Дзеі 21 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Як жа мы, расстаўшыся зь імі, адплылі, дык простай дарогаю прыплылі да Косу, назаўтрае да Родосу і стуль да Патары.
Пасля таго, як мы, расста́ўшыся з імі, адплылí, то прамы́м шля́хам прыбылí на Кос, а насту́пнага дня — на Ро́дас, і адтуль у Пата́ру;
І засьпеўшы караб, што йшоў да Фінікі, узышлі на яго й адплылі.
і, знайшо́ўшы карабе́ль, які накіро́ўваўся ў Фінікíю, мы ўзышлí на яго і адплылí.
І відаць быў Кіпра, і, пакінуўшы яго палеве, мы плылі да Сыры, і выселі ў Тыру, бо там караб меў выкласьці свой наклад.
Калі паказа́ўся Кіпр, мы, пакíнуўшы яго зле́ва, паплылí ў Сíрыю і прыста́лі ў Ты́ры, бо там трэба было́ з карабля́ вы́грузіць тавар.
І, засьпеўшы вучанікаў, заставаліся там сем дзён. Яны з Духа казалі Паўлу ня йсьці да Ерузаліму.
І, знайшо́ўшы ву́чняў, мы засталíся там на сем дзён; яны, па натхне́нню Ду́ха, каза́лі Паўлу не ісці ў Іерусалім.
Як жа скончыліся гэтыя дні, вышлі й пайшлі, і нас прапушчалі ўсі із жанкамі а дзецьмі аж да места; а на беразе, уклякшы, памаліліся.
Пасля таго, як мы правялí гэтыя дні, мы вы́йшлі і адпра́віліся ў дарогу, і праводзілі нас усе з жанчы́намі і дзе́цьмі аж за горад; а на бе́разе, стаўшы на кале́ні, мы памалíліся.
І, разьвітаўшыся адзін із адным, мы ўзышлі на караб, а яны зьвярнуліся двору.
І, развіта́ўшыся адны з аднымі, мы ўзышлí на карабе́ль, а яны вярну́ліся да сябе.
Мы ж, скончыўшы плаўбу, прыбылі з Тыру да Птолемаіды і, паздароваўшы братоў, засталіся адзін дзень ізь імі.
Мы, завяршы́ўшы пла́ванне з Ты́ра, прыбылí ў Пталемаíду і, прывіта́ўшы брато́ў, засталíся на адзін дзень у іх.
А назаўтрае Паўла а мы, бытыя зь ім, вышаўшы, прышлі да Цэсарэі і, увыйшоўшы ў дом Піліпа евангелістага, аднаго ізь сямёх, заставаліся ў яго.
Назаўтра ж мы, якія былí з Паўлам, адпра́віліся і прыйшлі ў Кесары́ю і, увайшоўшы ў дом Філіпа дабраве́сніка, аднаго з сямі дыя́канаў, засталíся ў яго.
У яго былі чатыры дачкі дзявушчыя, праракаючыя.
А ў яго былí чатыры дачкí, дзевы, якія праро́чылі.
Прымеж тога, як мы заставаліся ў іх шмат дзён, прышоў зь Юдэі якісь прарока, на ймя Агаў;
У той час, як мы на праця́гу многіх дзён застава́ліся ў іх, прыбы́ў з Іудзеі нейкі прарок, па íмені Ага́ў,
І, увыйшоўшы да нас, узяў пояс Паўлаў і, зьвязаўшы сабе рукі й ногі, сказаў: «Гэтак кажа Дух Сьвяты: мужа, чый гэты пояс, гэтак зьвяжуць у Ерузаліме Жыды і выдадуць у рукі паган».
і, прыйшоўшы да нас, узяў пояс Паўла і, звяза́ўшы сабе но́гі і ру́кі, сказаў: так гаво́рыць Дух Святы́: «му́жа, якому нале́жыць гэты пояс, звя́жуць у Іерусаліме Іудзеі і аддаду́ць у ру́кі язы́чнікаў».
Як жа мы пачулі гэта, то й мы й тамашнія прасілі, каб ён ня йшоў да Ерузаліму.
Калі мы пачулі гэта, то і мы, і та́машнія прасілі, каб ён не ішоў у Іерусалім.
Але Паўла адказаў: «Што вы робіце, плачучы а немарасьцячы сэрца мае? бо я гатоў ня толькі быць зьвязаным, але таксама памерці ў Ерузаліме за імя Спадара Ісуса».
Але Павел у адказ сказаў: што вы робіце, пла́чучы і разрыва́ючы маё сэ́рца?а́ я не толькі хачу быць вя́знем, але і паме́рці ў Іерусаліме гатовы за імя́ Госпада Іісуса.
Ня здолеўшы ўмовіць яго, мы змоўклі, кажучы: «Станься воля Спадарова!»
І паколькі ён не паддава́ўся ўгаво́рам, мы супако́іліся і сказалі: няхай будзе воля Гасподняя!
Просьле гэтых дзён, прыгатаваўшыся, пайшлі мы да Ерузаліму.
Пасля гэтых дзён, падрыхтава́ўшыся, мы пайшлі ў Іерусалім;
І з вучанікаў з Цэсарэі йшлі з намі, вядучы якогась Мнасона, Кіпраніна, даўнейшага вучаніка, у каторага мы былі б на гасподзе.
ішлі з намі і некато́рыя вучні з Кесары́і, право́дзячы нас да нейкага Мна́сана Кіпрыёта, да́ўняга вучня, каб нам пажы́ць у яго.
А, як мы прыбылі да Ерузаліму, браты рада прынялі нас.
Калі ж мы прыбылí ў Іерусалім, браты́ з радасцю прынялí нас.
А назаўтрае Паўла прышоў з намі да Якава, і ўсі старшыя прышлі туды.
На другі дзень Павел прыйшоў з намі да Іакава, прыйшлі і ўсе прасвітары.
І, паздароваўшы іх, ён паведаў з парадку ўсе, што Бог учыніў службаю ягонай.
І, павітаўшы іх, Павел стаў расказваць падрабя́зна, што́ зрабіў Бог у язычнікаў праз служэ́нне яго.
Яны ж, пачуўшы, славілі Бога і сказалі яму: «Бачыш, браце, колькі тысячаў ёсьць із Жыдоў, што ўверылі, і ўсі рупатлівыя праз Закон.
Вы́слухаўшы яго, яны сла́вілі Бога і казалі: бачыш, брат, колькі тысяч Іудзеяў уве́равалі, і ўсе яны руплíўцы закона;
Але празь цябе маюць ведамку, што ты вучыш усіх Жыдоў, што памеж народаў, адступніцтва ад Масея, кажучы, што яны ня маюць абразаць дзеці свае ані заховаваць абычаі.
а пра цябе яны чулі, бы́ццам ты ўсіх Іудзеяў, якія жыву́ць сярод язы́чнікаў, навуча́еш адсту́пніцтву ад Маісея, ка́жучы, каб яны не абрэ́звалі сваіх дзяцей і не трыма́ліся айцоўскіх звы́чаяў.
Дык што ж? Множасьць канечне зьбярэцца, бо пачуюць, што ты прышоў.
Дык што ж? Напэўна, збяру́цца многія, бо пачу́юць, што ты прыйшоў.
Зрабі ж, што мы скажам тэ: ёсьць у нас чатыры чалавекі, што маюць на сабе абятніцы.
Зрабі ж тое, што́ мы скажам табе: ёсць у нас чатыры мужы́, якія ма́юць на сабе абе́т;
Вазьмі іх, і ачысьціся зь імі, і заплаці выдаткі за іх, каб яны агалілі галавы свае, — і даведаюцца ўсі, што няма нічога праўдзівага з чутага імі празь цябе, але што й сам ты жывеш заховуючы Закон.
вазьмі іх і ачы́сціся з імі, і прымí на сябе выда́ткі на ахвяру за іх, каб яны абстры́глі свае гало́вы; тады даве́даюцца ўсе, што пачу́тае імі пра цябе — няпраўда, а што і сам ты жыве́ш, захо́ўваючы закон.
А ўзглядам тых, што ўверылі з паган, то мы пісалі, пастанавіўшы, каб яны ўзьдзержаваліся ад абраканага балваном, ад крыві, ад задушанага і ад бязулства».
А пра язы́чнікаў, якія ўве́равалі, мы піса́лі пасла́нне, пастанавíўшы, каб яны нічога такога не прытры́мліваліся, а толькі асцерага́ліся ідалаахвя́рнага, крывí, заду́шанага і блу́ду.
Тады Паўла, узяўшы тых мужоў, назаўтрае ачысьціўшыся, увыйшоў зь імі ў сьвятыню, асьвятчаючы, што дні ачышчэньня скончаны і абрэчаны аброк за кажнага зь іх.
Тады Павел, узя́ўшы тых мужо́ў і ачы́сціўшыся з імі, на другí дзень увайшоў у храм і абвясцíў пра заканчэ́нне дзён ачышчэ́ння, калі павінна быць прыне́сена за кожнага з іх прынашэ́нне.
Як жа сем дзён канчаліся, Жыды з Азі, абачыўшы яго ў сьвятыні, узрушылі ўсю гурбу і наклалі рукі на яго,
Калі ж сем дзён завярша́ліся, Асійскія Іудзеі, уба́чыўшы яго ў храме, падбухто́рылі ўвесь народ і накла́лі на яго ру́кі,
Крычачы: «Мужы ізраельскія, памажыце! гэты чалавек усіх усюдых вуча супроці люду а Закону а месца гэтага, а нават прывёў Грэкаў у сьвятыню і збудзеніў сьвятое месца».
закрыча́ўшы: мужы́ Ізра́ільскія, дапамажы́це! гэты чалавек усіх усю́ды навуча́е су́праць народа, і закона, і месца гэтага; а яшчэ і Э́лінаў увёў у храм і апага́ніў святое ме́сца гэтае.
Бо перад тым яны бачылі зь ім у месьце Трахіма Ефэсяніна й думалі, што Паўла быў увёўшы яго ў сьвятыню.
Бо яны перад тым бачылі з ім у горадзе Трафíма Эфе́сяніна і думалі, што Павел увёў яго ў храм.
І ўсе места ўзрушылася, і зьбегліся людзі; і, схапіўшы Паўлу, пацягнулі яго вон ізь сьвятыні, і якга замкнёны былі дзьверы.
Узру́шыўся ўвесь горад, і сышо́ўся народ; і, схапíўшы Паўла, яны пацягну́лі яго прэч з храма, і адразу зачы́нены былí дзверы.
Як жа яны хацелі забіць яго, ведамка прышла да тысячніка аддзелу, што ўвесь Ерузалім узрушыўся.
Калі ж яны хацелі забіць яго, дайшла да тысячанача́льніка палка́ вестка, што ўвесь Іерусалім узбу́раны;
Ён, зараз узяўшы жаўнераў а сотнікаў, пабег на іх. Яны ж, абачыўшы тысячніка а жаўнераў, перасталі біць Паўлу.
той, адразу ўзя́ўшы воінаў і сотнікаў, пабег да іх; яны ж, уба́чыўшы тысячанача́льніка і воінаў, пераста́лі біць Паўла.
Тады тысячнік, прышоўшы, узяў яго й казаў закаваць двума ланцугамі, і пытаўся, хто ён і што зрабіў.
Тады тысячанача́льнік, наблíзіўшыся, узяў яго і загада́ў звяза́ць яго двума́ ланцуга́мі, і пытаўся, хто ён і што зрабіў.
У гурбе ж крычэлі адныя адно, другія другое. Ён жа, ня могучы з прычыны сумятні даведацца нічога пэўнага, расказаў весьці яго да гораду.
У натоўпе адны крыча́лі адно, а другія — другое; і ён, не здо́леўшы з-за шуму даве́дацца нічога пэ́ўнага, загада́ў ве́сці яго ў крэпасць.
Як жа ён быў на ўсходках, жаўнерам давялося несьці яго з прычыны ўсілства гурбы,
Калі ж Павел апыну́ўся на прысту́пках, то воінам прыйшло́ся не́сці яго з прычыны на́ціску нато́ўпу,
Зо множасьць люду йшла за ім, крычачы: «Вон яго!»
бо мноства народу ішло ўслед і крыча́ла: смерць яму́!
Ля ўходу ў горад Паўла сказаў тысячніку: «Ці можна імне сказаць тэ штось?» А гэты сказаў: «Ты знаеш пагрэцку?
Пры ўваходзе ў крэпасць Павел кажа тысячанача́льніку: можна мне сказа́ць нешта табе́ А той сказаў: дык ты ўме́еш па-грэчаску?
Дык ці ня ты тый Егіпцянін, што надоечы ўзьняў бунт і вывеў на пустыню чатыры тысячы чалавекаў, гэных разбойнікаў (Сыкоран)».
значыць, ты не той Егіпця́нін, які нядаўна ўчынíў бунт і вы́веў у пустыню чатыры тысячы чалавек сіка́рыяў?
Паўла ж сказаў: «Я Жыд, Тарсянін, грамадзянін не апошняга места кіліцкага; дык, калі ласка, дазволь імне прамовіць да люду».
Павел жа сказаў: я Іудзей, Тарся́нін, грамадзя́нін немалазна́чнага Кілікíйскага горада; прашу цябе, дазволь мне прамо́віць да народу.
Як жа тый дазволіў, Паўла, стоячы на ўсходках, кінуў рукою люду і, як сталася вялікая цішыня, прамовіў да іх гэбрэйскай моваю, кажучы:
Калі ж той дазволіў, Павел, сто́ячы на прысту́пках, даў народу знак рукой; і калі наста́ла глыбокае маўча́нне, ён пачаў гаварыць на яўрэйскай мове, ка́жучы: