Дзеі 22 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

«Мужы браты і бацькі, паслухайце, што я вам цяпер скажу ў сваё апраўданне».
 
«Браты і айцы, цяпер паслухайце маё апраўданне перад вамі».

Пачуўшы, што ён гаворыць на гебрайскай мове, яны тым больш сціхлі. Ён жа сказаў:
 
Пачуўшы, што ён гаворыць з імі на габрэйскай мове, яшчэ больш суцішыліся. А ён сказаў:

«Я — юдэй, народжаны ў Тарсе, з Цыліцыі, выгадаваны ў гэтым горадзе, ля ног Гамаліэля атрымаў руплівае навучанне ў праўдзе айцоўскага закону, шчыры паслугач Бога, як і вы ўсе сёння.
 
«Я — юдэй, нарадзіўся ў Тарсе, што ў Цыліцыі, але выхаваны ў гэтым горадзе, каля ног Гамаліэля, навучаны старанна Закону айцоў, руплівец Божы, як і ўсе вы сёння.

Пераследаваў я гэты шлях аж да смерці, звязваючы і кідаючы ў вязніцы мужчын і жанчын,
 
Я бязлітасна пераследаваў гэты шлях, звязваў і кідаў у вязніцу мужчын і жанчын,

што могуць засведчыць пра мяне першасвятар і цэлая рада. Ад іх атрымаўшы лісты да братоў, я направіўся ў Дамаск, каб тых, што былі там, увязніўшы, прывесці ў Ерузалім для пакарання.
 
як засведчаць пра мяне першасвятар і ўсё старшынства. Атрымаўшы ад іх лісты, я пайшоў да братоў у Дамаск, каб тых, што былі там, звязаць і прывесці ў Ерузалем для пакарання.

І здарылася, калі я ішоў і набліжаўся да Дамаска, апоўдні раптам агарнула мяне вялікае святло з неба.
 
Калі я быў у дарозе і набліжаўся да Дамаска, раптам каля поўдня заззяла вакол мяне вялікае святло з неба.

І я ўпаў на зямлю, і пачуў голас, які казаў мне: “Саўле, Саўле, чаму ты пераследуеш Мяне?”
 
Я ўпаў на зямлю і пачуў голас, які казаў мне: “Саўле, Саўле, чаму ты пераследуеш Мяне?”

А я адказаў: “Хто Ты, Госпадзе?” Ён сказаў мне: “Я — Ісус Назарэй, Якога ты пераследуеш”.
 
Я адказаў: “Хто Ты, Пане?” Ён адказаў мне: “Я — Езус Назаранін, якога Ты пераследуеш”.

Тыя ж, што былі са мною, бачылі, праўда, святло і перапалохаліся, але голасу Таго, Які гаварыў са мной, не чулі.
 
Тыя, хто быў са мною, бачылі святло, але не чулі голасу таго, хто гаварыў са мною.

Дык я сказаў: “Што маю рабіць, Госпадзе?” Госпад жа сказаў мне: “Устань і ідзі ў Дамаск, ды там скажуць усё, што табе прызначана рабіць”.
 
Тады я сказаў: “Што мне рабіць, Пане?” А Пан сказаў мне: “Устань і ідзі ў Дамаск, там будзе сказана табе пра ўсё, што трэба рабіць”.

І як я аслеп ад яркасці таго святла, дык, ведзены за руку таварышамі, прыбыў у Дамаск.
 
Паколькі я перастаў бачыць ад бляску таго святла, мае спадарожнікі прывялі мяне за руку ў Дамаск.

І нейкі Ананія, чалавек пабожны паводле закону, пра што сведчалі усе юдэі, якія жылі там,
 
Нейкі Ананія, чалавек пабожны паводле Закону, пра якога добра сведчылі ўсе жыхары Юдэі,

прыбыўшы да мяне і падышоўшы, сказаў мне: “Саўле, браце, праглянь!” І я ў тую ж хвіліну ўбачыў яго.
 
прыйшоў да мяне і, стаўшы, сказаў мне: “Браце Саўле, будзь зноў відушчым!” І ў той жа момант я ўбачыў яго.

А ён сказаў: “Бог бацькоў нашых прадвыбраў цябе, каб пазнаў ты волю Яго і ўбачыў Справядлівага, ды пачуў голас з вуснаў Яго,
 
Ён жа сказаў: “Бог айцоў нашых прадвызначыў цябе, каб ты пазнаў волю Ягоную, убачыў Справядлівага і пачуў голас з вуснаў Ягоных,

бо будзеш сведкам Яму перад усім народам пра тое, што ты бачыў і чуў.
 
бо ты будзеш Яго сведкам перад усімі людзьмі ў тым, што ты бачыў і чуў.

Дык чаму ж ты цяпер марудзіш? Прымі хрост і абмый грахі твае, прызваўшы імя Госпада”.
 
А цяпер чаго ты марудзіш? Устань, ахрысціся і змый грахі свае, паклікаўшы Яго імя”.

І сталася, калі вярнуўся я ў Ерузалім і маліўся ў святыні, апынуўся ў захапленні
 
Калі я вярнуўся ў Ерузалем і маліўся ў святыні, мяне агарнула захапленне.

і ўбачыў Яго, як Ён мне казаў: “Паспяшайся і выйдзі хутчэй з Ерузаліма, бо не прымуць твайго сведчання пра Мяне”.
 
Я ўбачыў Яго, а Ён казаў мне: “Паспяшайся і выйдзі хутчэй з Ерузалема, бо не прымуць твайго сведчання пра Мяне”.

Я ж сказаў: “Госпадзе, яны ж ведаюць, што я тых, што верылі ў Цябе, замыкаў у вязніцах і бічаваў у сінагогах;
 
І я сказаў: “Пане, яны ведаюць, што я кідаў у вязніцу і біў у сінагогах тых, хто верыць у Цябе.

а калі пралівана была кроў Сцяпана, сведкі Твайго, і я ўдзельнічаў, і згаджаўся з забойствам яго, ды пільнаваў адзенне забойцаў яго”.
 
А калі пралівалася кроў Стэфана, Твайго сведкі, я сам стаяў побач і згаджаўся з яго забойствам, і сцярог адзенне ягоных забойцаў.

Ён жа сказаў мне: “Ідзі, бо Я цябе пашлю далёка да паганаў”».
 
Але Пан сказаў мне: “Ідзі, Я пашлю цябе далёка, да язычнікаў”».

І слухалі яны яго да гэтых слоў, і закрычалі, кажучы: «Вынішчы з зямлі такога, бо яму нельга жыць!»
 
Да гэтага слова слухалі яго, а пасля ўзнялі крык, кажучы: «Прэч яго з зямлі, бо такі не мае права жыць!»

А калі яны крычалі, і махалі адзеннем сваім, і кідалі пясок у паветра,
 
Калі яны з крыкам рвалі адзенне і ўздымалі пыл у паветра,

трыбун загадаў завесці яго ў крэпасць, кажучы бічаваннем дазнацца, з якой прычыны так крычаць на яго.
 
тысячнік загадаў адвесці яго ў крэпасць і праз бічаванне даведацца, з якой прычыны так крычалі супраць яго.

І, калі яго звязалі рамянямі, Паўла сказаў сотніку, што стаяў побач: «Ці дазволена вам без суда бічаваць грамадзяніна рымскага?»
 
Але калі расцягнулі яго для бічавання, Павел сказаў сотніку: «Хіба дазволена вам без суда бічаваць рымляніна?»

Пачуўшы гэта, сотнік пайшоў да трыбуна і паведаміў яму, кажучы: «Глядзі, што ты думаеш рабіць? Гэты ж чалавек — рымлянін».
 
Пачуўшы гэта, сотнік пайшоў і паведаміў тысячніку, кажучы: «Што ты збіраешся рабіць? Гэта ж рымлянін».

Трыбун падышоў і сказаў яму: «Скажы мне, ці ты — рымлянін?» Ён жа сказаў: «Так».
 
Тады тысячнік, падышоўшы да яго, спытаўся: «Скажы мне, ты рымскі грамадзянін?» Ён адказаў: «Так».

Трыбун адказаў: «Я за вялікую суму здабыў гэтае грамадзянства». А Паўла гаворыць: «Я маю яго ад нараджэння».
 
Тысячнік сказаў: «Я за вялікія грошы набыў гэтае грамадзянства». Павел сказаў: «А я нарадзіўся ў ім».

Адразу таму адышлі ад яго тыя, што меліся дапытваць яго. А трыбун спалохаўся, як даведаўся, што Паўла — рымлянін, а ён яго звязаў.
 
Тады адразу адступіліся ад яго тыя, што хацелі дапытаць яго, а тысячнік спалохаўся, калі даведаўся, што ён загадаў звязаць рымскага грамадзяніна.

На другі дзень, хочучы лепш даведацца, з якой прычыны вінавацяць яго юдэі, ён вызваліў яго ад кайданоў, ды загадаў прыйсці першасвятарам і ўсёй радзе, і, прывёўшы Паўлу, паставіў яго перад імі.
 
На другі дзень, жадаючы дакладна ведаць, у чым юдэі абвінавачваюць Паўла, вызваліў яго і загадаў сабрацца першасвятарам і ўсяму Сінэдрыёну. Потым прывёў Паўла і паставіў перад імі.