Мацьвея 5 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І, бачачы груды, узышоў Ён на гару; і, як сеў, падышлі да Яго вучанікі Ягоныя.
І, бачачы натоўпы, Ён узышоў на гару; і, калі сеў, падышлі да Яго вучні Яго;
І, адчыніўшы вусны Свае, Ён навучаў іх, кажучы:
і, адкрыўшы вусны Свае, стаў іх навучаць, кажучы:
Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ё гаспадарства нябёснае.
«Шчасныя ўбогія духам, бо іх Валадарства Нябеснае.
Шчасьлівыя засмучоныя, бо яны будуць пацешаны.
Шчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.
Шчасьлівыя лагодныя, бо ім спадзець зямля.
Шчасныя пакорлівыя, бо яны завалодаюць зямлёю.
Шчасьлівыя прагнучыя й сьмягнучыя справядлівасьці, бо яны будуць насычаны.
Шчасныя тыя, што прагнуць і смагнуць справядлівасці, бо яны насыцяцца.
Шчасьлівыя міласэрныя, бо яны адзяржаць міласэрдзе.
Шчасныя міласэрныя, бо яны атрымаюць міласэрнасць.
Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны абачаць Бога.
Шчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
Шчасьлівыя чынячыя супакой, бо яны сынамі Божымі названы будуць.
Шчасныя міратворцы, бо іх назавуць сынамі Божымі.
Шчасьлівыя перасьледаваныя за справядлівасьць, бо іх ё гаспадарства нябёснае.
Шчасныя, што пераслед церпяць дзеля справядлівасці, бо іх Валадарства Нябеснае.
Шчасьлівы вы, калі будуць вярнуць на вас і перасьледаваць, і будуць, манячы, мовіць на вас усялякае ліха дзеля Мяне.
Шчасныя вы, калі дзеля Мяне вас будуць зневажаць, і пераследаваць, і ўсякае ліха гаварыць будуць супраць вас, узводзячы паклёп.
Радуйцеся а весяліцеся, бо нагарода ваша вялікая на нябёсах, бо так перасьледавалі прарокаў, што былі перад вамі.
Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша шчодрая ў небе; так, вось, пераследавалі прарокаў, якія да вас жылі.
Вы — соль зямлі. Калі ж соль згубе свой смак, чым пасаліць яе? Бо яна ня мае моцы свае, хіба толькі выкінуць яе вон, каб тапталі яе людзі.
Вы — соль зямлі. А калі соль страціць сілу, то чым пасоліцца? Яна ўжо ні на што больш не прыдатная, як толькі быць выкінутай на двор, каб яе людзі патапталі.
Вы — сьвятло сьвету. Ня можа места схавацца, стоячы на версе гары.
Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, што размешчаны на версе гары.
І, як паляць лянпу, ня ставяць яе пад карэц, але на падстаноўку, і сьвеце ўсім у хаце.
Таксама не запальваюць свечкі і не ставяць яе пад пасудзіну, але ставяць на падсвечніку, каб свяціла ўсім, хто ёсць у доме.
Гэтак няхай сьвеце сьвятло вашае перад людзьмі, каб яны бачылі добрыя ўчынкі вашыя і ўславілі Айца вашага, Каторы на нябёсах.
Так хай свеціць святло ваша на віду ў людзей, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі ды хвалілі Айца вашага, Які ў небе.
Ня думайце, што Я прышоў узрушыць закон альбо прарокаў; Я ня прышоў узрушыць, але спаўніць.
Не думайце, што Я прыйшоў парушыць закон і прарокаў. Я прыйшоў не парушыць, але выканаць.
Бо запраўды кажу вам: пакуль ня мінець неба й зямля, ні водная ёта альбо ні водная рыска ня мінець із закону, аж пакуль усё ня станецца.
Бо сапраўды кажу вам: пакуль неба і зямля не прамінуць, ані адна ёта, ані адна рыска не зменіцца ў законе, аж пакуль усё не збудзецца.
Дык хто ўзруша адно з расказаньняў гэтых найменшых і так навуча людзёў, — найменшым будзе названы ў гаспадарстве нябёсным; а хто споўне а навуча, тый вялікім будзе названы ў гаспадарстве нябёсным.
Хто парушыць адно з гэтых прыказанняў найменшых і навучыць так людзей, таго назавуць найменшым у Валадарстве Нябесным. А хто выканае і навучыць, таго назавуць вялікім у Валадарстве Нябесным.
Бо кажу вам: калі справядлівасьць ваша не пярэйдзе справядлівасьці кніжнікаў а фарысэяў, дык ніяк ня ўвыйдзеце ў гаспадарства нябёснае.
Бо кажу вам: калі ваша справядлівасць не будзе большай, чым у кніжнікаў і ў фарысеяў, не ўвойдзеце вы ў Валадарства Нябеснае.
Вы чулі, што сказана старавечным: ’Не забівай; а хто заб’ець, падпадзець пад суд’.
Чулі, што сказана было продкам: “Не забівай”, а хто заб’е, будзе асуджаны.
А я кажу вам, што кажны, хто злуецца на брата свайго дарма, падпадзець пад суд; а хто скажа брату свайму ’рака’ (Пустыня), падпадзець пад сынэдрыён; а хто скажа ’дурань’, падпадзець пад пекляное цяпло.
А Я вам кажу, што той, хто дарэмна гневаецца на брата свайго, будзе асуджаны; а хто скажа брату свайму: “рака”, — будзе асуджаны радай, а хто скажа: “дурны”, — будзе асуджаны агнём пякельным.
Дык, калі ты прынясеш дар свой да аброчніка і там успомніш, што брат твой мае штось на цябе;
І таму, калі панясеш ахвяру сваю на ахвярнік, а там прыпомніш, што брат твой мае нешта супраць цябе,
Пакінь там дар свой перад аброчнікам, і пайдзі, уперад пагадзіся з братам сваім, і тады прыйдзі й абрачы дар свой.
дык пакінь ахвяру тваю каля ахвярніка, і ідзі перш пагадзіся з братам тваім, і тады, прыйшоўшы, прынясеш ахвяру тваю.
Пагадзіся з праціўнікам сваім борзда, пакуль ты яшчэ ў дарозе зь ім, каб праціўнік рэдчас не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя — слузе, і ня ўкінулі цябе ў вязьніцу.
Пагадзіся з супраціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты з ім у дарозе, каб выпадкам не аддаў цябе супраціўнік суддзі, а суддзя не аддаў цябе слузе, і каб не быў ты кінуты ў вязніцу.
Запраўды кажу табе: ня выйдзеш стуль, пакуль не аддасі апошняга шэляга.
Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга квадранта.
Вы чулі, што сказана справядлівым: "Не чужалож’.
Чулі, што сказана: “Не чужалож”?
А Я кажу вам, што кажны, хто глядзіць на жонку із жадлівасьцяй, ужо шчужаложыў зь ёй у сэрцу сваім.
А Я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну, прагнучы яе, ужо яе зчужаложыў у сэрцы сваім.
Калі правае вока тваё спакушае цябе, вылупі яго й кінь ад сябе, бо валей табе, каб загінуў адзін із чаланоў тваіх, а ня ўсё цела твае было ўкінена ў ґегену.
Бо калі тваё правае вока горшыць цябе, вырві яго ды адкінь ад сябе; бо лепш табе, каб згінуў адзін з членаў тваіх, чымся ўсё цела тваё сышло б у пекла.
І калі правая рука твая спакушае цябе, адатні яе й кінь ад сябе, бо валей табе, каб загінуў адзін із чаланоў тваіх, а ня ўсё цела твае было ўкінена ў ґегену.
І калі правая твая рука горшыць цябе, адрэж яе ды адкінь ад сябе; бо лепш табе, каб згінуў адзін з членаў тваіх, чымся ўсё цела тваё сышло б у пекла.
І сказана: ’Калі хто адпушчае жонку сваю, няхай дасьць ёй разводны ліст’.
Сказана таксама: “Хто пакіне жонку сваю, хай дасць ёй разводны ліст”.
А Я кажу вам, што кажны, хто адпушчае жонку сваю, апрача віны чужалоства, тый даець прычыну да яе чужалоства; і хто ажэніцца з разьведзенай, тый чужаложа.
А Я кажу вам: кожны, хто пакідае жонку сваю, акрамя як з прычыны яе распусты, выстаўляе яе на чужаложства. І той, хто жэніцца з ёю, чужаложыць.
Ізноў вы чулі, што сказана старавечным: "Не прысягай хвальшыва, але паўні прысягі свае Спадару’.
Чулі яшчэ аб тым, што было сказана продкам: “Не парушай прысягі, але выконвай сваю прысягу перад Госпадам”.
А Я кажу вам: не прысягайце сусім: ані небам, бо яно пасад Божы;
А Я кажу вам, каб вы зусім не прысягалі, ані небам, бо яно ёсць пасад Божы,
Ані зямлёю, бо яна казюлька пад ногі Ягоныя; ані Ерузалімам, бо ён места вялікага Караля;
ані зямлёю, бо яна — падножжа ног Яго; ані Ерузалімам, бо ён — горад вялікага Валадара.
Ані галавою сваёй не прысягай, бо ня можаш ні воднага воласа зрабіць белым альбо чорным.
Ані таксама сваёй галавой не прысягай, бо ты не можаш аніводнага воласа зрабіць белым або чорным.
Але няхай будзе слова вашае: ’але, але’, ’не, не’; а што звыш гэтага — ад злога.
Хай жа тады слова ваша будзе: “так — так”, “не — не”. А што звыш таго, гэта ад ліхога.
Вы чулі, што сказана: ’Вока за вока і зуб за зуб’.
Чулі вы, што сказана было: “Вока за вока, зуб за зуб?”
А Я кажу вам: не праціўся благому. Але хто вытне цябе ў правую шчаку тваю, абярні да яго й другую;
А Я кажу вам: не праціўцеся злому; а калі б хто ўдарыў цябе ў правую шчаку тваю, настаў яму і другую.
І хто захоча прававацца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму й вопратку;
І таму, хто хоча з табой судзіцца і кашулю тваю ўзяць, аддай яму і плашч.
І хто прысіле цябе йсьці зь ім адну мілю, ідзі зь ім і дзьве.
І калі б хто цябе змушаў ісці з ім мілю, ідзі з ім дзве.
Хто просе ў цябе, дай, і хто хоча пазычыць у цябе — не адварачайся.
Дай таму, хто просіць у цябе; і не ўхіляйся ад таго, хто жадае ў цябе пазычыць.
Вы чулі, што сказана: ’Любі прыяцеля свайго, і ненавідзь непрыяцеля свайго’.
Чулі вы, што сказана было: “Любі блізкага свайго і ненавідзь ворага твайго”.
А Я кажу вам: любіце непрыяцеляў сваіх, дабраслаўце клінучых вас, рабіце дабро ненавідзячым вас і маліцеся за крыўдзячых вас і перасьлядуючых вас,
А Я кажу вам: любіце ворагаў сваіх дабраслаўляйце тых, хто праклінае вас, дабро рабіце тым, што ненавідзяць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць і гоняць вас,
Каб вы былі сынамі Айца вашага Нябёснага, бо Ён расказуе сонцу Свайму ўсходзіць над благімі й добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.
каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ёсць у небе, бо Ён чыніць, каб сонца Яго ўзыходзіла над добрымі і ліхімі, і дождж пралівае над справядлівымі і несправядлівымі.
Бо, калі вы будзеце любіць любячых вас, якая вам нагарода? Ці ня тое ж робяць і мытнікі?
Калі ж вы любіце тых, што вас любяць, дык што за ўзнагароду будзеце мець? Ці ж і мытнікі не робяць таго?
І калі вы веціце толькі братоў сваіх, што асаблівага робіце? Ці ня так робяць і пагане?
Або калі вітаеце толькі братоў вашых, дык што асаблівага робіце? Ці ж гэтак і пагане не робяць?
Дык будзьце дасканальныя, як дасканальны Айцец ваш нябёсны.
Дык будзьце ж вы дасканалыя, як і Айцец ваш, Які ёсць у небе, дасканалы.