Мацьвея 5 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Міхася Міцкевіча
І, бачачы груды, узышоў Ён на гару; і, як сеў, падышлі да Яго вучанікі Ягоныя.
Убачыўшы грамады народу, Ён узыйшоў на гару, і калі сеў, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя.
І, адчыніўшы вусны Свае, Ён навучаў іх, кажучы:
І, расчыніўшы вусны Свае, навучаў іх, прамаўляючы:
Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ё гаспадарства нябёснае.
Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Ўладарства Нябеснае.
Шчасьлівыя засмучоныя, бо яны будуць пацешаны.
Шчасьлівыя заплаканыя, бо яны ўсьцешацца.
Шчасьлівыя лагодныя, бо ім спадзець зямля.
Шчасьлівыя лагодныя, бо яны ўнасьледуюць землю.
Шчасьлівыя прагнучыя й сьмягнучыя справядлівасьці, бо яны будуць насычаны.
Шчасьлівыя спрагненыя і смаглыя праўды, бо яны задаволяцца.
Шчасьлівыя міласэрныя, бо яны адзяржаць міласэрдзе.
Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны памілаваны будуць.
Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны абачаць Бога.
Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога абачаць.
Шчасьлівыя чынячыя супакой, бо яны сынамі Божымі названы будуць.
Шчасьлівыя міратворцы, бо яны Сынамі Божымі названыя будуць.
Шчасьлівыя перасьледаваныя за справядлівасьць, бо іх ё гаспадарства нябёснае.
Шчасьлівыя сьціганыя за праўду, бо іх ёсьць Ўладарства Нябеснае.
Шчасьлівы вы, калі будуць вярнуць на вас і перасьледаваць, і будуць, манячы, мовіць на вас усялякае ліха дзеля Мяне.
Шчасьлівыя — вы, калі будзеце зганьбеныя, загнаныя і злосна абалганыя з-за Мяне.
Радуйцеся а весяліцеся, бо нагарода ваша вялікая на нябёсах, бо так перасьледавалі прарокаў, што былі перад вамі.
Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода вашая вялікая ў нябёсах; гэтак-жа гналі і прарокаў, якія былі перад вамі.
Вы — соль зямлі. Калі ж соль згубе свой смак, чым пасаліць яе? Бо яна ня мае моцы свае, хіба толькі выкінуць яе вон, каб тапталі яе людзі.
Вы — соль зямлі; калі-ж соль страціць солкасьць, чым яе адсоліце? Нічога ня будзе вартая, толькі высыпаць вон, і патаптаная будзе людзьмі.
Вы — сьвятло сьвету. Ня можа места схавацца, стоячы на версе гары.
Вы — сьвятло сьвету; ня можа быць схаванае места, калі стаіць на гары.
І, як паляць лянпу, ня ставяць яе пад карэц, але на падстаноўку, і сьвеце ўсім у хаце.
І ня ставяць запаленага сьвяцільніка пад пасудзіну, але на падстаўцы, каб сьвяціла ўсім, хто ў доме.
Гэтак няхай сьвеце сьвятло вашае перад людзьмі, каб яны бачылі добрыя ўчынкі вашыя і ўславілі Айца вашага, Каторы на нябёсах.
Няхай-жа гэтак сьвеціць сьвятло ваша прад людзьмі, каб пабачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага Нябеснага.
Ня думайце, што Я прышоў узрушыць закон альбо прарокаў; Я ня прышоў узрушыць, але спаўніць.
Ня думайце, што прыйшоў Я зьняважыць закон і прарокаў; ня зьняважыць прыйшоў Я, але выканаць.
Бо запраўды кажу вам: пакуль ня мінець неба й зямля, ні водная ёта альбо ні водная рыска ня мінець із закону, аж пакуль усё ня станецца.
Бо папраўдзе кажу вам: пакуль не праміне неба й зямля, ніводная йота, ніводная рыса ня здымецца з закону, пакуль ня споўніцца ўсё.
Дык хто ўзруша адно з расказаньняў гэтых найменшых і так навуча людзёў, — найменшым будзе названы ў гаспадарстве нябёсным; а хто споўне а навуча, тый вялікім будзе названы ў гаспадарстве нябёсным.
Калі-ж нехта парушыць хоць адзін з гэтых найменшых запаветаў і гэтак навучыць людзей, той у Ўладарстве Нябесным названы будзе найменшым; каторы-ж выканае і навучыць, той вялікім будзе названы у Ўладарстве Нябесным.
Бо кажу вам: калі справядлівасьць ваша не пярэйдзе справядлівасьці кніжнікаў а фарысэяў, дык ніяк ня ўвыйдзеце ў гаспадарства нябёснае.
Бо, кажу вам: калі праведнасьць вашая не ўзьнімецца над кніжнікаў і фарысеяў, — ня ўвойдзіце у Ўладарства Нябеснае.
Вы чулі, што сказана старавечным: ’Не забівай; а хто заб’ець, падпадзець пад суд’.
Вы чулі, што гаворана было даўнейшым — не забівай, а хто заб’е, падлягае суду.
А я кажу вам, што кажны, хто злуецца на брата свайго дарма, падпадзець пад суд; а хто скажа брату свайму ’рака’ (Пустыня), падпадзець пад сынэдрыён; а хто скажа ’дурань’, падпадзець пад пекляное цяпло.
А Я кажу вам: кажны, хто злуецца на брата свайго на дарэмна, падлягае суду; а хто скажа брату свайму — брыда, — падлягае сынедрыёну; а хто скажа — вар’ят, — падлягае гэене агнявой.
Дык, калі ты прынясеш дар свой да аброчніка і там успомніш, што брат твой мае штось на цябе;
Вось-жа, калі ты прынясеш дар свой да ахвярніка і там успомнішь, што брат твой нешта мае супраць цябе,
Пакінь там дар свой перад аброчнікам, і пайдзі, уперад пагадзіся з братам сваім, і тады прыйдзі й абрачы дар свой.
— Пакінь дар твой прад ахвярнікам і вярніся, пагадзіся перш з братам тваім, і тады, прыйшоўшы, ахвяруй дар твой.
Пагадзіся з праціўнікам сваім борзда, пакуль ты яшчэ ў дарозе зь ім, каб праціўнік рэдчас не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя — слузе, і ня ўкінулі цябе ў вязьніцу.
Хутчэй пагаджайся з супраціўнікам тваім, пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе, каб супраціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў-бы цябе слузе, і ня ўкінулі-б цябе ў цямніцу.
Запраўды кажу табе: ня выйдзеш стуль, пакуль не аддасі апошняга шэляга.
Запраўды, кажу табе, ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга шэлягу.
Вы чулі, што сказана справядлівым: "Не чужалож’.
Вы чулі, што гаворана было даўнейшым — не блудадзейнічай.
А Я кажу вам, што кажны, хто глядзіць на жонку із жадлівасьцяй, ужо шчужаложыў зь ёй у сэрцу сваім.
Я-ж кажу вам: кажны, хто глядзіць на жанчыну з жаданьнем яе, ужо блудадзейнічаў з ею ў сэрцы сваім.
Калі правае вока тваё спакушае цябе, вылупі яго й кінь ад сябе, бо валей табе, каб загінуў адзін із чаланоў тваіх, а ня ўсё цела твае было ўкінена ў ґегену.
Калі-ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: валей табе страціць адзін сустаў цела твайго, ніж усё цела тваё будзе ўрынута ў агонь пякельны.
І калі правая рука твая спакушае цябе, адатні яе й кінь ад сябе, бо валей табе, каб загінуў адзін із чаланоў тваіх, а ня ўсё цела твае было ўкінена ў ґегену.
І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе: валей табе страціць адзін сустаў цела твайго, ніж усё цела тваё будзе ўрынута ў пекла.
І сказана: ’Калі хто адпушчае жонку сваю, няхай дасьць ёй разводны ліст’.
Таксама было сказана: калі хто разводзіцца з жаною сваю, няхай дасьць ёй адпускны ліст.
А Я кажу вам, што кажны, хто адпушчае жонку сваю, апрача віны чужалоства, тый даець прычыну да яе чужалоства; і хто ажэніцца з разьведзенай, тый чужаложа.
Я-ж кажу вам: кажны, хто разводзіцца з жаною сваею, апрача віны блудедзеяньня, той даводзіць яе да блудадзеяньня, і хто з разводкаю ажэніцца, той блудадзейнічае.
Ізноў вы чулі, што сказана старавечным: "Не прысягай хвальшыва, але паўні прысягі свае Спадару’.
Яшчэ чулі вы, што было сказана даўнейшым, не не кляніся і лжіва, але выпаўняй прад Богам кляцьбу тваю.
А Я кажу вам: не прысягайце сусім: ані небам, бо яно пасад Божы;
А Я кажу вам: Не кляніся аніяк: ані небам, бо яно пасад Божы;
Ані зямлёю, бо яна казюлька пад ногі Ягоныя; ані Ерузалімам, бо ён места вялікага Караля;
ані зямлёю, бо яна падножжа ног Ягоных; ані Ерусалімам, бо ён — месца вялікага Караля.
Ані галавою сваёй не прысягай, бо ня можаш ні воднага воласа зрабіць белым альбо чорным.
І галавою тваю не кляніся, бо ня можаш ніводнага воласу зрабіць белым ці чорным.
Але няхай будзе слова вашае: ’але, але’, ’не, не’; а што звыш гэтага — ад злога.
Але няхай будзе слова вашае: — так-так, не-не; а што па-за гэтым, тое ад зласьлівага.
Вы чулі, што сказана: ’Вока за вока і зуб за зуб’.
Вы чулі, што было сказана: — вока за вока, зуб за зуб.
А Я кажу вам: не праціўся благому. Але хто вытне цябе ў правую шчаку тваю, абярні да яго й другую;
Я-ж кажу вам: Не станавецеся ўсупраціў злому, але калі хто ўдарыць цябе у правую шчаку, павярні да яго і другую.
І хто захоча прававацца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму й вопратку;
А хто хоча судзіцца з табой і забраць тваю вопратку, адпусьці яму і сарочку.
І хто прысіле цябе йсьці зь ім адну мілю, ідзі зь ім і дзьве.
І калі хто змушае цябе ісьці з ім адзін прагон, ідзі з ім два.
Хто просе ў цябе, дай, і хто хоча пазычыць у цябе — не адварачайся.
Хто просіць у цябе — дай; і хто хоча пазычыць — не адварачайся.
Вы чулі, што сказана: ’Любі прыяцеля свайго, і ненавідзь непрыяцеля свайго’.
Вы чулі, як гаворыцца: — любі бліжняга твайго й ненавідзь ворага твайго.
А Я кажу вам: любіце непрыяцеляў сваіх, дабраслаўце клінучых вас, рабіце дабро ненавідзячым вас і маліцеся за крыўдзячых вас і перасьлядуючых вас,
А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых, ласкавы будзьце да тых, хто кляне вас, дабрадзейнымі будзьце да ненавісьнікаў вашых і малецеся за крыўдзіцеляў і гнабіцеляў вашых;
Каб вы былі сынамі Айца вашага Нябёснага, бо Ён расказуе сонцу Свайму ўсходзіць над благімі й добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.
Каб сталіся вы сынамі Айца вашага Нябеснага, бо Ён воліць сонцу свайму ўсходзіць і над добрымі й над благімі, і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.
Бо, калі вы будзеце любіць любячых вас, якая вам нагарода? Ці ня тое ж робяць і мытнікі?
Бо, калі вы любіце тых, якія вас любяць, якую ўзнагароду маеце? Ці-ж ня тое робяць і мытнікі?
І калі вы веціце толькі братоў сваіх, што асаблівага робіце? Ці ня так робяць і пагане?
І, калі вы вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівае творыце? Ці-ж ня робяць гэтак і нявернікі?
Дык будзьце дасканальныя, як дасканальны Айцец ваш нябёсны.
Гэтак будзьце-ж і вы дасканалымі, як Айцец ваш Нябесны дасканалым ёсць.