Мацьвея 13 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка
І таго ж дня, вышаўшы з дому, Ісус сеў ля мора.
У той-жа дзень Ісус выйшаў з дому і сеў на беразе мора.
І зьберліся да Яго чысьленыя груды, так што Ён увыйшоў у струг і сеў, а ўвесь груд стаяў на беразе.
І сабралася каля Яго вялікая грамада народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў у ім, а ўвесь народ стаяў на беразе.
І гукаў ім шмат прыпавесьцьмі, кажучы: «Вось, вышаў сяўбіт сеяць;
І шмат гаварыў ім у прыповесьцях, кажучы: "Вось выйшаў сейбіт сеяць.
І як ён сеяў, адныя палі край дарогі, і наляцелі птушкі, і паклявалі іх;
І калі ён сеяў, некаторыя зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі і пакляваді іх;
А другія палі на месцы камяністыя, ідзе ня шмат было зямлі, і неўзабаве абышлі, бо зямля была няглыбокая;
іншыя ўпалі на камяністае мейсца, дзе было ня шмат зямлі, і зараз узыйшлі, бо ральля была няглыбокая.
Як жа ўзышло сонца, зьвялі і, ня маючы карэньня, ссохлі;
Калі-ж узыйшло сонца, дык завялі, і ня меўшы кораня, высахлі.
А іншыя палі ў церне, і вырасла церне, і заглушыла іх;
Іншыя ўпалі ў цярніну, і вырасла цярніна ды заглушыла іх.
Але іншыя палі ў добрую зямлю й далі плод: адно сто разоў, другое шасьцьдзясят, іншае трыццаць.
Іншыя ўпалі на добрую зямлю і далі плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсьцьдзесят, іншае-ж у трыццаць?
Хто мае вушы, няхай слухае!»
Хто мае вучы, каб чуць, хай чуе!
І, прыступіўшы, вучанікі сказалі Яму: «Чаму гукаеш ім прыпавесьцьмі?».
І прыступіўшыся вучні сказалі Яму: "Чаму, гаворыш ім прыповесьцямі?"
Ён, адказуючы, сказаў: «Бо вам дана ведаць тайны гаспадарства нябёснага, але ім ня было дана;
Ён-жа сказаў ім у адказ: "Таму, што вам дадзена ведаць тайны Нябеснага Валадарства, а ім ня дадзена.
Бо хто мае, таму дасца, і ў яго будзе збытак; а хто ня мае, у таго будзе нават аднята й тое, што мае.
Бо хто мае, таму будзе дадана і ён будзе мець лішняе, а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае.
Затым кажу ім прыпавесьцьмі, што яны, гледзячы, ня бачаць, і, слухаючы, ня чуюць ані разумеюць.
Дзеля таго гавару ім прыповесьцямі, што яны гледзячы ня бачаць і слухаючы, ня чуюць і не разумеюць.
І споўніцца на іх прароцтва Ісаі, што кажа: "Прыслухаючыся, будзеце слухаць, і не зразумееце; і прыглядаючыся, глядзець будзеце, і не зацеміце;
І збываецца над імі прароцтва Ісаіі, якое кажа: Слухам будзеце слухаць і не зразумееце; будзеце глядзець і ня ўгледзіце.
Бо абрасло тукам сэрца люду гэтага, і вушамі яны ледзь чуюць, і вочы свае яны зачынілі, каб не абачыць ачыма, і вушамі не пачуць, і сэрцам не зразумець, і не навярнуцца, каб Я не ўздаравіў іх’.
Бо агрубела сэрца гэтага народу, і вушыма цяжка чуюць, і заплюшчваюць вочы, каб ня бачыць вачыма і не пачуць вушыма і не зразумець сэрцам, і не навярнуцца, каб я не аздаравіў іх.
Вашы ж вочы шчасьлівыя, бо бачаць, і вушы вашы, бо чуюць;
Вашыя-ж шчасьлівыя вочы, бо бачаць, і вашыя вушы, бо чуюць.
Бо запраўды кажу вам, што шмат прарокаў а справядлівых жадала бачыць тое, што вы аглядаеце, і не абачылі, і чуць тое, што вы чуеце, і не пачулі.
Бо сапраўды кажу вам, што многія прарокі і праведнікі хацелі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі.
«Вы ж услухайцеся ў прыпавесьць празь сяўбіта.
Вось-жа паслухайце значэньне прыповесьці аб сейбіце.
Да кажнага, хто чуе слова праз гаспадарства і не разумее, прыходзе злы й хапае пасеянае ў сэрцу ягоным: гэта пасеянае край дарогі.
Да ўсякага, хто слухае слова аб Валадарстве і не разумее, прыходзіць ліхі і выхоплівае пасеянае ў ягоным серцыў гэта ёсьць пасеянае пры дарозе.
А пасеянае на скалістых месцах — гэта тый, хто чуе слова і неўзабаве з радасьцяй прыймае яго;
А пасеянае на камяністых мясцох азначае таго, хто слухае слова і зараз-жа з радасьцю прыймае яго;
Але ня мае караня ў сабе і часны, а як настаець уціск альбо перасьледаваньне за слова, неўзабаве спатыкаецца.
але ня мае ў сабе кораня і нясталы; калі надыходзіць бяда ці прасьледаваньне дзеля слова, зараз-жа згоршваецца.
А пасеянае ў церню — гэта, хто чуе слова, але клопат гэтага веку й спадман багацьця глуша слова, і яно робіцца бясплодным.
А пасеянае ў цярніне гэта той, хто слухае слова, але клопаты гэтага сьвету і зводнасьць багацьця заглушаюць слова, і яно астаецца бясплодным.
Пасеянае ж у добрую зямлю — гэта, хто чуе слова й разумее, гэты родзе плод і даець: хто сто, хто шасьцьдзясят, хто трыццаць».
Пасеянае-ж на добрай ральлі гэта той, хто слухае слова і разумее: гэткі дае плод — і адзін дае сто, іншы шэсьцьдзесят, а іншы трыццаць".
Другую прыпавесьць прывёў Ён ім, кажучы: «Падобнае гаспадарства нябёснае да чалавека, што пасеяў добрую сяўбу на полю сваім;
Іншую прыповесьць даў ім, кажучы: "Нябеснае Валадарства падобнае да чалавека, што пасеяў добрае насеньне на сваім полі.
Але, як людзі спалі, прышоў непрыяцель ягоны, і насеяў кукелю памеж пшонкі, і адышоў.
Калі-ж людзі спалі, прыйшоў ягоны вораг і пасеяў куколь між пшаніцаю і пайшоў.
Як жа збожжа абышло й наліло й дало плод, тады выявіўся й кукель.
Калі-ж узрасло збожжа і дало плод, тады паказаўся і куколь.
І, прышоўшы, чаляднікі гаспадаровы сказалі яму: "Спадару, ці ня добрую сяўбу пасеяў ты на полю сваім? скуль жа ў ім кукель?’
Прыйшоўшы-ж слугі гаспадара дому, сказалі яму: Гаспадар, хіба ты нядобрае насеньне пасеяў на сваім полі? Адкуль-же ўзяўся куколь?
Ён сказаў ім: "Непрыяцель зрабіў гэта’. Чаляднікі ж яму кажуць: "Ці хочаш, каб мы пайшлі й выпалалі?’
Ён сказаў ім: Вораг-чалавек зрабіў гэтае. А слугі сказалі яму: Хочаш, мы пойдзем выпалем яго.
Але ён кажа: "Не, каб, вырываючы кукель, вы ня вырвалі зь ім разам і пшонкі.
Але ён сказаў: Не, каб часам выбіраючы куколь, вы не павырывалі і пшаніцу.
Пакіньце расьці абое да жніва, і ў жніво я скажу жнеям: вырвіце ўперад кукель і зьвяжыце ў вязанкі, каб спаліць іх; а пшонку зьбярэце на ток мой’».
Пакіньце расьці абое разам да жніва. А ў часе жніва я скажу жанцом: зьбярэце перш куколь і зьвяжэце ў вязкі, каб спаліць, а пшаніцу зьбярэце ў маё гумно."
Іншую прыпавесьць сказаў Ён ім: «Падобнае гаспадарства нябёснае да зярняці гарчычнага, каторае чалавек узяў пасеяў на полю сваім.
Другую прыповесьць Ён падаў ім, кажучы: "Нябеснае Валадарства падобнае да гарчычнага зярняці, якое чалавек узяў і пасеяў на сваім полі.
Яно запраўды найменшае за ўсю сяўбу, але, як вырасьце, яно найбольшае сярод зельля і стаецца дзервам, так што птушкі нябёсныя прылятаюць і віюць гнезды ў гольлю яго».
Яно сапраўды найменшае з усяго насеньня, але калі вырасьце, бывае большым за ўсе агародзіны і становіцца дрэвам так, што нябесныя птушкі прылятаюць і гнязьдзяцце ў ягоным гальлі."
Іншую прыпавесьць сказаў Ён ім: «Падобнае гаспадарства нябеснае да рашчыны, каторую, узяўшы, жонка замясіла ў тры меркі мукі, пакуль ня ўкісла ўсе».
Іншую прыповесьць Ён сказаў ім: "Нябеснае Валадарства падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяўшы палажыла ў тры меркі мукі, пакуль ня скісьне ўсё".
Усе гэта Ісус гукаў грудом прыпавесьцямі, а без прыпавесьці ня гукаў ім;
Усё гэтае Ісус гаварыў да грамадаў прыповесьцямі і бяз прыповесьці не гаварыў ім;
Каб спаўнілася сказанае прарокам, што кажа: «Адчыню прыпавесьцьмі вусны Свае; вымаўлю схаванае ад закладзінаў сьвету».
каб збылося сказанае праз прарока, які кажа: "Адчыню ў прыповесьцях мае вусны, выкажу ўтоенае ад заснаваньня сьвету".
Тады, адаслаўшы груды, Ісус, увыйшоў у дом. І прыступілі да Яго вучанікі Ягоныя, кажучы: «Зьясьні нам прыпавесьць праз палявы кукель».
Тады, адпусьціўшы народ, увайшоў у дом. І прыступіліся да Яго ягоныя вучні, кажучы: "Паясьні нам прыповесьць аб куколі ў полі".
Ён жа, адказуючы, сказаў: «Сяўбіт добрае сяўбы ё Сын Людзкі;
Ён-жа сказаў ім у адказ: "Сейбіт добрага насеньня ёсьць Сын Чалавечы.
Поле ё сьвет; добрая сяўба, гэта — сынове гаспадарства, а кукель — сынове злога;
А поле — гэта сьвет; добрае зерня — гэта сыны Валадарства, а куколь — сыны ліхога;
Непрыяцель, што пасеяў яго, ё д’ябал; жніво ё канчатак веку, а жнеі — ангілы.
вораг, які сеяў яго, ёсьць д’ябал; жніва — гэта канец сьвету, а жанцы — гэта анёлы.
Затым, як вырываюць кукель і паляць цяплом, так будзе пры канчатку гэтага веку:
Вось-жа, як зьбіраюць куколь і паляць агнём, так будзе пры сканчэньні сьвету.
Пашлець Сын Людзкі ангілаў Сваіх, і зьбяруць із гаспадарства Ягонага ўсі спадманы і робячых бяспраўе,
Сын Чалавечы пашле Сваіх анёлаў і зьбяруць з Ягонага Валадарства ўсё згоршеньне і тых, што робяць бясчынствы.
І ўкінуць іх у печ агняную; там будзе плач а скрыгот зубамі.
І ўкінуць іх у вогністую печ; там будзе плач і скрыгат зубоў.
Тады справядлівыя будуць зьзяць, як сонца, у гаспадарстве Айца свайго. Хто мае вушы, няхай слухае!
Тады праведнікі зазьзяюць, як сонца ў валадарстве іхняга Айца. Хто мае вушы слухаць, няхай чуе.
«Падобнае гаспадарства нябёснае да скарбу, схаванага на полю. каторы, знайшоўшы, людзіна тое, і з радасьці зь яго йдзець і прадаець усе, што мае, і купляе поле тое.
Яшчэ Нябеснае Валадарства падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоўшы, чалавек прыкрывае і ў радасьці ад гэтага, ідзе і прадае ўсё, што мае і купляе тое поле.
«Яшчэ падобнае гаспадарства нябёснае да купца, што шукае харошых пэрлаў,
Зноў-жа падобнае Нябеснае Валадарства да чалавека купца, які шукае добрых пэрлаў.
Каторы, знайшоўшы адну дарагую пэрлу, адыйшоўшы, прадаў усе, што меў, і купіў яе.
І знайшоўшы адну дарагую пэрлу, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яе.
«Яшчэ падобнае гаспадарства нябёснае да неваду, закіненага ў мора, што захапляе ўсячыну,
Зноў-жа падабнае Нябеснае Валадарства да неваду, які закінены ў мора, набірае ўсякага роду рыбы.
Каторы, як напаўніўся, выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрую зьберлі ў судзьдзе, а благую выкінулі вон.
Калі-ж ён напоўніўся, яго выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрае сабралі ў судзіны, а дрэннае выкінулі вон.
Гэтак будзе пры канчатку веку: пойдуць ангілы, і вылучаць благіх з пасярод справядлівых,
Так будзе пры сканчэньні сьвету: выйдуць анёлы і выдзеляць дрэнных спасярод праведных
І ўкінуць іх у печ агняную: там будзе плач а скрыгот зубамі».
і ўкінуць іх у вогністую печ; там будзе плач і скрыгат зубоў.
І папытаўся ў іх Ісус: «Ці зразумелі вы ўсе гэта?» Яны адказалі Яму: «Але, Спадару!»
Ці вы зразумелі ўсё гэтае?" Яны кажуць: "Так!"
Ён жа сказаў ім: «Затым кажны кніжнік, навучаны гаспадарства нябёснага, падобны да дамовага гаспадара, што выносе із скарбніцы свае новае й старое».
Ён-жа сказаў ім: "Вось чаму кожны кніжнік, навучаны аб Нябесным Валадарстве, падобны да гаспадара, які выносіць з свае скарбніцы новае і старое.
І сталася, як скончыў Ісус прыпавесьці гэтыя, Ён пайшоў стуль.
І сталася, калі Ісус скончыў гэтыя прыповесьці, пайшоў адтуль.
І, прыйшоўшы да краіны Свае, вучыў іх у бажніцы іхнай, так што зумяваліся яны й казалі: «Скуль у Яго мудрасьць гэтая й магучыя ўчынкі?
І прыйшоўшы ў сваю бацькаўшчыну, вучыў іх у іхняй бажніцы, так што яны дзівіліся і гаварылі: "Адкуль у Яго гэткая мудрасьць і сіла?
Ці ня Ён сын цесьлі? Ці ня Маці Ягоная завецца Марыя, і браты Ягоныя Якаў, Язэп, Сымон а Юда?
Ці-ж ня цесьляў Ён сын? Ці не Ягоная маці завецца Марыя і Ягоныя браты Якаў, Язэп, Сымон і Юда?
І сёстры Ягоныя ці ня ўсі з намі? У Яго ж скуль усе гэта?».
і Ягоныя сёстры ці-ж ня ўсе між намі? Дык адкуль у Яго ўсё гэтае?"
І мелі спаткненьні з прычыны Яго. Ісус жа сказаў ім: «Няма прарокі бязь сьці, хіба адно ў краю сваім а ў доме сваім».
І спакушаліся дзеля Яго. Ісус-жа сказаў ім: "Ня бывае прарока без пашаны, хіба толькі ў сваёй бацькаўшчыне і ў сваім доме".
І ня зьдзеяў там шмат магучых учынкаў з прычыны няверы іхнае.
І ня ўчыніў там многіх цудаў дзеля іхняга няверства.