Мацьвея 5 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

І, бачачы груды, узышоў Ён на гару; і, як сеў, падышлі да Яго вучанікі Ягоныя.
 
Убачыўшы натоўп, Езус узышоў на гару. А калі сеў, падышлі да Яго вучні Ягоныя.

І, адчыніўшы вусны Свае, Ён навучаў іх, кажучы:
 
І, адкрыўшы вусны свае, Ён вучыў іх, кажучы:

Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ё гаспадарства нябёснае.
 
«Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.

Шчасьлівыя засмучоныя, бо яны будуць пацешаны.
 
Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць суцешаны.

Шчасьлівыя лагодныя, бо ім спадзець зямля.
 
Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю.

Шчасьлівыя прагнучыя й сьмягнучыя справядлівасьці, бо яны будуць насычаны.
 
Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны будуць насычаны.

Шчасьлівыя міласэрныя, бо яны адзяржаць міласэрдзе.
 
Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць.

Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны абачаць Бога.
 
Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.

Шчасьлівыя чынячыя супакой, бо яны сынамі Божымі названы будуць.
 
Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі.

Шчасьлівыя перасьледаваныя за справядлівасьць, бо іх ё гаспадарства нябёснае.
 
Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.

Шчасьлівы вы, калі будуць вярнуць на вас і перасьледаваць, і будуць, манячы, мовіць на вас усялякае ліха дзеля Мяне.
 
Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць, пераследаваць і ўсяляк зласловіць несправядліва за Мяне.

Радуйцеся а весяліцеся, бо нагарода ваша вялікая на нябёсах, бо так перасьледавалі прарокаў, што былі перад вамі.
 
Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах. Бо так пераследавалі прарокаў, якія былі перад вамі.

Вы — соль зямлі. Калі ж соль згубе свой смак, чым пасаліць яе? Бо яна ня мае моцы свае, хіба толькі выкінуць яе вон, каб тапталі яе людзі.
 
Вы соль зямлі. Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе вон на патаптанне людзям.

Вы — сьвятло сьвету. Ня можа места схавацца, стоячы на версе гары.
 
Вы святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары.

І, як паляць лянпу, ня ставяць яе пад карэц, але на падстаноўку, і сьвеце ўсім у хаце.
 
І, запаліўшы светач, не ставяць яго пад пасудзінай, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме.

Гэтак няхай сьвеце сьвятло вашае перад людзьмі, каб яны бачылі добрыя ўчынкі вашыя і ўславілі Айца вашага, Каторы на нябёсах.
 
Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах.

Ня думайце, што Я прышоў узрушыць закон альбо прарокаў; Я ня прышоў узрушыць, але спаўніць.
 
Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць Закон ці Прарокаў. Не адмяніць прыйшоў Я, а выканаць.

Бо запраўды кажу вам: пакуль ня мінець неба й зямля, ні водная ёта альбо ні водная рыска ня мінець із закону, аж пакуль усё ня станецца.
 
Бо сапраўды кажу вам: пакуль не міне неба і зямля, ніводная ёта, ніводная рыска не зменіцца ў Законе, пакуль не збудзецца ўсё.

Дык хто ўзруша адно з расказаньняў гэтых найменшых і так навуча людзёў, — найменшым будзе названы ў гаспадарстве нябёсным; а хто споўне а навуча, тый вялікім будзе названы ў гаспадарстве нябёсным.
 
Таму, калі хто парушыць адну з гэтых найменшых запаведзяў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым назавецца ў Валадарстве Нябесным. Хто ж выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Валадарстве Нябесным.

Бо кажу вам: калі справядлівасьць ваша не пярэйдзе справядлівасьці кніжнікаў а фарысэяў, дык ніяк ня ўвыйдзеце ў гаспадарства нябёснае.
 
Бо кажу вам, калі справядлівасць ваша не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.

Вы чулі, што сказана старавечным: ’Не забівай; а хто заб’ець, падпадзець пад суд’.
 
Вы чулі, што было сказана продкам: “Не забівай”, а хто заб’е, падлягае суду.

А я кажу вам, што кажны, хто злуецца на брата свайго дарма, падпадзець пад суд; а хто скажа брату свайму ’рака’ (Пустыня), падпадзець пад сынэдрыён; а хто скажа ’дурань’, падпадзець пад пекляное цяпло.
 
А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падлягае суду. Хто ж скажа брату свайму “рака”, падлягае Сінэдрыёну, а хто скажа “неразумны”, падлягае геене вогненнай.

Дык, калі ты прынясеш дар свой да аброчніка і там успомніш, што брат твой мае штось на цябе;
 
Таму, калі прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе,

Пакінь там дар свой перад аброчнікам, і пайдзі, уперад пагадзіся з братам сваім, і тады прыйдзі й абрачы дар свой.
 
пакінь дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, а тады прыйдзі і прынясі свой дар.

Пагадзіся з праціўнікам сваім борзда, пакуль ты яшчэ ў дарозе зь ім, каб праціўнік рэдчас не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя — слузе, і ня ўкінулі цябе ў вязьніцу.
 
Мірыся з праціўнікам тваім хутка, пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе суддзі, а суддзя не аддаў цябе слугу, і каб не ўкінулі цябе ў вязніцу.

Запраўды кажу табе: ня выйдзеш стуль, пакуль не аддасі апошняга шэляга.
 
Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошні грош.

Вы чулі, што сказана справядлівым: "Не чужалож’.
 
Вы чулі, што сказана: “Не чужалож”.

А Я кажу вам, што кажны, хто глядзіць на жонку із жадлівасьцяй, ужо шчужаложыў зь ёй у сэрцу сваім.
 
А Я кажу вам: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю чужалоства ў сваім сэрцы.

Калі правае вока тваё спакушае цябе, вылупі яго й кінь ад сябе, бо валей табе, каб загінуў адзін із чаланоў тваіх, а ня ўсё цела твае было ўкінена ў ґегену.
 
Калі правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе, бо лепей табе, калі загіне адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё будзе кінута ў геену.

І калі правая рука твая спакушае цябе, адатні яе й кінь ад сябе, бо валей табе, каб загінуў адзін із чаланоў тваіх, а ня ўсё цела твае было ўкінена ў ґегену.
 
І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе, бо лепей табе, калі загіне адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё пойдзе ў геену.

І сказана: ’Калі хто адпушчае жонку сваю, няхай дасьць ёй разводны ліст’.
 
Сказана: “Калі хто адпускае жонку сваю, няхай дасць ёй разводны ліст”.

А Я кажу вам, што кажны, хто адпушчае жонку сваю, апрача віны чужалоства, тый даець прычыну да яе чужалоства; і хто ажэніцца з разьведзенай, тый чужаложа.
 
А Я кажу вам: кожны, хто развядзецца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да чужалоства, а хто ажэніцца з разведзенаю, той чужаложыць.

Ізноў вы чулі, што сказана старавечным: "Не прысягай хвальшыва, але паўні прысягі свае Спадару’.
 
Вы чулі, што сказана было продкам: “Не прысягай фальшыва, а выконвай перад Богам прысягі свае”.

А Я кажу вам: не прысягайце сусім: ані небам, бо яно пасад Божы;
 
А Я кажу вам: не прысягайце наогул: ні небам, бо гэта пасад Божы;

Ані зямлёю, бо яна казюлька пад ногі Ягоныя; ані Ерузалімам, бо ён места вялікага Караля;
 
ні зямлёю, бо гэта падножжа ног Ягоных; ні Ерузалемам, бо гэта горад вялікага Караля.

Ані галавою сваёй не прысягай, бо ня можаш ні воднага воласа зрабіць белым альбо чорным.
 
Ні галавою сваёй не прысягай, бо не можаш ніводнага воласа зрабіць белым або чорным.

Але няхай будзе слова вашае: ’але, але’, ’не, не’; а што звыш гэтага — ад злога.
 
Няхай будзе слова вашае “так-так”, “не-не”. А што звыш гэтага, тое ад злога.

Вы чулі, што сказана: ’Вока за вока і зуб за зуб’.
 
Вы чулі, што сказана: “Вока за вока і зуб за зуб”.

А Я кажу вам: не праціўся благому. Але хто вытне цябе ў правую шчаку тваю, абярні да яго й другую;
 
А Я вам кажу: не адплачвайце злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую.

І хто захоча прававацца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму й вопратку;
 
Калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч.

І хто прысіле цябе йсьці зь ім адну мілю, ідзі зь ім і дзьве.
 
І калі хто цябе змусіць ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве.

Хто просе ў цябе, дай, і хто хоча пазычыць у цябе — не адварачайся.
 
Таму, хто просіць у цябе, давай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе.

Вы чулі, што сказана: ’Любі прыяцеля свайго, і ненавідзь непрыяцеля свайго’.
 
Вы чулі, што сказана: “Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго”.

А Я кажу вам: любіце непрыяцеляў сваіх, дабраслаўце клінучых вас, рабіце дабро ненавідзячым вас і маліцеся за крыўдзячых вас і перасьлядуючых вас,
 
А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас,

Каб вы былі сынамі Айца вашага Нябёснага, бо Ён расказуе сонцу Свайму ўсходзіць над благімі й добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.
 
каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.

Бо, калі вы будзеце любіць любячых вас, якая вам нагарода? Ці ня тое ж робяць і мытнікі?
 
Калі ж вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі?

І калі вы веціце толькі братоў сваіх, што асаблівага робіце? Ці ня так робяць і пагане?
 
І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі?

Дык будзьце дасканальныя, як дасканальны Айцец ваш нябёсны.
 
Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.