Мацьвея 13 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

І таго ж дня, вышаўшы з дому, Ісус сеў ля мора.
 
У той-жа дзень Ісус, выйшаўшы з дому, сеў пры моры.

І зьберліся да Яго чысьленыя груды, так што Ён увыйшоў у струг і сеў, а ўвесь груд стаяў на беразе.
 
І зыйшлося да Яго мноства народу; тады Ён увайшоў у лодку і сеў, а ўся грамада народу стаяла на беразе.

І гукаў ім шмат прыпавесьцьмі, кажучы: «Вось, вышаў сяўбіт сеяць;
 
І шмат гаварыў ім прыпавесьцямі, кажучы:

І як ён сеяў, адныя палі край дарогі, і наляцелі птушкі, і паклявалі іх;
 
Вось выйшаў сейбіт сеяць. І калі ён сеяў, некаторае насеньне ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі яго.

А другія палі на месцы камяністыя, ідзе ня шмат было зямлі, і неўзабаве абышлі, бо зямля была няглыбокая;
 
Іншае ўпала на грунт камяністы, дзе было мала зямлі, і незабавам узыйшло, бо зямля была няглыбокая.

Як жа ўзышло сонца, зьвялі і, ня маючы карэньня, ссохлі;
 
Калі-ж засьвяціла сонца, завяла, і ня меўшы караня, засохла.

А іншыя палі ў церне, і вырасла церне, і заглушыла іх;
 
Іншае ўпала ў цярніну, і цярніна разросшыся, заглушыла яго.

Але іншыя палі ў добрую зямлю й далі плод: адно сто разоў, другое шасьцьдзясят, іншае трыццаць.
 
Каторае-ж упала ў добрую зямлю, дало плён: адно ў стакроць, іншае ў шэсьцьдзесят, іншае ў трыццаць.

Хто мае вушы, няхай слухае!»
 
Хто мае вушы слухаць, няхай чуе.

І, прыступіўшы, вучанікі сказалі Яму: «Чаму гукаеш ім прыпавесьцьмі?».
 
І падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: — чаму гаворыш да іх прыпавесьцямі?

Ён, адказуючы, сказаў: «Бо вам дана ведаць тайны гаспадарства нябёснага, але ім ня было дана;
 
Ён-жа ў адказ сказаў ім: — дзеля таго, што вам дадзена разумець тайны Уладарства Нябеснага, ім-жа ня дадзена.

Бо хто мае, таму дасца, і ў яго будзе збытак; а хто ня мае, у таго будзе нават аднята й тое, што мае.
 
Бо хто мае, таму дадасца і прыспорыцца, а хто ня мае, у таго адыймецца і тое, што мае.

Затым кажу ім прыпавесьцьмі, што яны, гледзячы, ня бачаць, і, слухаючы, ня чуюць ані разумеюць.
 
Дзеля таго гавару ім прыпавесьцямі, што яны гледзячы ня бачаць і слухаючы ня чуюць, і не разумеюць.

І споўніцца на іх прароцтва Ісаі, што кажа: "Прыслухаючыся, будзеце слухаць, і не зразумееце; і прыглядаючыся, глядзець будзеце, і не зацеміце;
 
І збываецца над імі прароцтва Ісаі, які кажа: — слухам пачуеце і не зразумееце, і, зрокам глядзець будзеце, і ня ўбачыце.

Бо абрасло тукам сэрца люду гэтага, і вушамі яны ледзь чуюць, і вочы свае яны зачынілі, каб не абачыць ачыма, і вушамі не пачуць, і сэрцам не зразумець, і не навярнуцца, каб Я не ўздаравіў іх’.
 
Бо агрубела сэрца людзей гэтых, — і вушыма цяжка чуюць, і вочы зажмурылі, каб нічога ня бачыць вачама і не пачуць вушама ды не ўразумець сэрцам

Вашы ж вочы шчасьлівыя, бо бачаць, і вушы вашы, бо чуюць;
 
і не навярнуцца, каб Я ацаліў іх.

Бо запраўды кажу вам, што шмат прарокаў а справядлівых жадала бачыць тое, што вы аглядаеце, і не абачылі, і чуць тое, што вы чуеце, і не пачулі.
 
Вашыя-ж вочы шчасьлівыя, бо бачаць, і вушы вашыя, што чуюць. Папраўдзе кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі бачыць, што вы бачылі, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі.

«Вы ж услухайцеся ў прыпавесьць празь сяўбіта.
 
Вы-ж выслухайце прыпавесьць пра сейбіта.

Да кажнага, хто чуе слова праз гаспадарства і не разумее, прыходзе злы й хапае пасеянае ў сэрцу ягоным: гэта пасеянае край дарогі.
 
Да ўсякага, хто слухае слова пра Ўладарства і не разумее яго, прыйходзіць златворца і выхоплівае пасеянае ў сэрцы яго; вось гэта азначае пасеянае пры дарозе.

А пасеянае на скалістых месцах — гэта тый, хто чуе слова і неўзабаве з радасьцяй прыймае яго;
 
А пасеянае на камяністым грунце азначае таго, хто чуе слова і адразу з радасьцю прыймае яго,

Але ня мае караня ў сабе і часны, а як настаець уціск альбо перасьледаваньне за слова, неўзабаве спатыкаецца.
 
Але ня мае карэньня ў сабе і нясталы: калі надыйходзяць турботы альбо ганеньне за слова, зараз-жа адступаецца.

А пасеянае ў церню — гэта, хто чуе слова, але клопат гэтага веку й спадман багацьця глуша слова, і яно робіцца бясплодным.
 
Пасеянае ў цярніне азначае таго, хто чуе слова, але клопаты веку гэтага і зманлівасьць багацьця заглушаюць слова, і яно стаецца бясплодным.

Пасеянае ж у добрую зямлю — гэта, хто чуе слова й разумее, гэты родзе плод і даець: хто сто, хто шасьцьдзясят, хто трыццаць».
 
Пасеянае-ж у добрай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разумее, і гэткі прыносіць плён і выдае: — адзін стакроць, іншы шэсьцьдзесят, а іншы трыццаць.

Другую прыпавесьць прывёў Ён ім, кажучы: «Падобнае гаспадарства нябёснае да чалавека, што пасеяў добрую сяўбу на полю сваім;
 
Іншую прыпавесьць падаў ім, кажучы: Уладарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім.

Але, як людзі спалі, прышоў непрыяцель ягоны, і насеяў кукелю памеж пшонкі, і адышоў.
 
Калі людзі спалі, прыйшоў вораг яго і ўсеяў дурна'ян між пшанцай, і адыйшоў.

Як жа збожжа абышло й наліло й дало плод, тады выявіўся й кукель.
 
А калі ўзрасла рунь і закаласіла, тады зьявіўся і дурна'ян.

І, прышоўшы, чаляднікі гаспадаровы сказалі яму: "Спадару, ці ня добрую сяўбу пасеяў ты на полю сваім? скуль жа ў ім кукель?’
 
Тады слугі гаспадара, прыйшоўшы, сказалі яму: — гаспадару! ці-ж ня добрае насеньне сеяў ты на полі сваім? скуль-жа ўзяўся дурнап'ян?

Ён сказаў ім: "Непрыяцель зрабіў гэта’. Чаляднікі ж яму кажуць: "Ці хочаш, каб мы пайшлі й выпалалі?’
 
Ён-жа сказаў ім: — вораг учыніў гэта, і сказалі яму слугі: — калі хочаш, пойдзем, выпалем яго.

Але ён кажа: "Не, каб, вырываючы кукель, вы ня вырвалі зь ім разам і пшонкі.
 
Але Ён сказаў ім: не, Каб, вырываючы пустазельле, не павырывалі разам з ім і пшаніцы.

Пакіньце расьці абое да жніва, і ў жніво я скажу жнеям: вырвіце ўперад кукель і зьвяжыце ў вязанкі, каб спаліць іх; а пшонку зьбярэце на ток мой’».
 
Пакіньце расьці абаім разам аж да жніва; а ў часе жніва скажу жнацом: — зьбярце перш дурнап'ян і зьвяжэце яго ў пукі, каб спаліць яго, а пшаніцу зьбярэце ў гумно маё.

Іншую прыпавесьць сказаў Ён ім: «Падобнае гаспадарства нябёснае да зярняці гарчычнага, каторае чалавек узяў пасеяў на полю сваім.
 
Іншую прыпавесьць падаў ім, кажучы: "Уладарства Нябеснае падобна да зярняці гарчычнага, якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім.

Яно запраўды найменшае за ўсю сяўбу, але, як вырасьце, яно найбольшае сярод зельля і стаецца дзервам, так што птушкі нябёсныя прылятаюць і віюць гнезды ў гольлю яго».
 
Яно меншае за ўсякае насеньне, але, калі вырасьце, то большае за ўсякую палявую расьліну, і становіцца як дрэва, і птушкі нябесныя хаваюцца ў ветках яго". Яшчэ іншую прыпавесьць сказаў Ён ім:

Іншую прыпавесьць сказаў Ён ім: «Падобнае гаспадарства нябеснае да рашчыны, каторую, узяўшы, жонка замясіла ў тры меркі мукі, пакуль ня ўкісла ўсе».
 
Уладарства Нябеснае падобна да закісі, якую жанчына ўзяла і палажыла ў тры меркі мукі, пакуль не закісла ўсё.

Усе гэта Ісус гукаў грудом прыпавесьцямі, а без прыпавесьці ня гукаў ім;
 
Усё гэта Ісус гаварыў народу прыпавесьцямі, а бяз прыпавесьцяў нічога не гаварыў ім.

Каб спаўнілася сказанае прарокам, што кажа: «Адчыню прыпавесьцьмі вусны Свае; вымаўлю схаванае ад закладзінаў сьвету».
 
Каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць: — адчыню ў прыпавесьцях вусны Мае, выражу сукрытае ад стварэньня сьвету.

Тады, адаслаўшы груды, Ісус, увыйшоў у дом. І прыступілі да Яго вучанікі Ягоныя, кажучы: «Зьясьні нам прыпавесьць праз палявы кукель».
 
Тады, адпусьціўшы народ, Ісус увайшоў у дом. І прыступілі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: — растлумач нам прыпавесьць пра пустазельле.

Ён жа, адказуючы, сказаў: «Сяўбіт добрае сяўбы ё Сын Людзкі;
 
Ён-жа ў адказ сказаў ім: — сейбіт добрага насеньня — Сын Чалавечы.

Поле ё сьвет; добрая сяўба, гэта — сынове гаспадарства, а кукель — сынове злога;
 
А поле — гэта сьвет; добрае насеньне — гэта сыны Ўладарства; а пустазельле — сыны златворнага.

Непрыяцель, што пасеяў яго, ё д’ябал; жніво ё канчатак веку, а жнеі — ангілы.
 
Вораг, які насеяў іх — гэта злыдух; жніва — гэта сканчэньне веку, а жанцы — ангелы.

Затым, як вырываюць кукель і паляць цяплом, так будзе пры канчатку гэтага веку:
 
От-жа, як зьбіраюць пустазельле і агнём спальваюць, так будзе пры сканчэньні веку гэтага.

Пашлець Сын Людзкі ангілаў Сваіх, і зьбяруць із гаспадарства Ягонага ўсі спадманы і робячых бяспраўе,
 
Пашле Сын Чалавечы ангелаў Сваіх, і зьбяруць у Ўладарстве Ягоным усё спакуты і стваральнікаў беззаконьня.

І ўкінуць іх у печ агняную; там будзе плач а скрыгот зубамі.
 
І ўрынуць іх у печ агнявую, там будзе плач і скрыгат зубоў.

Тады справядлівыя будуць зьзяць, як сонца, у гаспадарстве Айца свайго. Хто мае вушы, няхай слухае!
 
Тады праведнікі зазьзяюць, як сонца, у Ўладарстве Айца іх; хто мае вушы слухаць, няхай пачуе.

«Падобнае гаспадарства нябёснае да скарбу, схаванага на полю. каторы, знайшоўшы, людзіна тое, і з радасьці зь яго йдзець і прадаець усе, што мае, і купляе поле тое.
 
Яшчэ падобнае Уладарства Нябеснае да скарбу, схаванаму ў полі, і той, хто знайшоў яго, утаіў, і з радасьці ад гэтага, ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе поле тое.

«Яшчэ падобнае гаспадарства нябёснае да купца, што шукае харошых пэрлаў,
 
Яшчэ падобнае Уладарства Нябеснае да чалавека-купца, які шукае прыгожых пэрлаў,

Каторы, знайшоўшы адну дарагую пэрлу, адыйшоўшы, прадаў усе, што меў, і купіў яе.
 
І знайшоўшы адну дарагую пэрліну, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яе.

«Яшчэ падобнае гаспадарства нябёснае да неваду, закіненага ў мора, што захапляе ўсячыну,
 
Яшчэ падобнае Ўладарства Нябеснае да невада, зацягненага ў мора, які зачэрпаў рознага сорту рыбы.

Каторы, як напаўніўся, выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрую зьберлі ў судзьдзе, а благую выкінулі вон.
 
І калі ён напоўніўся, выцягнулі яго на бераг і, сеўшы, добрае адабралі ў судзьдзё, а благое выкінулі вон.

Гэтак будзе пры канчатку веку: пойдуць ангілы, і вылучаць благіх з пасярод справядлівых,
 
Гэтак будзе пры сканчэньні веку: сыйдуць ангелы і вылучаць злых спасярод праведных.

І ўкінуць іх у печ агняную: там будзе плач а скрыгот зубамі».
 
І ўкінуць іх у печ агністую — там будзе плач і скрыгат зубоў".

І папытаўся ў іх Ісус: «Ці зразумелі вы ўсе гэта?» Яны адказалі Яму: «Але, Спадару!»
 
І кажа ім Ісус: — ці зразумелі вы ўсё гэта? кажуць Яму: так, Госпадзе!

Ён жа сказаў ім: «Затым кажны кніжнік, навучаны гаспадарства нябёснага, падобны да дамовага гаспадара, што выносе із скарбніцы свае новае й старое».
 
Ён-жа сказаў ім: — дзеля гэтага ўсякі кніжнік, які які быў навучаны пра Ўладарства Нябеснага, падобны да гаспадара дому, які выносіць з свае кладоўкі і новае і старое.

І сталася, як скончыў Ісус прыпавесьці гэтыя, Ён пайшоў стуль.
 
І было-ж, калі Ісус скончыў прыпавесьці гэтыя, адыйшоў адтуль.

І, прыйшоўшы да краіны Свае, вучыў іх у бажніцы іхнай, так што зумяваліся яны й казалі: «Скуль у Яго мудрасьць гэтая й магучыя ўчынкі?
 
І прыйшоўшы на бацькаўшчыну сваю, навучаў іх у сынагогах іхных, і дзівіліся яны і гаварылі: — адкуль у Яго мудрасьць такая і сілы?

Ці ня Ён сын цесьлі? Ці ня Маці Ягоная завецца Марыя, і браты Ягоныя Якаў, Язэп, Сымон а Юда?
 
Ці-ж ня цесьляў Ён сын? Ці-ж ня Маці Яго завецца Марыя, і браты Яго — Якуб і Йосія, і Сыман і Юда?

І сёстры Ягоныя ці ня ўсі з намі? У Яго ж скуль усе гэта?».
 
І сёстры Яго ці-ж ня ўсе між намі? скуль-жа ў Яго ўсё гэта?

І мелі спаткненьні з прычыны Яго. Ісус жа сказаў ім: «Няма прарокі бязь сьці, хіба адно ў краю сваім а ў доме сваім».
 
І блазнавалі над Ім, Ісус-жа сказаў ім: — ня бывае прарока без павагі, хіба толькі на бацькаўшчыне сваёй і ў доме сваім.

І ня зьдзеяў там шмат магучых учынкаў з прычыны няверы іхнае.
 
І не стварыў там шмат цудаў дзеля няверніцтва іхнага.