Лікі 1 разьдзел
Лікі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Праваслаўнай Царквы
І гукаў СПАДАР Масею на пустыні Сынайскай, у будане збору, на першы дзень другога месяца, другога году па выхадзе ізь зямлі Ягіпецкае, кажучы:
«Палічыце ўвесь лік грамады сыноў Ізраелявых па радзімах іхных, па дамох айцоў іхных, подле ліку ймёнаў, усіх мужчынаў нагалаву.
Ад дваццацёх год і вышэй, кажнага гадзячага на вайну ў Ізраеля, палічыце іх подле войскаў іхных — ты а Аарон.
З вамі мае быць із плямені па аднэй людзіне, што ё галавою ў доме айцоў сваіх.
І во ймёны мужоў, што будуць стаяць із вамі: ад Рувіна Еліцур Шэдэўронак;
Ад Сымона Шэлумель Цурышаддаёнак;
Ад Юды Наасон Амінадавёнак;
Ад Іссасхара Нефанеель Цуаронак;
Ад Завулона Еляў Гэлонёнак;
Ад сыноў Язэпавых: ад Яхрэма Елішама Амігудзёнак; ад Манаса Гамалель Педацуронак;
Ад Веняміна Авідан Ґідэонёнак;
Ад Дана Агіезэр Амішаддаёнак;
Ад Ашэра Паґіель Охранёнак;
Ад Неффаліма Агіра Енанёнак».
Гэта славутыя грамады, князі плямёнаў айцоў сваіх, галавы тысячаў у Ізраелю яны.
І ўзяў Масей а Аарон мужоў гэтых, каторыя былі менаваныя наймя.
І ўсю грамаду яны зьберлі на першы дзень другога месяца. І паказалі яны радаводы свае па радзімах сваіх, па дамох айцоў сваіх, подле ліку ймёнаў, ад дваццацёх год і вышэй, нагалаву;
Як расказаў СПАДАР Масею, так палічыў ён іх на пустыні Сынайскай.
І было сыноў Рувінавых, першака Ізраелявага, у родах іхных, па радзімах іхных, па дамох айцоў іхных, подле ліку ймёнаў, нагалаву, усіх мужчынаў, ад дваццацёх год і вышэй, усіх выходзячых на вайну,
Налічана ў пляменю Рувінавым сорак шэсьць тысячаў пяцьсот.
У сыноў Сымонавых, у родах іхных, па радзімах іхных, па дамох айцоў іхных лікі ягоныя, подле ліку ймёнаў, нагалаву, усіх мужчынаў, ад дваццацёх год і вышэй, усіх выходзячых на вайну,
Лікі ў пляменю Сымонавым пяцьдзясят дзевяць тысячаў трыста.
У сыноў Ґадавых, у родах іхных, па радзімах іхных, па дамох айцоў іхных, у ліку ймёнаў, ад дваццацёх год і вышэй, усіх выходзячых на вайну,
Лікі іх у пляменю Ґадавым сорак пяць тысячаў шасьцьсот пяцьдзясят.
У сыноў Юдзіных, у родах іхных, па радзімах іхных, па дамох айцоў іхных, у ліку ймёнаў, ад дваццацёх год і вышэй, усіх выходзячых на вайну,
Лікі ў пляменю Юдзіным семдзясят чатыры тысячы шасьцьсот.
У сыноў Іссасхаровых, у родах іхных, па радзімах іхных, па дамох айцоў іхных, подле ліку ймёнаў, ад дваццацёх год і вышэй, усіх выходзячых на вайну,
Налічана ў пляменю Іссасхаровым пяцьдзясят чатыры тысячы чатырыста.
У сыноў Завулонавых, у родах іхных, па радзімах іхных, па дамох айцоў іхных, у ліку ймёнаў, ад дваццацёх год і вышэй, усіх выходзячых на вайну,
Лікі ў пляменю Завулонавым пяцьдзясят сем тысячаў чатырыста.
І сыноў Язэпавых, сыноў Яхрэмавых, у родах іхных, па радзімах іхных, па дамох айцоў іхных, у ліку ймёнаў, ад дваццацёх год і вышэй, усіх выходзячых на вайну,
Палічана ў пляменю Яхрэмавым сорак тысячаў пяцьсот.
У сыноў Манасавых, у родах іхных, па радзімах іхных, па дамох айцоў іхных, у ліку ймёнаў, ад дваццацёх год і вышэй, усіх выходзячых на вайну,
Лік у пляменю Манасавым трыццаць дзьве тысячы дзьвесьце.
У сыноў Веняміновых, у родах іхных, па радзімах іхных, па дамох айцоў іхных, у ліку ймёнаў, ад дваццацёх год і вышэй, усіх выходзячых на вайну,
Лікі ў пляменю Веняміновым трыццаць пяць тысячаў чатырыста.
У сыноў Дановых, у родах іхных, па радзімах іхных, па дамох айцоў іхных, у ліку ймёнаў, ад дваццацёх год і вышэй, усіх выходзячых на вайну,
Лікі ў пляменю Дановым шасьцьдзясят дзьве тысячы сямсот.
У сыноў Ашэравых, у родах іхных, па радзімах іхных, па дамох айцоў іхных, у ліку ймёнаў, ад дваццацёх год і вышэй, усіх выходзячых на вайну,
Лікі ў пляменю Ашэравым сорак адна тысяча пяцьсот.
У сыноў Неффалімовых, у родах іхных, па радзімах іхных, па дамох айцоў іхных, у ліку ймёнаў, ад дваццацёх год і вышэй, усіх выходзячых на вайну,
Лікі ў пляменю Неффалімовым пяцьдзясят тры тысячы чатырыста.
Гэта лікі, каторых палічыў Масей а Аарон а князі Ізраеля, двананцацёх чалавекаў, па адным чалавеку былі яны з дому айцоў сваіх.
І было ўсіх палічаных сыноў Ізраелявых, па домах айцоў іхных, ад дваццацёх год і вышэй, усіх выходзячых на вайну ў Ізраелю,
І было ўсіх палічаных шасьцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзясят.
А Левіты подле родаў айцоў сваіх ня былі палічаныя памеж іх.
«Толькі плямені Левавага ня лічы і колькасьць іх не далічай да сыноў Ізраелявых,
Але ты прызнач Левітаў да вітальні сьветчаньня і да ўсіх судзінаў яе і да ўсёга, што пры ёй; хай яны носяць вітальню й усі судзіны яе, і яны будуць служыць ёй, і наўкола вітальні раскладацца табарам сваім.
І, як кранецца вітальня, няхай спушчаюць яе Левіты; і як надабе раскладаць вітальню, няхай устанаўляюць яе Левіты; а калі прыступе хто чужы, памрэць.
І будуць разьлягацца сынове Ізраелявы кажны ў табару сваім і кажны пры сьцязе сваім, па войсках сваіх.
А Левіты маюць разьлягацца табарам наўкола вітальні сьветчаньня, і ня будзе гневу на грамаду сыноў Ізраелявых; і будуць Левіты стаяць на старожы вітальні сьветчаньня».
І зрабілі сынове Ізраелявы; подле ўсёга, што расказаў СПАДАР Масею, так і зрабілі.