Дзеі 3 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Пётра а Яан узыходзілі разам да сьвятыні на дзявятую гадзіну малітвы.
Пётр і Ян ішлі разам у храм а дзявятай гадзіне малітвы.
І быў нейкі чалавек, кульгавы ад улоньня маці свае, каторага насілі й садзілі дзень пры дню ля дзьвярэй сьвятыні, званых Харошымі, прасіць убожніны ў вуходзячых да сьвятыні.
І быў чалавек, кульгавы ад улоньня маці ягонай, якога насілі і садзілі кожнага дня каля дзьвярэй храма, што называліся Прыгожымі, прасіць міласьціны ў тых, што ўваходзілі ў храм;
Ён, абачыўшы Пётру а Яана перад уходам іх у сьвятыню, прасіў у іх убожніны.
ён, убачыўшы Пятра і Яна каля ўваходу ў храм, прасіў у іх міласьціны.
Пётра, гледзячы на яго зь Яанам, сказаў: «Глянь на нас».
Пётр зь Янам, прыгледзеўшыся да яго, сказаў: зірні на нас.
І ён уцеміўся ў іх, спадзяючыся адзяржаць ад іх што-колечы.
І той пільна глядзеў на іх, спадзяючыся атрымаць ад іх што-небудзь.
Але Пётра сказаў: «Срэбла а золата я ня маю, але што маю, тое даю тэ: у імя Ісуса Хрыста Назарэцкага ўстань а хадзі».
Але Пётр сказаў: срэбра і золата няма ў мяне, а што маю, тое даю табе: у імя Ісуса Хрыста Назарэя ўстань і хадзі.
І, узяўшы яго за правую руку, падняў; і якга ўмацаваліся ногі ягоныя а шчыкалаткі.
І, узяўшы яго за правую руку, падняў; і раптам умацаваліся ў таго ступакі і калені,
І, ускочыўшы, стаў, і хадзіў, і ўвыйшоў зь імі ў сьвятыню, ходзячы а падскокуючы а хвалячы Бога.
і, ускочыўшы, устаў, і пачаў хадзіць, і ўвайшоў зь імі ў храм, пахаджаючы і падскокваючы, і славячы Бога,
І увесь люд бачыў яго ходзячага а хвалячага Бога.
і ўсе людзі бачылі, як ён хадзіў і славіў Бога;
І пазналі яго, што гэта быў тый, каторы сядзеў у Харошых дзьвярох сьвятыні дзеля ўбожніны; і працяліся жахам а зумленьням ад тога, што сталася яму.
і пазналі яго, што гэта быў той самы, які сядзеў каля Прыгожых дзьвярэй храма дзеля міласьціны, і напоўніліся жахам і зьдзіўленьнем з таго, што сталася зь ім.
І як ён дзяржаўся Пётры а Яана, увесь люд, вельма зумеўшыся, зьбегся да іх на ґанак, званы Салямонавым.
І як што аздароўлены кульгач не адступаўся ад Пятра і Яна, дык увесь люд у зьдзіўленьні зьбегся да іх у прытвор, называны Саламонавым.
А Пётра, абачыўшы гэта, адказаў люду: «Мужы ізраельскія, чаму вы зумеліся з гэтага чалавека, альбо чаму прыцяміліся да нас, быццам мы сваёй сілаю альбо набожнасьцю ўчынілі, што ён ходзе?
Убачыўшы гэта, Пётр сказаў люду: мужы Ізраільскія! што дзівуецеся з гэтага, або чаго глядзіце на нас, быццам мы сваёй сілаю і пабожнасьцю зрабілі так, што ён ходзіць.
Бог Абрагамоў а Ісакоў а Якаваў, Бог айцоў нашых, уславіў Дзяцё Свае Ісуса, Каторага вы выдалі й адракліся Яго ў прытомнасьці Пілата, як ён быў рассудзіўшы выпусьціць Яго.
А Бог Абрагамаў і Ісаакаў і Якаваў, Бог бацькоў нашых праславіў Сына Свайго Ісуса, Якога вы прадалі і Якога зракліся перад абліччам Пілата, калі ён судзіў адпусьціць Яго.
Але вы Сьвятога а Справядлівага адракліся, і прасілі падараваць вас забіўцам;
Але Сьвятога і Праведнага вы адцураліся, і прасілі памілаваць чалавека-душагуба,
А пачынаньніка жыцьця вы забілі, Каторага Бог ускрысіў зь мертвых, чаго мы сьветкі.
а Пачынальніка Жыцьця забілі; Гэтага Бог уваскрэсіў зь мёртвых, і мы сьведкі таго.
І вераю ў імя Ягонае, імя Ягонае ўмацавала гэтага, каторага вы бачыце й знаеце; і вера, што ад Яго, дала яму супоўнае ўздараўленьне гэтае ў прытомнасьці вас усіх.
І празь веру ў імя Ягонае, імя Ягонае ўмацавала гэтага, якога вы бачыце і ведаеце, і вера, якая ад Яго, дала яму ацаленьне гэтае перад ўсімі вамі.
Але цяпер, браты, я ведаю, што вы зрабілі гэта зь неведзі, як і старцы вашыя.
А цяпер, я ведаю, браты, што вы як і начальнікі вашыя, зрабілі гэта празь несьвядомасьць;
Бог жа, што наперад абясьціў вуснамі ўсіх прарокаў, што меў Хрыстос цярпець, так выпаўніў.
А Бог так учыніў, як прадвяшчаў вуснамі ўсіх Сваіх прарокаў — пацярпець Хрысту, так і выканаў.
Дык кайцеся й навярніцеся дзеля сьцерця грахоў сваіх, каб часы халадку прышлі ад віду Спадаровага,
Дык пакайцеся і навярнецеся, каб загладзіліся грахі вашыя,
І каб паслаў Ён Ісуса Хрыста, наканаванага вам,
хай прыйдуць часіны лагоды ад аблічча Гасподняга, і хай пашле Ён наканаванага вам Ісуса Хрыста,
Каторага неба запраўды мела прыняць да часоў аднаўленьня ўсяго, праз што Бог казаў вуснамі сьвятых прарокаў Сваіх ад веку.
Якога неба павінна было прыняць да часу зьдзяйсьненьня ўсяго, што казаў Бог вуснамі ўсіх сьвятых Сваіх прарокаў ад веку.
Масей запраўды сказаў: "Прароку Спадар Бог ваш узьніме вам із братоў вашых, як мяне; Яго слухайце ў вусім, што-колечы Ён будзе казаць вам.
Майсей сказаў бацькам: «Гасподзь Бог ваш паставіць вам з братоў вашых Прарока, як мяне; слухайцеся Яго ва ўсім, што Ён ні будзе казаць вам;
І будзе, што кажная душа, каторая не паслухае Прарокі таго, чыста будзе выгублена зь люду".
і будзе, што кожная душа, якая не паслухаецца Прарока Таго, зьнішчыцца з народу».
І запраўды ўсі прарокі ад Самуйлы й просьле яго, колькі іх казала, наперад абяшчалі гэтыя дні.
І ўсе прарокі ад Самуіла і пасьля яго, колькі іх ні вяшчалі, таксама абвясьцілі наперад дні гэтыя.
Вы сынове прарокаў а змовы, каторую Бог учыніў з бацькамі вашымі, кажучы Абрагаму: "І ў насеньню тваім дабраслаўлены будуць усі радзімы зямлі".
Вы сыны прарокаў і запавету, які запавядаў Бог бацькам вашым, кажучы Абрагаму: «і ў семені тваім дабраславяцца ўсе плямёны зямныя».
Вам найперш Бог, узьняўшы Дзяцё Свае, паслаў Яго, дабраслаўляючы вас, каб адвярнуць кажнага ад нягоднасьцяў вашых».
Бог, уваскрэсіўшы Сына Свайго Ісуса, да вас першых паслаў Яго дабраславіць вас, адхіляючы кожнага з вас ад ліхіх дзеяў вашых.