Дзеі 13 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Былі ж ув Антыёсе ў тамашняй царкве прарокі а вучыцелі: Варнава а Сымон, званы Чорным, а Луц Кірынеянін а Манайна, сугадунец Гірада чацьвертніка, а Саўла.
У Антыахіі ў тамтэйшай царкве былі некаторыя прарокі і настаўнікі: Варнава, і Сымон, якога звалі Нігер, і Луцый Кірынеец, і Манаіл, выхаваны разам зь Ірадам тэтрархам, і Саўл.
І як яны служылі Спадару а поставалі, Дух Сьвяты сказаў: «Выдзяліце Імне Варнаву а Саўлу да працы, да каторае Я пагукаў іх».
Калі яны служылі Госпаду і пасьціліся, Дух Сьвяты сказаў: даручэце Мне Варнаву і Саўла на дзею, да якое Я іх паклікаў.
Тады яны поставалі а маліліся і, узлажыўшы на іх рукі, адпусьцілі іх.
Тады яны, папасьціўшыся і памаліўшыся і ўсклаўшы на іх рукі, адпусьцілі іх.
Яны ж, будучы пасланыя Духам Сьвятым, зышлі да Сэлеўкі, а стуль паплылі на Кіпру;
Тыя, пасланыя Духам Сьвятым, сыйшлі ў Селяўкію, а адтуль адплылі на Кіпр,
І, быўшы ў Саляміне, абяшчалі слова Божае ў бажніцах жыдоўскіх; і мелі із сабою Яана за паслугачага.
і, быўшы ў Саламіне, прапаведавалі слова Божае ў сынагогах Юдэйскіх; а мелі яны пры сабе і Яна для служэньня.
І, прайшоўшы ўвесь абток аж да Пафу, знайшлі якогась чараўніка, хвальшывага прароку, Жыда, імям Варісус,
Праўшоўшы ўвесь востраў да Пафа, знайшлі яны аднаго чарадзея ілжэпрарока, Юдэя, якога звалі Варысус,
Што быў з проконсулам Сяргеям Паўлам, мужам асьвячоным. Гэты, пагукаўшы Варнаву а Паўлу, зычыў пачуць слова Божае.
які быў з праконсулам Сергіем Паўлам, мужам разумным. Той, паклікаўшы Варнаву і Саўла, пажадаў пачуць слова Божае.
Але працівіўся ім чараўнік Еліма (бо гэткае імя ягонае ў перакладзе), сілаваўся адвярнуць проконсула ад веры.
А Яліма чарадзей, — так тлумачыцца імя ягонае, — пярэчыў ім, стараючыся адвярнуць праконсула ад веры.
Але Саўла, каторы таксама Паўла, напоўнены Духам Сьвятым, узорыўшыся ў яго, сказаў:
Але Саўл, ён жа і Павал, напоўніўся Духам Сьвятым і паглядзеўшы на яго,
«О поўны ўсялякае ашукі а ўсялякага падходу, сын нячысьціка, непрыяцель усялякае справядлівасьці! ці не перастанеш ты крывіць простыя сьцежкі Спадаровы?
сказаў: о, поўны ўсякае хітрыны і ўсякага зладзейства сыне д’яблаў, вораг усякай праўды! ці не перастанеш ты зводзіць з роўных дарог Гасподніх?
І цяпер во рука Спадарова на табе, і ты будзеш нявісны, не абачыш сонца да пары». І якга паў на яго туман а цемнь, і ён, хістаючыся, шукаў павадыроў, што павялі б яго за руку.
І цяпер, вось, рука Гасподняя на цябе: ты асьлепнеш і ня ўбачыш сонца да часу. І раптам напалі на яго морак і цемра, і ён, паварочваючыся то туды, то сюды, шукаў павадыра.
Тады проконсул, абачыўшы сталае, уверыў, зумяваючыся з навукі Спадаровае.
Тады праконсул, усачыўшы, што адбылося, увераваў, зьдзіўлены вучэньнем Гасподнім.
І, адплыўшы з Пафу, Паўла а бытыя зь ім прыбылі да Перґі ў Памфілі; але Яан адлучыўся ад іх і зьвярнуўся да Ерузаліму.
Адплыўшы з Пафа, Павал і ўсе, хто былі зь ім, прыбылі ў Пэргію, у Памфілію; але Ян, адлучыўшыся ад іх, вярнуўся ў Ерусалім.
Яны ж, праходзячы ад Перґі, прыбылі да Антыёхі Пісыдзкае і, увыйшоўшы да бажніцы ў сыботні дзень, селі.
А яны, ідучы з Пэргіі, прыбылі ў Антыахію Пісідыйскую і, увайшоўшы ў сынагогу ў дзень суботні, селі.
Па чытаньню Закону а прарокаў, начэльнікі бажніцы паслалі да іх, кажучы: «Мужы браты, калі вы маеце якое слова дамяненьня люду, кажыце».
Пасьля чытаньня закона і прарокаў начальнікі сынагогі паслалі сказаць ім: мужы браты! калі ў вас ёсьць слова настаўленьня да люду, кажэце.
Тады Паўла, устаўшы й даўшы знак рукою, сказаў: «Мужы Ізраеляне і ўсі, што баіцеся Бога, слухайце!
Павал, устаўшы і даўшы знак рукою, сказаў: мужы Ізраільскія і ўсе, хто баіцца Бога! паслухайце:
Бог люду гэтага Ізраельскага абраў айцоў нашых і павышыў люд гэты ў быцьцю іх у зямлі Ягіпецкай, і высокім плячом вывеў іх ізь яе,
Бог народу гэтага выбраў бацькоў нашых і ўзвысіў гэты народ у бытнасьць у зямлі Егіпецкай, і рукою ўзьнесенай вывеў іх зь яе,
І каля Сараку год часу цярпеў іх на пустыні.
і каля сарака гадоў часу карміў іх у пустыні;
І, выгубіўшы сем народаў у зямлі Канаанскай, даў зямлю іхную ім на спадак на працягу каля чатырыста а пяцьдзясят год.
і, зьнішчыўшы сем народаў у зямлі Ханаанскай, падзяліў ім у спадчыну зямлю іхную,
І даваў ім судзьдзяў аж да прарокі Самуйлы.
і пасьля гэтага, каля чатырохсот пяцідзесяці гадоў, даваў ім судзьдзяў да прарока Самуіла;
І тады прасілі караля, і Бог даў ім Саўлу Кісянка, мужа з плямені Веняміновага, на сорак год.
потым прасілі яны цара, і Бог даў ім Саўла, сына Кісавага, мужа з роду Веньямінавага: так прайшло гадоў сорак.
І, аддаліўшы яго, узьняў ім Давіда за караля, катораму, даючы сьветчаньне, сказаў: "Я знайшоў Давіда Есянка, мужа подле сэрца Свайго, каторы будзе чыніць волю Маю".
Адхіліўшы яго, паставіў ім царом Давіда, пра якога і сказаў, пасьведчыўшы: «знайшоў Я мужа па сэрцы Маім, Давіда» сына Ясеевага, які спраўдзіць усе хаценьні Мае».
З насеньня гэтага чалавека Бог, подле абятніцы, прывёў Ізраелю Спаса Ісуса.
Зь ягоных жа нашчадкаў Бог паводле абяцаньня ўзьвёў Ізраілю Збаўцу Ісуса.
Перад Яго прыходам Яан абяшчаў хрэст каяты ўсяму люду Ізраельскаму.
Перад самым зьяўленьнем Яго Ян прапаведаваў хрышчэньне пакаяньня ўсяму народу Ізраільскаму.
А як Яан канчаў дзеяльнасьць сваю, ён сказаў: «За каго маеце мяне? Я ня тый, але вось, Ён ідзець за імною, Катораму я ня гожы разьвязаць вобую з ног Ягоных».
А пры канцы свайго шляху Ян казаў: за каго ўважаеце мяне? я ня Той; але вось, ідзе за мною, у Якога я ня варты разьвязаць абутак на нагах.
Мужы браты, сынове люду Абрагамовага, і багабойлівыя з памеж вас! нам слова спасеньня гэтага было паслана.
Мужы браты, дзеці роду Абрагамавага, і ўсе богабаязныя сярод вас! вам паслана слова збаўленьня гэтага.
Бо жыхары Ерузаліму й начэльнікі іхныя, не пазнаўшы Яго й засудзіўшы, выпаўнілі гукі прароцкія, чытаныя кажную сыботу.
Бо жыхары Ерусаліма і начальнікі іхнія, не пазнаўшы Яго і засудзіўшы, спраўдзілі словы прарочыя, чытаныя кожнае суботы,
І, не знайшоўшы прычыны сьмерці, прасілі Пілата зьнішчыць Яго.
і, не знайшоўшы ў Ім ніякай віны, вартае сьмерці, прасілі Пілата забіць Яго;
А як споўнілі ўсе напісанае празь Яго, зьнялі Яго зь дзерва й паклалі да гробу.
а калі выканалі ўсё напісанае пра Яго, дык, зьняўшы з дрэва, паклалі Яго ў магілу.
Але Бог ускрысіў Яго зь мертвых.
Але Бог уваскрэсіў Яго зь мёртвых;
Ён зьяўляўся шмат дзён тым, што прышлі зь Ім із Ґалілеі да Ерузаліму, каторыя цяпер сьветкі Ягоныя да люду.
Ён шмат дзён паяўляўся перад тымі, якія выйшлі зь Ім з Галілеі ў Ерусалім і якія сёньня — сьведкі Яго перад людзьмі.
І мы абяшчаем вам дабравесьць, што абятніцу, учыненую айцом,
І мы зьвястуем вам, што абяцаньне, дадзенае бацькам, Бог выканаў нам, дзецям іхнім, уваскрэсіўшы Ісуса,
Бог выпаўніў нам, дзяцём іхным, ускрысіўшы Ісуса, як і напісана ў другім псальме: "Ты Сын Мой, сядні Я нарадзіў Цябе".
як і ў другой псальме напісана: «Ты Сын Мой: Я сёньня Цябе нарадзіў».
А што ўскрысіў Яго зь мертвых, каб ужо не зьвярнуўся да раскладу, дык кажа гэтак: "Я дам вам сьвятыя а верныя дабраславенствы Давідавы".
А што ўваскрэсіў Яго зь мёртвых, так што Ён ужо не абярнуўся ў тло, пра гэта сказаў так: «Я дам вам нязьменныя міласьціны, абяцаныя Давіду».
Затым кажа таксама ў іншым псальме: "Ты не дазволіш Сьвятому Свайму бачыць раскладу".
Таму і ў іншым месцы кажа: «не дасі Сьвятому Твайму ўбачыць тленьне».
Бо Запраўды Давід у сваім веку, паслужыўшы подле волі Божае, заснуў, і даданы да айцоў сваіх, і бачыў расклад.
Давід у свой час паслужыўся волі Божай, спачыў, і далучыўся да бацькоў сваіх, і ўбачыў тленьне;
А Тый, Каторага Бог ускрысіў, не абачыў раскладу.
а Той, Каго Бог уваскрэсіў, ня ўбачыў тленьня.
Дык няхай будзе ведама вам, мужы браты, што перазь Яго абяшчаецца вам дараваньне грахоў;
Дык вось, хай будзе ведама вам, мужы браты, што дзеля Яго абвяшчаецца вам дараваньне грахоў;
І ў вусім, у чым вы не маглі аправіцца Законам Масеявым, правіцца Ім кажны вернік.
і ва ўсім, у чым вы не маглі апраўдацца законам Майсеевым, апраўдваецца Ім кожны веруючы.
Дык глядзіце, каб ня прышло на вас сказанае ў прарокаў:
Глядзеце ж, каб ня прыйшло на вас тое, што прадказана ў прарокаў:
"Глядзіце, грэбаваньнікі, і падзівуйцеся й загіньце; бо Я раблю работу за вашых дзён, работу, якой вы ніяк не паверылі б, калі б хто павядаў вам празь яе"».
«глядзеце, пагарднікі, падзівуйцеся і счэзьніце; бо я чыню дзею ў дні вашыя, дзею, якой не паверылі б вы, калі б хто расказаў вам».
А як выходзілі, прасілі казаць ім тыя словы ў наступную сыботу.
Калі яны выходзілі (з Юдэйскай сынагогі), прасілі язычнікі іх гаварыць пра тое самае ў другую суботу.
І як збор бажніцы быў распушчаны, шмат хто із Жыдоў а з набожных нававернікаў пайшлі за Паўлам а Варнаваю, каторыя, гукаючы да іх, пераконавалі іх трываць у ласцы Божай.
Калі ж сход быў распушчаны, многія Юдэі і богашаноўцы, навернутыя зь язычнікаў, пайшлі сьледам за Паўлам і Варнавам, якія, размаўляючы зь імі, угаворвалі іх заставацца ў ласкавай мілаце Божай.
А ў наступную сыботу блізу ўсе места зьберлася слухаць слова Божае.
У другую суботу амаль увесь горад сабраўся слухаць слова Божае;
Але Жыды, абачыўшы гурбы, напоўніліся завідасьцяй і перачылі таму, што сказаў Паўла, працівячыся й блявузґаючы.
але Юдэі, убачыўшы люд, напоўніліся зайздрасьцю і, выступаючы супроць і ліхасловячы, пярэчылі таму, што казаў Павал.
Паўла ж а Варнава гукалі адважна й сказалі: «Надабе было, каб слова Божае перш вам было казана; але ад часу як вы адпіхаеце яго ад сябе і ўважаеце самы сябе за нягожых вечнага жыцьця, вось, мы зварачаемся да паганаў;
Тады Павал і Варнава мужна сказалі: вам першым трэба было абвясьціць слова Божае; але як вы адкідаеце яго і самі сябе робіце нявартымі вечнага жыцьця, дык вось, мы зьвяртаемся да язычнікаў:
Бо так Спадар расказаў нам: "Я пастанавіў Цябе за сьветла паганам, каб Ты быў на спасеньне да канца зямлі"».
Бо так наказаў нам Гасподзь: «Я паставіў цябе за сьветач язычнікам, каб ты быў ратункам да краю зямлі».
І пагане, слухаючы гэта, цешыліся а ўслаўлялі слова Спадарова, і ўверыла іх толькі, колькі было наканавана да жыцьця вечнага.
Язычнікі, чуючы гэта радаваліся і славілі слова Гасподняе, і ўверавалі ўсе, хто быў наперад вызначаны ў вечнае жыцьцё.
І слова Спадарова шырылася па ўсім краю.
І слова Гасподняе шырылася па ўсёй краіне.
Але Жыды падвучылі набожныя выдатныя жанкі і першых места, і ўзьнялі перасьледаваньне на Паўлу а Варнаву, і выгналі іх із граніцаў сваіх.
але Юдэі, падбухторыўшы пабожных уплывовых жанчын і першых у горадзе людзей, пачалі ганеньне на Паўла і Варнаву, і выгналі іх з сваіх межаў.
Яны ж, атрусіўшы на іх пыл із ног сваіх, пайшлі да Іконі.
А яны, абцярушыўшы на іх пыл з ног сваіх, пайшлі ў Іканію.
Вучанікі ж напоўніліся радасьцяй а Духам Сьвятым.
А вучні напаўняліся радасьцю і Духам Сьвятым.