Мацьвея 21 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

І як дабліжыліся да Ерузаліму, і прышлі да Віффаґі, у кірунку гары Аліўнае, тады Ісус паслаў двух вучанікаў,
 
І калі набліжаліся да Ерусаліму і ўвайходзілі ў Віфагію пры гары Аліўнай, тады паслаў Ісус двух вучняў, кажучы ім:

Кажучы ім: «Пайдзіце да сяла, што проста перад вамі; і зараз знойдзеце асьліцу прывязаную і асьлянё зь ею; адвязаўшы, прывядзіце да Мяне.
 
— Ідзеце ў аселішча, што проста перад вамі, і зараз-жа знойдзеце асьліцу прывязаную і асілянё з ёю; адвязаўшы, прывядзеце іх да Мяне.

І калі хто скажа вам што-лень, скажыце: ’Спадар патрабуе іх’, і як стой пашлець іх».
 
І калі хто скажа вам штось, адкажэце, што Госпад іх патрабуе, — і ўраз-жа пашле іх.

А сталася гэта, каб спаўнілася сказанае прарокам, каторы кажа:
 
Асталася ўсё гэта, каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць:

«Скажыце дачцэ Сыёнскай: гля, Кароль твой ідзець да цябе, лагодны й сеўшы на асьліцы а на асьляняці, сыну пад ігом будучай».
 
— скажэце дачцы Сыёнавай: вось Кароль твой ідзе да цябе, лагодны, седзячы на асьліцы і асьляці, сыне пад’ярэмнай.

Вучанікі пайшлі й зрабілі так, як расказаў ім Ісус:
 
Вучні, пайшоўшы зрабілі так, як загадаў ім Ісус.

Прывялі асьліцу а асьлянё, і паклалі на іх адзецьці свае, і Ён сеў на іх.
 
Прывялі асьліцу і асьлянё, і паклалі на іх адзеньне сваё, і Ён сеў паверх іх.

І бальшыня груду слала адзецьці свае на дарозе, а іншыя сьціналі галузкі зь дзерваў і слалі на дарозе.
 
Грамады народу пасьцілалі адзеньні свае па дарозе, а іншыя зразалі веткі дрэў і пасьцілалі імі дарогу.

А груды, што йшлі сьпераду й адзаду за Ім, гукалі: «Госанна Сыну Давідаваму! Дабраславёны Йдучы ў імя Спадарова! Гасанна ў вышах!»
 
Грамады народу, што йшло перад Ім і за Ім, ідучы ўсклікалі: — Гасанна Сыну Давыдаву! Дабраславёны, Хто йдзе ў імя Гасподняе, гасанна ў вышынях.

І як уступіў Ён у Ерузалім, усе места ўзрушылася, кажучы: «Хто гэта?»
 
І калі ўвайшоў Ён у Ерусалім, усе места ўзрушылася, і гаварылі: — хто-ж гэта?.

І груд казаў: «Гэта прарока Ісус із Назарэту Ґалілейскага».
 
Народ-жа адказаў: — гэта Ісус, прарок з Назарэту Галілейскага.

І ўвыйшоў Ісус у сьвятьгаю, і выгнаў усіх прадаючых і купляючых у сьвятыні, і сталы пенезяменаў абярнуў, і ўслоны прадаўнікоў галубоў.
 
Ісус-жа, увайшоўшы у храм Божы, выгнаў усіх тых, якія таргавалі і куплялі ў храме, і абярнуў сталы мяняльнікаў і седлішчы гандляроў галубамі.

І кажа ім: «Напісана: ’Дом Мой домам малітвы будзе названы’, вы ж яго робіце пячораю грабежнікаў».
 
І сказаў ім: — напісана ёсьць — Дом Мой домам малітвы назавецца — а вы зрабілі яго прытонам зладзейскім.

І дабліжыліся да Яго ў сьвятыні нявісныя а кульгавыя, і Ён уздаравіў іх.
 
І прыступілі да Яго ў храме сьляпыя і кульгавыя, і Ён ацаліў іх.

Найвышшыя сьвятары а кніжнікі, абачыўшы чудосы, што Ён учыніў, і дзеці каторыя гукалі ў сьвятыні й казалі: «Госанна Сыну Давідаваму!» абурыліся.
 
Першасьвятары і кніжнікі, гледзячы на цуды, якія Ён стварыў, і на дзяцей, якія ўсклікалі ў храме — Гасанна Сыну Давыдаву, — узбурыліся.

І сказалі Яму: «Ці чуеш, што яны кажуць?» Ісус жа кажа ім: «Але! хіба вы ніколі ня чыталі: "З вуснаў дзяцей а сыноў Ты ўладзіў хвалу’».
 
І сказалі Яму: — ці чуеш, што яны гавораць? Ісус-жа кажа ім: — так, хіба вы ніколі ня чыталі — з вуснаў дзяцёнкаў і сысункоў Ты ўчыніў хвалу.

І, пакінуўшы іх, вышаў вонкі зь места да Віфані, і пераначаваў там.
 
І пакнінуўшы іх, адыйшоў вонкі з места, да Віфанію і там застаўся нанач.

Нараніцы ж, ідучы да места, запрагнуў.
 
А нараніцы, варачаючыся да места, адчуў голад.

І абачыўшы ля дарогі адну фіґу, падышоў да яе і, нічога не знайшоўшы на ёй, апрача адных лістоў, кажа ёй: «Хай і наперад ня будзе ад цябе плоду на векі!» І фіґа якга ссохла.
 
І угледзеўшы пры дарозе адну смакоўніцу, падыйшоў да яе, і нічога не знайшоўшы на ёй, апрача толькі лісьця, кажа да яе: — няхай-жа ніколі ня будзе на табе плоду давеку, і смакоўніца зараз-жа засохла.

Абачыўшы гэта, вучанікі дзіваваліся, кажучы: «Як гэта якга ссохла фіґа?»
 
Абачыўшы гэтае, вучні дзіваваліся і гаварылі: — як гэта ў той-жа час засохла смакоўніца.

Ісус жа, адказуючы, сказаў ім: «Запраўды кажу вам: калі будзеце мець веру і не суміцеся, ня толькі зробіце тое, што зь фіґаю, але калі й гары гэтай скажаце: ’Падыйміся й кінься ў мора’, — будзе;
 
Ісус-жа ў адказ сказаў ім: — запраўды, кажу вам: калі будзеце мець веру бяз сумліву, дык ня толькі падобнае да смакоўнічага створыце, але каб і гары гэтай сказалі: — узьніміся і кінься ў мора, тое станецца.

І ўсе, чаго папросіце ў малітве, верачы, адзяржыце».
 
І ўсё, чаго папросіце ў малітве з вераю, дастанеце.

І як прышоў Ён да сьвятыні й вучыў, дабліжыліся да Яго найвышшыя сьвятары а старцы народу і сказалі: «Якой уладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў гэтую ўладу?»
 
І калі прыйшоў Ён у храм і навучаў, прыступілі да Яго першасьвятары і старшыні народныя, кажучы: — якою ўладаю Ты гэта чыніш, і хто Табе даў гэткую ўладу?

Ісус, адказуючы, сказаў ім: «Папытаюся й Я ў вас праз адно; калі праз тое скажаце Імне, то й Я вам скажу, якой уладаю гэта раблю.
 
У адказ ім Ісус сказаў: — Я таксама хачу паставіць вам адно пытанне, і калі вы Мне адкажаце, то і Я вам скажу, якою ўладаю гэта ўчыняю.

Хрэст Яанаў скуль быў: зь нябёсаў ці ад людзёў?» Яны ж разважалі мяжсобку: «Калі скажам: ’Зь нябёсаў’, то Ён скажа: ’Чаму вы не паверылі яму?’
 
Хрышчэньне Янава адкуль было, з неба ці ад людзей? яны-ж разважылі ў сабе: — Калі скажам: — з неба, Ён скажа нам: — чаму-ж вы не паверылі яму.

А калі сказаць: ’Ад людзёў’, — баімся груду, бо ўсі ўважаюць Яана за прароку».
 
А калі скажам — ад людзей, боязна прад народам, бо ўсе ўважаюць Яна за прарока.

І, адказуючы Ісусу, яны сказалі: «Ня ведаем». Сказаў ім і Ён: «І Я вам не скажу, якой уладаю гэта раблю.
 
І ў адказ Ісусу сказалі: — ня ведаем, тады і Ён сказаў ім: — не скажу і Я вам, якою ўладаю гэта ўчыняю.

«А як вам здаецца? Якісь чалавек меў двое дзяцей; і ён, прыступіўшы да першага, сказаў: ’Дзяцё! пайдзі, сядні рабі на вінішчу маім’.
 
А як вам выдаецца? чалавек некі меў двух сыноў; і падыйшоўшы да першага, сказаў: — сыне, ідзі сёньня працаваць у вінаградніку маім.

Але яно, адказуючы, сказала: ’Не хачу’; а потым, пакаяўшыся, пайшло.
 
Ён-жа у адказ сказаў — не хачу; але потым, раскаяўшыся, пайшоў.

І падышоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Гэта, адказуючы, сказала: "Іду, спадару’; і не пайшло.
 
І падайшоўшы да другога, ён сказаў тое-ж; гэты у адказ: — я іду, гаспадару, і не пайшоў.

Каторае з дваіх спаўніла волю айцову?» Кажуць Яму: «Першае». Ісус кажа ім: «Запраўды кажу вам, што мытнікі а бязулі йдуць сьпераду вас да гаспадарства Божага.
 
Каторы з двух выканаў волю айца? Кажуць Яму: — першы. Ісус гаворыць ім: — папраўдзе кажу вам, што мытнікі і блудніцы йдуць наперадзе вас у Уладарства Божае.

Бо прышоў да вас Яан дарогаю справядлівасьці, і вы не паверылі яму; але мытнікі а бязулі паверылі яму; вы ж, і бачыўшы гэта, не пакаяліся потым, каб паверыць яму.
 
Бо прыйшоў да вас Ян Хрысьціцель шляхам праведнасьці, і вы не паверылі яму; а мытнікі і блудніцы паверылі яму; вы-ж і бачыўшы гэтае, не пакаяліся потым, каб паверыць яму.

«Паслухайце другую прыпавесьць. Быў адзін гаспадар дамовы, каторы засадзіў вінішча, агарадзіў яго навокал і выкапаў таўчэльню, пастанавіў вежу і, паручыўшы яго вінаром, адышоў.
 
Іншую прыпавесьць слухайце. Чалавек некі, гаспадар дому, насадзіў вінаграднік, абвёў яго агарожай, выкапаў у ім таўчэльню, збудаваў вежу і, здаўшы яго вінаградарам, адышоў.

І як дабліжыўся час пладоў, ён паслаў служцоў сваіх да вінароў узяць плады свае.
 
Калі-ж надышоў час плёнаў, ён паслаў слугаў сваіх узяць плёны свае.

Вінары, схаліўшы служцоў ягоных, аднаго набілі, другога забілі а іншага ўкаменавалі.
 
Вінары, схапіўшы слугаў яго, аднаго пабілі, другога забілі, іншага скаменавалі.

Ізноў паслаў ён іншых служцоў, балей за першых; і яны зрабілі ім тое самае.
 
Зноў паслаў ён іншых, больш, як першы раз, і з імі зрабілі тое самае.

Наапошку, паслаў ён ім сына свайго, кажучы: "Будуць мець павагу да сына майго’.
 
Урэшце паслаў ён да іх сына свайго, кажучы, пасаромяцца сына майго.

Але вінары, абачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: "Гэта спадкаемца; пайдзіма, забіма яго, і нам спадзець спадак’.
 
Але вінары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: — гэта спадкаемца, пойдзем заб'ём яго і заўладаем спадчынай ягонай.

І, узяўшы яго, выкінулі зь вінішча й забілі,
 
І ўзяўшы яго, вывелі вон з вінаградніку і забілі.

Дык, як гаспадар вінішча прыйдзе, што зробе ён гэным вінаром?»
 
Вось-жа, калі прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць ён з гэтымі вінарамі?

Кажуць яму: «Ён неміласьціўна выгубе гэных нягоднікаў, а вінішча сваё паруча іншым вінаром, што будуць плады аддаваць яму ўпару».
 
Кажуць Яму: — злыдняў гэтых аддасьць на ліхую сьмерць, а вінаграднік аддасьць іншым вінарам, якія будуць аддаваць яму плёны ў свой час.

Ісус кажа ім: «Хіба вы ніколі ня чыталі ў Пісьме: ’Камень, што адкінулі будаўнічыя, тый самы стаў галавою вугла; ад Спадара гэта, і дзіўна ў вачох нашых’?
 
Ісус кажа ім: — няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісаньні: камень, адкінуты будаўнічымі, той самы стаў галавою вугла; ад Госпада сталася гэта, і ёсьць дзіўна ў вачох нашых.

Дык кажу вам: гаспадарства Божае будзе аднята ў вас і дана народу, плады даючаму.
 
Дзеля гэтага кажу вам, што адыймецца ад вас Уладарства Божае, і дадзена будзе народу, які прыносіць плёны яго.

І тыя, што зваляцца на гэты камень, разаб’юцца; а на каго ён зваліцца, таго зьмяжджуле».
 
І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца, а на каго ён упадзе, таго разатрэ.

І чуўшы прыпавесьці Ягоныя, найвышшыя сьвятары а фарысэі ўцямілі, што Ён празь іх гукае,
 
І пачуўшы прыпавесьці Ягоныя, першасьвятары і фарысеі зразумелі, што гаворыць пра іх.

І як стараліся схапіць Яго, баяліся груду, бо мелі Яго за прароку.
 
І стараліся схапіць Яго, але пабаяліся народу, бо Яго ўважалі за прарока.