Дзеі 24 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

А праз пяць дзён прыйшоў першасвята́р Ана́нія са старэ́йшынамі і з нейкім ры́тарам Тэрту́лам, якія зрабілі зая́ву правíцелю су́праць Паўла.
 
Праз пяць дзён прыйшоў першасвятар Ананія з некаторымі старэйшынамі і нейкім прамоўцам Тэртулам, якія перад намеснікам скардзіліся на Паўла.

Калі ж яго паклíкалі, Тэрту́л пачаў абвінава́чваць, ка́жучы:
 
Калі ж яго паклікалі, Тэртул пачаў абвінавачваць, кажучы: «Дзякуючы табе мы дасягнулі вялікага спакою і для народу гэтага добрыя рэчы сталіся праз тваю абачлівасць.

вялікага міру мы дасягну́лі дзя́куючы табе і паляпшэ́нняў, якія робяцца для народа гэтага дзя́куючы твайму клопату, і мы ва ўсім і ўсюды прыма́ем гэта, высокашано́ўны Фе́лікс, з усёй удзя́чнасцю;
 
Мы заўсёды і ўсюды прызнаём гэта, дастойны Фелікс, з усёй удзячнасцю.

але, каб моцна не дакуча́ць табе, прашу цябе вы́слухаць нас коратка з уласцíвай табе добразычлíвасцю;
 
Але каб занадта не турбаваць цябе, прашу: будзь ласкавы коратка выслухаць нас.

вы́явіўшы, што чалавек гэты — зара́за, і ўздыма́е бунт сярод усіх Іудзеяў, якія жывуць у свеце, і з’яўля́ецца правадыро́м Назарэ́йскай е́расі,
 
Мы пераканаліся, што гэты чалавек — гэта зараза, і што ён выклікае неспакой сярод усіх юдэяў ва ўсім свеце і з’яўляецца правадыром секты назарэяў.

які і храм нава́жыўся апага́ніць, мы затрыма́лі яго і хацелі судзíць паводле нашага закону;
 
Ён асмеліўся нават зняважыць святыню, і мы схапілі яго.

але прыйшоў тысячанача́льнік Лíсій і з вялікай сілаю забраў яго з рук нашых,
 
[отсутсвует]

загада́ўшы абвінава́ўцам яго ісці да цябе; ад яго ты можаш сам, распыта́ўшы, даве́дацца пра ўсё, у чым мы абвінава́чваем яго.
 
Ты можаш сам распытацца і давецацца ад яго пра ўсё, у чым мы яго вінавацім».

І Іудзеі згадзíліся і пацве́рдзілі, што гэта так.
 
Юдэі таксама згодна пацвердзілі, што гэта так.

Павел жа, калі правíцель даў яму знак гавары́ць, адказаў: ве́даючы, што ты многа гадоў з’яўля́ешся справядлíвым суддзёй народа гэтага, я ахво́тней бу́ду гавары́ць у абаро́ну маёй справы;
 
Тады намеснік даў слова Паўлу, і той сказаў: «Ведаю, што шмат гадоў ты з’яўляешся суддзёю гэтага народу, таму я буду смела бараніцца.

ты можаш даве́дацца, што не больш як двана́ццаць дзён таму я прыйшоў у Іерусалім для паклане́ння;
 
Ты можаш даведацца, што не больш за дванаццаць дзён таму я прыйшоў у Ерузалем пакланіцца Богу.

і ні ў храме яны не знайшлі мяне, каб я з кім-небудзь спрача́ўся ці ўздыма́ў бунт нато́ўпу, ні ў сінагогах, ні ў горадзе,
 
Ні ў святыні, ні ў сінагогах, ні ў горадзе яны не чулі, каб я спрачаўся з кім-небудзь ці падбухторваў натоўп.

і яны не могуць даказа́ць таго, у чым абвінава́чваюць мяне;
 
Таму не могуць даказаць табе таго, у чым цяпер абвінавачваюць мяне.

але прызнаю́ся табе ў тым, што паво́дле вучэ́ння, якое яны называ́юць е́рассю, я сапраўды́ служу́ Богу айцоў, ве́руючы ўсяму, напíсанаму ў законе і прароках,
 
Але прызнаюся табе, што згодна са шляхам, які яны называюць сектай, я служу Богу айцоў, верачы ва ўсё, што напісана ў Законе і ў Прарокаў,

ма́ючы надзе́ю на Бога, якую і са́мі яны падзяля́юць, што будзе ўваскрасе́нне мёртвых, пра́ведных і няпра́ведных;
 
і маючы надзею на Бога, што будзе ўваскрашэнне як справядлівых, так і несправядлівых, чаго яны і самі чакаюць.

таму і сам намага́юся заўсёды мець бездако́рнае сумле́нне перад Богам і людзьмí;
 
Таму я таксама руплюся, каб заўсёды мець бездакорнае сумленне перад Богам і людзьмі.

пасля многіх гадо́ў я прыйшоў, каб даста́віць мíласціну для народа майго і прынашэ́нні;
 
Пасля многіх гадоў я прыйшоў, каб падаць майму народу міласціну і прынашэнні.

пры гэтым і знайшлí мяне, ачы́шчанага ў храме, без народу і без шу́му,
 
За гэтым знайшлі мяне ў святыні, калі я ачышчаўся, без натоўпу і шуму,

нейкія Асíйскія Іудзеі, якім трэба было́ б з’явíцца перад табою і абвінава́чваць мяне, калі б што ме́лі су́праць мяне;
 
нейкія юдэі з Азіі, якім трэба было б з’явіцца перад табою і абвінавачваць мяне, калі штосьці маюць супраць.

альбо са́мі гэтыя няхай скажуць, якую яны знайшлі ўва мне няпра́веднасць, калі я стаяў перад сінедрыёнам,
 
Няхай гэтыя людзі самі скажуць, ці знайшлі ўва мне якое беззаконне, калі я стаяў перад Сінэдрыёнам.

хіба́ адны толькі словы, якія я гучна прамовіў, сто́ячы сярод іх, што за вучэнне пра ўваскрасе́нне мёртвых вы сёння су́дзіце мяне.
 
Хіба толькі тое, што я выкрыкнуў, стоячы сярод іх: “За ўваскрашэнне памерлых я сёння на судзе перад вамі!”».

Вы́слухаўшы гэта, Фелікс адклаў іх справу, ве́даючы дакла́дней пра гэтае вучэ́нне, і сказаў: калі прыйдзе тысячанача́льнік Лíсій, я буду разгляда́ць вашу справу.
 
Выслухаўшы гэта, Фелікс адклаў іх справу, бо дакладна быў знаёмы з тым, што датычыла іх шляху, сказаўшы: «Калі прыбудзе тысячнік Лізій, разгледжу вашу справу».

А сотніку загада́ў трыма́ць Паўла пад аховаю, але даваць паслабле́нне і не забараня́ць нікому з яго блізкіх служы́ць яму ці прыхо́дзіць да яго.
 
А сотніку загадаў пільнаваць Паўла, пакідаючы, аднак, яму пэўную свабоду і не забараняючы нікому з яго блізкіх прыслугоўваць яму.

Праз некалькі дзён Фелікс, прыйшоўшы з Друзíлай, жонкаю сваёю, Іудзейкай, паклíкаў Паўла і слу́хаў яго пра веру ў Хрыста Іісуса.
 
Праз некалькі дзён Фелікс прыйшоў са сваёй жонкай Друзілай, якая была юдэйкай, паклікаў Паўла і слухаў яго пра веру ў Езуса Хрыста.

Калі ж ён гаварыў аб пра́веднасці, устрыма́нні і бу́дучым судзе, Фелікс спало́хаўся і сказаў: цяпер ты ідзі, а калі будзе наго́да, то я паклíчу цябе.
 
А паколькі ён расказваў пра справядлівасць, стрыманасць і будучы суд, Фелікс, напоўнены страхам, сказаў: «Цяпер ідзі, у адпаведны час паклічу цябе».

Пры гэтым ён спадзява́ўся, што Павел дасць яму гро́шай, каб адпусцíў яго, таму ён часта пасыла́ў па яго і размаўля́ў з ім.
 
Ён таксама спадзяваўся, што Павел дасць яму грошай, таму часта клікаў яго і размаўляў з ім.

Калі ж прайшло два гады́, перае́мнікам Фелікса стаў По́рцый Фест; і, жада́ючы дагадзíць Іудзеям, Фелікс пакíнуў Паўла ў зняво́ленні.
 
Але праз два гады на месца Фелікса прыбыў Порцый Фэст. Каб дагадзіць юдэям, Фелікс пакінуў Паўла ў зняволенні.