Мацьвея 21 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І як дабліжыліся да Ерузаліму, і прышлі да Віффаґі, у кірунку гары Аліўнае, тады Ісус паслаў двух вучанікаў,
І калі наблізіліся да Ерусаліму і прыйшлі да Бэтфагі на гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў,
Кажучы ім: «Пайдзіце да сяла, што проста перад вамі; і зараз знойдзеце асьліцу прывязаную і асьлянё зь ею; адвязаўшы, прывядзіце да Мяне.
кажучы ім: «Ідзіце ў мястэчка, якое перад вамі, і адразу знойдзеце асьліцу прывязаную і асьляня з ёю; адвязаўшы, прывядзіце да Мяне.
І калі хто скажа вам што-лень, скажыце: ’Спадар патрабуе іх’, і як стой пашлець іх».
І калі хто скажа вам нешта, адкажыце, што Госпад іх патрабуе, і адразу пашле іх».
А сталася гэта, каб спаўнілася сказанае прарокам, каторы кажа:
А ўсё гэтае сталася, каб споўнілася сказанае праз прарока, які кажа:
«Скажыце дачцэ Сыёнскай: гля, Кароль твой ідзець да цябе, лагодны й сеўшы на асьліцы а на асьляняці, сыну пад ігом будучай».
«Скажыце дачцэ Сыёну: “Вось, Валадар твой ідзе да цябе ціхі, Які сядзіць на асьліцы і асьляняці, сыне пад’ярэмнай”».
Вучанікі пайшлі й зрабілі так, як расказаў ім Ісус:
Пайшоўшы, вучні зрабілі так, як загадаў ім Ісус.
Прывялі асьліцу а асьлянё, і паклалі на іх адзецьці свае, і Ён сеў на іх.
Прывялі асьліцу і асьляня і ўсклалі на іх адзеньне сваё, і Ён сеў на іх.
І бальшыня груду слала адзецьці свае на дарозе, а іншыя сьціналі галузкі зь дзерваў і слалі на дарозе.
А шматлікі натоўп пасьцілаў на дарозе адзеньне сваё, а іншыя рэзалі галіны з дрэваў і пасьцілалі на дарозе.
А груды, што йшлі сьпераду й адзаду за Ім, гукалі: «Госанна Сыну Давідаваму! Дабраславёны Йдучы ў імя Спадарова! Гасанна ў вышах!»
А натоўпы, што наперадзе і за Ім ішлі, крычалі, кажучы: «Гасанна Сыну Давіда! Дабраслаўлёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада! Гасанна на вышынях!»
І як уступіў Ён у Ерузалім, усе места ўзрушылася, кажучы: «Хто гэта?»
І калі Ён увайшоў у Ерусалім, узварухнуўся ўвесь горад, кажучы: «Хто гэта?»
І груд казаў: «Гэта прарока Ісус із Назарэту Ґалілейскага».
А натоўпы казалі: «Гэта Ісус, прарок з Назарэту Галілейскага».
І ўвыйшоў Ісус у сьвятьгаю, і выгнаў усіх прадаючых і купляючых у сьвятыні, і сталы пенезяменаў абярнуў, і ўслоны прадаўнікоў галубоў.
І ўвайшоў Ісус у сьвятыню Божую, і выгнаў усіх, што продалі і куплялі ў сьвятыні, і сталы мяняльнікаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перакуліў.
І кажа ім: «Напісана: ’Дом Мой домам малітвы будзе названы’, вы ж яго робіце пячораю грабежнікаў».
І кажа ім: «Напісана: “Дом Мой домам малітвы будзе названы”. А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».
І дабліжыліся да Яго ў сьвятыні нявісныя а кульгавыя, і Ён уздаравіў іх.
І падыйшлі да Яго ў сьвятыні сьляпыя і кульгавыя, і Ён аздаравіў іх.
Найвышшыя сьвятары а кніжнікі, абачыўшы чудосы, што Ён учыніў, і дзеці каторыя гукалі ў сьвятыні й казалі: «Госанна Сыну Давідаваму!» абурыліся.
А першасьвятары і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія крычалі ў сьвятыні і казалі: «Гасанна Сыну Давіда!», — абурыліся
І сказалі Яму: «Ці чуеш, што яны кажуць?» Ісус жа кажа ім: «Але! хіба вы ніколі ня чыталі: "З вуснаў дзяцей а сыноў Ты ўладзіў хвалу’».
і сказалі Яму: «Ці чуеш, што яны кажуць?» А Ісус кажа ім: «Так! Ці вы ніколі не чыталі: “З вуснаў немаўлятаў і тых, што пры грудзях, Ты ўчыніў хвалу?”»
І, пакінуўшы іх, вышаў вонкі зь места да Віфані, і пераначаваў там.
І, пакінуўшы іх, выйшаў з гораду ў Бэтанію, і правёў там ноч.
Нараніцы ж, ідучы да места, запрагнуў.
А раніцаю, вяртаючыся ў горад, адчуў голад.
І абачыўшы ля дарогі адну фіґу, падышоў да яе і, нічога не знайшоўшы на ёй, апрача адных лістоў, кажа ёй: «Хай і наперад ня будзе ад цябе плоду на векі!» І фіґа якга ссохла.
І, убачыўшы пры дарозе адно дрэва фігавае, падыйшоў да яго, і нічога не знайшоў на ім, акрамя адной лістоты, і кажа да яго: «Няхай больш ня будзе з цябе плоду да веку». І адразу засохла дрэва фігавае.
Абачыўшы гэта, вучанікі дзіваваліся, кажучы: «Як гэта якга ссохла фіґа?»
І, убачыўшы гэта, вучні зьдзівіліся, кажучы: «Як гэта адразу ж засохла дрэва фігавае?»
Ісус жа, адказуючы, сказаў ім: «Запраўды кажу вам: калі будзеце мець веру і не суміцеся, ня толькі зробіце тое, што зь фіґаю, але калі й гары гэтай скажаце: ’Падыйміся й кінься ў мора’, — будзе;
А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Сапраўды кажу вам: калі вы будзеце мець веру і ня будзеце сумнявацца, ня толькі зробіце тое, што з дрэвам фігавым, але калі і гары гэтай скажаце: “Будзь узятая і кінутая ў мора”, — станецца.
І ўсе, чаго папросіце ў малітве, верачы, адзяржыце».
І ўсё, што будзеце прасіць у малітве з вераю, атрымаеце».
І як прышоў Ён да сьвятыні й вучыў, дабліжыліся да Яго найвышшыя сьвятары а старцы народу і сказалі: «Якой уладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў гэтую ўладу?»
І калі прыйшоў Ён у сьвятыню, падыйшлі да Яго, калі Ён вучыў, першасьвятары і старшыні народу, кажучы: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто Табе даў гэтую ўладу?»
Ісус, адказуючы, сказаў ім: «Папытаюся й Я ў вас праз адно; калі праз тое скажаце Імне, то й Я вам скажу, якой уладаю гэта раблю.
А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Спытаюся і Я ў вас адно слова; калі на гэта скажаце Мне, і Я вам скажу, якою ўладаю раблю гэта.
Хрэст Яанаў скуль быў: зь нябёсаў ці ад людзёў?» Яны ж разважалі мяжсобку: «Калі скажам: ’Зь нябёсаў’, то Ён скажа: ’Чаму вы не паверылі яму?’
Хрышчэньне Яна адкуль было: з неба ці ад людзей?» Яны ж разважалі між сабою, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, — Ён скажа нам: “Чаму ж вы не паверылі яму?”
А калі сказаць: ’Ад людзёў’, — баімся груду, бо ўсі ўважаюць Яана за прароку».
А калі скажам: “Ад людзей”, — баімся натоўпу, бо ўсе маюць Яна за прарока».
І, адказуючы Ісусу, яны сказалі: «Ня ведаем». Сказаў ім і Ён: «І Я вам не скажу, якой уладаю гэта раблю.
І, адказваючы, сказалі Ісусу: «Ня ведаем». І Ён сказаў ім: «І Я вам не скажу, якою ўладаю гэтае раблю.
«А як вам здаецца? Якісь чалавек меў двое дзяцей; і ён, прыступіўшы да першага, сказаў: ’Дзяцё! пайдзі, сядні рабі на вінішчу маім’.
А як вы думаеце: чалавек меў дваіх дзяцей, і ён, падыйшоўшы да першага, сказаў: “Дзіцятка, ідзі сёньня працаваць у вінаграднік мой”.
Але яно, адказуючы, сказала: ’Не хачу’; а потым, пакаяўшыся, пайшло.
Той жа, адказваючы, сказаў: “Не хачу”, а пасьля, пакаяўшыся, пайшоў.
І падышоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Гэта, адказуючы, сказала: "Іду, спадару’; і не пайшло.
І, падыйшоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Той, адказваючы, сказаў: “Іду, гаспадару”, і не пайшоў.
Каторае з дваіх спаўніла волю айцову?» Кажуць Яму: «Першае». Ісус кажа ім: «Запраўды кажу вам, што мытнікі а бязулі йдуць сьпераду вас да гаспадарства Божага.
Каторы з двух выканаў волю бацькі?» Кажуць Яму: «Першы». Кажа ім Ісус: «Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусьніцы ідуць наперадзе вас у Валадарства Божае.
Бо прышоў да вас Яан дарогаю справядлівасьці, і вы не паверылі яму; але мытнікі а бязулі паверылі яму; вы ж, і бачыўшы гэта, не пакаяліся потым, каб паверыць яму.
Бо прыйшоў да вас Ян шляхам праведнасьці, і вы не паверылі яму, а мытнікі і распусьніцы паверылі яму; вы ж, бачачы гэтае, не пакаяліся пасьля, каб паверыць яму.
«Паслухайце другую прыпавесьць. Быў адзін гаспадар дамовы, каторы засадзіў вінішча, агарадзіў яго навокал і выкапаў таўчэльню, пастанавіў вежу і, паручыўшы яго вінаром, адышоў.
Паслухайце другую прыповесьць: быў нейкі чалавек, гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, і абгарадзіў яго плотам, і выкапаў у ім тоўчню, і пабудаваў вежу, і здаў яго вінаградарам, і выехаў.
І як дабліжыўся час пладоў, ён паслаў служцоў сваіх да вінароў узяць плады свае.
Калі ж наблізіўся час пладоў, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў узяць плады свае.
Вінары, схаліўшы служцоў ягоных, аднаго набілі, другога забілі а іншага ўкаменавалі.
І схапілі вінаградары слугаў ягоных, аднаго зьбілі, другога забілі, а іншага ўкаменавалі.
Ізноў паслаў ён іншых служцоў, балей за першых; і яны зрабілі ім тое самае.
Зноў паслаў ён іншых слугаў, больш, чым раней; і з імі зрабілі тое самае.
Наапошку, паслаў ён ім сына свайго, кажучы: "Будуць мець павагу да сына майго’.
Нарэшце паслаў да іх сына свайго, кажучы: “Пасаромеюцца сына майго”.
Але вінары, абачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: "Гэта спадкаемца; пайдзіма, забіма яго, і нам спадзець спадак’.
А вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца! Хадзем, заб’ем яго і атрымаем спадчыну ягоную”.
І, узяўшы яго, выкінулі зь вінішча й забілі,
І, схапіўшы яго, выгналі вон з вінаградніку і забілі.
Дык, як гаспадар вінішча прыйдзе, што зробе ён гэным вінаром?»
Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі?»
Кажуць яму: «Ён неміласьціўна выгубе гэных нягоднікаў, а вінішча сваё паруча іншым вінаром, што будуць плады аддаваць яму ўпару».
Кажуць Яму: «Ліхадзеяў гэтых жорстка выгубіць, а вінаграднік здасьць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў свой час».
Ісус кажа ім: «Хіба вы ніколі ня чыталі ў Пісьме: ’Камень, што адкінулі будаўнічыя, тый самы стаў галавою вугла; ад Спадара гэта, і дзіўна ў вачох нашых’?
Кажа ім Ісус: «Няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісаньні: “Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла. Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых”.
Дык кажу вам: гаспадарства Божае будзе аднята ў вас і дана народу, плады даючаму.
Дзеля гэтага кажу вам, што будзе забранае ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які ўчыняе плады ягоныя.
І тыя, што зваляцца на гэты камень, разаб’юцца; а на каго ён зваліцца, таго зьмяжджуле».
І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць».
І чуўшы прыпавесьці Ягоныя, найвышшыя сьвятары а фарысэі ўцямілі, што Ён празь іх гукае,
І, пачуўшы прыповесьці Ягоныя, першасьвятары і фарысэі зразумелі, што Ён гаворыць пра іх.
І як стараліся схапіць Яго, баяліся груду, бо мелі Яго за прароку.
І, шукаючы ўзяць Яго, збаяліся натоўпаў, таму што яны мелі Яго за прарока.