Дзеі 2 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Як настаў дзень Пяцьдзясятніцы, усі яны былі разам на адным месцу.
 
Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе яны былі аднадушна разам.

І зьнецікі стаўся гук ізь неба, бы ад павеву буйнога ветру, і напоўніў увесь дом, ідзе яны сядзелі.
 
І раптам зрабіўся шум зь неба, як бы ад павеву моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны былі.

І зьявіліся ім падзеленыя языкі, бы агнёвыя, і асеў на кажным адзін ізь іх.
 
І зьявіліся ім языкі падзеленыя, як бы вогненныя, і апусьціліся па адным на кожнага зь іх.

І напоўніліся ўсі Духам Сьвятым і пачалі гукаць іншымі мовамі, як тый Дух даваў ім вымаўляць.
 
І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім вяшчаць.

Былі ж там у Ерузаліме прыяжджомыя Юдэі, людзі набожныя, ад усялякага народу пад нябёсамі.
 
А ў Ерусаліме былі Юдэі, людзі набожныя, з усякага народу пад нябёсамі.

Як жа стаўся гук, зышлася множасьць, і былі зумеўшыся, бо кажны чуў іх гукаючых да іх ягоным собскім нарэччам.
 
Калі зрабіўся гэты шум, сабраліся людзі, і захваляваліся, бо кожны чуў іх, што гавораць на ягонай мове.

І ўсі зумяваліся а дзіваваліся, гукаючы мяжсобку: «Ці ня ўсі гукаючыя Ґалілеяне?
 
І ўсе зьдзіўляліся і дзівавалі, кажучы паміж сабою: гэтыя, што гавораць, ці ня ўсе Галілеяне?

Як жа мы чуем кажны собскае нарэчча, у каторым нарадзіліся,
 
Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся,

Парфяне а Мідзяне а Еламіты а жыхары Месопотамы а Юдэі а Каппадокі, Понту а Азі,
 
Парфяне і Мідзяне і Эламіты, і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понта і Асіі,

Фрыґі а Памфілі, Ягіпту а часьцяў Лібы, сумежных ізь Кірэнаю, а прыяжджомыя Рымляне, Юдэі а нова на веру наверненыя,
 
Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, што мяжуюцца з Кірынеяй, і прышлыя з Рыма, Юдэі і празеліты,

Крыцяне а Арабаве, чуем іх нашымі мовамі гукаючых празь вялікія справы Божыя?»
 
Крыцяне і Аравіцяне, — чуем іх, як гавораць нашымі мовамі пра вялікія дзеі Божыя?

І ўсі зумяваліся, і ў клопатнай парусе гукалі адны адным: «Што гэта значыцца?»
 
І зьдзіўляліся ўсе і недаўмёна казалі адзін аднаму: што гэта азначае?

Але іншыя, насьміхаючыся, гукалі: «Яны ўпіліся новым віном».
 
А іншыя, насьміхаючыся, казалі: яны апіліся салодкім віном.

Пётра ж, стаўшы з адзінанцацьма, узьняў голас свой і прамовіў да іх: «Мужы Юдэйскія і ўсі жыхары Ерузаліму! хай будзе ведама вам, і ўважайце на словы мае:
 
А Пётр, стаўшы з адзінаццацьцю, узвысіў голас свой і прамовіў да іх: мужы Юдэйскія і ўсе, хто жыве ў Ерусаліме! гэта хай будзе вам вядома, і слухайце словы мае:

Яны не п’яныя, як вы ўвабражаеце сабе, бо трэйцяя гадзіна дня;
 
яны не апіліся, як вы думаеце, бо цяпер трэйцяя гадзіна дня;

Але гэта сказанае прарокам Ёелям:
 
а гэта ёсьць прадказанае прарокам Ёілем:

"І будзе апошніх дзён, кажа Бог, выльлю з Духа Свайго на ўсе цела; і будуць праракаць сынове вашы а дачкі вашы, і маладзёны вашы будуць відзець відзені, і старыя вашыя будуць сьніць сны.
 
«І будзе ў апошнія дні, кажа Бог, вылью ад Духа Майго на ўсякую плоць; і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; і хлопцы вашыя будуць бачыць відзежы, і старцы вашыя снамі на розум наставяцца;

Але, і на слугаў Сваіх і на служэбкі Свае выльлю тых дзён із Духа Свайго, і яны будуць праракаць.
 
і на рабоў Маіх і на рабыняў Маіх у тыя дні вылью ад Духа Майго, і будуць прарочыць.

І дам чудосы на небе ўгары і знакі на зямлі далавах, кроў а агонь а куродым.
 
І дам цуды на небе ўгары і азнакі на зямлі ўнізе, кроў і вагонь і куродым:

Сонца абернецца ў цемнь, і месяц у кроў, уперад чымся настане дзень Спадароў, вялікі а славуты.
 
сонца абернецца ў цемру, і месяц у кроў, перш чым настане дзень Гасподні, вялікі і прасьветлены.

І станецца, што кажны, хто будзе гукаць імя Спадарова, спасецца".
 
І будзе: кожны, хто пакліча імя Гасподняе, уратуецца».

«Мужы ізраельскія! слухайце словы гэтыя: Ісуса Назарэцкага, мужа, пасьветчанага вам Богам учынкамі магутнасьці а чудосамі а знакамі, што Бог учыніў перазь Яго сярод вас, як вы самы ведаеце,
 
Мужы Ізраільскія! выслухайце словы гэтыя: Ісуса Назарэя, Мужа, засьведчанага вам ад Бога сіламі і цудамі і азнакамі, якія Бог утварыў празь Яго сярод вас, як і самі ведаеце,

Яго радаю і перадведаньням Божым выданага, вы рукою бяспраўных укрыжавалі а забілі.
 
Яго, паводле пэўнае рады і з прадбачаньня Божага выдадзенага, вы ўзялі і, прыбіўшы цьвікамі рукамі беззаконьнікаў, забілі;

Бог ускрысіў Яго, раскволіўшы путы сьмерці, бо нельга было ёй удзяржаць Яго гэтымі.
 
але Бог уваскрэсіў Яго, разарваўшы повязі сьмерці, бо ёй немагчыма было ўтрымаць Яго.

Бо Давід кажа ўзглядам Яго: "Я бачыў Спадара кажначасна перад сабою; бо Ён па правіцы маёй, каб я не захістаўся.
 
Бо Давід кажа пра Яго: «бачыў я перад сабою Госпада заўсёды; бо Ён праваруч мяне, каб Я не пахіснуўся.

Затым сэрца мае цешылася, і язык мой весяліўся, нават і цела мае будзе жыхарыць у надзеі;
 
Таму ўзрадавалася сэрца маё, і ўзьвесяліўся язык мой; нават і плоць мая супакоіцца ў спадзяваньні,

Бо Ты не пакінеш душы мае ў пекле ані дасі Сьвятому бачыць расклад.
 
бо Ты не пакінеш душы мае ў пекле і не дасі Сьвятому Твайму пабачыць тленьне.

Ты даў імне пазнаці дарогі жыцьця; Ты напоўніў мяне радасьцяй перад відам Сваім".
 
Ты даў мне спазнаць дарогу жыцьця; Ты напоўніш мяне радасьцю прад абліччам Тваім».

Мужы браты, няхай будзе дазволена гукаць выразьліва праз патрыярха Давіда, што ён памер і пахаваны, і помнік ягоны памеж нас дагэтуль.
 
Мужы браты! хай будзе дазволена адважна сказаць вам пра Давіда-прабацьку, што ён і памёр і пахаваны, і магіла ягоная ў нас па сёньняшні дзень;

Будучы ж прарокам і ведаючы, што Бог із прысягаю абяцаў з плоду сьцёгнаў ягоных пасадзіць на пасадзе ягоным,
 
а будучы прарокам і ведаючы, што Бог клятвай абяцаў яму ад плоду сьцёгнаў ягоных ўзьвесьці Хрыста ў плоці і пасадзіць на прастоле ягоным,

Ён перадбачыўшы, гукаў праз ускрысеньне Хрыста, што не пакінены будзе Ён у пекле ані абача цела Ягонае раскладу.
 
ён раней сказаў пра ўваскрэсеньне Хрыстовае, што не пакінута душа Ягоная ў пекле, і плоць Ягоная ня бачыла тленьня.

Гэтага Ісуса Бог ускрысіў, чаго ўсі мы сьветкі.
 
Гэтага Ісуса Бог уваскрэсіў, чаго ўсе мы сьведкі.

Дык, будучы ўзьняты правіцаю Божай і адзяржаўшы ад Айца абятніцу Сьвятога Духа, Ён выліў тое, што бачыце а чуеце.
 
І вось Ён быў узьнесены правіцаю Божаю і, прыняўшы ад Айца абяцаньне Сьвятога Духа, выліў тое, што вы сёньня бачыце і чуеце.

Бо Давід ня ўзьнёсься да нябёс, але ён сам кажа: "Сказаў Спадар Спадару майму: сядзь па правіцы Маёй,
 
Бо Давід ня ўзышоў на нябёсы, а сам кажа: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне,

Пакуль Я пакладу непрыяцеляў Тваіх казулькаю пад ногі Твае".
 
пакуль не пакладу ворагаў у падножжа ног Тваіх».

Дык няхай увесь дом Ізраеляў напэўна ведае, што Бог учыніў Яго, Гэтага Ісуса, Каторага вы ўкрыжавалі, Спадаром а Хрыстом».
 
Дык цьвёрда ведай, увесь дом Ізраілеў, што Бог зрабіў Госпадам і Хрыстом Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі.

Пачутае баданула ім у сэрца, і сказалі Пётру а іншым апосталам: «Што мы маем рабіць, мужы браты?»
 
Чуючы гэта, яны ўмілаваліся сэрцам і сказалі Пятру і астатнім апосталам: што нам рабіць, мужы браты?

Пётра сказаў ім: «Пакайцеся а ахрысьціцеся кажны з вас у імя Ісуса Хрыста дзеля дараваньня грахоў, — і адзяржыце дар Сьвятога Духа;
 
А Пётр сказаў ім: пакайцеся, і хай ахрысьціцца кожны з вас у імя Ісуса Хрыста на дараваньне грахоў, — і атрымаеце дар Сьвятога Духа;

Бо вам ёсьць абятніца й дзяцём вашым і ўсім далёкім толькім, колькіх пагукае Спадар Бог наш».
 
бо вам належыць абяцаньне і дзецям вашым і ўсім далёкім, каго толькі пакліча Гасподзь Бог наш.

І шмат якімі іншымі словамі ён урочыста сьветчыў і захочаваў іх, кажучы: «Ратуйцеся ад роду гэтага крутадушнага».
 
Ды многімі іншымі словамі ён сьведчыў і ўмаўляў, кажучы: ратуйцеся ад роду гэтага распуснага, упарцістага.

Тады тыя, што ахвотна прынялі слова ягонае, былі ахрышчаны; і дадана таго дня душаў каля трох тысячаў.
 
І вось тыя, якія прыхільна прынялі слова ягонае, ахрысьціліся, і далучылася таго дня душ каля трох тысяч;

І яны непарушна трывалі ў навуццы апосталаў а ўзаем’ю, у ламеньню хлеба а ў малітвах.
 
і яны ўвесь час заставаліся ў навуцы апосталаў, у абыходзе і ў ламаньні хлеба і ў малітвах.

І боязьнь агарнула кажную душў, і шмат чудосаў а знакоў было зьдзеяна апосталамі.
 
І быў страх у кожнай душы; і многа цудаў і азнакаў чынілася праз апосталаў у Ерусаліме.

І ўсі вернікі былі разам, і мелі ўсе супольнае.
 
А ўсе вернікі былі разам і ўсё ў іх было супольнае:

І прадавалі двары свае а маемасьці, і раздавалі ўсім, подле патрэбы кажнага.
 
і прадавалі дастаткі свае і ўсякую маёмасьць, і надзялялі ўсіх гледзячы па патрэбе кожнага;

І дзень пры дню непарушна трывалі ў сьвятьгаі, і, ломячы хлеб па дамох, дзялілі ежу ў радасьці а ў прасьціні сэрца,
 
і кожны дзень аднадушна заставаліся ў храме і, ламаючы па дамах хлеб, прымалі страву ў радасьці і ў шчырасьці сэрца,

Хвалячы Бога і маючы зычлівасьць у ўсяго люду. Спадар жа што дзень дадаваў да царквы спасаных.
 
праслаўляючы Бога і маючы любоў усяго народу. А Гасподзь штодня дадаваў царкве тых, хто ратаваўся.