Дзеі 1 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Перш, што праўда, стварыў я аповед, Тэафіле, пра ўсё, што пачаў Ісус рабіць і чаму навучаць
 
Першую кнігу я напісаў, Тэафіле, пра ўсё, што рабіў Езус і чаму вучыў ад пачатку

аж да дня, у які быў узяты у неба, даўшы даручэнні праз Духа Святога Апосталам, якіх Ён выбраў.
 
аж да дня, калі, даўшы праз Духа Святога наказы Апосталам, якіх выбраў, быў забраны на неба.

Пасля пакуты Сваёй даў Ён ім многа доказаў, што Ён жывы, на працягу сарака дзён паказваючыся ім ды прамаўляючы пра Валадарства Божае.
 
Перад імі з’явіўся жывым пасля сваёй мукі ў шматлікіх доказах. На працягу сарака дзён аб’яўляўся ім і казаў пра Божае Валадарства.

І, сабраўшы іх, загадаў ім не выходзіць з Ерузаліма, але чакаць абяцання Айца: «Аб чым вы чулі ад Мяне,
 
Калі разам елі, Ён загадаў ім: «Не адыходзьце з Ерузалема, але чакайце абяцанага Айцом, пра што вы чулі ад Мяне:

што Ян хрысціў вадою, а вось, вы праз некалькі дзён будзеце ахрышчаны Духам Святым».
 
Ян хрысціў вадою, а вы будзеце ахрышчаныя праз некалькі дзён Духам Святым».

Пыталіся ў Яго тыя, што былі сабраны, кажучы: «Госпадзе, ці не ў гэты час адновіш царства Ізраэля?»
 
Таму сабраныя пыталіся ў Яго: «Пане, ці не ў гэтым часе Ты адбудуеш каралеўства Ізраэля?»

Ён жа сказаў ім: «Не ваша справа ведаць час і хвіліну, якія ўстанавіў Айцец Сваёй уладаю,
 
Ён жа адказаў ім: «Не вам ведаць часы ці поры, якія Айцец прызначыў сваёй уладай.

але калі атрымаеце моц ад сышоўшага на вас Духа Святога, тады будзеце Мне сведкамі ў Ерузаліме, і ва ўсёй Юдэі ды Самарыі, і аж па край зямлі».
 
Але прымеце моц Духа Святога, які на вас сыдзе, і будзеце Маімі сведкамі ў Ерузалеме, ва ўсёй Юдэі і ў Самарыі, і ажно да краю зямлі».

І, калі гэта сказаў, на вачах іх падняўся ўгору, і воблака ўзяло Яго ад іх вачэй.
 
Калі сказаў гэта, яны ўбачылі, як Ён узнёсся, і воблака забрала Яго з іхніх вачэй.

Калі яны так углядаліся ў неба, як Ён падымаўся, вось, два мужы ў белых шатах паўсталі каля іх,
 
Калі яны пільна ўзіраліся ў неба, як Ён узыходзіў, два мужы сталі перад імі ў белым адзенні

і сказалі яны: «Мужы галілейскія, чаго стаіце, углядаючыся ў неба? Гэты Ісус, Які ўзяты ад вас у неба, так прыйдзе, як бачылі Яго, што ўзыходзіць у неба».
 
і сказалі: «Галілейцы, чаго стаіце і ўглядаецеся ў неба? Гэты Езус, забраны ад вас на неба, прыйдзе гэтак жа, як вы бачылі Яго, калі Ён узыходзіў на неба».

Тады вярнуліся яны ў Ерузалім з гары, званай Аліўнай, якая каля Ерузаліма, за дзень суботні ходу.
 
Тады вярнуліся ў Ерузалем з гары, называнай Аліўнай, што непадалёк ад Ерузалема, на адлегласці шабатовай дарогі.

І, прыйшоўшы, сабраліся яны ў святліцу, дзе і заставаліся, Пётра і Ян, Якуб і Андрэй, Піліп і Тамаш, Баўтрамей і Мацвей, Якуб Алфееў і Сімон Зэлот ды Юда, брат Якубаў.
 
А калі прыйшлі, падняліся ў святліцу, дзе былі Пётр і Ян, Якуб і Андрэй, Філіп і Тамаш, Барталамей і Мацвей, Якуб Алфееў, Сымон Зелот і Юда Якубаў.

Яны ўсе аднадушна трывалі ў малітве і прашэнні разам з жанчынамі і Марыяй, Маці Ісуса, ды братамі Яго.
 
Усе яны аднадушна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, маці Езуса, і з братамі Ягонымі.

У тыя дні, устаўшы пасярод братоў, — а там была грамада людзей каля ста дваццаці чалавек, — Пётра сказаў:
 
У тыя дні Пётр стаў сярод вучняў, а сабралася разам каля ста дваццаці чалавек, і сказаў:

«Мужы браты, здзейснілася тое, што ў Пісанні прадказаў Дух Святы вуснамі Давіда пра Юду, які быў правадыром тых, што ўзялі Ісуса,
 
«Браты, належала споўніцца словам Пісання, якія Дух Святы прадказаў вуснамі Давіда пра Юду, стаўшага правадыром для тых, хто схапіў Езуса.

што ён быў залічаны да нас і быў прызначаны яму ўдзел у гэтым служэнні.
 
Бо ён быў залічаны да нас і атрымаў удзел у тым самым служэнні.

Ён, вось, атрымаў зямлю як узнагароду за злачынства і, рынуўшыся, раздзёрся напалам, ды вылілася ўсё нутро яго.
 
За плату беззаконня ён набыў поле, калі ўпаў ніцма, трэснуў пасярэдзіне, і вывалілася ўсё яго нутро.

І гэта стала вядома ўсім жыхарам Ерузаліма, так што гэтае поле на іх мове было названа Гакельдама, гэта значыць «Поле Крыві».
 
Даведаліся пра гэта ўсе жыхары Ерузалема, таму поле гэтае на іх уласнай мове было названа Акелдама, што значыць «поле крыві».

Бо ў Кнізе псальмаў напісана: “Хай яго панадворак будзе пустым, ды хай ніхто на ім не жыве”, і: “Хай служэнне яго атрымае хто іншы”.
 
Бо ў кнізе Псальмаў напісана: «Няхай апусцее жыллё ягонае і няхай не будзе жыхароў у ім». І яшчэ: «Пасаду ягоную няхай зойме іншы».

Дык трэба, каб адзін з тых мужоў, што з намі хадзілі ўвесь час, пакуль уваходзіў і выходзіў з намі Госпад Ісус,
 
Таму трэба, каб з тых мужоў, якія былі з намі ўвесь час, калі заставаўся з намі Пан Езус,

пачынаючы ад Янавага хросту аж да дня, у які Ён быў узяты ад нас, каб стаўся адзін з іх разам з намі сведкам уваскрэсення Яго».
 
пачынаючы ад Янавага хросту аж да дня, калі Ён быў забраны ад нас на неба, адзін стаў разам з намі сведкам Яго ўваскрасення».

І прызначылі двух: Язэпа, называнага Барсабам, па мянушцы Справядлівы, ды Мацея.
 
І паставілі двух: Юзафа, якога звалі Барсабам, а празывалі Юстам, і Мацея.

І ў малітве прасілі: «Ты, Госпадзе, што ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы, якога аднаго з гэтых двух выбраў
 
Памаліўшыся, сказалі: «Ты, Пане, ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў,

заняць месца той паслугі і Апостальства, ад якога адступіўся Юда, каб адысці на сваё месца».
 
каб ён заняў месца ў гэтым служэнні і апостальстве, ад якога адышоў Юда, каб пайсці ў сваё месца».

І кінулі між імі жэрабя, і жэрабя выпала на Мацея, і ён быў далучаны да адзінаццаці Апосталаў.
 
Калі далі ім лёсы, выпаў лёс на Мацея, і ён быў далучаны да адзінаццаці Апосталаў.