Дзеі 20 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Калі забурэнне сціхла, Паўла, паклікаўшы вучняў і падбадзёрыўшы іх, развітаўся і выправіўся, каб ісці ў Мацэдонію.
Калі сунялося хваляванне, Павел склікаў вучняў і, падбадзёрыўшы іх, развітаўся з імі ды адправіўся ў Македонію.
Калі ж прайшоў тыя мясціны і ўмацаваў іх многімі словамі, прыбыў у Грэцыю.
Прайшоўшы праз гэтыя мясціны і заахвоціўшы многімі словамі, прыйшоў у Грэцыю.
І, калі прабыў там тры месяцы, то юдэі ўчынілі супраць яго змовы, дык ён сабраўся плыць у Сірыю, і меў намер вяртацца праз Мацэдонію.
Прабыў ён там тры месяцы. Калі захацеў адплысці ў Сірыю, юдэі ўчынілі супраць яго змову, таму ён вырашыў вяртацца праз Македонію.
Праводзілі яго Сапатэр з Бэрэі, Арыстарх і Секунд з Тэсалонікі, і Гай з Дэрбы, і Цімафей, а з азійцаў — Тыхік і Трафім.
Яго суправаджалі Сапатэр, сын Піра, з Бэрэі, Арыстарх і Сэкунд з тэсаланікійцаў, а таксама Гай з Дэрбэ і Цімафей, Тыхік і Трафім з Азіі.
Яны пайшлі наперад ды чакалі нас у Траадзе,
Яны пайшлі наперад і чакалі нас у Траадзе.
а мы паплылі з Піліпаў па свяце праснакоў ды цераз пяць дзён прыйшлі да іх у Трааду, дзе прабылі сем дзён.
А мы адплылі з Філіпаў пасля свята Праснакоў і праз пяць дзён прыбылі адтуль у Трааду, дзе правялі сем дзён.
У першы дзень пасля суботы, калі сабраліся вучні на ламанне хлеба, Паўла, які назаўтра меў выбрацца ў дарогу, гутарыў з імі ды зацягнуў прамову да поўначы.
У першы дзень пасля шабату, калі мы сабраліся на ламанне хлеба, Павел прамовіў да іх, бо збіраўся зранку адысці, і зацягнуў сваю прамову да поўначы.
І многа светачаў гарэла ў святліцы, дзе былі мы сабраны.
У святліцы, дзе мы сабраліся, было шмат свяцільнікаў.
А адзін юнак, на імя Яўтых, сядзеў на акне, і забыўся глыбокім сном, бо Паўла доўга гаварыў, і, змораны сном, зваліўся з трэцяга паверха ўніз, і паднялі яго мёртвага.
Адзін юнак, па імені Эўтых, які сядзеў на акне, глыбока заснуў, калі Павел доўга гаварыў. Урэшце, змораны сном, ён зваліўся з трэцяга паверху, і яго паднялі мёртвым.
Тады Паўла сышоў на ніз, прыпаў да яго і, абняўшы яго, сказаў: «Не трывожцеся, бо душа яго ў ім».
Павел, спусціўшыся, прытуліў яго і сказаў: «Не трывожцеся, бо душа яго ў ім!»
І, узышоўшы наверх, ламаў хлеб і еў, а потым навучаў яшчэ доўга, аж да світання, а потым выбраўся ў дарогу.
Затым падняўшыся, ён ламаў хлеб і спажываў, і яшчэ доўга прамаўляў да самай раніцы, а пасля адышоў.
А юнака прывялі жывога на вялікую ўсіх радасць.
А юнака павялі жывым і на радасць многім.
Мы ж, сеўшы на карабель, паплылі ў Ас, адкуль мелі ўзяць Паўлу, бо ён так загадаў, хочучы сам ісці пехатой.
Мы ж селі раней на карабель і паплылі ў Асас, каб забраць адтуль Паўла, бо ён так загадаў, пажадаўшы ісці пехатою.
Калі пераняў нас у Асе, узяўшы яго, мы адправіліся ў Мітылену
Калі ж ён сустрэўся з намі ў Асасе, мы забралі яго і прыбылі ў Мітылену.
і, адплыўшы адтуль, апынуліся назаўтра насупраць Хіёса, а наступнага дня прыбылі ў Самос і, пабыўшы ў Трагілеце, на наступны дзень дабраліся да Мілета,
Адплыўшы адтуль, мы назаўтра прысталі насупраць Хіёса, на другі дзень накіраваліся ў Самас, а на наступны — прыбылі ў Мілет,
бо Паўла вырашыў абмінуць Эфес, каб не было яму затрымкі ў Азіі, бо спяшаўся па магчымасці адзначыць Пяцідзесятніцу ў Ерузаліме.
бо Павел вырашыў абмінуць Эфес, каб не марнаваць час у Азіі. Ён спяшаўся, каб па магчымасці прыбыць у Ерузалем на дзень Пяцідзясятніцы.
З Мілета паслаўшы ў Эфес, склікаў ён старэйшых царквы.
Паслаўшы з Мілета ў Эфес, Павел паклікаў старэйшын Касцёла.
А калі яны прыйшлі да яго, сказаў ім: «Вы ведаеце, якім я быў між вамі ад першага дня, калі прыбыў у Азію, ды ўвесь час,
А калі яны прыйшлі да яго, сказаў ім: «Вы ведаеце, што з першага дня майго прыходу ў Азію, я ўвесь час быў з вамі.
служачы Госпаду з усёй пакораю, і ў многіх слязах, і ў выпрабаваннях, якія напаткалі мяне з прычыны подступаў юдэйскіх;
Служыў Пану з усёй пакораю і ў слязах ды сярод выпрабаванняў, якія сустрэлі мяне з-за подступаў юдэйскіх.
як я нічога не прапусціў карыснага, каб вам не абвясціць, ды вучыў вас публічна і па дамах,
Я не мінаў нічога карыснага, пра што б ні абвяшчаў і чаму б ні вучыў вас публічна і па дамах,
сведчучы як юдэям, так і грэкам навярнуцца да Бога і верыць Госпаду нашаму Ісусу Хрысту.
даючы сведчанне юдэям і грэкам пра навяртанне да Бога і пра веру ў Пана нашага Езуса.
І вось, цяпер я, прынуканы Духам, іду ў Ерузалім, не ведаючы, што мяне там напаткае.
Цяпер, прымушаны Духам, я іду ў Ерузалем, не ведаючы, што мяне там сустрэне,
У адным толькі запэўнівае мяне Дух Святы ва ўсіх гарадах, кажучы, што чакаюць мяне путы і гора.
апроч таго, што Дух Святы ў кожным горадзе сведчыць, кажучы, што чакаюць мяне кайданы і ўціск.
Але я не дбаю лішне пра сваю душу, абы толькі ў радасці завяршыць шлях мой і служэнне, якое атрымаў ад Госпада Ісуса: сведчыць пра Евангелле ласкі Божай.
Але маё жыццё для мяне не вартае нічога. Толькі б скончыў бег свой і служэнне, якое прыняў ад Пана Езуса, каб даць сведчанне пра Евангелле Божай ласкі.
І цяпер, вось, ведаю, што ўжо больш не ўбачыце вобліку майго вы ўсе, з якімі я сустракаўся, прапаведуючы Валадарства Божае.
Цяпер я ведаю, што вы ўсе, сярод якіх я хадзіў, кажучы пра Валадарства, больш не ўбачыце мяне.
Дзеля таго запэўніваю вас сёння, што я чысты ад крыві ўсіх,
Таму сёння сведчу вам, што я чысты ад крыві ўсіх,
бо я не ўхіляўся, каб прапаведаваць вам усю волю Божую.
бо не ўхіляўся я ад абвяшчэння вам усёй Божай волі.
Зважайце ж на сябе і на ўвесь статак, над якім паставіў вас Дух Святы епіскапамі, каб пасвіць царкву Бога, якую Ён здабыў Сваёй Крывёй.
Зважайце на сябе і на ўвесь статак, у якім Дух Святы паставіў вас біскупамі, каб вы пасвілі Касцёл Божы, які Ён прыдбаў уласнай крывёю.
Бо я ведаю, што па маім зыходзе ўварвуцца да вас лютыя ваўкі, якія не пашкадуюць статка,
Ведаю, што пасля майго адыходу ўвойдуць да вас лютыя ваўкі, якія не пашкадуюць статка.
ды паміж вас саміх знойдуцца людзі, што будуць прамаўляць адваротнае, каб пацягнуць за сабой вучняў.
І з вас саміх паўстануць людзі, якія будуць казаць падступна, каб пацягнуць за сабою вучняў.
Таму чувайце, памятаючы, што я на працягу трох гадоў днём і ўночы не пераставаў са слязамі настаўляць кожнага з вас.
Таму чувайце, памятаючы, што я тры гады ўдзень і ўначы не пераставаў вучыць кожнага з вас са слязьмі.
І цяпер, браты, даручаю вас Богу ды слову ласкі Яго, якое мае магутнасць збудаваць ды даць вам спадчыну з усімі святымі.
А сёння даручаю вас Богу і слову Ягонай ласкі, якое можа вас умацаваць і даць спадчыну між усіх асвячаных.
Не квапіўся я ні на чыё срэбра, ані на золата, ані на адзенне.
Ні срэбра, ні золата, ні вопраткі я ні ад кога не пажадаў.
Самі ж ведаеце, што гэтыя рукі зараблялі на тое, што было патрэбна мне і тым, што са мною.
Самі ведаеце, што гэтыя рукі служылі патрэбам маім і тых, хто быў са мною.
Ва ўсім паказваў я вам, што, так працуючы, трэба ўспамагаць нядужым і памятаць словы Госпада Ісуса, Які казаў: “Шчаслівей даваць, чым браць”».
Ва ўсім я паказаў вам, што, так працуючы, трэба дапамагаць слабым, памятаючы словы Пана Езуса, якія Ён сказаў: “Больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць!”».
Па гэтых словах упаўшы на калені свае, маліўся разам з усімі.
Сказаўшы гэта, ён укленчыў і маліўся разам з імі ўсімі.
І стаўся плач вялікі паміж усіх, і кідаліся Паўлу на шыю ды цалавалі яго,
Тады ўсе ўзнялі вялікі плач, кідаліся Паўлу на шыю і цалавалі яго.
сумуючы вельмі з-за слова, якое ён сказаў, што больш не ўбачаць вобліку яго. І правялі яго да карабля.
Найбольш смуткавалі з-за слова, якое ён сказаў, што ўжо не ўбачаць яго. І праводзілі яго да карабля.