Дзеі 10 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Муж жа адзін у Цэсарэі, імям Карніл, сотнік аддзелу, званага Італьскім,
У Кесарыі быў адзін чалавек, якога звалі Карнілій, сотнік з кагорты, называнай Італійскай,
набожны а багабойлівы з усім домам сваім, каторы даваў шмат убожніны люду і кажначасна маліў Бога,
пабожны і богабаязны з усім домам сваім, ён рабіў шмат міласьціны людзям і заўсёды маліўся Богу.
ясна відзеў у відзені каля дзявятае гадзіны дня ангіла Божага, што ўвыйшоў да яго й сказаў яму: «Карніле!»
Ён ва ўяве ясна бачыў каля дзявятай гадзіны дня анёла Божага, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: Карнілій!
Ён жа, уцеміўшыся ў яго і спалохаўшыся, сказаў: «Што, Спадару?» І сказаў яму: «Малітвы твое а ўбожніны твае ўзышлі на памяць у Бога.
А ён, зірнуўшы на яго і спалохаўшыся, сказаў: што, Госпадзе? Анёл адказваў яму: малітвы твае і міласьціны твае ўзгадаліся перад Богам;
Дык пашлі да Ёппы і прывядзі Сымона, каторага мянушка Пётра.
дык пашлі людзей у Ёпію і пакліч Сымона, якога завуць Пятром:
Ён жыхара ў якогась Сымона кажамякі, каторага дом ля мора».
ён гасьцюе ў нейкага Сымона-гарбара, чый дом каля мора; ён скажа табе, што табе трэба рабіць.
Як жа ангіл, што казаў яму, адышоў, ён, пагукаўшы двух із чэлядзі свае і набожнага жаўнера з тых, што кажначасна былі зь ім,
Калі анёл, які гаварыў з Карніліем, адышоў, дык ён, паклікаўшы двух сваіх слуг і набожнага воіна з тых, што былі пры ім,
І зьясьніўшы ўсе ім, паслаў іх да Ёппы.
і расказаўшы ім усё, паслаў іх у Ёпію.
Назаўтрае ж, як яны йшлі і бліжыліся да места, Пётра каля шостае гадзіны ўзышоў на дом маліцца.
На другі дзень, калі яны ішлі і набліжаліся да горада, Пётр каля шостай гадзіны ўзышоў на дах дома памаліцца.
І ён выгаладніўся, і захацеў есьці. Прымеж тога, як гатавалі, найшло на яго захапленьне,
І адчуў ён голад, і захацеў есьці; пакуль гатавалі, найшла на яго жарсьць,
І бача адчыненае неба і зыходзячую нейкую судзіну, бы вялікую пасьцілку, прывязаную за чатыры рагі, спушчаную на зямлю,
і бачыць адчыненае неба і нейкі посуд, які апускаецца да яго, нібы вялікае палатно, прывязанае за чатыры рагі і апусканае на зямлю;
У каторай былі ўсялякія чатыраногія а паўзуны а птушкі нябёсныя.
у ім былі ўсякія чатырногі зямныя, зьвяры, плазуны і птушкі нябесныя.
І быў голас яму: «Устань, Пётру, бі а еж».
І быў голас яму: устань, Пётр, закалі і еж.
А Пётра сказаў: «Ніякім парадкам, Спадару, бо я ніколі ня еў нічога збудзененага альбо нячыстага».
Але Пётр сказаў: не, Госпадзе! я ніколі ня еў нічога паганага або нячыстага.
А голас ізноў удругава да яго: «Што Бог ачысьціў, таго не ўважай за нячыстае».
Тады другі раз быў голас яму: што Бог ачысьціў, таго не ўважай за нячыстае.
І гэта было трэйчы, і судзіна якга была ўзята на неба.
Гэта было тройчы — і посуд зноў падняўся на неба.
І як Пётра сумляўся, што значыла відзень, каторую ён відзеў, мужы, пасланыя Карнілам, распытаўшыся праз дом Сымонаў, сталі ля дзьвярэй;
Калі ж Пётр раздумваў сам сабе, што б такое азначаў гэты відзеж, што ён бачыў, — вось, мужы, пасланыя Карніліем, распытаўшыся пра дом Сымонаў, спыніліся каля варот,
І гукнуўшы, папыталіся: «Ці тут жыхара Сымон, каторага мянушка Пётра?»
і, гукнуўшы, спыталіся: ці тут Сымон, якога завуць Пятром?
І як Пётра разважаў празь відзень, Дух сказаў яму: «Тры мужы шукаюць цябе;
Тым часам, як Пётр разважаў пра відзеж, Дух сказаў яму: вось, трох чалавек шукаюць цябе;
Дык устань, зыйдзі далоў і йдзі зь імі, ані не сумляючыся, бо Я паслаў іх».
устань, сыйдзі і йдзі зь імі, зусім не сумняваючыся; бо Я паслаў іх.
І Пётра, зышоўшы да мужоў, сказаў: «Во я, каторага вы шукаеце; што за справа, дзеля якое вы прышлі?»
Пётр, сыйшоўшы да людзей, прысланых да яго ад Карнілія, сказаў: я той, каго вы шукаеце; дзеля якой справы прыйшлі вы?
Яны ж сказалі: «Карніл, сотнік, муж справядлівы а багабойлівы, што мае сьветчаньні ад усяго народу жыдоўскага, навучаны сьвятым ангілам паслаць па цябе, каб прывесьці да дому ягонага й чуць словы ад цябе».
А яны сказалі: Карнілій сотнік, чалавек дабрачынны і богабаязны, шанаваны ўсім народам Юдэйскім, атрымаў ад сьвятога анёла наказ паклікаць цябе ў дом свой і паслухаць словаў тваіх.
Дык, пазваўшы іх, прыняў нанач. А назаўтрае, устаўшы, пайшоў зь імі, і некатрыя з братоў зь Ёппы прапушчалі яго.
Тады Пётр, запрасіўшы іх, пачаставаў; а назаўтра, устаўшы, пайшоў зь імі, і некаторыя браты Ёпійскія пайшлі зь ім.
Назаўтрае ж прышлі яны да Цэсарэі. Карніл жа чакаў іх, згукаўшы радню а блізкіх прыяцеляў.
На другі дзень прыйшлі яны ў Кесарыю. А Карнілій чакаў іх, склікаўшы родзічаў і сваіх блізкіх сяброў.
А як Пётра ўходзіў, Карніл вышаў яму наўпярэймы і, паўшы да ног ягоных, пакланіўся.
Калі Пётр уваходзіў, Карнілій сустрэў яго і пакланіўся, прыпаўшы да ног ягоных.
Пётра ж падняў яго, кажучы: «Устань, таксама я сам людзіна».
А Пётр падняў яго, кажучы: устань; я таксама чалавек.
І, гутарачы зь ім, увыйшоў, і засьпеў шмат, што былі зьбершыся,
І, гутарачы зь ім, увайшоў і знайшоў многа сабраных.
І сказаў ім: «Вы разумееце, што бяспраўна Жыду мець узаем’е альбо давядацца да чужаземца; але імне паказаў Бог не ўважаць нікога за збудзененага альбо нячыстым зваць людзіну.
І сказаў ім: вы ведаеце, што Юдэю забаронена зносіцца або збліжацца зь іншапляменцам; але мне Бог адкрыў, каб я не ўважаў ніводнага чалавека за паганага альбо нячыстага;
І затым, будучы пазваны, я прышоў, не пярэчачы. Дык пытаюся, што за прычына, што вы паслалі па мяне?»
таму я, будучы пакліканы, і прыйшоў безь пярэчаньня; і вось, пытаюся: на якую дзею вы клікнулі мяне?
Карніл жа сказаў: «Ад чацьвертага дня я поставаў аж да гэтае гадзіны і а дзявятай маліўся ў доме сваім, і вось, стаў перад імною муж у зырка-сьветлым адзецьцю
Карнілій сказаў: з чацьвёртага дня я пасьціўся да цяперашняй гадзіны і а дзявятай гадзіне маліўся ў сваім доме; і вось, паўстаў перада мною муж у сьветлым адзеньні
І сказаў: «Карніле, малітва твая пачута, і ўбожніны твае ўспомнены перад Богам;
і кажа: Карнілій! пачута малітва твая і міласьціны твае спамянуліся перад Богам;
Дык пашлі да Ёппы па Сымона, каторага мянушка Пётра; ён жыхара ў доме Сымона кажамякі ля мора; ён прыйдзе й скажа табе».
дык пашлі ў Ёпію і пакліч Сымона, якога завуць Пятром: ён гасьцюе ў доме гарбара Сымона каля мора; ён прыйдзе і скажа табе.
Якга я паслаў да цябе, і ты добра зрабіў, прышоўшы. Дык цяпер мы ўсі стаім перад Богам, каб выслухаць, што казаў тэ Бог».
Адразу паслаў я да цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў: цяпер мы ўсе стаім перад Богам, каб выслухаць усё, што наказана табе ад Бога.
Пётра ж, адчыніўшы вусны свае, сказаў: «Запраўды я пазнаю, што Бог не глядзіць на асобы,
А Пётр разамкнуў вусны і сказаў: у ісьціне спазнаю, што Богу не абліччы спадобныя,
Але ў кажным народзе, хто баіцца Яго і чыне справядлівасьць, прыемны Яму.
а ў кожным народзе той, хто богабаязны і робіць па праўдзе, да спадобы Яму.
Вы ведаеце Слова, каторае паслаў Ён сыном Ізраелявым, абяшчаючы супакой перазь Ісуса Хрыста, Спадара ўсяго,
Ён паслаў сынам Ізраілевым слова, зьвястуючы мір празь Ісуса Хрыста; Гэты ёсьць Гасподзь усіх.
Сьветчаньне, што было абяшчана па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Ґалілеі, просьле хрысту, агалашанага Яанам;
Вы ведаеце, што адбывалася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасьля хрышчэньня, прапаведаванага Янам:
Як Бог памазаў Ісуса з Назарэту Духам сьвятым а моцаю, Каторы хадзіў усюдых, чынячы дабро а ўздараўляючы ўсіх, што былі апанаваныя нячысьцікам, бо Бог быў ізь Ім.
як Бог Духам Сьвятым і моцай памазаў Ісуса з Назарэта, і Ён хадзіў, дабро ўчыняючы і ацаляючы ўсіх, паняволеных д’яблам, бо Бог быў зь Ім;
І мы сьветкі ўсяго, што Ён учыніў у краю жыдоўскім а ў Ерузаліме, Каторага запрауды яны забілі, засіліўшы на дзерве;
і мы сьведкі ўсяго, што зрабіў Ён у краі Юдэйскім і ў Ерусаліме, і што нарэшце Яго забілі, павесіўшы на дрэве.
Але Бог ускрысіў Яго на трэйці дзень і даў яму быць бачаным,
Гэтага Бог уваскрэсіў на трэйці дзень, і даў Яму зьяўляцца,
Не ўсяму люду, але сьветкам, уперад прызначаным Богам, нам, каторыя елі а пілі зь ім па ўскрысеньню Яго зь мертвых.
не ўсяму людзтву, а сьведкам, сьпярша Богам выбраным, нам, якія зь Ім елі і пілі пасьля ўваскрэсеньня Яго зь мёртвых;
І Ён казаў нам агалашаць люду і сьветчыць, што Ён ё наканаваны Богам Судзьдзя жывых і мертвых.
і Ён наказаў нам прапаведаваць людзям і сьведчыць, што Ён ёсьць вызначаны Богам Судзьдзя жывым і мёртвым.
Празь Яго ўсі прарокі сьветчаць, што кажны, што вера ў Яго, адзяржыць дараваньне грахоў імям Ягоным.
Пра Яго ўсе прарокі сьведчаць, што ўсякі, хто верыць у Яго, атрымае дараваньне грахоў імем Ягоным.
Як Пётра яшчэ казаў гэтыя словы, Дух сьвяты паў на тых, што слухалі слова.
Калі Пётр яшчэ гаварыў, Дух Сьвяты зыйшоў на ўсіх, хто слухаў слова.
І вернікі з абрэзаных, прышлыя зь Пётрам, былі зумеўшыся, што дар Сьвятога Духа выліўся на паган;
І вернікі з абрэзаных, што прыйшлі зь Пятром, зьдзівіліся, што дар Сьвятога Духа выліўся і на язычнікаў;
Бо чулі іх гукаючых мовамі і ўзьвялічаючых Бога. Тады Пётра адказаў:
бо чулі, як рознымі мовамі гаварылі яны і славілі Бога. Тады Пётр сказаў:
«Ціж можа хто забараніць вады, каб ня былі ахрышчаны тыя, што, як і мы, адзяржалі Сьвятога Духа?»
хто можа забараніць ахрысьціцца вадою тым, якія, як і мы, атрымалі Сьвятога Духа?
І казаў ім хрысьціцца ў імя Спадара. Тады яны прасілі яго застацца на колькі дзён.
І наказаў ім ахрысьціцца ў імя Ісуса Хрыста. Потым яны прасілі яго пабыць у іх некалькі дзён.