Дзеі 22 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Мужчыны, браты і ба́цькі! выслухайце цяпер маё апраўданьне перад вамі.
«Браты і айцы, цяпер паслухайце маё апраўданне перад вамі».
Пачуўшы ж, што гаворыць да іх у жыдоўскай мове, (яны) яшчэ больш усьцішыліся. А (ён) кажа:
Пачуўшы, што ён гаворыць з імі на габрэйскай мове, яшчэ больш суцішыліся. А ён сказаў:
я ёсьць жыд, народжаны ў Тарсе Кілікійскім, узгадава́ны ў месту гэтым ля ног Гамаліэля, рупліва навучаны закону ба́цькаўскаму, раўніцель Бога, як вы ўсе сягоньня.
«Я — юдэй, нарадзіўся ў Тарсе, што ў Цыліцыі, але выхаваны ў гэтым горадзе, каля ног Гамаліэля, навучаны старанна Закону айцоў, руплівец Божы, як і ўсе вы сёння.
Шлях гэты я перасьледаваў ажно да сьмерці, вяжучы і аддаючы ў вязьніцы і мужчын і жанчын;
Я бязлітасна пераследаваў гэты шлях, звязваў і кідаў у вязніцу мужчын і жанчын,
як і сьведчыць аба мне архірэй ды ўсе ста́ршыя: ад якіх (я), узяўшы пíсьмы да братоў, пайшоў у Дамаск; каб і быўшых там прывесьці зьвязаных у Ярузалім дзеля пакараньня.
як засведчаць пра мяне першасвятар і ўсё старшынства. Атрымаўшы ад іх лісты, я пайшоў да братоў у Дамаск, каб тых, што былі там, звязаць і прывесці ў Ерузалем для пакарання.
І сталася мне, як ішоў і падыходзіў да Дамаску, каля паўдня зьнячэўку агарнула мяне вялікае сьвятло зь неба.
Калі я быў у дарозе і набліжаўся да Дамаска, раптам каля поўдня заззяла вакол мяне вялікае святло з неба.
І паваліўся я на зямлю і пачуў голас, які гаварыў да мяне: Саўла, Саўла, чаму перасьледуеш Мяне?
Я ўпаў на зямлю і пачуў голас, які казаў мне: “Саўле, Саўле, чаму ты пераследуеш Мяне?”
Я ж адказаў: Хто Ты, Госпадзе? (Ён) сказаў да мяне: Я ёсьць Ісус Назарэй, Якога ты перасьледуеш.
Я адказаў: “Хто Ты, Пане?” Ён адказаў мне: “Я — Езус Назаранін, якога Ты пераследуеш”.
Тыя ж, што былí са мною, убачылі сьвятло і перапалохаліся; але Голасу, Які гаварыў да мяне, ня пачу́лі.
Тыя, хто быў са мною, бачылі святло, але не чулі голасу таго, хто гаварыў са мною.
І (я) сказаў: што (мне) зрабіць, Госпадзе? Госпад жа сказаў да мяне: устаўшы, ідзі да Дамаску; і там табе будзе ска́зана ўсё, што назна́чана табе зрабіць.
Тады я сказаў: “Што мне рабіць, Пане?” А Пан сказаў мне: “Устань і ідзі ў Дамаск, там будзе сказана табе пра ўсё, што трэба рабіць”.
А як я ад зьзяньня гэнага сьвятла ня бачыў, дык ведзены за руку́ быўшымі са мною прыйшоў у Дамаск.
Паколькі я перастаў бачыць ад бляску таго святла, мае спадарожнікі прывялі мяне за руку ў Дамаск.
Нейкі ж мужчына Гананя, пабожны паводля Закону, засьве́дчаны ўсімі тамтэйшымі жыдамі,
Нейкі Ананія, чалавек пабожны паводле Закону, пра якога добра сведчылі ўсе жыхары Юдэі,
прыйшоўшы да мяне і падыйшоўшы, сказаў мне: браце Саўле! будзь ізноў відушчым! І я адразу ўбачыў яго.
прыйшоў да мяне і, стаўшы, сказаў мне: “Браце Саўле, будзь зноў відушчым!” І ў той жа момант я ўбачыў яго.
Ён жа сказаў: Бог ба́цькаў нашых выбраў цябе, каб пазнаў (ты) Волю Ягоную і ўбачыў Справядлівага, і пачуў Голас з Вуснаў Ягоных,
Ён жа сказаў: “Бог айцоў нашых прадвызначыў цябе, каб ты пазнаў волю Ягоную, убачыў Справядлівага і пачуў голас з вуснаў Ягоных,
бо будзеш (ты) сьведкай Яму перад усімі людзьмі аб тым, што ўбачыў і пачуў.
бо ты будзеш Яго сведкам перад усімі людзьмі ў тым, што ты бачыў і чуў.
Дык чаго ж марудзіш цяпер? Устаўшы, ахрысьціся і змый грахі твае, прызваўшы Імя Госпада.
А цяпер чаго ты марудзіш? Устань, ахрысціся і змый грахі свае, паклікаўшы Яго імя”.
І здарылася мне, як вярнуўся я ў Ярузалім і маліўся ў Сьвятыні, апынуўся я ў захапленьні
Калі я вярнуўся ў Ерузалем і маліўся ў святыні, мяне агарнула захапленне.
і ўбачыў Яго, мовячы да мяне: пасьпяшайся і выйдзі хутчэй зь Ярузаліму, бо ня прыймуць сьведчаньня твайго аба Мне.
Я ўбачыў Яго, а Ён казаў мне: “Паспяшайся і выйдзі хутчэй з Ерузалема, бо не прымуць твайго сведчання пра Мяне”.
Я сказаў: Госпадзе, яны ведаюць, што я замыкаў у вязьніцах і бічаваў па сынагогах веручых у Цябе,
І я сказаў: “Пане, яны ведаюць, што я кідаў у вязніцу і біў у сінагогах тых, хто верыць у Цябе.
і калі пралівалася кроў Сьцяпана, сьведкі Твайго, дык я быў (там) стоячы і пахваляючы забойства ягонае і сьцярог вопраткі тых, што яго забівалі.
А калі пралівалася кроў Стэфана, Твайго сведкі, я сам стаяў побач і згаджаўся з яго забойствам, і сцярог адзенне ягоных забойцаў.
І сказаў да мяне: ідзі, бо Я далёка пашлю цябе да паганаў.
Але Пан сказаў мне: “Ідзі, Я пашлю цябе далёка, да язычнікаў”».
Да гэтага слова яго слухалі і паднялі голас свой, кажучы: зьнішчы зь зямлі такога! бо ня жыць яму!
Да гэтага слова слухалі яго, а пасля ўзнялі крык, кажучы: «Прэч яго з зямлі, бо такі не мае права жыць!»
А як яны крычалі і падкідалі вопраткі ды падкідалі пыл у паветра,
Калі яны з крыкам рвалі адзенне і ўздымалі пыл у паветра,
тысячнік загадаў весьці яго ў крэпасьць, сказаўшы бічаваць яго, каб даведацца дзеля якой прычыны гэтак крычалі проці яго.
тысячнік загадаў адвесці яго ў крэпасць і праз бічаванне даведацца, з якой прычыны так крычалі супраць яго.
Калі ж расьцягнулі яго рэмнямі, сказаў Паўла да стаяўшага сотніка: ці ж можна вам бічаваць чалавека, рымскага грамадзянíна, да таго ж ня засуджанага?
Але калі расцягнулі яго для бічавання, Павел сказаў сотніку: «Хіба дазволена вам без суда бічаваць рымляніна?»
Сотнік пачуўшы ды падыйшоўшы да тысячніка паведаміў, кажучы: глядзі, што (ты) хочаш зрабіць? бо гэты чалавек — рымскі грамадзянін.
Пачуўшы гэта, сотнік пайшоў і паведаміў тысячніку, кажучы: «Што ты збіраешся рабіць? Гэта ж рымлянін».
Прыйшоўшы ж тысячнік сказаў яму: скажы мне, ці ты рымскі грамадзянін? Ён жа сказаў: але́.
Тады тысячнік, падышоўшы да яго, спытаўся: «Скажы мне, ты рымскі грамадзянін?» Ён адказаў: «Так».
Тады тысячнік адказаў: я набыў гэтае грамадзянства за вялікія грошы. Паўла ж сказаў: а я і ўрадзіўся.
Тысячнік сказаў: «Я за вялікія грошы набыў гэтае грамадзянства». Павел сказаў: «А я нарадзіўся ў ім».
Дык ураз адступіліся ад яго тыя, што меліся выпытываць у яго. А тысячнік, даведаўшыся, што ён рымскі грамадзянін, спалохаўся, што зьвязаў яго.
Тады адразу адступіліся ад яго тыя, што хацелі дапытаць яго, а тысячнік спалохаўся, калі даведаўся, што ён загадаў звязаць рымскага грамадзяніна.
Назаўтрае ж хочучы даведацца напэўна за што абвінавачываюць (яго) жыды, зьняў зь яго кайданы і загадаў прыйсьці архірэям і ўсяму сынэдрыёну іхнаму, і, вывеўшы Паўлу паставіў (яго) перад імі.
На другі дзень, жадаючы дакладна ведаць, у чым юдэі абвінавачваюць Паўла, вызваліў яго і загадаў сабрацца першасвятарам і ўсяму Сінэдрыёну. Потым прывёў Паўла і паставіў перад імі.