Мацьвея 15 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Тады прышлі да Ісуса ерузалімскія фарысэі а кніжнікі, кажучы:
 
Тады прыйшлі да Ісуса Ерузалімскія кніжнікі і фарысэі, кажучы:

«Чаму вучанікі Твае ўзрушаюць паданьне старых? бо ня мыюць рук сваіх, як толькі ядуць хлеб».
 
"Чаму Твае вучні парушаюць пераказы старшых? Бо ня ўмываюць рук, калі ядуць хлеб".

Але Ён, адказаўшы, сказаў ім: «Чаму й вы ўзрушаеце расказаньне Божае дзеля паданьня свайго?
 
Ён-жа сказаў ім у адказ: "Чаму і вы парушаеце Божае прыказаньне дзеля вашага пераказу?

Бо Бог расказаў: "Сьці айца а маці, а хто б абмаўляў айца альбо маці, сьмерцю хай памрэць’.
 
Бо Бог загадаў: Шануй бацьку і матку; і хто зласловіць бацьку ці матку, няхай сьмерцю памрэ.

А вы кажаце: "Калі хто скажа айцу альбо маці: дар тое, што-лень ёсьць ад мяне карыснае табе,
 
А вы кажаце: калі хто скажа бацьку або матцы: ахвяраю ёсьць тое, чым-бы ты ад мяне карыстаўся,

Дык такім парадкам ня сьціць айца свайго альбо маці сваю’. Гэтак узрушылі вы слова Божае дзеля паданьня свайго.
 
той можа не шанаваць свайго бацьку і сваю матку. Так вы парушылі Божае прыказаньне дзеля вашага пераказу.

Двудушнікі! добра праракаў праз вас Ісая:
 
Крывадушныя! добра прарочыў аб вас Ісаія, кажучы:

"Люд гэты вуснамі Мяне сьціць, але сэрца іхнае далёка ад Мяне;
 
"Гэты народ паважае Мяне сваімі вуснамі; сэрце-ж іх далёка ад Мяне.

Але дарма кланяецца Імне, вучачы навукаў, расказаньняў людзкіх’».
 
Але дарэмна пакланяюцца Мне, навучаючы людзкіх навукаў і прыказаньнаў".

І прыгукаўшы груд, сказаў ім: «Слухайце й разумейце:
 
І прыклікаўшы людзей, сказаў ім: "Слухайце і разумейце:

ня тое, што ўходзе ў рот, брудзяне людзіну; але тое, што выходзе з роту, брудзяне людзіну».
 
Ня тое, што ўвайходзіць у вусны апаганьвае чалавека, але тое, што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека".

Тады вучанікі Ягоныя, прыступіўшыся, сказалі Яму: «Ці ведаеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, абурыліся?»
 
Тады прыступіліся да Яго вучні і сказалі Яму: "Ці ведаеш, што фарысэі пачуўшы гэтае слова, згоршыліся?"

Але Ён, адказуючы, сказаў: «Кажная расьліна, што Айцец Мой нябёсны не садзіў, будзе выкаранена;
 
Ён-жа сказаў у адказ: "Усякая расліна, каторую не насадзіў Мой нябесны Айцец, будзе выкаранена.

Пакіньце іх, яны — нявісныя павадыры нявісных; а калі нявісны вядзець нявіснога, то абодва ўваляцца ў яму».
 
Пакіньце іх; яны сьляпыя правадыры сьляпых. А калі сьляпы вядзе сьляпога, дык абодва ўваляцца ў яму".

Пётра ж, адказуючы, сказаў Яму: «Зьясьні нам прывавесьць гэтую».
 
Пятро-ж адказваючы сказаў Яму: "Растлумач нам гэтую прыповесьць".

Ісус сказаў: «Нягож і вы яшчэ не разумееце?
 
Ён сказаў: "Няўжо-ж і вы яшчэ нецямушчыя?

Ці яшчэ не разумееце, што ўсе, што ўходзе ў рот, праходзе ў жывот і выкідаецца вон?
 
Ці-ж яшчэ не разумееце, што ўсё, увайходзячае ў вусны, праходзіць у жывот і выкідаецца вон?

А выходзячае з роту — із сэрца выйдзе; гэта брудзяне людзіну;
 
А што выходзіць з вуснаў — з сэрца паходзіць; гэтае апаганьвае чалавека;

Бо із сэрца выходзяць благія падумкі, забіўствы, чужалоствы, бязулствы, зладзействы, хвальшывыя сьветчаньні, блявузґаньні.
 
бо з сэрца выходзяць дрэнныя думкі, забойствы, чужаложствы, распуста, зладзейства, крывапрысяга, пракляцьці;

Гэта брудзяне людзіну; а есьці нямытымі рукамі ня брудзяне людзіны».
 
гэтае апаганьвае чалавека. А есьці непамытымі рукамі — гэта не апаганьвае чалавека."

І, вышаўшы стуль, Ісус здаліўся ў краіны тырскія а сыдонскія.
 
І выйшаўшы адтуль, Ісус пайшоў у ваколіцы Тыру і Сыдону.

І вось, жонка Канаанянка, вышаўшы з тых месцаў, крыкнула, сказаўшы: «Зьмілуйся над імною, Спадару, сыну Давідаў! нячысьцік вельмі замеў дачку маю».
 
І вось хананэйская жанчына, выйшаўшая з тых ваколіц, крычала Яму, кажучы: "Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, сыне Давідаў, дачку маю вельмі мучыць нячысты!"

Але Ён не адказаў ані слова. І вучанікі Ягоныя, прыступіўшыся, прасілі Яго: «Адпусьці яе, бо яна крычыць за намі».
 
Але Ён не адказваў ёй ні слова. І Ягоныя вучні, прыступіўшы, прасілі Яго, кажучы: "Адпусьці яе, бо яна крычыць за намі".

Ён жа, адказуючы, сказаў: «Я пасланы толькі да загінулых авец дому Ізраелявага».
 
Ён-жа сказаў у адказ: "Я пасланы толькі да гінучых авец дому Ізраілявага".

А яна, падышоўшы, кланялася Яму і казала: «Спадару! памажы імне».
 
А яна, прыйшоўшы, кланялася Яму і гаварыла: "Госпадзе, памажы мне!"

Ён жа, адказуючы, сказаў: «Ня добра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам».
 
Ён-жа сказаў у адказ: "Нядобра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць шчанятам".

Яна ж сказала: «Але, Спадару! нават шчаняты ядуць крошкі, што валяцца із столу гаспадароў іхных».
 
Яна-ж сказала: "Так, Госпадзе, але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала іхных гаспадароў".

Тады, адказуючы, Ісус сказаў ёй: «О, жонка! вялікая вера твая; няхай будзе табе подле жаданьня твайго». І ўздароўлена дачка ейная тае ж гадзіны.
 
Тады Ісус сказаў ёй у адказ: "О жанчына! вялікая твая вера, няхай станецца табе, як жадаеш". І аздаравела яе дачка ў тую гадзіну.

І, адыйшоўшы адгэнуль, Ісус пайшоў у кірунку мора Ґалілейскага, і ўзыйшоў на гару, і сеў там.
 
І калі перайшоў адтуль, Ісус прыйшоў да Галілейскага мора і, узыйшоўны на гару, сеў там.

І прышло да Яго шмат грудоў, маючы із сабой кульгавых, абязьвечаных, нявісных, немых і шмат якіх іншых, і клалі іх да ног Ісусавых; і Ён уздараўляў іх;
 
І прыйшла да Яго вялікая грамада, маючы з сабою калекаў кульгавых, сьляпых, нямых, калек і многа іншых, і клалі іх каля Ісусавых ног; і Ён аздараўляў іх.

Так што дзіваваліся груды, бачачы немых гукаючых, калекіх здаровых, кульгавых ходзячых і нявісных бачачых, і славілі Бога Ізраелявага.
 
Дык грамады дзівіліся, бачучы нямых як яны гаварылі, калекаў аздароўляных, кульгавых ходзячых і сьляпых відзячых, і славілі Ізраілявага Бога.

Ісус жа, прыгукаўшы вучанікаў Сваіх, сказаў: «Жаль Імне груду, бо яны з Імною ўжо тры дні, і ня маюць чаго есьці; адпусьціць жа іх безь яды не хачу, каб не замлелі ў дарозе».
 
Ісус-жа, прыклікаўшы Сваіх вучняў, сказаў ім: "Шкада Мне грамады, што ўжо тры дні знаходзяцца пры Мне, і нечага ім есьці; адпусьціць-жа іх галоднымі не хачу, каб не аслабелі ў дарозе.

І кажуць вучанікі: «Скуль нам узяць на пустыні толькі букаткаў, каб накарміць такі вялікі груд?».
 
І кажуць Яму вучні: "Адкуль нам у пустыні ўзяць гэтулькі хлеба, каб накарміць такую грамаду?"

І сказаў ім Ісус: «Колькі маеце букаткаў?» А яны кажуць: «Сем і колькі рыбак».
 
І сказаў ім Ісус: "Колькі маеце хлябоў?" Яны сказалі: "Сем і некалькі рыбак."

І Ён расказаў грудом сесьці на зямлі.
 
Тады згадаў народу пасесьць на зямлі.

І ўзяў Ён сем букаткаў а рыбу, і ўчыніў падзяку, і ламіў, і даваў вучанікам Сваім, а вучанікі — груду.
 
Узяўшы сем хлябоў і рыбы ды аддаўшы хвалу, паламаў і даў Сваім вучням, а вучні народу.

І елі ўсі, і пад’елі, і набралі засталых кавалкаў сем кашоў поўных;
 
І елі ўсе і наеліся; і назбіралі астаткаў сем поўных кашоў.

А тых, што елі, было чатыры тысячы мужчынаў, апрача жанок а дзяцей.
 
А тых, што елі было чатыры тысячы чалавек, апрача жанчын і дзяцей.

І, адпусьціўшы груды, увыйшоў у струг, і прыбыў да краіны Маґдальскае.
 
І адпусьціўшы народ, увайшоў у човен і прыбыў у ваколіцы Магадану.