Мацьвея 3 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка
Тых дзён Яан Хрысьціцель, абяшчаючы, прыбыў на пустыню Юдэйскую,
У тыя дні прыходзіць Ян Хрысьціцель, навучаючы ў Юдэйскай пустыні
Кажучы: «Кайцеся, бо дабліжылася гаспадарства нябёснае!»
і кажучы: пакайцеся, бо наблізілася Нябеснае Валадарства.
Бо ён тый, праз каго сказана Ісаям прарокам, кажучы: «Голас гукаючага на пустыні: гатуйце дарогу Спадарову, раўнуйце сьцежкі Ягоныя!»
Бо ён той, аб якім казаў прарок Ісаія: голас гукаючага ў пустыні: гатуйце дарогу Госпаду, простымі рабеце Ягоныя сьцежкі.
А тый Яан меў адзецьце сабе зь вярблюджае поўсьці й дзягу на сьцёгнах сваіх; і ежаю яму была шаранча а дзікі мёд.
Сам-жа ён меў адзеньне з вярблюдавага воласу і скураны пояс на сваёй паясьніцы, ягонаю ядою была шаранча і дзікі мёд.
Тады выходзіў да яго Ерузалім а ўся Юдэя а ўся аколіца ёрданская.
Тады Ерузалім ды ўся Юдэя і ўсе Іарданскія ваколіцы выходзілі да яго
І хрысьціліся ў яго ў Ёрдане раццэ, спавядаючыся з грахоў сваіх.
і хрысьціліся ў Іардане, спавядаючыся з сваіх грахоў.
І як ён бачыў шмат каго з фарысэяў а садукеяў, што прыходзілі да яго хрысьціцца, ён казаў ім: «Родзе гадавы, хто перасьцярог вас уцякаць ад надыходзячага гневу?
Убачыўшы-ж мноства ферысэяў і садукеяў, якія йшлі да яго хрысьціцца, сказаў ім: род гадзючы! хто перасьцярог вас уцякаць ад будучага гневу?
Дык давайце плады годныя каяты;
Учынеце-ж плады годныя пакаяньня
І ня думайце казаць самым сабе: ’Айцец у нас Абрагам’, бо кажу вам, што можа Бог із камянёў гэтых узьняць дзеці Абрагаму.
і ня думайце гаварыць самі сабе: бацьку маемо Аўраама; бо кажу вам, што Бог можа з гэтых каменьняў падняць дзяцей Аўрааму.
І цяпер таксама сякіра да караня дзерваў прыложана; дык кажнае дзерва, што не даець добрага плоду, будзе сьсечана й кінена ў цяпло.
Ужо і сякера ля карэньняў дрэваў ляжыць; кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе сьсечана і ўкінена ў агонь.
Я хрышчу вас у вадзе на каяту, але Тый, што йдзець просьле мяне, дужшы за мяне, чыйго вобую я ня годны панесьці; Ён будзе хрысьціць вас у Духу Сьвятым а агню.
Я хрышчу вас вадою на пакуту, але Той, што йдзе за мною, дужэйшы за мяне, і я ня варт несьці абутак яго. Ён будзе вас хрысьціць Сьвятым Духам і агнём.
Веялка Ягоная ў руццэ Ягонай, і ачысьце ток Свой, і зьбярэць пшонку Сваю да сьвірна, а ўмецьце спале агнём нязгасным».
Ягоная веялка ў Ягонай руцэ і Ён ачысьціць свой ток і зьбярэ сваю пшаніцу ў сьвірны, а мякіну спаліць неўгасаючым агнём.
Тады прыбывае Ісус із Ґалілеі на Ёрдан да Яана, каб прыняць хрэст ад яго.
Тады прыйшоў Ісус з Галілеі на Іардан да Яна хрысьціцца ў яго.
Але Яан забараніў Яму, кажучы: «Я патрабую быць хрышчаным Табою, а Ты прыходзіш да мяне».
Ян-жа ўстрымліваў Яго, кажучы: мне трэба хрысьціцца ў Цябе, а Ты прыходзіш да мяне.
Але Ісус, адказуючы, сказаў яму: «Дазволь цяпер, бо належа нам выпаўніць усю справядлівасьць». Тады ён дазволіў Яму.
Але Ісус сказаў яму ў адказ: пакінь цяпер, бо гэтак нам належыць выконваць усякую праўду. Тады Ян дапускае Яго.
І, ахрысьціўшыся, Ісус зараз вышаў з вады; і, гля, рашчыніліся нябёсы над Ім, і абачыў Духа Божага, што спушчаўся, як галуба, і зыходзіў на Яго.
І ахрысьціўшыся Ісус, як толькі выйшаў з вады, вось расчыніліся Яму нябёсы і ўбачыў Сьвятога Духа, Каторы сходзіў, як голуб і апускаўся на Яго.
І, гля, голас ізь нябёсаў, кажучы: «Гэта Сын Мой умілаваны, Каторага Я ўпадабаў!»
І вось голас з неба, гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой улюблены, Якому спагадаю.