Дзеі 21 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Як жа мы, расстаўшыся зь імі, адплылі, дык простай дарогаю прыплылі да Косу, назаўтрае да Родосу і стуль да Патары.
 
Калі ж мы, разьвітаўшыся зь імі, адплылі, дык напрасткі прыйшлі ў Кос, на другі дзень у Радос і адтуль у Патару;

І засьпеўшы караб, што йшоў да Фінікі, узышлі на яго й адплылі.
 
і, калі знайшлі карабель, што плыў у Фінікію, узышлі на яго і адплылі.

І відаць быў Кіпра, і, пакінуўшы яго палеве, мы плылі да Сыры, і выселі ў Тыру, бо там караб меў выкласьці свой наклад.
 
Калі паказаўся Кіпр, мы пакінулі яго зьлева і паплылі ў Сірыю, і прысталі ў Тыры, бо тут было трэба скласьці грузы з карабля;

І, засьпеўшы вучанікаў, заставаліся там сем дзён. Яны з Духа казалі Паўлу ня йсьці да Ерузаліму.
 
і, знайшоўшы вучняў, прабылі там сем дзён; яны праз Духа казалі Паўлу, каб ён не хадзіў у Ерусалім.

Як жа скончыліся гэтыя дні, вышлі й пайшлі, і нас прапушчалі ўсі із жанкамі а дзецьмі аж да места; а на беразе, уклякшы, памаліліся.
 
Правёўшы гэтыя дні, мы выйшлі і пайшлі і нас праводзілі ўсе з жанчынамі і дзецьмі аж за горад; а на беразе, укленчыўшы, памаліліся.

І, разьвітаўшыся адзін із адным, мы ўзышлі на караб, а яны зьвярнуліся двору.
 
І, разьвітаўшыся паміж сабою, мы ўзышлі на карабель, а яны вярнуліся дамоў.

Мы ж, скончыўшы плаўбу, прыбылі з Тыру да Птолемаіды і, паздароваўшы братоў, засталіся адзін дзень ізь імі.
 
А мы, адбыўшы плаваньне, прыбылі з Тыра ў Пталемаіду, дзе, прывітаўшы братоў, прабылі ў іх адзін дзень.

А назаўтрае Паўла а мы, бытыя зь ім, вышаўшы, прышлі да Цэсарэі і, увыйшоўшы ў дом Піліпа евангелістага, аднаго ізь сямёх, заставаліся ў яго.
 
А на другі дзень Павал і мы, хто быў зь ім, выйшаўшы, прыйшлі ў Кесарыю і, увайшоўшы ў дом Піліпа прапаведніка, аднаго зь сямёх дыяканаў, засталіся ў яго.

У яго былі чатыры дачкі дзявушчыя, праракаючыя.
 
У яго былі чатыры дачкі, дзяўчаты-прарочыцы.

Прымеж тога, як мы заставаліся ў іх шмат дзён, прышоў зь Юдэі якісь прарока, на ймя Агаў;
 
Тым часам, як мы многа дзён заставаліся ў іх, прыйшоў зь Юдэі нейкі прарок, якога звалі Агаў,

І, увыйшоўшы да нас, узяў пояс Паўлаў і, зьвязаўшы сабе рукі й ногі, сказаў: «Гэтак кажа Дух Сьвяты: мужа, чый гэты пояс, гэтак зьвяжуць у Ерузаліме Жыды і выдадуць у рукі паган».
 
і, увайшоўшы да нас, узяў пояс Паўлаў і, зьвязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: так кажа Дух Сьвяты: мужа, чый гэта пояс, гэтак зьвяжуць у Ерусаліме Юдэі і перададуць у рукі язычнікам.

Як жа мы пачулі гэта, то й мы й тамашнія прасілі, каб ён ня йшоў да Ерузаліму.
 
Калі ж мы пачулі гэта, дык і мы і тамтэйшыя прасілі, каб ён ня ішоў у Ерусалім.

Але Паўла адказаў: «Што вы робіце, плачучы а немарасьцячы сэрца мае? бо я гатоў ня толькі быць зьвязаным, але таксама памерці ў Ерузаліме за імя Спадара Ісуса».
 
Але Павал у адказ сказаў: што вы робіце? чаго плачаце і засмучаеце сэрца маё? я ня толькі хачу быць вязьнем, але гатовы памерці ў Ерусаліме за імя Госпада Ісуса.

Ня здолеўшы ўмовіць яго, мы змоўклі, кажучы: «Станься воля Спадарова!»
 
А калі мы ня здолелі ўгаварыць яго, дык супакоіліся, сказаўшы: хай будзе воля Гасподняя!

Просьле гэтых дзён, прыгатаваўшыся, пайшлі мы да Ерузаліму.
 
Пасьля гэтых дзён, падрыхтаваўшыся, пайшлі мы ў Ерусалім;

І з вучанікаў з Цэсарэі йшлі з намі, вядучы якогась Мнасона, Кіпраніна, даўнейшага вучаніка, у каторага мы былі б на гасподзе.
 
з намі ішлі і некаторыя вучні з Кесарыі, праводзячы нас да аднаго даўняга вучня, Мнасана Кіпрыйца, у якога можна было нам жыць.

А, як мы прыбылі да Ерузаліму, браты рада прынялі нас.
 
як прыйшлі мы ў Ерусалім, браты гасьцінна прынялі нас.

А назаўтрае Паўла прышоў з намі да Якава, і ўсі старшыя прышлі туды.
 
На другі дзень Павал прыйшоў з намі да Якава; прыйшлі і ўсе прасьвітары.

І, паздароваўшы іх, ён паведаў з парадку ўсе, што Бог учыніў службаю ягонай.
 
Павітаўшы іх, Павал расказваў падрабязна, што стварыў Бог у язычнікаў служэньнем ягоным.

Яны ж, пачуўшы, славілі Бога і сказалі яму: «Бачыш, браце, колькі тысячаў ёсьць із Жыдоў, што ўверылі, і ўсі рупатлівыя праз Закон.
 
А яны, выслухаўшы, праславілі Бога і сказалі яму: бачыш, браце, колькі тысяч Юдэяў уверавалі, і ўсе яны — шчырыя слугі закона;

Але празь цябе маюць ведамку, што ты вучыш усіх Жыдоў, што памеж народаў, адступніцтва ад Масея, кажучы, што яны ня маюць абразаць дзеці свае ані заховаваць абычаі.
 
а пра цябе наслухаліся яны, быццам ты ўсіх Юдэяў, якія жывуць сярод язычнікаў, вучыш адступацца ад Майсея, кажучы, каб яны не абразалі дзяцей сваіх і ня трымаліся звычаяў.

Дык што ж? Множасьць канечне зьбярэцца, бо пачуюць, што ты прышоў.
 
Дык што ж гэта? Пэўна, зьбярэцца народ; бо дачуюцца, што ты прыйшоў.

Зрабі ж, што мы скажам тэ: ёсьць у нас чатыры чалавекі, што маюць на сабе абятніцы.
 
Зрабі ж, што мы скажам табе: ёсьць у нас чатыры мужы, якія маюць на сабе зарок.

Вазьмі іх, і ачысьціся зь імі, і заплаці выдаткі за іх, каб яны агалілі галавы свае, — і даведаюцца ўсі, што няма нічога праўдзівага з чутага імі празь цябе, але што й сам ты жывеш заховуючы Закон.
 
Узяўшы іх, ачысьціся зь імі і прымі на сябе выдаткі на ахвяру за іх, каб абстрыглі сабе галаву, — і ўведаюць усе, што чутае імі пра цябе несправядлівае, а што і сам ты жывеш згодна з законам.

А ўзглядам тых, што ўверылі з паган, то мы пісалі, пастанавіўшы, каб яны ўзьдзержаваліся ад абраканага балваном, ад крыві, ад задушанага і ад бязулства».
 
А пра язычнікаў, якія ўверавалі, мы пісалі, пастанавіўшы, каб яны нічога такога не пільнаваліся, а толькі ўстрымалі сябе ад ідалаахвярнага, ад крыві, ад душанага і ад распусты.

Тады Паўла, узяўшы тых мужоў, назаўтрае ачысьціўшыся, увыйшоў зь імі ў сьвятыню, асьвятчаючы, што дні ачышчэньня скончаны і абрэчаны аброк за кажнага зь іх.
 
Тады Павал, узяўшы тых мужоў і ачысьціўшыся зь імі, на другі дзень увайшоў у храм і абвясьціў заканчэньне дзён ачышчэньня, калі павінна быць прынесена за кожнага зь іх ахвяра.

Як жа сем дзён канчаліся, Жыды з Азі, абачыўшы яго ў сьвятыні, узрушылі ўсю гурбу і наклалі рукі на яго,
 
Калі ж сем дзён канчаліся, тады Асійскія Юдэі, убачыўшы яго ў храме, падбухторылі ўсіх людзей і наклалі на яго рукі,

Крычачы: «Мужы ізраельскія, памажыце! гэты чалавек усіх усюдых вуча супроці люду а Закону а месца гэтага, а нават прывёў Грэкаў у сьвятыню і збудзеніў сьвятое месца».
 
закрычаўшы: мужы Ізраільскія, памажэце! Гэты чалавек усіх і ўсюды настаўляе супроць народу і закона і месца гэтага; да таго ж і Элінаў дапусьціў у храм і спаганіў сьвятое месца гэтае.

Бо перад тым яны бачылі зь ім у месьце Трахіма Ефэсяніна й думалі, што Паўла быў увёўшы яго ў сьвятыню.
 
Бо папярэдне яны бачылі зь ім у горадзе Трахіма Эфэсяніна і думалі, што Павал яго ўвёў у храм.

І ўсе места ўзрушылася, і зьбегліся людзі; і, схапіўшы Паўлу, пацягнулі яго вон ізь сьвятыні, і якга замкнёны былі дзьверы.
 
Увесь горад узрушыўся, і пазьбягаліся ўсе людзі; і, схапіўшы Паўла, павалаклі яго з храма, і адразу ж замкнуты былі дзьверы.

Як жа яны хацелі забіць яго, ведамка прышла да тысячніка аддзелу, што ўвесь Ерузалім узрушыўся.
 
Калі ж яны хацелі забіць яго, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Ерусалім узбунтаваўся;

Ён, зараз узяўшы жаўнераў а сотнікаў, пабег на іх. Яны ж, абачыўшы тысячніка а жаўнераў, перасталі біць Паўлу.
 
ён, адразу ўзяўшы воінаў і сотнікаў, рушыў на іх; а яны, убачыўшы тысячніка і воінаў, перасталі біць Паўла;

Тады тысячнік, прышоўшы, узяў яго й казаў закаваць двума ланцугамі, і пытаўся, хто ён і што зрабіў.
 
тады тысячнік, падышоўшы, узяў яго і загадаў закаваць яго двума ланцугамі, і пытаўся: хто ён і што зрабіў?

У гурбе ж крычэлі адныя адно, другія другое. Ён жа, ня могучы з прычыны сумятні даведацца нічога пэўнага, расказаў весьці яго да гораду.
 
А людзі адны крычалі адное, а другія другое; ён жа, ня могучы з прычыны ўзрушэньня даведацца нічога пэўнага, загадаў весьці яго ў крэпасьць.

Як жа ён быў на ўсходках, жаўнерам давялося несьці яго з прычыны ўсілства гурбы,
 
А калі ён быў на лесьвіцы, дык воіны мусілі несьці яго, бо ў натоўпе была вялікая сьціжма;

Зо множасьць люду йшла за ім, крычачы: «Вон яго!»
 
бо мноства людзей ішло сьледам і крычала: сьмерць яму!

Ля ўходу ў горад Паўла сказаў тысячніку: «Ці можна імне сказаць тэ штось?» А гэты сказаў: «Ты знаеш пагрэцку?
 
Перад уваходам у крэпасьць Павал сказаў тысячніку: ці можна мне сказаць табе нешта? А той сказаў: ты ўмееш па-Грэцку?

Дык ці ня ты тый Егіпцянін, што надоечы ўзьняў бунт і вывеў на пустыню чатыры тысячы чалавекаў, гэных разбойнікаў (Сыкоран)».
 
Дык ці ня ты той Егіпцянін, які напярэдадні ўчыніў бунт і зьвёў у пустыню чатыры тысячы чалавек разбойнікаў?

Паўла ж сказаў: «Я Жыд, Тарсянін, грамадзянін не апошняга места кіліцкага; дык, калі ласка, дазволь імне прамовіць да люду».
 
А Павал сказаў: я Юдэй, Тарсянін, грамадзянін вядомага Кілікійскага горада; прашу цябе, дазволь мне гаварыць да людзей.

Як жа тый дазволіў, Паўла, стоячы на ўсходках, кінуў рукою люду і, як сталася вялікая цішыня, прамовіў да іх гэбрэйскай моваю, кажучы:
 
І калі той дазволіў, Павал, стоячы на лесьвіцы, даў знак рукою людзям і, калі настала глыбокая моўча, пачаў прамаўляць па-Габрэйску так: