кайнана,
каторы быў Матузалаў, каторы быў Гэнохаў, каторы быў Ярэдаў, каторыў быў Малалеляў, каторы быў Каінаў,
сынам Эноса, сынам Сэта, сынам Адама, сынам Бога.
каторы быў Гэносаў, каторы быў Сэтаў, каторы быў Адамаў, каторы быў Божы.