1 да Фесаланікійцаў 1 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Павел, Сілуан і Цімафей да Касцёла тэсаланікійцаў у Богу Айцу і Пану, Езусе Хрысце: ласка вам і спакой.
 

За ўсіх вас заўсёды дзякуем Богу, згадваючы вас у нашых малітвах,
 

няспынна памятаючы пра вашую справу веры і працу любові, і пра цярплівую надзею на Пана нашага Езуса Хрыста перад Богам і Айцом нашым,
 

ведаючы, умілаваныя Богам браты, пра выбранне вашае.
 

Бо нашае Евангелле не было да вас толькі ў слове, але і ў сіле, і ў Духу Святым, і з вялікім перакананнем. Вы ведаеце, якімі мы былі для вас, будучы з вамі.
 

Вы пачалі наследаваць нас і Пана, прыняўшы слова ў вялікім уціску з радасцю Духа Святога,
 

так што сталіся вы ўзорам для ўсіх веруючых у Македоніі і Ахаі.
 

Дзякуючы вам прагучала слова Пана не толькі ў Македоніі і Ахаі, але і ў кожным месцы распаўсюджвалася вашая вера ў Бога, так што нам няма патрэбы нешта казаць.
 

Яны самі пра нас сведчаць, якім быў наш прыход да вас і як вы, пакінуўшы ідалаў, звярнуліся да Бога, каб служыць жывому і праўдзіваму Богу
 

і чакаць з нябёсаў Сына Ягонага, якога Ён уваскрасіў, — Езуса, які выбаўляе нас ад надыходзячага гневу.