Дзеі 10 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Муж жа адзін у Цэсарэі, імям Карніл, сотнік аддзелу, званага Італьскім,
 
Быў у Цэзарэі адзін чалавек па імені Карнэлій, сотнік з кагорты, што называлася Італьскай,

набожны а багабойлівы з усім домам сваім, каторы даваў шмат убожніны люду і кажначасна маліў Бога,
 
пабожны і багабойны з усім домам сваім. Ён даваў вялікую міласціну і заўсёды маліўся Богу.

ясна відзеў у відзені каля дзявятае гадзіны дня ангіла Божага, што ўвыйшоў да яго й сказаў яму: «Карніле!»
 
Каля дзевятай гадзіны дня ён выразна бачыў у візіі анёла Божага, які прыйшоў да яго і сказаў: «Карнэлій».

Ён жа, уцеміўшыся ў яго і спалохаўшыся, сказаў: «Што, Спадару?» І сказаў яму: «Малітвы твое а ўбожніны твае ўзышлі на памяць у Бога.
 
Ён паглядзеў на яго і, спалохаўшыся, сказаў: «Што, Пане?» Той адказаў: «Твае малітвы і твая міласціна былі згаданыя перад Богам.

Дык пашлі да Ёппы і прывядзі Сымона, каторага мянушка Пётра.
 
А цяпер пашлі людзей у Яфу і пакліч Сымона, які завецца Пятром.

Ён жыхара ў якогась Сымона кажамякі, каторага дом ля мора».
 
Ён гасціць у аднаго гарбара Сымона, які мае дом каля мора. Ён скажа табе, што рабіць».

Як жа ангіл, што казаў яму, адышоў, ён, пагукаўшы двух із чэлядзі свае і набожнага жаўнера з тых, што кажначасна былі зь ім,
 
Калі анёл, які гаварыў з ім, адышоў, ён паклікаў двух сваіх слуг і богабаязнага жаўнера з тых, што служылі яму,

І зьясьніўшы ўсе ім, паслаў іх да Ёппы.
 
і, расказаўшы ім усё, паслаў іх у Яфу.

Назаўтрае ж, як яны йшлі і бліжыліся да места, Пётра каля шостае гадзіны ўзышоў на дом маліцца.
 
На другі дзень, калі яны былі ў дарозе і набліжаліся да горада, Пётр каля шостай гадзіны падняўся на дах дома памаліцца.

І ён выгаладніўся, і захацеў есьці. Прымеж тога, як гатавалі, найшло на яго захапленьне,
 
Аднак адчуў голад і захацеў паесці. Пакуль гатавалі яму, ён упаў у захапленне.

І бача адчыненае неба і зыходзячую нейкую судзіну, бы вялікую пасьцілку, прывязаную за чатыры рагі, спушчаную на зямлю,
 
Убачыў неба раскрытае і нейкае начынне, быццам вялікае палатно, прывязанае за чатыры куты, што спускалася на зямлю.

У каторай былі ўсялякія чатыраногія а паўзуны а птушкі нябёсныя.
 
У ім былі ўсякія чатырохногія жывёлы, паўзуны і нябесныя птушкі.

І быў голас яму: «Устань, Пётру, бі а еж».
 
А голас прамовіў да яго: «Уставай, Пётр, забівай і еш!»

А Пётра сказаў: «Ніякім парадкам, Спадару, бо я ніколі ня еў нічога збудзененага альбо нячыстага».
 
Але Пётр сказаў: «Ні ў якім разе, Пане, бо я ніколі не еў нічога апаганенага і нячыстага».

А голас ізноў удругава да яго: «Што Бог ачысьціў, таго не ўважай за нячыстае».
 
І зноў, другі раз, голас сказаў яму: «Тое, што Бог ачысціў, не называй апаганеным».

І гэта было трэйчы, і судзіна якга была ўзята на неба.
 
Так было тройчы, і начынне адразу паднялося ў неба.

І як Пётра сумляўся, што значыла відзень, каторую ён відзеў, мужы, пасланыя Карнілам, распытаўшыся праз дом Сымонаў, сталі ля дзьвярэй;
 
Калі ж Пётр разважаў, што магла б азначаць гэтая візія, якую бачыў, людзі, пасланыя Карнэліем, распытаўшыся пра дом Сымона, спыніліся ля варот

І гукнуўшы, папыталіся: «Ці тут жыхара Сымон, каторага мянушка Пётра?»
 
і спыталіся, крыкнуўшы, ці тут гасціць Сымон, які завецца Пятром.

І як Пётра разважаў празь відзень, Дух сказаў яму: «Тры мужы шукаюць цябе;
 
Калі Пётр разважаў пра візію, Дух сказаў яму: «Вось, тры чалавекі шукаюць цябе.

Дык устань, зыйдзі далоў і йдзі зь імі, ані не сумляючыся, бо Я паслаў іх».
 
Устань, спусціся і ідзі з імі без ніякіх ваганняў, бо Я паслаў іх».

І Пётра, зышоўшы да мужоў, сказаў: «Во я, каторага вы шукаеце; што за справа, дзеля якое вы прышлі?»
 
Пётр, спусціўшыся да гэтых людзей, сказаў: «Я той, каго вы шукаеце. Дзеля чаго вы прыйшлі?»

Яны ж сказалі: «Карніл, сотнік, муж справядлівы а багабойлівы, што мае сьветчаньні ад усяго народу жыдоўскага, навучаны сьвятым ангілам паслаць па цябе, каб прывесьці да дому ягонага й чуць словы ад цябе».
 
Яны ж сказалі: «Карнэлій, сотнік, муж праведны і богабаязны, за якога засведчыць увесь юдэйскі народ, атрымаў наказ праз святога анёла, каб паклікаць цябе ў свой дом і паслухаць тваіх слоў».

Дык, пазваўшы іх, прыняў нанач. А назаўтрае, устаўшы, пайшоў зь імі, і некатрыя з братоў зь Ёппы прапушчалі яго.
 
Тады ён паклікаў іх і пачаставаў.Назаўтра ўстаў і адправіўся з імі. Некаторыя браты з Яфы пайшлі разам з ім.

Назаўтрае ж прышлі яны да Цэсарэі. Карніл жа чакаў іх, згукаўшы радню а блізкіх прыяцеляў.
 
На наступны дзень ён прыбыў у Цэзарэю. Карнэлій жа чакаў іх, паклікаўшы сваіх родных і блізкіх сяброў.

А як Пётра ўходзіў, Карніл вышаў яму наўпярэймы і, паўшы да ног ягоных, пакланіўся.
 
Калі Пётр уваходзіў, Карнэлій выйшаў яму насустрач і, упаўшы да ног, пакланіўся яму.

Пётра ж падняў яго, кажучы: «Устань, таксама я сам людзіна».
 
Пётр падняў яго, кажучы: «Устань, я таксама чалавек».

І, гутарачы зь ім, увыйшоў, і засьпеў шмат, што былі зьбершыся,
 
І, размаўляючы з ім, увайшоў і ўбачыў шмат сабраных.

І сказаў ім: «Вы разумееце, што бяспраўна Жыду мець узаем’е альбо давядацца да чужаземца; але імне паказаў Бог не ўважаць нікога за збудзененага альбо нячыстым зваць людзіну.
 
Ён сказаў ім: «Ведаеце, што юдэю нельга мець зносіны або сустракацца з чужынцам. Але Бог адкрыў мне, каб я не лічыў ніводнага чалавека апаганеным ці нячыстым.

І затым, будучы пазваны, я прышоў, не пярэчачы. Дык пытаюся, што за прычына, што вы паслалі па мяне?»
 
Таму я без ваганняў прыйшоў на заклік. Дык пытаюся: для якой справы вы паклікалі мяне?»

Карніл жа сказаў: «Ад чацьвертага дня я поставаў аж да гэтае гадзіны і а дзявятай маліўся ў доме сваім, і вось, стаў перад імною муж у зырка-сьветлым адзецьцю
 
Тады Карнэлій адказаў: «Чатыры дні аж да гэтай гадзіны я пасціў і а дзявятай маліўся ў сваім доме. І вось, перада мной з’явіўся муж у бліскучым адзенні

І сказаў: «Карніле, малітва твая пачута, і ўбожніны твае ўспомнены перад Богам;
 
і сказаў: “Карнэлій, твая малітва пачутая і твае міласціны былі згаданыя перад Богам.

Дык пашлі да Ёппы па Сымона, каторага мянушка Пётра; ён жыхара ў доме Сымона кажамякі ля мора; ён прыйдзе й скажа табе».
 
Таму пашлі ў Яфу і пакліч Сымона, які завецца Пятром. Ён гасціць у доме гарбара Сымона каля мора”.

Якга я паслаў да цябе, і ты добра зрабіў, прышоўшы. Дык цяпер мы ўсі стаім перад Богам, каб выслухаць, што казаў тэ Бог».
 
Я адразу паслаў да цябе, а ты добра зрабіў, што прыйшоў. Цяпер мы ўсе стаім перад Богам, каб пачуць усё, што загадаў табе Пан».

Пётра ж, адчыніўшы вусны свае, сказаў: «Запраўды я пазнаю, што Бог не глядзіць на асобы,
 
Тады Пётр, адкрыўшы вусны свае, сказаў: «Сапраўды разумею, што Бог не зважае на асобу,

Але ў кажным народзе, хто баіцца Яго і чыне справядлівасьць, прыемны Яму.
 
але ў кожным народзе даспадобы Яму той, хто баіцца Яго і паступае справядліва.

Вы ведаеце Слова, каторае паслаў Ён сыном Ізраелявым, абяшчаючы супакой перазь Ісуса Хрыста, Спадара ўсяго,
 
Ён паслаў сваё слова сынам Ізраэля, абвяшчаючы Добрую Навіну аб спакоі праз Езуса Хрыста, які ёсць Панам усіх.

Сьветчаньне, што было абяшчана па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Ґалілеі, просьле хрысту, агалашанага Яанам;
 
Вы ведаеце, што адбывалася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасля хросту, абвешчанага Янам.

Як Бог памазаў Ісуса з Назарэту Духам сьвятым а моцаю, Каторы хадзіў усюдых, чынячы дабро а ўздараўляючы ўсіх, што былі апанаваныя нячысьцікам, бо Бог быў ізь Ім.
 
Як Бог намасціў Духам Святым і моцай Езуса з Назарэта, які хадзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх, апанаваных д’яблам, бо з Ім быў Бог.

І мы сьветкі ўсяго, што Ён учыніў у краю жыдоўскім а ў Ерузаліме, Каторага запрауды яны забілі, засіліўшы на дзерве;
 
І мы — сведкі ўсяго, што Ён зрабіў у краіне Юдэйскай і ў Ерузалеме. Яго забілі, павесіўшы на дрэве.

Але Бог ускрысіў Яго на трэйці дзень і даў яму быць бачаным,
 
А Бог уваскрасіў Яго на трэці дзень і дазволіў Яму з’явіцца

Не ўсяму люду, але сьветкам, уперад прызначаным Богам, нам, каторыя елі а пілі зь ім па ўскрысеньню Яго зь мертвых.
 
не ўсяму народу, але нам, сведкам, выбраным раней Богам, якія елі і пілі разам з Ім пасля Ягонага ўваскрасення.

І Ён казаў нам агалашаць люду і сьветчыць, што Ён ё наканаваны Богам Судзьдзя жывых і мертвых.
 
Нам таксама наказаў абвяшчаць народу і сведчыць, што Ён — прызначаны Богам суддзя жывых і памерлых.

Празь Яго ўсі прарокі сьветчаць, што кажны, што вера ў Яго, адзяржыць дараваньне грахоў імям Ягоным.
 
Пра Яго ўсе прарокі сведчаць, што кожны, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэнне грахоў праз імя Ягонае».

Як Пётра яшчэ казаў гэтыя словы, Дух сьвяты паў на тых, што слухалі слова.
 
Калі Пётр яшчэ казаў гэтыя словы, Дух Святы сышоў на ўсіх, хто слухаў слова.

І вернікі з абрэзаных, прышлыя зь Пётрам, былі зумеўшыся, што дар Сьвятога Духа выліўся на паган;
 
А вернікі з абрэзаных, якія прыйшлі разам з Пятром, здзівіліся, што дар Духа Святога выліўся і на язычнікаў.

Бо чулі іх гукаючых мовамі і ўзьвялічаючых Бога. Тады Пётра адказаў:
 
Бо яны чулі, як тыя размаўлялі мовамі і славілі Бога. Тады сказаў Пётр:

«Ціж можа хто забараніць вады, каб ня былі ахрышчаны тыя, што, як і мы, адзяржалі Сьвятога Духа?»
 
«Ці можа хто забараніць хрысціцца вадою тым, хто атрымаў Духа Святога, як і мы?»

І казаў ім хрысьціцца ў імя Спадара. Тады яны прасілі яго застацца на колькі дзён.
 
І загадаў ахрысціць іх у імя Езуса Хрыста. Потым яны прасілі яго застацца на некалькі дзён.