Марка 1 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

Пачатак Евангелля Ісуса Хрыста, Сына Божага.
 
Пачатак эванэліі Езуса Хрыста, Сына Божага.

Як напісана ў Ісаі прарока: «Вось жа, Я пасылаю Анёла Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе дарогу Тваю перад Табой.
 
Як напісана ў Ізраіля прарока (Із. 40:3): «Вось я пасылаю анёла майго перад воблікам тваім, каторы прыгатовіць дарогу тваю перад табою.

Голас таго, хто кліча ў пустыні: “Прыгатуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму”».
 
Голас клічучага ў пустыні: Праўце дарогу Пана, простымі рабеце сьцежкі яго».

З’явіўся Ян у пустыні, хрысцячы і абвяшчаючы хрост навяртання дзеля адпушчэння грахоў.
 
Быў Ян у пустыні, хрысьцячы і абвяшчаючы хрост пакуты на адпушчэньне грахоў.

І прыходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе ерузалімцы, і, вызнаючы грахі свае, былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан.
 
І выходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе Ерузалімцы і былі хрышчаны ім у рацэ Ярдане, спавядаючыся з грахоў сваіх.

Ян жа быў апрануты ў вярблюджы волас ды падпяразаны скураной дзяжкай па сваіх сцёгнах і еў саранчу і дзікі мёд.
 
І быў Ян адзеты ў вярблюдаву шэрсьць і скураны пояс каля паясьніцы ягонай, і еў саранчу і лясны мёд. І вясьціў, кажучы:

І навучаў ён, кажучы: «Ідзе за мной дужэйшы за мяне, Якому я не варты, пакланіўшыся, развязаць рамень пасталоў Яго.
 
Ідзе за мною мацнейшы за мяне, катораму я ня варт схіліўшыся разьвязаць рамень абутку яго.

Я хрышчу вас вадой, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».
 
Я вас хрысьціў вадою, але ён будзе вас хрысьціць Духам Сьвятым.

І сталася: у тыя дні прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане.
 
І сталася, у тыя дні прыйшоў Езус з Назарэту Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане.

І, як толькі выходзіў з вады, убачыў адкрытыя нябёсы ды Духа, як голуба, што сыходзіў на Яго.
 
І зараз выйшаўшы з вады, убачыў адчыненае неба і Духа, як галуба, зыходзячага і прабываючага на ім.

І азваўся голас з неба: «Ты — Сын Мой улюбёны, упадабаў Я Цябе».
 
І стаўся голас з неба: Ты ёсьць Сын мой мілы, у табе мне да ўспадобы.

І зараз вядзе Яго Дух у пустыню.
 
І зараз Дух вывеў яго ў пустыню.

І Ён прабыў у пустыні сорак дзён, і выпрабоўваўся шатанам; і жыў побач са звярамі, і анёлы паслугавалі Яму.
 
І быў у пустыні сорак дзён і сорак начэй, і быў спакушваны д’яблам і быў з зьвярамі, і анёлы паслугавалі яму.

А пасля таго, як Ян быў узяты, прыбыў Ісус у Галілею, прапаведуючы добрую вестку Валадарства Божага
 
Пасьля-ж таго, як быў выданы Ян, прыйшоў Езус у Галілею, абвяшчаючы эванэлію каралеўства Божага

і кажучы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае. Навярніцеся і верце Евангеллю!»
 
і кажучы, што споўніўся час і прыбліжылася каралеўства Божае, пакутуйце і верце эванэліі.

І, праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сімона і брата яго Андрэя, што закідалі сеткі ў мора; бо былі яны рыбаловамі.
 
І праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, закідаючых сеці ў мора, бо былі рыбакамі.

І сказаў ім Ісус: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас лаўцамі людзей».
 
І сказаў ім Езус: Ідзеце за мною і зраблю вас, што вы станецеся рыбакамі людзей.

І адразу, пакінуўшы сеткі свае, яны пайшлі за Ім следам.
 
І яны, зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за ім.

І, адышоўшыся адтуль недалёка, убачыў Якуба Зебядзеева і Яна, брата яго, калі яны парадкавалі сеткі свае ў лодцы.
 
І адыйшоўшы трохі аддтуль, убачыў Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, яны-ж парадкавалі сеці ў лодцы,

І зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы ў лодцы бацьку свайго Зебядзея з нанятымі работнікамі, пайшлі за Ім.
 
і зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў лодцы з наймітамі, пайшлі за ім.

І ўваходзяць у Кафарнаўм. І адразу ў суботу, увайшоўшы ў сінагогу, стаў навучаць.
 
І ўвайшлі ў Капарнаум: і зараз-жа ў суботу ўвайшоўшы ў бажніцу, навучаў іх.

І ўсе дзівіліся з Яго навукі, бо вучыў іх, як Той, Хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
 
І дзівіліся з навукі яго, бо ён вучыў іх, як маючы ўладу, а не як кніжнікі.

І акурат у сінагозе быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і крычаў,
 
У быў у іхнай бажніцы чалавек, у каторым быў нячысты дух, і закрычаў,

кажучы: «Што Табе да нас, Ісус з Назарэта? Прыйшоў загубіць нас? Ведаю, Хто Ты: Святы Божы».
 
кажучы: Што табе да нас, Езусе Назарэнскі? Прыйшоў ты згубіць нас? Ведаю, хто ты ёсьць, Сьвяты Божы!

Але прыгразіў яму Ісус, кажучы: «Замаўчы і выйдзі з яго!»
 
І прыгразіў яму Езус, кажучы: Замоўкні і выйдзі з чалавека!

І нячысты дух, скалануўшы яго і крычучы моцным голасам, выйшаў з яго.
 
І страсануўшы яго і закрычаўшы вялікім голасам, дух нячысты выйшаў з яго.

І задзівіліся ўсе, ды пыталіся адзін аднаго, кажучы: «Што гэта такое? Ды што за навука гэта новая з уладаю, што загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?»
 
І зьдзівіліся ўсе, так што пыталіся паміж сабою, кажучы: Што гэта такое? Што гэта за навука новая, што ён з уладай нават духам нячыстым загадывае і слухаюць яго?

І хутка разышлася чутка пра Яго па ўсёй Галілейскай краіне.
 
І зараз разыйшлася слава аб ім па ўсей краіне Галілейскай.

І адразу, выйшаўшы з сінагогі, прыбылі з Якубам і Янам ў дом Сімона і Андрэя.
 
І зараз, выйшаўшы з бажніцы, прыйшлі ў дом Сымона і Андрэя з Якубам

Цешча ж Сімона ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.
 
А цешча Сымонава ляжала ў гарачцы і зараз кажуць яму аб ей.

І, падышоўшы, Ісус падняў яе, узяўшы за руку, і [адразу] пакінула яе гарачка, і яна паслугавала ім.
 
І падыйшоўшы, падняў яе, узяўшы яе за руку, і зараз-жа пакінула яе гарачка, і паслугавала ім.

А калі сонца ўжо зайшло і настаў вечар, прыносілі да Яго ўсіх нямоглых і апанаваных дэманамі;
 
Калі-ж настаў вечар, як зайшло сонца, прыносілі да яго ўсіх нядужых і маючых д’ябэльства,

і так увесь горад сабраўся перад дзвярамі.
 
і быў сабраўшыся ўвесь горад каля дзьвярэй.

І аздаравіў многіх, якіх розныя хваробы мучылі, і многіх дэманаў выгнаў, ды не дазваляў дэманам гаварыць, што яны ведалі Яго.
 
І аздаравіў многіх, каторыя былі мучаны рознымі хваробамі, і выганяў многа д’яблаў, і не пазваляў ім гаварыць, бо яны яго зналі.

І досвіткам, вельмі рана ўстаўшы, выйшаў і падаўся ў пустыннае месца і там маліўся.
 
І вельмі рана ўстаўшы, выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся.

Сімон жа ды тыя, што з Ім былі, пайшлі за Ім.
 
І пайшоў за ім Сымон і тыя, што з ім былі.

І, калі знайшлі Яго, кажуць Яму: «Усе Цябе шукаюць».
 
І калі знайшлі яго, сказалі яму «што ўсе цябе шукаюць».

А Ён кажа ім: «Пойдзем у бліжэйшыя паселішчы, каб і там вясціць; бо Я дзеля таго прыйшоў».
 
І сказаў ім: Пойдзем у блізкія вёскі і гарады, каб і там мне навучаць, бо я на гэтае прыйшоў.

Ды навучаў у сінагогах па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў.
 
І быў навучаючы ў іхных бажніцах і ва ўсей Галілеі і выганяў д’яблаў.

І прыступіўся да Яго пракажоны, і маліў Яго, упаўшы на калені, кажучы Яму: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць».
 
І прыйшоў да яго пракажаны, просячы яго, і ўпаўшы на калені сказаў яму: Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.

І Ісус пашкадаваў яго, і, працягнуўшы руку Сваю, дакрануўся да яго, і гаворыць яму: «Хачу, будзь ачышчаны».
 
Езус-жа, зжаліўся над ім, працягнуў руку сваю і, дакрануўшыся да яго, сказаў яму: Хачу, будзь ачышчаны.

І, калі Ён сказаў, адразу сышла з яго праказа, і ён ачысціўся.
 
І калі сказаў, зараз-жа адыйшла ад яго праказа і быў ачышчаны.

І, пагразіўшы яму, адправіў яго адразу,
 
І прыгразіў яму і зараз-жа адправіў яго

кажучы: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся святару і за ачышчэнне сваё складзі ахвяру, як загадаў Майсей на сведчанне ім».
 
і сказаў яму: Глядзі, нікому не кажы, але ідзі пакажыся старшаму сьвятару і ахвяруй за сваё ачышчэньне, што загадаў Майсей на пасьведчаньне ім.

Але ён, адышоўшы, пачаў шмат распавядаць ды шырыць слаўную чутку так, што ўжо Ён не мог адкрыта пайсці ў горад, але быў звонку ў бязлюдных мясцінах. І адусюль сыходзіліся да Яго.
 
Але ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і пашыраць вестку, так што ўжо ня мог увайсьці ў горад, але прабываў на старане ў пустынных мясцох, і сходзіліся да яго адусюль.