Мацьвея 5 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Праваслаўнай Царквы
І, бачачы груды, узышоў Ён на гару; і, як сеў, падышлі да Яго вучанікі Ягоныя.
Убачыўшы люд, Ён узышо́ў на гару; і калі сеў, прыступíлі да Яго вучні Яго.
І, адчыніўшы вусны Свае, Ён навучаў іх, кажучы:
І, адкрыўшы ву́сны Свае, Ён вучыў іх, ка́жучы:
Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ё гаспадарства нябёснае.
блажэ́нныя ўбо́гія духам, бо іх ёсць Царства Нябеснае.
Шчасьлівыя засмучоныя, бо яны будуць пацешаны.
Блажэ́нныя тыя, што плачуць, бо яны суце́шацца.
Шчасьлівыя лагодныя, бо ім спадзець зямля.
Блажэ́нныя лаго́дныя, бо яны ўнасле́дуюць зямлю́.
Шчасьлівыя прагнучыя й сьмягнучыя справядлівасьці, бо яны будуць насычаны.
Блажэ́нныя тыя, што жада́юць і пра́гнуць праўды, бо яны насы́цяцца.
Шчасьлівыя міласэрныя, бо яны адзяржаць міласэрдзе.
Блажэ́нныя мíласцівыя, бо яны памíлаваны будуць.
Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны абачаць Бога.
Блажэ́нныя чыстыя сэ́рцам, бо яны Бога ўбачаць.
Шчасьлівыя чынячыя супакой, бо яны сынамі Божымі названы будуць.
Блажэ́нныя міратво́рцы, бо яны сына́мі Божымі назаву́цца.
Шчасьлівыя перасьледаваныя за справядлівасьць, бо іх ё гаспадарства нябёснае.
Блажэ́нныя гна́ныя за праўду, бо іх ёсць Царства Нябеснае.
Шчасьлівы вы, калі будуць вярнуць на вас і перасьледаваць, і будуць, манячы, мовіць на вас усялякае ліха дзеля Мяне.
Блажэ́нныя вы, калі будуць вас га́ньбіць і гнаць, і ўсякім словам ліхíм несправядліва зневажа́ць за Мяне.
Радуйцеся а весяліцеся, бо нагарода ваша вялікая на нябёсах, бо так перасьледавалі прарокаў, што былі перад вамі.
Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гна́лі прарокаў, што былí перад вамі.
Вы — соль зямлі. Калі ж соль згубе свой смак, чым пасаліць яе? Бо яна ня мае моцы свае, хіба толькі выкінуць яе вон, каб тапталі яе людзі.
Вы — соль зямлі. Калі ж соль стра́ціць сілу, то чым папра́віць яе? Яна ўжо ні на што не прыда́тная, хіба́ што вы́кінуць яе прэч на патапта́нне лю́дзям.
Вы — сьвятло сьвету. Ня можа места схавацца, стоячы на версе гары.
Вы — святло свету. Не можа схава́цца горад, які стаіць на гары.
І, як паляць лянпу, ня ставяць яе пад карэц, але на падстаноўку, і сьвеце ўсім у хаце.
І, запалíўшы све́чку, не ставяць яе пад пасу́дзінаю, а на падсве́чніку, і све́ціць усім, хто ў доме.
Гэтак няхай сьвеце сьвятло вашае перад людзьмі, каб яны бачылі добрыя ўчынкі вашыя і ўславілі Айца вашага, Каторы на нябёсах.
Так няхай све́ціць святло ваша перад людзьмí, каб яны бачылі вашы добрыя ўчы́нкі і ўслаўля́лі Айца вашага, Які на нябёсах.
Ня думайце, што Я прышоў узрушыць закон альбо прарокаў; Я ня прышоў узрушыць, але спаўніць.
Не думайце, што Я прыйшоў пару́шыць закон, альбо прарокаў: не пару́шыць прыйшоў Я, а здзе́йсніць.
Бо запраўды кажу вам: пакуль ня мінець неба й зямля, ні водная ёта альбо ні водная рыска ня мінець із закону, аж пакуль усё ня станецца.
Бо праўду кажу вам: пакуль не знíкнуць неба і зямля, ані ёта адна, ані ры́ска адзіная не знíкне з закона, пакуль не збу́дзецца ўсё.
Дык хто ўзруша адно з расказаньняў гэтых найменшых і так навуча людзёў, — найменшым будзе названы ў гаспадарстве нябёсным; а хто споўне а навуча, тый вялікім будзе названы ў гаспадарстве нябёсным.
Дык вось, хто пару́шыць адну з за́паведзяў гэтых найме́ншых і наву́чыць так людзей, той найме́ншым назаве́цца ў Царстве Нябесным; а хто вы́канае і наву́чыць, той вялікім назаве́цца ў Царстве Нябесным.
Бо кажу вам: калі справядлівасьць ваша не пярэйдзе справядлівасьці кніжнікаў а фарысэяў, дык ніяк ня ўвыйдзеце ў гаспадарства нябёснае.
Бо, кажу вам, калі пра́веднасць ваша не перавы́сіць пра́веднасці кніжнікаў і фарысеяў, то не ўво́йдзеце вы ў Царства Нябеснае.
Вы чулі, што сказана старавечным: ’Не забівай; а хто заб’ець, падпадзець пад суд’.
Вы чулі, што ска́зана продкам: «не забівай; а хто заб’е, падляга́е суду́».
А я кажу вам, што кажны, хто злуецца на брата свайго дарма, падпадзець пад суд; а хто скажа брату свайму ’рака’ (Пустыня), падпадзець пад сынэдрыён; а хто скажа ’дурань’, падпадзець пад пекляное цяпло.
А Я кажу вам, што кожны, хто гне́ваецца на брата свайго ма́рна, падляга́е суду; а хто скажа брату свайму: «рака́», падляга́е сінедрыёну; а хто скажа: «неразумны», падляга́е гее́не вогненнай.
Дык, калі ты прынясеш дар свой да аброчніка і там успомніш, што брат твой мае штось на цябе;
Дык вось, калі ты прынясе́ш дар твой да ахвя́рніка і ўспо́мніш там, што брат твой ма́е нешта су́праць цябе,
Пакінь там дар свой перад аброчнікам, і пайдзі, уперад пагадзіся з братам сваім, і тады прыйдзі й абрачы дар свой.
пакінь там дар твой перад ахвя́рнікам, і ідзі перш паміры́ся з братам тваім, і тады прыйдзí і прынясі дар твой.
Пагадзіся з праціўнікам сваім борзда, пакуль ты яшчэ ў дарозе зь ім, каб праціўнік рэдчас не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя — слузе, і ня ўкінулі цябе ў вязьніцу.
Міры́ся з працíўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб не аддаў цябе працíўнік суддзí, а суддзя́ не аддаў цябе слузе́, і не кíнулі цябе ў цямнíцу.
Запраўды кажу табе: ня выйдзеш стуль, пакуль не аддасі апошняга шэляга.
Праўду кажу табе: не вы́йдзеш адтуль, пакуль не аддасí апошняга кадра́нта.
Вы чулі, што сказана справядлівым: "Не чужалож’.
Вы чулі, што ска́зана продкам: «не пралюбадзе́йнічай».
А Я кажу вам, што кажны, хто глядзіць на жонку із жадлівасьцяй, ужо шчужаложыў зь ёй у сэрцу сваім.
А Я кажу вам, што кожны, хто глядзíць на жанчы́ну з пажа́длівасцю, ужо пралюбадзе́йнічаў з ёю ў сэ́рцы сваім.
Калі правае вока тваё спакушае цябе, вылупі яго й кінь ад сябе, бо валей табе, каб загінуў адзін із чаланоў тваіх, а ня ўсё цела твае было ўкінена ў ґегену.
Калі ж правае вока тваё спакуша́е цябе, вы́рві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а не ўсё це́ла тваё было ўкíнута ў гее́ну.
І калі правая рука твая спакушае цябе, адатні яе й кінь ад сябе, бо валей табе, каб загінуў адзін із чаланоў тваіх, а ня ўсё цела твае было ўкінена ў ґегену.
І калі правая твая рука спакуша́е цябе, адсячы́ яе і кінь ад сябе; бо ле́пей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а не ўсё це́ла тваё было ўкíнута ў гее́ну.
І сказана: ’Калі хто адпушчае жонку сваю, няхай дасьць ёй разводны ліст’.
Ска́зана таксама, што, калі хто развядзе́цца з жонкаю сваёю, няхай дасць ёй разво́дны ліст.
А Я кажу вам, што кажны, хто адпушчае жонку сваю, апрача віны чужалоства, тый даець прычыну да яе чужалоства; і хто ажэніцца з разьведзенай, тый чужаложа.
А Я кажу вам: кожны, хто разво́дзіцца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны блу́ду, той даво́дзіць яе да пралюбадзе́йства; і хто ажэ́ніцца з разве́дзенай, той пралюбадзе́йнічае.
Ізноў вы чулі, што сказана старавечным: "Не прысягай хвальшыва, але паўні прысягі свае Спадару’.
Яшчэ чулі вы, што ска́зана продкам: «не паруша́й кля́твы, а выко́нвай перад Госпадам кля́твы твае».
А Я кажу вам: не прысягайце сусім: ані небам, бо яно пасад Божы;
А Я кажу вам: не клянíся зусім: ні небам, бо яно — Прастол Божы;
Ані зямлёю, бо яна казюлька пад ногі Ягоныя; ані Ерузалімам, бо ён места вялікага Караля;
ні зямлёю, бо яна — падно́жжа нага́м Яго; ні Іерусалімам, бо ён — горад Вялікага Цара;
Ані галавою сваёй не прысягай, бо ня можаш ні воднага воласа зрабіць белым альбо чорным.
ні галавою тваёю не клянíся, бо не можаш ніводнага воласа зрабіць белым альбо чорным.
Але няхай будзе слова вашае: ’але, але’, ’не, не’; а што звыш гэтага — ад злога.
А няхай будзе слова ваша: «так — так», «не — не»; а што звыш гэтага, тое ад злога.
Вы чулі, што сказана: ’Вока за вока і зуб за зуб’.
Вы чулі, што ска́зана: «вока за вока, і зуб за зуб».
А Я кажу вам: не праціўся благому. Але хто вытне цябе ў правую шчаку тваю, абярні да яго й другую;
А Я кажу вам не працíвіцца злому. А калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ́ тваёй, падстаў яму і другую;
І хто захоча прававацца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму й вопратку;
і калі хто захоча судзíцца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму і вопратку;
І хто прысіле цябе йсьці зь ім адну мілю, ідзі зь ім і дзьве.
і калі хто цябе зму́сіць ісці з ім адно по́прышча, ідзі з ім два.
Хто просе ў цябе, дай, і хто хоча пазычыць у цябе — не адварачайся.
Таму, хто просіць у цябе, дай; і ад таго, хто хоча пазы́чыць у цябе, не адваро́чвайся.
Вы чулі, што сказана: ’Любі прыяцеля свайго, і ненавідзь непрыяцеля свайго’.
Вы чулі, што ска́зана: «любí блíжняга твайго і ненавíдзь ворага твайго».
А Я кажу вам: любіце непрыяцеляў сваіх, дабраслаўце клінучых вас, рабіце дабро ненавідзячым вас і маліцеся за крыўдзячых вас і перасьлядуючых вас,
А Я кажу вам: любíце ворагаў вашых, благаслаўля́йце тых, хто пракліна́е вас, рабíце дабро тым, што ненавíдзяць вас, і маліцеся за тых, што кры́ўдзяць вас і гоняць вас;
Каб вы былі сынамі Айца вашага Нябёснага, бо Ён расказуе сонцу Свайму ўсходзіць над благімі й добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.
каб сталі вы сына́мі Айца вашага, Які на нябёсах; бо Ён зага́двае сонцу Свайму ўзыхо́дзіць над злымі і добрымі і пасылае дождж на пра́ведных і няпра́ведных.
Бо, калі вы будзеце любіць любячых вас, якая вам нагарода? Ці ня тое ж робяць і мытнікі?
Бо, калі вы будзеце любíць тых, што лю́бяць вас, якая вам узнагарода? Ці не тое ж самае робяць і мы́тнікі?
І калі вы веціце толькі братоў сваіх, што асаблівага робіце? Ці ня так робяць і пагане?
І калі вы віта́еце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не гэтак робяць і язычнікі?
Дык будзьце дасканальныя, як дасканальны Айцец ваш нябёсны.
Дык вось, будзьце даскана́лыя, як даскана́лы Айцец ваш Нябесны.