Мацьвея 1 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Сувой радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давідавага, сына Абрагамовага.
 
Кніга радаводу Іісуса Хрыста, Сына Давідавага, Сына Аўраа́мавага.

Абрагам нарадзіў Ісака; а Ісак нарадзіў Якава; а Якаў нарадзіў Юду а братоў ягоных;
 
Аўраа́м нарадзíў Ісаа́ка; Ісаа́к нарадзíў Іа́кава; Іа́каў нарадзíў Іу́ду і братоў яго;

А Юда нарадзіў Фарэса а Зару ад Тамары; а Фарэс нарадзіў Есрома; а Есром нарадзіў Арама;
 
Іу́да нарадзíў Фарэ́са і За́ру ад Фама́ры; Фарэ́с нарадзíў Есро́ма; Есро́м нарадзíў Ара́ма;

А Арам нарадзіў Амінадава; а Амінадаў нарадзіў Наассона; а Наассон нарадзіў Салмона;
 
Ара́м нарадзíў Амінада́ва; Амінада́ў нарадзíў Наасо́на; Наасо́н нарадзíў Салмо́на;

А Салмон нарадзіў Вооза ад Рахавы; а Вооз нарадзіў Овіда ад Руты; Овід жа нарадзіў Еса;
 
Салмо́н нарадзíў Вао́за ад Раха́вы; Вао́з нарадзíў Авíда ад Ру́фі; Авíд нарадзíў Іесе́я;

А Есэ нарадзіў караля Давіда; Давід жа нарадзіў Салямона ад Урыхі;
 
Іесе́й нарадзíў Давіда цара; Давід цар нарадзíў Саламо́на ад былой жонкі Уры́евай;

Салямон жа нарадзіў Ровоама; а Ровоам нарадзіў Аву; а Ава нарадзіў Асу;
 
Саламо́н нарадзíў Раваа́ма; Раваа́м нарадзíў Авíю; Авíя нарадзíў А́су;

А Аса нарадзіў Ясапата; а Ясапат нарадзіў Ёрама; а Ёрам нарадзіў Узю;
 
А́са нарадзíў Іасафа́та; Іасафа́т нарадзíў Іара́ма; Іара́м нарадзíў Азíю;

А Узя нарадзіў Ёфама; а Ёфам нарадзіў Агаза; а Агаз нарадзіў Гэзэку;
 
Азíя нарадзíў Іаафа́ма; Іаафа́м нарадзíў Аха́за; Аха́з нарадзíў Езекíю;

А Гэзэка нарадзіў Манаса; а Манас нарадзіў Амона; а Амон нарадзіў Ёсю;
 
Езекíя нарадзíў Манасíю; Манасíя нарадзíў Амо́на; Амо́н нарадзíў Іасíю;

А Ёся нарадзіў Ехоню а братоў ягоных, у часе калі былі выселены да Бабілёну.
 
Іасíя нарадзíў Іаакíма; Іаакíм нарадзíў Іеханíю і братоў яго, падчас перасялення вавілонскага.

А па бабілёнскім высяленьню Ехоня нарадзіў Шэалфіеля; Шэалфіель нарадзіў Зэрувавеля;
 
Пасля ж перасялення вавілонскага Іеханíя нарадзíў Салафіíля; Салафіíль нарадзíў Зарава́веля;

Зэрувавель нарадзіў Авуда; а Авуд нарадзіў Елякіма; а Елякім нарадзіў Азора;
 
Зарава́вель нарадзíў Авіу́да; Авіу́д нарадзíў Еліакíма; Еліакíм нарадзíў Азо́ра;

А Азор нарадзіў Садока; а Садок нарадзіў Ахіма; а Ахім нарадзіў Елюда;
 
Азо́р нарадзíў Садо́ка; Садо́к нарадзíў Ахíма; Ахíм нарадзíў Еліу́да;

А Елюд нарадзіў Елеазара; а Елеазар нарадзіў Матфана; а Матфан нарадзіў Якава;
 
Еліу́д нарадзíў Елеаза́ра; Елеаза́р нарадзíў Матфа́на; Матфа́н нарадзíў Іа́кава;

А Якаў нарадзіў Язэпа, мужа Марыі, з каторае нарадзіўся Ісус, званы Хрыстос.
 
Іа́каў нарадзíў Іо́сіфа, мужа Марыі, ад Якой нарадзíўся Іісус, Якога называюць Хрыстос.

А ўсіх пакаленьняў ад Абрагама аж да Давіда — чатырнанцаць пакаленьняў; і ад Давіда аж да бабілёнскага высяленьня — чатырнанцаць пакаленьняў; і ад бабілёнскага высяленьня да Хрыста — чатырнанцаць пакаленьняў.
 
І вось, усіх пакале́нняў ад Аўраа́ма да Давіда чатырна́ццаць пакале́нняў; і ад Давіда да перасяле́ння вавілонскага чатырна́ццаць пакале́нняў; і ад перасяле́ння вавілонскага да Хрыста чатырна́ццаць пакале́нняў.

Нараджэньне ж Ісуса Хрыста сталася гэтак: па заручынах Маці Ягонае Марыі зь Язэпам, перад тым чымся злучыліся, выявілася, што Яна мае ў жываце з Духа Сьвятога.
 
Нараджэ́нне Іісуса Хрыста было́ так: пасля́ зару́чын Маці Яго Марыі з Іосіфам, перш чым сышлíся яны, вы́явілася, што Яна ма́е ва ўло́нні ад Духа Святога.

А Язэп, муж ейны, будучы справядлівым, і ня хочучы Яе зьняславіць, хацеў патай адпусьціць Яе.
 
А Іосіф, муж Яе, бу́дучы праведным і не жада́ючы знясла́віць Яе, хацеў упо́тай адпусцíць Яе.

Але як ён гэта падумаў, — вось, ангіл Спадароў зьявіўся яму ў сьненьню, кажучы: «Язэпе, сыну Давідаў, ня бойся прыняць Марыю, жонку сваю, бо зачатае ў ёй — з Духа Сьвятога ёсьць.
 
Калі ж задумаў ён гэта, — вось, Ангел Гасподні ў сне явíўся яму і сказаў: Іосіфе, сыне Давідаў! не бойся прыня́ць Марыю, жонку тваю; бо заро́джанае ў Ёй ёсць ад Духа Святога.

І народзе яна Сына, і назавеш імя Ягонае: Ісус, бо Ён спасець люд Свой ад грахоў іхных».
 
І наро́дзіць Сына, і дасí Яму імя́: Іісус; бо Ён зба́віць людзей Сваіх ад грахоў іх.

А ўсе гэта сталася, каб спаўнілася сказанае Спадаром прарокам;
 
А ўсё гэта ста́лася, каб збыло́ся ска́занае Госпадам праз прарока, які кажа:

«Вось, Дзявушчая зацяжарыць а народзе Сына, і назавуць імя Яго Емануель», што знача: з намі Бог.
 
«Вось, Дзева ва ўло́нні зачне́ і наро́дзіць Сына, і даду́ць Яму імя́: Эману́іл, што азнача́е: з намі Бог».

Прачхнуўшыся зо сну, Язэп зрабіў, як расказаў яму ангіл Спадароў, і прыняў жонку сваю.
 
Уста́ўшы ад сну, Іосіф зрабіў, як загада́ў яму Ангел Гасподні, і прыня́ў жонку сваю,

І ня знаў Яе, пакуль не нарадзіла Яна Сына, і ён назваў імя Ягонае: Ісус.
 
і не знаў Яе, пакуль нарадзіла Сына Свайго першароднага, і ён даў Яму імя́: Іісус.