Дзеі 22 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
«Мужы браты й айцове, паслухайце цяпер мае аправеньне перад вамі».
«Браты і айцы, цяпер паслухайце маё апраўданне перад вамі».
Пачуўшы, што ён загукаў да іх гэбрэйскай моваю, яны яшчэ балей сьціхлі. А ён сказаў:
Пачуўшы, што ён гаворыць з імі на габрэйскай мове, яшчэ больш суцішыліся. А ён сказаў:
«Я Жыд, радзіўся ў Тарсе Кіліцкім, а ўзгадаваны ў гэтым месьце ля ног Ґамаліеля, дакладна наўчаны Права айцоў, будучы рупатлівы дзеля Бога, як вы ўсі сядні;
«Я — юдэй, нарадзіўся ў Тарсе, што ў Цыліцыі, але выхаваны ў гэтым горадзе, каля ног Гамаліэля, навучаны старанна Закону айцоў, руплівец Божы, як і ўсе вы сёння.
Каторы перасьледаваў гэтую Дарогу аж да сьмерці, вяжучы а дастаўляючы да вязьніцы мужчынаў і жанкі,
Я бязлітасна пераследаваў гэты шлях, звязваў і кідаў у вязніцу мужчын і жанчын,
Як пасьветча празь мяне найвышшы сьвятар а ўсі старцы, ад каторых і лісты адзяржаўшы да братоў, што жывуць у Дамашку, я падарожжаваў, каб тамашніх прывесьці ў зялезах да Ерузаліму, каб былі пакараны.
як засведчаць пра мяне першасвятар і ўсё старшынства. Атрымаўшы ад іх лісты, я пайшоў да братоў у Дамаск, каб тых, што былі там, звязаць і прывесці ў Ерузалем для пакарання.
І сталася, як я падарожжаваў і бліжыўся да Дамашку, што каля паўдня разам агарнула мяне вялікая сьвятліня зь неба.
Калі я быў у дарозе і набліжаўся да Дамаска, раптам каля поўдня заззяла вакол мяне вялікае святло з неба.
І я паў на зямлю, і чуў голас, што казаў імне: "Саўле! Саўле! чаму ты перасьлядуеш Мяне?"
Я ўпаў на зямлю і пачуў голас, які казаў мне: “Саўле, Саўле, чаму ты пераследуеш Мяне?”
А я адказаў: "Хто Ты, Спадару?" І сказаў імне: "Я Ісус Назарэцкі, Каторага ты перасьлядуеш".
Я адказаў: “Хто Ты, Пане?” Ён адказаў мне: “Я — Езус Назаранін, якога Ты пераследуеш”.
Тыя ж, што былі з імною, запраўды бачылі сьвятліню, але ня чулі голасу таго, што казаў імне.
Тыя, хто быў са мною, бачылі святло, але не чулі голасу таго, хто гаварыў са мною.
І я сказаў: "Спадару, што я маю рабіць?" І Спадар сказаў імне: "Устань і йдзі да Дамашку, і там скажуць тэ ўсе, што прызначана табе рабіць".
Тады я сказаў: “Што мне рабіць, Пане?” А Пан сказаў мне: “Устань і ідзі ў Дамаск, там будзе сказана табе пра ўсё, што трэба рабіць”.
А як я спабыў відзеньне ад славы сьвятліні тае, то былыя з імною за руку прывялі мяне да Дамашку.
Паколькі я перастаў бачыць ад бляску таго святла, мае спадарожнікі прывялі мяне за руку ў Дамаск.
І ведамны Ананя, муж набожны подле Права, маючы сьветчаньне ад усіх Жыдоў, што жыхарылі там,
Нейкі Ананія, чалавек пабожны паводле Закону, пра якога добра сведчылі ўсе жыхары Юдэі,
Прышоў да мяне і, стаўшы, сказаў імне: "Саўле браце, глянь!" І я тае ж гадзіны празерыў і абачыў яго.
прыйшоў да мяне і, стаўшы, сказаў мне: “Браце Саўле, будзь зноў відушчым!” І ў той жа момант я ўбачыў яго.
Ён жа сказаў: "Бог айцоў нашых наканаваў цябе пазнаць волю Ягоную, і бачыць Справядлівага, і чуць голас із вуснаў Ягоных;
Ён жа сказаў: “Бог айцоў нашых прадвызначыў цябе, каб ты пазнаў волю Ягоную, убачыў Справядлівага і пачуў голас з вуснаў Ягоных,
Бо ты будзеш сьветкаю Яму ў вусіх людзёў праз тое, што ты бачыў а чуў.
бо ты будзеш Яго сведкам перад усімі людзьмі ў тым, што ты бачыў і чуў.
Дык чаму адвалакаеш? Устань, і ахрысьціся, і абмый грахі свае, гукаючы імя Ягонае".
А цяпер чаго ты марудзіш? Устань, ахрысціся і змый грахі свае, паклікаўшы Яго імя”.
І сталася, як я зьвярнуўся да Ерузаліму й маліўся ў сьвятыні, што я быў у захапленьню,
Калі я вярнуўся ў Ерузалем і маліўся ў святыні, мяне агарнула захапленне.
І абачыў Яго, імне кажучага: "Сьпяшайся й выйдзі ўборзьдзе зь Ерузаліму, бо тут ня прыймуць твайго сьветчаньня празь Мяне".
Я ўбачыў Яго, а Ён казаў мне: “Паспяшайся і выйдзі хутчэй з Ерузалема, бо не прымуць твайго сведчання пра Мяне”.
Я ж сказаў: "Спадару, яны ведаюць, што я садзіў у вязьніцу і біў па бажніцах тых, што вераць у Цябе;
І я сказаў: “Пане, яны ведаюць, што я кідаў у вязніцу і біў у сінагогах тых, хто верыць у Цябе.
І як лілася кроў Сьцепана, сьветкі Твайго, я таксама там стаяў, і згаджаўся, і сьцярог адзецьці тых, што забівалі яго".
А калі пралівалася кроў Стэфана, Твайго сведкі, я сам стаяў побач і згаджаўся з яго забойствам, і сцярог адзенне ягоных забойцаў.
І Ён сказаў імне: "Ідзі, Я пашлю цябе далёка да народаў"».
Але Пан сказаў мне: “Ідзі, Я пашлю цябе далёка, да язычнікаў”».
Дагэтуль слухалі яго, а па гэтым слове ўзьнялі крык, кажучы: «Вон ізь зямлі такога! ён ня мае жыць».
Да гэтага слова слухалі яго, а пасля ўзнялі крык, кажучы: «Прэч яго з зямлі, бо такі не мае права жыць!»
Як жа яны верашчэлі, і шпурлялі адзецьцям сваім, і кідалі пыл у паветра,
Калі яны з крыкам рвалі адзенне і ўздымалі пыл у паветра,
Тысячнік расказаў весьці яго да гораду, кажучы, што сьцёбаньням мае быць выпытаны, каб даведацца, зь якое прычыны яны так крычэлі на яго.
тысячнік загадаў адвесці яго ў крэпасць і праз бічаванне даведацца, з якой прычыны так крычалі супраць яго.
Яле, як зьвязалі яго рэменямі, Паўла сказаў сотніку, што стаяў тут. «Ціж дазволена вам сьцёбаць Рымляніна, ды не засуджанага?»
Але калі расцягнулі яго для бічавання, Павел сказаў сотніку: «Хіба дазволена вам без суда бічаваць рымляніна?»
Пачуўшы гэта, сотнік дабліжыўся да тысячніка і здаў лічбу, кажучы: «Глянь, што ты робіш? гэты ж чалавек Рымлянін».
Пачуўшы гэта, сотнік пайшоў і паведаміў тысячніку, кажучы: «Што ты збіраешся рабіць? Гэта ж рымлянін».
Тады тысячнік, дабліжыўшыся да яго, сказаў: «Скажы імне, ты Рымлянін?» Ён сказаў: «Але».
Тады тысячнік, падышоўшы да яго, спытаўся: «Скажы мне, ты рымскі грамадзянін?» Ён адказаў: «Так».
І адказаў тысячнік: «Я за вялікую суму прыдбаў гэта грамадзянства». А Паўла сказаў: «А я й нарадзіўся таковы».
Тысячнік сказаў: «Я за вялікія грошы набыў гэтае грамадзянства». Павел сказаў: «А я нарадзіўся ў ім».
Тады зараз адступілі ад яго тыя, што хацелі выпытаваць яго. А тысячнік, даведаўшыся, што ён быў Рымлянін, спалохаўся, што зьвязаў яго.
Тады адразу адступіліся ад яго тыя, што хацелі дапытаць яго, а тысячнік спалохаўся, калі даведаўся, што ён загадаў звязаць рымскага грамадзяніна.
Назаўтрае ж, хочучы даведацца пэўна, у чым яго вінавалі Жыды, вывальніў яго, і расказаў зыйсьціся найвышшым сьвятаром а ўсяму сынэдрыёну, і, вывеўшы Паўлу, пастанавіў яго перад імі.
На другі дзень, жадаючы дакладна ведаць, у чым юдэі абвінавачваюць Паўла, вызваліў яго і загадаў сабрацца першасвятарам і ўсяму Сінэдрыёну. Потым прывёў Паўла і паставіў перад імі.