Дзеі 24 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

А праз пяць дзён прыйшоў архірэй Гананя з старэйшынамі ды з нейкім рытарам Тэртуллам, якія выклалі правіцелю абвінава́чаньні супраць Паўлы.
 
Праз пяць дзён прыйшоў першасвятар Ананія з некаторымі старэйшынамі і нейкім прамоўцам Тэртулам, якія перад намеснікам скардзіліся на Паўла.

Калі ж ён (Паўла) быў пакліканы, Тэртулл пачаў (яго) вінаваціць, гаворачы: дазнаючы праз цябе вялікі супакой і дабрабыт, што аказаны народу гэтаму тваім адумам,
 
Калі ж яго паклікалі, Тэртул пачаў абвінавачваць, кажучы: «Дзякуючы табе мы дасягнулі вялікага спакою і для народу гэтага добрыя рэчы сталіся праз тваю абачлівасць.

заўсёды і ўсюды прымаем (гэта), вяльможны Хвэліксе, з усёю ўдзячнасьцяй.
 
Мы заўсёды і ўсюды прызнаём гэта, дастойны Фелікс, з усёй удзячнасцю.

Але, каб табе шмат ня дакучаць, прашу цябе коратка выслухаць нас (паводля) ласкавасьці тваёй.
 
Але каб занадта не турбаваць цябе, прашу: будзь ласкавы коратка выслухаць нас.

Бо знайшоўшы, што мужчына гэты (ёсьць) зараза, ды будзіцель бунту сярод усіх жыдоў на (усенькім) сьвеце і зачыншчык Назарэйскай гарэзіі,
 
Мы пераканаліся, што гэты чалавек — гэта зараза, і што ён выклікае неспакой сярод усіх юдэяў ва ўсім свеце і з’яўляецца правадыром секты назарэяў.

які і Сьвятыню спрабаваў зьняважыць, якога (мы) і схапілі і хацелі судзіць паводля нашага Закону.
 
Ён асмеліўся нават зняважыць святыню, і мы схапілі яго.

Але прыйшоў тысячнік Лізі (ды) зь вялікім гвалтам забраў (яго) із нашых рук,
 
[отсутсвует]

загадаўшы абвінаваўцам ягоным ісьці да цябе. Ад яго (ты) сам зможаш, расьследаваўшы, даведацца аб усім тым, у чым мы вінавацім яго.
 
Ты можаш сам распытацца і давецацца ад яго пра ўсё, у чым мы яго вінавацім».

Пагадзіліся ж і жыды, пацьвярджаючы, што гэта так і ёсьць.
 
Юдэі таксама згодна пацвердзілі, што гэта так.

Паўла ж, як правіцель даў яму знак гаварыць, адказаў: многа гадоў зьяўляешся ты судзьдзёю народу гэтага, ведаючы гэта, я буду сьмела бараніцца ў (справе) маёй.
 
Тады намеснік даў слова Паўлу, і той сказаў: «Ведаю, што шмат гадоў ты з’яўляешся суддзёю гэтага народу, таму я буду смела бараніцца.

Ты можаш даведацца, што ня больш як дванаццаць дзён назад, прыйшоў я пакланіцца ў Ярузалім.
 
Ты можаш даведацца, што не больш за дванаццаць дзён таму я прыйшоў у Ерузалем пакланіцца Богу.

І ані ў Сьвятыні, ані ў сынагогах, ані ў месту ня знайшлі мяне, хоць з кім спрачаючыся ці бунтуючы народ,
 
Ні ў святыні, ні ў сінагогах, ні ў горадзе яны не чулі, каб я спрачаўся з кім-небудзь ці падбухторваў натоўп.

і ня могуць даказаць адносна мяне таго, у чым цяпер вінавацяць мяне.
 
Таму не могуць даказаць табе таго, у чым цяпер абвінавачваюць мяне.

А ў тым прызнаюся табе, што на шляху, які (яны) называюць гарэзіяй, я служу гэтак Богу ба́цькаў, веручы ўсяму, што згодна з Законам і напісана ў Прарокаў,
 
Але прызнаюся табе, што згодна са шляхам, які яны называюць сектай, я служу Богу айцоў, верачы ва ўсё, што напісана ў Законе і ў Прарокаў,

маючы надзею на Бога, што мае быць ускрасеньне мёртвых, і праведных і няправедных, чаго і самі яны чакаюць.
 
і маючы надзею на Бога, што будзе ўваскрашэнне як справядлівых, так і несправядлівых, чаго яны і самі чакаюць.

Пагэтаму я і сам (моцна) стараюся мець заўсёды чыстае сумленьне перад Богам і людзьмі.
 
Таму я таксама руплюся, каб заўсёды мець бездакорнае сумленне перад Богам і людзьмі.

Цераз многа гадоў прыйшоў я чыніць дораньні народу майму і ахвяры,
 
Пасля многіх гадоў я прыйшоў, каб падаць майму народу міласціну і прынашэнні.

(і) на гэтым знайшлі мяне ачышчаным у Сьвятыні нікаторыя жыды з Азіі, ня з натоўпам ды ня з узварушэньнем;
 
За гэтым знайшлі мяне ў святыні, калі я ачышчаўся, без натоўпу і шуму,

якім трэба было быць прад табою і вінаваціць (мяне), калі б нешта супраць мяне мелі.
 
нейкія юдэі з Азіі, якім трэба было б з’явіцца перад табою і абвінавачваць мяне, калі штосьці маюць супраць.

Або самі гэтыя няхай скажуць, ці знайшлі ўва мне які грэх, як я стаяў перад сынэдрыёнам,
 
Няхай гэтыя людзі самі скажуць, ці знайшлі ўва мне якое беззаконне, калі я стаяў перад Сінэдрыёнам.

апрача аднаго гэнага голасу, што (я) крыкнуў, стоючы сярод іх: за ўскрасеньне мёртвых сёньня я судзімы вамі.
 
Хіба толькі тое, што я выкрыкнуў, стоячы сярод іх: “За ўваскрашэнне памерлых я сёння на судзе перад вамі!”».

Пачуўшы ж гэтае Хвэлікс адклаў (справу) іхнюю, сказаўшы: як прыйдзе тысячнік Лізі, дакладней разьведаўшы аб шляху гэтым, разгледжу справу вашую.
 
Выслухаўшы гэта, Фелікс адклаў іх справу, бо дакладна быў знаёмы з тым, што датычыла іх шляху, сказаўшы: «Калі прыбудзе тысячнік Лізій, разгледжу вашу справу».

І загадаў сотніку сьцерагчы Паўлу і ня абмяжоўваць яго, і ня забараняць нікому зь ягоных блізкіх служыць яму ці прыходзіць да яго.
 
А сотніку загадаў пільнаваць Паўла, пакідаючы, аднак, яму пэўную свабоду і не забараняючы нікому з яго блізкіх прыслугоўваць яму.

А праз некалькі дзён Хвэлікс прыйшоўшы з Друзіллаю, жонкаю сваёю, што была жыдоўка, паклікаў Паўлу і слухаў яго аб веры ў Хрыста.
 
Праз некалькі дзён Фелікс прыйшоў са сваёй жонкай Друзілай, якая была юдэйкай, паклікаў Паўла і слухаў яго пра веру ў Езуса Хрыста.

А як той гаварыў аб справядлівасьці і ўзьдзяржаньні ды аб судзе, што мае быць, дык Хвэлікс, спалохаўшыся, адказаў: цяпер (годзе), ідзі, як выбяру час паклічу цябе.
 
А паколькі ён расказваў пра справядлівасць, стрыманасць і будучы суд, Фелікс, напоўнены страхам, сказаў: «Цяпер ідзі, у адпаведны час паклічу цябе».

І ў той жа час спадзяваўся, што дастане грошы ад Паўлы, каб звольніў яго, дык часта заклікаючы яго гутарыў зь ім.
 
Ён таксама спадзяваўся, што Павел дасць яму грошай, таму часта клікаў яго і размаўляў з ім.

А як споўніліся два гады, Хвэлікс прыняў заступніка, Поркія Хвэста; жадаючы ж зьявіць ласку да жыдоў Хвэлікс пакінуў Паўлу ў путах.
 
Але праз два гады на месца Фелікса прыбыў Порцый Фэст. Каб дагадзіць юдэям, Фелікс пакінуў Паўла ў зняволенні.