Марка 1 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Пачатак Евангелля Ісуса Хрыста, Сына Божага.
 
Пачатак Евангелля Езуса Хрыста, Сына Божага.

Як напісана ў Ісаі прарока: «Вось жа, Я пасылаю Анёла Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе дарогу Тваю перад Табой.
 
Як напісана ў прарока Ісаі: «Вось пасылаю анёла Майго перад Табою,які падрыхтуе дарогу Табе.

Голас таго, хто кліча ў пустыні: “Прыгатуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму”».
 
Голас таго, хто кліча ў пустыні: “Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму”».

З’явіўся Ян у пустыні, хрысцячы і абвяшчаючы хрост навяртання дзеля адпушчэння грахоў.
 
З’явіўся Ян, хрысцячы ў пустыні і абвяшчаючы хрост пакаяння дзеля адпушчэння грахоў.

І прыходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе ерузалімцы, і, вызнаючы грахі свае, былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан.
 
Выходзілі да яго ўся краіна юдэйская і ўсе жыхары Ерузалема і прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы свае грахі.

Ян жа быў апрануты ў вярблюджы волас ды падпяразаны скураной дзяжкай па сваіх сцёгнах і еў саранчу і дзікі мёд.
 
Ян жа насіў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах сваіх і еў саранчу і дзікі мёд.

І навучаў ён, кажучы: «Ідзе за мной дужэйшы за мяне, Якому я не варты, пакланіўшыся, развязаць рамень пасталоў Яго.
 
Ён прапаведаваў, кажучы: «Ідзе за мною Мацнейшы за мяне, якому я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на Яго сандалях.

Я хрышчу вас вадой, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».
 
Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».

І сталася: у тыя дні прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане.
 
У тыя дні прыйшоў Езус з Назарэта, што ў Галілеі, і быў ахрышчаны Янам у Ярдане.

І, як толькі выходзіў з вады, убачыў адкрытыя нябёсы ды Духа, як голуба, што сыходзіў на Яго.
 
Адразу, калі выходзіў з вады, убачыў нябёсы раскрытыя і Духа, што як голуб, сыходзіў на Яго.

І азваўся голас з неба: «Ты — Сын Мой улюбёны, упадабаў Я Цябе».
 
І быў голас з нябёсаў: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я».

І зараз вядзе Яго Дух у пустыню.
 
І адразу Дух павёў Яго ў пустыню.

І Ён прабыў у пустыні сорак дзён, і выпрабоўваўся шатанам; і жыў побач са звярамі, і анёлы паслугавалі Яму.
 
І быў Ён у пустыні сорак дзён, а сатана выпрабоўваў Яго; і быў Ён са звярамі, і анёлы служылі Яму.

А пасля таго, як Ян быў узяты, прыбыў Ісус у Галілею, прапаведуючы добрую вестку Валадарства Божага
 
Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае

і кажучы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае. Навярніцеся і верце Евангеллю!»
 
і кажучы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле».

І, праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сімона і брата яго Андрэя, што закідалі сеткі ў мора; бо былі яны рыбаловамі.
 
Праходзячы каля Галілейскага мора, убачыў Сымона і Андрэя, брата Сымона, якія закідвалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі.

І сказаў ім Ісус: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас лаўцамі людзей».
 
Езус сказаў ім: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей».

І адразу, пакінуўшы сеткі свае, яны пайшлі за Ім следам.
 
Яны, пакінуўшы сеткі, адразу пайшлі за Ім.

І, адышоўшыся адтуль недалёка, убачыў Якуба Зебядзеева і Яна, брата яго, калі яны парадкавалі сеткі свае ў лодцы.
 
Адышоўшы крыху далей, Ён убачыў Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія таксама былі ў чоўне і ладзілі сеткі.

І зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы ў лодцы бацьку свайго Зебядзея з нанятымі работнікамі, пайшлі за Ім.
 
І адразу паклікаў іх. Яны, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чоўне з работнікамі, пайшлі за Ім.

І ўваходзяць у Кафарнаўм. І адразу ў суботу, увайшоўшы ў сінагогу, стаў навучаць.
 
Калі прыйшлі ў Кафарнаум, Ён адразу ў шабат увайшоў у сінагогу і навучаў.

І ўсе дзівіліся з Яго навукі, бо вучыў іх, як Той, Хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
 
І здзіўляліся вучэнню Ягонаму, бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.

І акурат у сінагозе быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і крычаў,
 
Быў тады ў сінагозе чалавек, апанаваны нячыстым духам, які закрычаў:

кажучы: «Што Табе да нас, Ісус з Назарэта? Прыйшоў загубіць нас? Ведаю, Хто Ты: Святы Божы».
 
«Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты: Святы Божы».

Але прыгразіў яму Ісус, кажучы: «Замаўчы і выйдзі з яго!»
 
Але Езус забараніў яму, кажучы: «Змоўкні і выйдзі з яго!»

І нячысты дух, скалануўшы яго і крычучы моцным голасам, выйшаў з яго.
 
Тады нячысты дух, скалануўшы яго і закрычаўшы моцным голасам, выйшаў з яго.

І задзівіліся ўсе, ды пыталіся адзін аднаго, кажучы: «Што гэта такое? Ды што за навука гэта новая з уладаю, што загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?»
 
І спужаліся ўсе так, што пыталіся адзін у аднаго, кажучы: «Што гэта? Новае вучэнне з моцаю; Ён загадвае нават нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго».

І хутка разышлася чутка пра Яго па ўсёй Галілейскай краіне.
 
І хутка разышлася пра Яго чутка па ўсёй ваколіцы Галілеі.

І адразу, выйшаўшы з сінагогі, прыбылі з Якубам і Янам ў дом Сімона і Андрэя.
 
Выйшаўшы з сінагогі, адразу прыйшоў з Якубам і Янам у дом Сымона і Андрэя.

Цешча ж Сімона ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.
 
Цешча Сымона ляжала ў гарачцы, таму адразу сказалі Яму пра яе.

І, падышоўшы, Ісус падняў яе, узяўшы за руку, і [адразу] пакінула яе гарачка, і яна паслугавала ім.
 
Ён падышоў і, узяўшы за руку, падняў яе. І пакінула яе гарачка, і яна прыслужвала ім.

А калі сонца ўжо зайшло і настаў вечар, прыносілі да Яго ўсіх нямоглых і апанаваных дэманамі;
 
Калі настаў вечар і зайшло сонца, прыносілі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных злымі духамі.

і так увесь горад сабраўся перад дзвярамі.
 
А ўвесь горад сабраўся перад дзвярыма.

І аздаравіў многіх, якіх розныя хваробы мучылі, і многіх дэманаў выгнаў, ды не дазваляў дэманам гаварыць, што яны ведалі Яго.
 
Ён аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы, і выгнаў многіх злых духаў; але не дазваляў злым духам казаць, што яны пазналі Яго.

І досвіткам, вельмі рана ўстаўшы, выйшаў і падаўся ў пустыннае месца і там маліўся.
 
На досвітку, устаўшы вельмі рана, Ён выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся.

Сімон жа ды тыя, што з Ім былі, пайшлі за Ім.
 
Услед за Ім пайшоў Сымон і тыя, хто быў з ім.

І, калі знайшлі Яго, кажуць Яму: «Усе Цябе шукаюць».
 
А калі знайшлі Яго, сказалі Яму: «Усе шукаюць Цябе!»

А Ён кажа ім: «Пойдзем у бліжэйшыя паселішчы, каб і там вясціць; бо Я дзеля таго прыйшоў».
 
Ён адказаў ім: «Пойдзем куды-небудзь у блізкія паселішчы, каб Я і там прапаведаваў, бо дзеля гэтага Я прыйшоў».

Ды навучаў у сінагогах па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў.
 
І прапаведаваў Ён у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў злых духаў.

І прыступіўся да Яго пракажоны, і маліў Яго, упаўшы на калені, кажучы Яму: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць».
 
Вось прыйшоў да Яго пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго, кажучы: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць».

І Ісус пашкадаваў яго, і, працягнуўшы руку Сваю, дакрануўся да яго, і гаворыць яму: «Хачу, будзь ачышчаны».
 
Злітаваўшыся над ім, Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: «Хачу, будзь ачышчаны!»

І, калі Ён сказаў, адразу сышла з яго праказа, і ён ачысціўся.
 
І адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты.

І, пагразіўшы яму, адправіў яго адразу,
 
Езус сурова звярнуўся да Яго і зараз жа адправіў.

кажучы: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся святару і за ачышчэнне сваё складзі ахвяру, як загадаў Майсей на сведчанне ім».
 
І сказаў яму: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся святару і прынясі ахвяру за сваё ачышчэнне, як загадаў Майсей, на сведчанне ім».

Але ён, адышоўшы, пачаў шмат распавядаць ды шырыць слаўную чутку так, што ўжо Ён не мог адкрыта пайсці ў горад, але быў звонку ў бязлюдных мясцінах. І адусюль сыходзіліся да Яго.
 
Але той, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і расказваць пра здарэнне, так што Езус не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, а заставаўся звонку, у пустынных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль.