Мацьвея 3 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Л. Гарошка

 
 

У тыя дні з’явіўся Ян Хрысціцель, які навучаў у Юдэйскай пустыні і казаў:
 
У тыя дні прыходзіць Ян Хрысьціцель, навучаючы ў Юдэйскай пустыні

«Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».
 
і кажучы: пакайцеся, бо наблізілася Нябеснае Валадарства.

Гэта пра яго сказаў прарок Ісая: «Голас таго, хто кліча ў пустыні:“Падрыхтуйце дарогу Пану,простымі рабіце сцежкі Яму!”»
 
Бо ён той, аб якім казаў прарок Ісаія: голас гукаючага ў пустыні: гатуйце дарогу Госпаду, простымі рабеце Ягоныя сьцежкі.

Сам жа Ян меў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на сцёгнах сваіх; а ежай яму была саранча ды дзікі мёд.
 
Сам-жа ён меў адзеньне з вярблюдавага воласу і скураны пояс на сваёй паясьніцы, ягонаю ядою была шаранча і дзікі мёд.

Тады выходзілі да яго Ерузалем і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдана
 
Тады Ерузалім ды ўся Юдэя і ўсе Іарданскія ваколіцы выходзілі да яго

і прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае.
 
і хрысьціліся ў Іардане, спавядаючыся з сваіх грахоў.

Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, якія прыходзілі да яго хрысціцца, ён сказаў ім: «Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу?
 
Убачыўшы-ж мноства ферысэяў і садукеяў, якія йшлі да яго хрысьціцца, сказаў ім: род гадзючы! хто перасьцярог вас уцякаць ад будучага гневу?

Прынясіце ж годны плён пакаяння
 
Учынеце-ж плады годныя пакаяньня

і не думайце казаць сабе: “Маем Абрагама за бацьку”, бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых абудзіць дзяцей Абрагаму.
 
і ня думайце гаварыць самі сабе: бацьку маемо Аўраама; бо кажу вам, што Бог можа з гэтых каменьняў падняць дзяцей Аўрааму.

Ужо сякера прыкладзена да карэння дрэў. Таму кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь.
 
Ужо і сякера ля карэньняў дрэваў ляжыць; кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе сьсечана і ўкінена ў агонь.

Я вас хрышчу вадою дзеля пакаяння, але той, хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне, і я няварты несці сандалі Ягоныя. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём.
 
Я хрышчу вас вадою на пакуту, але Той, што йдзе за мною, дужэйшы за мяне, і я ня варт несьці абутак яго. Ён будзе вас хрысьціць Сьвятым Духам і агнём.

Лапата Яго ў руцэ Ягонай, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу сваю ў засекі, а мякіну спаліць агнём непагасным».
 
Ягоная веялка ў Ягонай руцэ і Ён ачысьціць свой ток і зьбярэ сваю пшаніцу ў сьвірны, а мякіну спаліць неўгасаючым агнём.

Тады Езус прыйшоў з Галілеі на Ярдан да Яна, каб атрымаць ад яго хрост.
 
Тады прыйшоў Ісус з Галілеі на Іардан да Яна хрысьціцца ў яго.

Ян стрымліваў Яго, кажучы: «Гэта мне трэба прымаць хрост ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?»
 
Ян-жа ўстрымліваў Яго, кажучы: мне трэба хрысьціцца ў Цябе, а Ты прыходзіш да мяне.

Але Езус сказаў яму ў адказ: «Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва». Тады Ян дазволіў Яму.
 
Але Ісус сказаў яму ў адказ: пакінь цяпер, бо гэтак нам належыць выконваць усякую праўду. Тады Ян дапускае Яго.

Калі Езус ахрысціўся, адразу выйшаў з вады. І вось раскрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, які спускаўся, як голуб, і сыходзіў на Яго.
 
І ахрысьціўшыся Ісус, як толькі выйшаў з вады, вось расчыніліся Яму нябёсы і ўбачыў Сьвятога Духа, Каторы сходзіў, як голуб і апускаўся на Яго.

А голас з нябёсаў прамовіў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў».
 
І вось голас з неба, гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой улюблены, Якому спагадаю.