Лікі 36 разьдзел

Лікі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

І дабліжыліся галавы айцоў радзімы сыноў Ґілеада, сына Махіровага, сына Манасавага з радзімаў сыноў Язэпавых, і гукалі перад Масеям а перад князьмі, галавамі айцоў сыноў Ізраелявых,
 

І сказалі: «Спадару майму СПАДАР расказаў даць зямлю-спадак жэрабям сыном Ізраелявым, і спадару майму расказаў СПАДАР даць спадак Салпагада, брата нашага, дачкам ягоным.
 

Калі ж яны будуць жонкамі якімсь із сыноў плямёнаў сыноў Ізраелявых, дык спадак паменшыцца ад спадку айцоў нашых і дадасца да спадку таго плямені, у каторым яны будуць, і паменшыцца ад адзяржанага жэрабям спадку нашага.
 

І як будуць у сыноў Ізраелявых пяцьдзясятыя ўгодкі, і тады спадак іхны дадасца да спадку таго плямені, у каторым яны будуць, і ад спадку плямені айцоў нашых адыймецца спадак іхны».
 

І расказаў Масей сыном Ізраелявым, подле слова СПАДАРОВАГА, і сказаў: «Добра кажа плямя сыноў Язэпавых.
 

Во слова, каторае расказаў СПАДАР праз Салпагадзянкі, кажучы: "Каго ўпадабаюць вочы іхныя, тых яны могуць быць жонкамі, адылі маюць быць жонкамі ў радзіме плямені айцоў сваіх,
 

Каб не пераходзіў спадак сыноў Ізраелявых з плямені да плямені, бо кажны чалавек сыноў Ізраелявых хай ліпне да спадку плямені айцоў сваіх.
 

І кажная дачка, каторай спадае спадак із плямені сыноў Ізраелявых, то толькі мае з дому плямені айца свайго быць жонкаю, каб сыном Ізраелявым кажнаму спадаў спадак айцоў іхных,
 

І каб не пераходзіў спадак із плямені да плямені іншага; бо кажнае з плямені сыноў Ізраелявых мае ліпці да спадку свайго"».
 

Як расказаў СПАДАР Масею, так і зрабілі Салпагадзянкі.
 

І вышлі Салпагадзянкі Магла, Тырца, Гоґла, Мілка а Ноа замуж за сыноў дзядзькоў сваіх.
 

І ў радзіме сыноў Манаса Язэпенка яны былі жонкамі, і быў спадак іхны ў плямені радзімы айца іхнага.
 

Гэта ё расказаньні а суды, каторыя расказаў СПАДАР Масеям сыном Ізраелявым на раўнінах Моаўскіх, ля Ёрдану, супроці Ерыхону.