Мацьвея 3 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Л. Гарошка
У тыя дні прыходзіць Ян Хрысьціцель, абвяшчаючы ў пустыні Юдэйскай
У тыя дні прыходзіць Ян Хрысьціцель, навучаючы ў Юдэйскай пустыні
і кажучы: «Навярніцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».
і кажучы: пакайцеся, бо наблізілася Нябеснае Валадарства.
Бо ён той, пра якога сказаў прарок Ісая: «Голас таго, хто кліча ў пустыні: Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яму».
Бо ён той, аб якім казаў прарок Ісаія: голас гукаючага ў пустыні: гатуйце дарогу Госпаду, простымі рабеце Ягоныя сьцежкі.
Сам жа Ян меў адзеньне з вярблюдавага воласу і скураны пояс на паясьніцы сваёй, а ежаю яго была саранча і дзікі мёд.
Сам-жа ён меў адзеньне з вярблюдавага воласу і скураны пояс на сваёй паясьніцы, ягонаю ядою была шаранча і дзікі мёд.
Тады выходзілі да яго Ерусалім, і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдану,
Тады Ерузалім ды ўся Юдэя і ўсе Іарданскія ваколіцы выходзілі да яго
і хрысьціліся ў яго ў Ярдане, вызнаючы грахі свае.
і хрысьціліся ў Іардане, спавядаючыся з сваіх грахоў.
А ўбачыўшы мноства фарысэяў і садукеяў, якія ішлі да яго хрысьціцца, сказаў ім: «Спараджэньні яхідны, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу?
Убачыўшы-ж мноства ферысэяў і садукеяў, якія йшлі да яго хрысьціцца, сказаў ім: род гадзючы! хто перасьцярог вас уцякаць ад будучага гневу?
Учыніце ж плод, годны навяртаньня,
Учынеце-ж плады годныя пакаяньня
і ня думайце гаварыць у думках сваіх: “Бацьку маем Абрагама”; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых падняць дзяцей Абрагаму.
і ня думайце гаварыць самі сабе: бацьку маемо Аўраама; бо кажу вам, што Бог можа з гэтых каменьняў падняць дзяцей Аўрааму.
Ужо і сякера ля кораня дрэваў ляжыць; дык кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у агонь.
Ужо і сякера ля карэньняў дрэваў ляжыць; кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе сьсечана і ўкінена ў агонь.
Я хрышчу вас у вадзе на навяртаньне, але Той, Хто ідзе за мною, дужэйшы за мяне, і я ня варты несьці сандалы Ягоныя. Ён будзе хрысьціць вас у Духу Сьвятым і ў агні.
Я хрышчу вас вадою на пакуту, але Той, што йдзе за мною, дужэйшы за мяне, і я ня варт несьці абутак яго. Ён будзе вас хрысьціць Сьвятым Духам і агнём.
Веялка Ягоная ў руцэ Ягонай, і Ён ачысьціць гумно Сваё, і зьбярэ пшаніцу Сваю ў сьвіран, а салому спаліць агнём нязгасным».
Ягоная веялка ў Ягонай руцэ і Ён ачысьціць свой ток і зьбярэ сваю пшаніцу ў сьвірны, а мякіну спаліць неўгасаючым агнём.
Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна, каб хрысьціцца ў яго.
Тады прыйшоў Ісус з Галілеі на Іардан да Яна хрысьціцца ў яго.
Ян жа ўстрымліваў Яго, кажучы: «Мне трэба хрысьціцца ў Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?»
Ян-жа ўстрымліваў Яго, кажучы: мне трэба хрысьціцца ў Цябе, а Ты прыходзіш да мяне.
А Ісус, адказваючы, сказаў яму: «Пакінь цяпер; бо гэтак нам належыць споўніць усякую праведнасьць». Тады дапускае Яго.
Але Ісус сказаў яму ў адказ: пакінь цяпер, бо гэтак нам належыць выконваць усякую праўду. Тады Ян дапускае Яго.
І, ахрысьціўшыся, Ісус адразу ж выйшаў з вады, і вось, расчынілася Яму неба, і ўгледзеў Духа Божага, Які зыходзіў, як голуб, і прыходзіў на Яго.
І ахрысьціўшыся Ісус, як толькі выйшаў з вады, вось расчыніліся Яму нябёсы і ўбачыў Сьвятога Духа, Каторы сходзіў, як голуб і апускаўся на Яго.
І вось, голас з неба, які казаў: «Гэта ёсьць Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне».
І вось голас з неба, гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой улюблены, Якому спагадаю.